Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы вельмі шмат зрабілі, каб чалавек мог варушыцца, зараб­ляць для сябе і сваёй сям’і”

“Вялікая размова з прэзідэнтам” прайшла ў выставачным комплексе “Белэкспа”

1 сакавіка адбылася сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнай супольнасці, беларускіх і замежных СМІ.

“Вялікая размова з прэзідэнтам” прайшла ў выставачным комплексе “Белэкспа”. Яе ўдзельнікамі сталі больш за 200 чалавек. У іх ліку не толькі журналісты, але і прадстаўнікі розных сфер — палітолагі, эканамісты, работнікі рэальнага сектара эканомікі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і канфесій. У зале таксама прысутнічалі кіраўнікі дзяржаўных органаў і члены ўрада.

У пачатку размовы прэзідэнт падкрэсліў, што адна з мэт сустрэчы — ліквідаваць дэфіцыт інфармацыі, якая абрушваецца на нас. “Нягле­дзячы на магутнае развіццё медыйнай прасторы, відавочны дэфіцыт кантэнту, які карыстаўся б абсалютным даверам аўды­торыі”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, адна з прычын — фэйкавыя навіны, якія імгненна разлятаюцца і захопліваюць аўдыторыю, бударажаць людзей, хоць потым некаторыя, а, можа, і многія абвяргаюцца. “Але градус напружання ў грамадстве не падае. І вы ведаеце, што там, дзе размова ідзе пра вялікую палітыку, небяспека ад такіх інфармацыйных укідаў павялічваецца шматразова. Роля стрымальнага фактару або сілы ў процівагу тут адве­дзена аўтарытэтным выданням і журналістам, якія захоў­ваюць законы прафесійнай этыкі і нормы маралі. Паважаюць сваю аўды­торыю, даючы магчымасць самастойна зрабіць высновы з матэрыялу навін. Такіх, праўда, застаецца ўсё менш, але ў нас яны ёсць”.

Па перыметры беларускай граніцы ўзнікаюць новыя кропкі напружанасці, адзна­чыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“Вы ўсе ведаеце, што знешняя палітыка Беларусі шматвектарная і праводзіцца выключна ў інтарэсах гарантавання бяспекі і захавання міру на нашай планеце. Мы суп­раць любых праяў агрэсіі, як ваеннай, так і на злобу дня — інфармацыйнай. Але па перыметры нашай граніцы ўзнікаюць новыя кропкі напружанасці. Дагаворы, якія забяспечвалі баланс ваенных сіл на планеце, разыхо­дзяцца па швах. У разгары новая гонка ўзбраенняў. І варта адрэагаваць на сучасныя выклікі, зрабіць крок у напрамку ўмацавання ўласнай ваеннай моцы, як адразу пачынаюцца хваляванні і ў міжнародных палітычных колах, і на прасторах інтэрнэту. Праўда, тут дзейнічаюць усе, пра якіх я гавару, выбарачна”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым прэзідэнт закрануў навіну аб тым, што Польшча мае намер патраціць на абарону каля $50 млрд. Гаворачы пра абарону і бяспеку, ён закрануў тэму ўмацавання Расіяй заходняй акругі. “Гэта адзіная групоўка Узброеных сіл на гэтым напрамку, што непасрэдна мяжуе з НАТА. Дык вось, калі б прайшла навіна аб тым, што Расія нейкі полк дабавіла на захад ад Масквы, то асобныя гвалтам крычалі б. Вось вам і стаўленне да двух фактаў. Давайце тады будзем выпрацоўваць нейкі крытэрый і ацэньваць гэтыя падзеі па пэўных крытэрыях. Я не ведаю, навошта Польшчы ўзмацняць сваю армію на $50 млрд”, — адзначыў прэзідэнт.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, што з тэрыторыі Беларусі ніколі не будзе ніякіх войнаў і канфліктаў, перш за ўсё ў адносінах да Польшчы. “Нам гэта не патрэбна”, — сказаў ён.

Беларусі і Расіі неабходна быць разам, заявіў на сустрэчы Аляксандр Лукашэн­ка.

“Я быў, як мяне ў Расіі называюць, галоўным ініцыятарам нашага саюза. Я заўсёды гаварыў у Расіі і тут, што лёс у нас такі — жыць разам. Азіраючыся назад, гляджу наперад на тых, хто нас акружае, якую яны палітыку право­дзяць. Яна аднолькавая, што ў адносінах да Расіі, што ў адносінах да Белару­сі. Формы толькі розныя. Таму нам неабходна быць разам”, — заявіў Аляксандр Лукашэн­ка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь і Расія — не толькі дзве родныя краіны, краіны звязаны эканамічна. “Ведаеце, калі я вызначаўся на заранку нашай незалежнасці, з кім быць і як быць, у многім лёс нашай дзяржавы і маю палітыку прадвызначыла тое, што мы не толькі як людзі завязаны ад зін на адным, мы родныя. Але пад гэта ўвесь эканамічны базіс быў падведзены. Наша эканоміка была фінішнай высокатэхналагічнай вытворчасцю, і мы пералапач­валі празмерна вялікую колькасць рэсурсаў, камплектуючых і іншае з Расійскай Федэрацыі перш за ўсё. Потым усё гэта ішло на экспарт. У тым ліку і два нафтаперапрацоўчыя заводы, якія былі пабудаваны менавіта для перапрацоўкі нафты і прапіхвання гатовых нафтапрадуктаў на вельмі прэміяльны еўрапейскі рынак. Мне трэба было захаваць, аднавіць гэтыя заводы, каб людзі працавалі, атрымлівалі хоць нейкую заработную плату і кармілі свае сем’і. Многія фактары мяне падштурхнулі да таго, каб мы мелі вось такія цесныя саюзніцкія адносіны з нашай братэрскай Расіяй”, — адзначыў ён.

“Калі мы падпісалі дагавор аб Саюзнай дзяржаве, там былі прадугледжаны крокі па стварэнні гэтай дзяржавы. Галоўны крок, які мы павінны былі зрабіць — прыняць на рэферэндуме Канстытуцыю нашай дзяржавы, дзе на ўсе пытанні павінны быць дадзены адказы: ад агульнай валюты да органаў кіравання гэтай дзяржавай”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы пры гэтым, што расійскі бок у той час на гэта не пайшоў.

“Вы помніце, калі ў мяне толькі лянівы не кідаў камені і палкі. Мяне абвінавач­ваць пачалі ў звяржэнні ледзь не канстытуцыйнага ладу ў Расіі. Тыпу таго, цяпер Лукашэнка прыбя­жыць, шапку Манамаха схопіць, на сябе адзене і там ся­дзе. Было такое? Было. Аж да забарон, непажадана навед­ваць рэгіёны Расіі і гэтак далей. Мы ўсё гэта вытрымалі”, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

У Расіі і яе лідара Уладзіміра Пуціна няма намераў паглы­нуць Беларусь, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Ніякіх замашак збоку, прынамсі, Прэзідэнта Расіі, што Беларусь трэба інкарпараваць, або ўклю­чыць у склад Расіі, я ні разу не чуў, нават настрою такога не было. Няма ніякіх намераў у велізарнай краіны паглынуць Беларусь”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што за час, які прайшоў пасля распаду Савецкага Саюза, вырасла пакаленне, якое прывыкла жыць у незалежнай дзяржаве. “Калі сёння вынесці пытанне на рэферэндум у Беларусі аб аб’яднанні дзвюх дзяржаў і, як многія ў Расіі ка­жуць, аб уключэнні Беларусі ў склад Расіі, 90 працэнтаў прагаласуюць супраць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Не таму, што ў нас грамадства настроена супраць Расіі. Вырасла новае пакаленне, ды і старое зразумела, што мы можам жыць і супрацоўні­чаць зусім у іншай форме, як родныя, блізкія. І беларусы сёння хо­чуць быць разам з Расіяй, але жыць у сваёй кватэры. Што ў гэтым дрэннага?”

Прэзідэнт Беларусі лічыць неабходным перш за ўсё нала­дзіць больш эфектыўную работу дзвюх краін у рамках Саюзнай дзяржавы.

Аднак ні ў якім разе нельга “пераціскаць” сітуацыю, рабіць крокі, якія будуць на шкоду. Таму ў час сустрэч на вышэйшым узроўні Аляксандр Лукашэн­ка і Уладзімір Пуцін абмеркавалі магчымыя шляхі вырашэння праблемных пытанняў беларуска-расійскіх адносін.

Прэзідэнт Беларусі нагадаў, што ў Саюзнай дзяржаве створаны органы кіравання — Вышэйшы дзяржсавет саюзнай дзяржавы, саюзны Саўмін, парламент — і вырашэнне многіх праблем знаходзіцца ў іх кампетэнцыі. “Існуюць пэўныя органы, якія валодаюць вялікімі паўнамоцтвамі для вырашэння пытанняў. Давай пытанні, якія сёння хвалююць людзей, вырашаць на Вышэйшым дзяржсавеце”, — сказаў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што рабіць гэта трэба крок за крокам, удумліва, без спешкі.

“Калі мы не здымем праблемы беларуска-расійскіх адносін, якія сёння рубам стаяць, мы аб якіх-небудзь глабальных мэтах, аб аб’яднанні гаварыць нават не павінны. Элементарнае трэба выра­шыць. Пакуль кіраўніцт­ва Расіі, перш за ўсё ўрад, не гатова ісці гэтым шляхам”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт канстатаваў, што часта рашэнні, прынятыя нават на ўзроўні прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, не выконваюцца. Адбываецца гэта не па віне Беларусі. У адпаведнасці з дамоўленасцямі Беларусь стварыла рабочую групу для вырашэння праблемных пытанняў, якая гатова пачаць работу. Аднак аналагічная група з расійскага боку яшчэ да работы не гатова. “Пакуль у гэтым ключы работы няма, яна не рухаецца наперад. Але гэта не катастрафічна для беларуска-расійскіх адносін, таму што ў нас калідор магчымасцей і шырокі і доўгі, мы можам спакойна вырашаць нашы праблемы”, — сказаў прэзідэнт.

У Беларусі вельмі шмат зроблена, каб чалавек мог зарабляць для сябе і сям’і, зая­віў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“Мы вельмі шмат зрабілі, каб чалавек мог варушыцца, зараб­ляць для сябе і сваёй сям’і, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы стварылі ўсе ўмовы, пачынаючы ад дробнага прадпрымальніцтва да ІТ”.

У прыватнасці, у сферы прадпрымальніцтва, стварэння новых прадпрыемстваў, асабліва ў вёсцы, створаны беспрэцэдэнтныя ўмовы. “Цяжка знайсці такую краіну, якая прадаставіла б столькі свабод для прадпрымальніцтва, — заўважыў прэзідэнт. — На працягу дня зарэгістраваўся і ідзі працуй. Яшчэ не было скаргаў наконт бюракратызму”. Разам з тым, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у беларуса павінна прачынацца прадпрымальніцкая жылка.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэн­ка закрануў тэму развіцця Оршы і Аршанскага раёна. “Нас непакояць сёння не столькі Мінск і абласныя цэнтры па занятасці, працаўладкаванні, нават па даходах насельніцтва… А вось гэтыя гарады, буйныя, прыкладна з колькасцю 100 тысяч чалавек, дзе назбіраліся праблемы. Гэта велізарная колькасць насельніцтва, ім трэба дапамагаць. Таму было вырашана стварыць такі праект на прыкладзе Оршы — тыповага сярэдняга горада, — сказаў прэзідэнт. — Выйшлі на адзіны ўзор, мы яго цяпер апрабоўваем у Оршы. Пачалася работа ў Барысаве. У Баранавічах, Мала­дзечне і г.д. пэўныя праблемы, няхай не такія, але існуюць. Мы хочам апрабаваць той шлях, па якім пойдуць такія гарады”.

Кіраўнік дзяржавы выказаўся і наконт скарачэння будаўніцт­ва жылля ў Мінску і развіцця гарадоў-спадарожнікаў. “У гэтым і наступным годзе мы больш увагі гэтаму ўдзелім”, — сказаў ён, дадаўшы, што такія рашэнні ў адзін момант не прымаюцца і не рэалізоўваюцца за ад зін год. “Многія ўжо заплацілі за кватэру, многія ведаюць, дзе тую кватэру будуць будаваць, ужо фундамент дома заклалі. Таму патрэбны час, каб выйсці з будаўнікамі з Мінска і не рабіць яго гумавым, а развіваць гарады-спадарожнікі”, — адзначыў Аляксандр Лукашэн­ка.

Тэма сямейнага капіталу нядаўна абмяркоўвалася на нара­дзе ў кіраўніка дзяржавы, узнялі яе і ў ходзе “Вялікай размовы”. “Рамкі сямейнага капіталу бу­дуць пашыраны. Жыллё, можа, яшчэ якімі-небудзь пытаннямі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Калі цяпер сямейны капітал могуць выкарыстоўваць толькі на здароўе дзіцяці, адукацыю, то мы яго дамовіліся пашырыць, у найбліжэйшы час гэтыя рашэнні будуць прыняты”.

Напярэдадні “Вялікай размовы з прэзідэнтам” Бел ТА прапанавала чытачам за­даць пытанне прэзідэнту. За 1,5 сутак акцыі “Ваша пытанне прэзідэн­ту” паступіла ўвогуле больш за 2 тысячы пытанняў. У цэлым кола тэм шырокае — ад пытанняў сацыяльнай абароненасці, стварэння рабочых месцаў, набыцця жылля і мер па росце дабрабыту насельніцтва да знешняй палітыкі, інтэграцыйнай тэматыкі, пагранічнай бяспекі, проці­дзеяння карупцыі. У тым ліку выказваюцца асабістыя просьбы да кіраўніка дзяржавы дапамагчы ва ўрэгуляванні тых ці іншых праблем.

Кіраўнік дзяржавы запэўніў: усе пытанні, якія паступілі, прааналізуюць і абагульняць. Там, дзе трэба, рашэнне будзе прынята да штогадовага Паслання прэзідэнта да народа і парламента. “Калі не прымем, то я прама скажу, калі гэта будзе зроблена”, — сказаў ён.

Пытанні прысылалі людзі з розных рэгіёнаў Беларусі, буйных і малых населеных пунктаў. Часцей за ўсё сустракаюцца тыя, у якіх грамадзяне не проста задаюць пытанне агульнага характару, а ўказваюць на канкрэтную жыццёвую сітуацыю або праблему, недапрацоўкі на месцах.

У сакавіку — красавіку бу­дзе прынята рашэнне па тэрмінах правядзення парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

“Я вам клянуся: нават калі сітуацыя будзе вельмі цяжкая, я ніколі не буду маніпуляваць грамадскай думкай, каб падбіраць нейкі момант і прапхнуць сябе ва ўладу”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён адзначыў, што выбарчыя кампаніі будуць праведзены ў найбліжэйшыя два гады.

Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, гэтыя важныя палітычныя падзеі стануць экзаменам не толькі для яго. “Усе будзем здаваць экзамен і перад народам даваць справаздачу”, — сказаў Аляксандр Лукашэн­ка.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у яго ёсць падставы быць упэўненым, што ўлада вытрымае гэты экзамен дастойна. “Галоўнае нам па-дзелавому правесці гэтыя кампаніі. Дастойна давайце правядзём, — заклікаў прэзідэнт. — Абяцаю, што ўсё будзе сумленна і канкурэнтна. Але калі буду бачыць, што нехта з палітыкаў зробіць стаўку на разбурэнне краіны і стабільнасці, якая ёсць, я адкажу”.

Прэзідэнт Рэспублікі Бе­ларусь заявіў, што ў краіне бу­дзе перагледжана Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў свеце ідзе інфармацыйная вайна. “Дай бог, каб яна не перарасла ў гарачую, каб не была прадвеснікам небяспечных сутыкненняў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што Бе­ларусь павінна ўмець процістаяць гэтай вайне, выкарыстоўваючы розныя метады. “Будзем удасканальваць канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі. Праблему мы бачым і ўжо сёння вырашаем. Канцэпцыю перагледзім і зробім больш строгай, каб вы разумелі, у якім напрамку ўлады будуць дзейнічаць, асабліва напярэдадні прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На думку прэзідэнта, каб процістаяць інфармацыйным атакам з Захаду або Усходу, трэба ў першую чаргу аб’яднацца ўнутры краіны. Апазіцыя павінна быць канструктыўнай. “Расія не хоча страціць Беларусь, учыніць тут пераварот, пагоршыць сітуацыю. Я ў гэтым перакананы”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. “Не павінна быць аднабокасці. Напэўна, ёсць праблема з Усходу, але яна яшчэ большая з Захаду. Расіяне не ўстанаўліваюць ракеты за Масквой на Захад, каб іх нацэліць на Беларусь. Навошта гэта Польшчы, іншым краінам (не буду іх пералічваць)? Давайце будзем аб’ектыўныя ў гэтым плане”, — заклікаў беларускі лідар.

Гаворачы пра суверэнітэт і незалежнасць, прэзідэнт адказаў на папрокі ў тым, што ён перахапіў лозунг беларускай апазіцыі. “Адрозненні барацьбы ў тым, што яны (апазіцыя. — Заўв.БелТА.) вельмі шмат крычалі аб гэтым і спрабавалі вышыню ўзяць штурмам. Да чаго гэта прывяло — Украіна паказала. Я рабіў гэта спакойна, памяркоўна, як і патрабуецца ад беларускага чалавека. Адчуваў, што ў мяне за спінай 10 млн беларусаў і 5 млн гасцей, якія перамяшчаліся праз Беларусь”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Мы разам стварылі гэтую дзяржаву. Я ўласнымі рукамі павінен угробіць яе? Мы ўсе прыхільныя, і я — перш за ўсё, да нашага суверэнітэту і незалежнасці, толькі ў нас розныя метады барацьбы. Я не хачу вайны, разладу”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Той, хто зробіць спробы дэстабілізаваць сітуацыю і надзеі пагрэць рукі, першым трапіць у “полымя дэстабілізацыі”, папярэдзіў прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў Расіі ствараецца шмат праграм на ўкраінс­кую тэматыку. “І гэта ўжо наадварот іграе. Неабходна спыніць, не трэба гэтага рабіць. Гэтак жа і тут: менш трэба гаварыць, а больш рабіць. З БелТА гаварылі: 2 тысячы пытанняў за суткі (прыйшло ў рамках акцыі “Ваша пытанне прэзідэнту”. — Заўв.БелТА.), паглядзіце, чаго хочуць людзі, гэтыя праблемы давайце вырашаць”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы закрануў і пытанні беларускай мовы, выкладання ў школах, стварэння беларускамоўнай ВНУ. “Адзін з дэпутатаў ставіла гэтае пытанне (стварэння спецыяльнай ВНУ з выкладаннем на беларускай мове. — Заўв.БелТА.), я прасіў прапрацаваць і так разумею, такое рашэнне не прынята — такая ў мяне была інфармацыя — ствараць асобную яшчэ ВНУ. У нас дастаткова ВНУ, якія выкладаюць беларускую мову і на беларускай мове пэўныя прадметы”, — сказаў ён.

Гаворачы пра ўплыў замежных дзяржаў, прэзідэнт паведаміў, што ў Беларусі ствараюцца сайты з замежным фінансаваннем. “Нацэлены нібыта на прапаганду расійскіх дасягненняў і, цытую: “Трымаць Беларусь у рамках інтарэсаў Расіі”. Глуп­ства страшнае. Гэта на шкоду робяць — вы разумееце”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Беларусь мае патрэбу ў нацыянальнай ідэі, якую падтрымае ўвесь народ, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

“Мы дагэтуль не змаглі выразна сфармуляваць нацыя­нальную ідэю. Вось такую ідэю, якая захапіла б увесь народ. Усё, што мне прапаноўвалі (патрыятызм, суверэнітэт, незалежнасць у якасці нацыя­нальнай ідэі. — Заўв.БелТА.), нешта збіта, нешта не падыхо­дзіць нам, не кладзецца на сэр­ца і душу, як у народзе кажуць. Быў бы вельмі ўдзячны, калі б нехта сфармуляваў гэтую ідэю і пераканаў мяне ў тым, што гэта тое, што трэба”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама прапанаваў вызначыць форму абмеркавання беларускім грамадствам нацыянальнай ідэі, каб яна прыйшлася даспадобы ўсяму народу.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што патрэбны новыя формы ідэалагічнай работы, напрыклад, флэш-мобы, якія павінны быць накіраваны перш за ўсё на моладзь. “Яны больш разумеюць праз флэш-моб, чым праз нейкую там дэманстрацыю, першамайскую дэманстрацыю, якія ў нас некалі былі. Хоць і гэта не трэба забываць. Паглядзіце, колькі лю­дзей прыходзіць на дэманстрацыі і парады 9 Мая! Паступова мы ўцягнулі, груба кажучы, моладзь у гэтую добрую справу”, — адзна­чыў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што трэба выпрацаваць фундаментальныя напрамкі ідэалагічнай работы. Ён таксама падкрэсліў, што, калі ў краіне з’яўляецца новая форма такой работы на ўзроў­ні кіраўніка дзяржавы, трэба зрабіць так, каб гэта стала традыцыяй. “Гэта будзе наша, беларускае, каб дзецям маглі пакінуць”, — дадаў прэзідэнт.

Кітай — надзейны партнёр, які заўсёды падстаўляе плячо Беларусі, адзначыў у ходзе сустрэчы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што падтрымка з’яўляецца ўзаемнай, і закрануў развіццё эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Ён падзякаваў кітай­скаму боку. “Не было пытання, з якім я звярнуўся б да кіраўніцтва Кітая і якое не было б вырашана”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю, калі ўзніклі праблемы з пастаўкамі прадукцыі ў Расію. “Калі Сі Цзіньпін быў у мяне дома, беларусы гэта бачылі, я яго пачаставаў нашай прадукцыяй. Пытаюся: “Як прадукцыя?” Ён шчыра адказаў, што вельмі добрая, добрай якасці. Я як шчыры беларус гавару: “Трэба дапамагчы нам з рынкам”. Кітай закупляе вялікую коль­касць прадуктаў харчавання. Тым больш ёсць цягнік, які курсіруе паміж Кітаем і Заходняй Еўропай праз Беларусь. Нам гэта проста падарунак — на зваротным шляху, каб паражняком не ішоў, мы можам загружаць на кітайскі рынак сваю прадукцыю, перш за ўсё сельскагаспадарчую”, — адзначыў прэзідэнт.

Пасля гэтага кітайскія спецыялісты пабывалі на беларускіх прадпрыемствах, азнаёміліся з іх работай, была атрымана неабходная сертыфікацыя прадукцыі для паставак у КНР. “І мы атрымалі магчымасць малочку пастаўляць, потым — ялавічыну, птушку. І ў нас ёсць партнёры, з якімі трэба працаваць без пасрэднікаў, пастаўляючы прадукцыю непасрэдна ў магазіны. Гэта добрыя грошы, і мы тут нічога не страчваем. Гэта дазволіла ў мінулым годзе ў нашым гандлі выйсці на тую формулу, якую я пастаянна патрабую”, — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць дыверсіфікацыі паставак прадукцыі на знешнія рынкі. Прэзідэнт дадаў, што раней Беларусь у вялікай ступені залежала ад расійскага рынку, цяпер жа за кошт Кітая і іншых краін мае формулу бяспекі экспартна арыентаванай краіны (30х30х30).

Ён таксама расказаў аб інвестыцыйным супрацоўніцтве з Кітаем, які пабудаваў у Беларусі электрастанцыі. Адна з такіх узведзена пад Віцебскам. Кітайскі бок таксама дапамог Беларусі мадэрнізаваць многія ЦЭЦ, прадпрыемствы, у тым ліку ў Светлагорску па выпуску цэлюлозы. “Дзякуючы Кітаю, мы адышлі ад залежнасці па цэлюлозе. І па многіх іншых пытаннях, я ўжо не гавару аб ракетнай зброі “Паланэз”, якую мы стварылі не з Расіяй, а з Кітайскай Народнай Рэспублікай дзякуючы Сі Цзіньпіну, які выдзеліў нам крэдыт, лічыце, пад нуль працэнтаў. Разам з кітайскімі спецыялістамі мы пачалі вытворчасць “паланэзаў”. Цяпер нашы спецыялісты працуюць над ракетай новага пакалення, усё роўна база гэта была кітайская. Нават у дробязях нейкіх: аўтамабілі для арміі, у плане гуманітарнай дапамогі, у будаўніцтве жылля — грант выдзелілі ў памеры 200 з лішнім мільёнаў долараў. А цяпер спартыўныя аб’екты — я папрасіў, каб яны былі з кітайскім каларытам (стадыён, басейн). Ідзе прапрацоўка гэтых пытанняў. Кітайцы робяць праект, каб пад ключ, я прасіў менавіта так, як падарунак беларускаму народу”, — адзна­чыў кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў кітайскага боку, Аляксандр Лукашэнка заўважыў: “Вы павінны ведаць, што беларусы ў даўгу не застануцца. Вы — на­дзейны партнёр, які па любым пытанні падстаўляў нам плячо. Мы гэтак жа будзем ставіцца да вашай краіны. Тут у вас сябры”.

Еўразійскі эканамічны саюз пачынае ўсё больш палітызавацца, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

“Калі шчыра, я вялікіх на­дзей не маю ў плане Еўразійскага эканамічнага саюза. Занадта шмат насцярожанасцей, рознагалоссяў, што зусім непрымальна, эканамічны саюз пачынае ўсё больш палітызавацца”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на вялікую колькасць выключэнняў у гандлёвых адносінах і на невыкананне ўласна прынятых рашэнняў у рамках ЕАЭС. “А калі і ўносім разумную прапанову па вырашэнні той ці іншай праблемы, то выпустошваем гэтае рашэнне да такой ступені, што яно не мае ніякага значэння. Нават свабоднае перамяшчэнне, адсутнасць меж у эканоміцы для тавараў, капіталаў, лю­дзей і г.д., кожная краіна спрабуе абысці і заблакіраваць гэтае перамяшчэнне — тое, што наогул з’яўляецца аксіёмай для гэтага саюза. І там у нас з’яўляюцца праблемы”, — адзначыў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ёсць спрэчкі ў Казахстана з Кыргызстанам, якія да гэтага часу не зняты па шэрагу напрамкаў. У Беларусі з Расіяй таксама шмат праблем. Выключаны многія групы тавараў з гандлёвых рэжымаў, асабліва што тычыцца нафты і газу — да 2025 года будуць распрацоўвацца рашэнні. “Занадта шмат нацыя­нальнага эгаізму”, — кажуць расійскія палітыкі, крытыкуючы Амерыку. У нас тое ж самае”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы пра будучае старшынства Беларусі ў ЕАЭС, прэзідэнт адзначыў, што асабліва не разлічвае на нейкі прарыў, паколькі ўсе рашэнні там прымаюцца ў кансэнсусе. Таму ад пазіцыі адной дзяржавы, няхай нават самай буйной, наўрад ці што-небудзь залежыць, калі хоць адна дзяржава будзе супраць. А існуючая тэндэнцыя не дае вялікіх надзей, дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што наша шчасце — толькі ў нашых руках. “Будзе добра з нашымі саюзнікамі — значыць, яшчэ лепш бу­дзе ў нас. Але спадзявацца трэба толькі на сябе. У нас невялікі рэсурс для гэтага, мы не Амерыка, не Кітай і нават не Расія — у іх больш гэтых магчымасцей. Усё роўна надзея на сябе, а ўсё, што атрымаецца з саюзнікамі, — гэта дадатак”, — канстатаваў ён.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ў гэтым выпадку можна вывесці Расію “за дужкі”, паколькі з гэтай краінай у Беларусі блізкія, цесныя адносіны, у тым ліку ў гандлёва-эканамічных і іншых сферах. Шэраг дзяржаў з ЕАЭС занадта прывязаны да іншых цэнтраў сілы, арыентаваны на іншыя дзяржавы і саюзы. Гэта ўзнікла не сёння. У некаторых дзяржаў адносіны склаліся яшчэ да стварэння ЕАЭС. “Ёсць шмат праблем, таму вы павінны разумець, што мы будзем дзейнічаць строга ў адпаведнасці з заключанымі дагаворамі і пагадненнямі, будзем старацца больш глыбокую інтэграцыю развіваць і рухаць наперад, наколькі гэта магчыма, не толькі таму, што мы прывязаны да такой інтэграцыі, але і таму, што яна нам на карысць”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Родная мова адрознівае народ ад іншых нацый, таму яе трэба падтрымліваць, заявіў кіраўнік дзяржавы.

“Для мяне беларуская мова — мая родная мова. Такая ж, як руская. Руская мова — гэта наша мова”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што не хоча супрацьпастаўляць дзве мовы, абедз­ве яны родныя для беларускіх грамадзян. Прэзідэнт заявіў, што беларусы, як ніякі іншы народ, унеслі вялікі ўклад у развіццё рускай мовы, а таксама прывёў у прыклад адну з алімпіяд па рускай мове ў Расіі, дзе ва ўсіх намінацыях беларускія ўдзельнікі перамаглі. На яго думку, ад гэтай спадчыны нельга адмаўляцца. “Так, так здарылася, што мы рускую мову, напэўна, ведаем лепш, чым беларускую. І карыстаемся больш”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Тое, што гэтая тэма ўсё больш актыўна абмяркоўваецца, ён звязаў з паняццямі “рускі свет”, “мяккая сіла” і інш. Трэба спыніць у Расіі ўсякія гэтыя размовы. “Што значыць пашырэнне “рускага свету” за кошт Беларусі? — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — У нас мітрапаліт Павел — рускі чалавек, і нашы людзі нармальна гэта ўспрымаюць”. Прэзідэнт таксама сказаў: “Мы размаўляем на рускай мове, думаем, як рускія. Навошта навязваць Беларусі нейкі “рускі свет”, каб узбаламуціць людзей?” Аляксандр Лукашэн­ка падкрэсліў, што ў рэспубліцы былі дэбаты па пытанні дзяржаўнай мовы і знойдзена кампраміснае рашэнне. Таксама ён звярнуў увагу на школьную праграму папярэдніх гадоў, калі ў ёй было больш урокаў анг­лійскай мовы, чым беларускай і рускай.

“І ні адзін апазіцыянер не абурыўся, а як толькі руская мова — тады гвалт. Англій­скую мову таксама трэба ведаць (вялікі недахоп, калі нашы лю­дзі не ведаюць гэтай сусветнай мовы), але не трэба сябе прыніжаць”, — заявіў ён.

Таксама прэзідэнт выказаў меркаванне па прапанове падрыхтоўкі нарматыўных прававых актаў на дзвюх мовах. “Гэта дадатковыя сродкі, і немалыя, — лічыць прэзідэнт. — У Беларусі ўсе гавораць і разумеюць рускую мову. Выдаваць законы на дзвюх мовах? Гэта можна зрабіць, але гэта грошы”.

У ходзе “Вялікай размовы” кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка адказаў таксама на іншыя шматлікія пытанні журналістаў і ўдзельнікаў сустрэчы.

Па матэрыялах БелТА.