Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “На прававых асновах, паводле закона, трэба будаваць усякія адносіны ў дзяржаве, тады не будзе хаосу”

- 10:47Інфармацыйная гадзіна

Для Беларусі ўяўляе цікавасць вопыт замежных краін у сферы канстытуцыйнага права. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з кіраўнікамі канстытуцыйных судоў замежных дзяржаў, перадае карэспандэнт БелТА.

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь у знакавы для краіны год — 25-годдзя Канстытуцыі — прымае прадстаўнічы форум, прысвечаны сучаснаму канстытуцыйнаму развіццю дзяржаў. “Мы высока цэнім вашу гатоўнасць дзяліцца сваім вопытам у сферы канстытуцыйнага правасуддзя. Ён для нас, безумоўна, цікавы”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка асабліва адзна­чыў удзел у форуме Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права, з якой Беларусь выбудоўвае дастаткова канструктыўнае ўзаемадзеянне. “Разлічваем на працяг міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтай галіне”, — сказаў прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў актуальнасць пытанняў права, іх важнасць для стварэння справядлівага грамадства, дзе кожны грамадзянін знаходзіцца пад надзейнай абаронай дзяржавы, а непахіснасць палітычнага ўпарадкавання гарантуе Асноўны Закон. “Вяршэнства закона ў дзяржаве, выкананне яго норм і прынцыпаў на ўсіх узроўнях палітычнага, сацыяльнага і духоўнага жыцця людзей — прымета высокаразвітога грамадства”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што прынятая ў Беларусі чвэрц­ь стагоддзя назад Канстытуцыя надала магутны імпульс станаўленню дэмакратычных інстытутаў у краіне. “Равеснік Асноўнага Закона Канстытуцыйны Суд спрыяе ўмацаванню нашай дзяржаўнасці, — сказаў ён. — Найважнейшае паўнамоцтва нашага Канстытуцыйнага Суда — прыняцце штогадовых пасланняў аб стане канстытуцыйнай законнасці. Гэта галоўны нарматыўна-прававы акт нашага Канстытуцыйнага Суда, упэўнены, і ў вас у той ці іншай форме (ёсць падобны прававы акт. — Заўв. БелТА). Агучаныя ў іх высновы і прапановы па развіцці прававой сістэмы дзяржавы з’яўляюцца значным фактарам удасканалення норматворчай і правапрымяняльнай дзейнасці”. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што пасланне Канстытуцыйнага Суда штогод агучваецца ў парламенце ў прысутнасці прадстаўнікоў усіх галін улады, а прапановы, якія змяшчаюцца ў ім, падлягаюць няўхільнаму выкананню. Прэзідэнт зрабіў акцэнт на асаблівай ролі заканадаўчых норм у жыцця­дзейнасці грамадства і адказнасці тых, хто распрацоўвае законы і кантралюе іх выкананне. “Законы — жывая матэрыя. Яны вяршаць лёсы людзей, краін і свету. Ад усіх, хто стварае, удасканальвае і, галоўнае, кантралюе выкананне гэтых законаў, залежыць, наколькі гарманіч­на будзе развівацца сучаснае грамадства, наколькі справядлівы будзе свет, у якім мы жывём”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што ў сучасным свеце паводзіны палітыкаў далёка не заўсёды з’яўляюцца адказнымі і строга адпавядаюць літары закона. “І да чаго гэта прыводзіць? Да гандлёвых войнаў, хаосу і гэтак далей, калі мы, перш за ўсё палітыкі, задавальняем законы, прававыя акты, якія прызнаны ў свеце, на міждзяржаўным узроўні, тыя пагадненні, якія заключаны і маюць сілу закона ў тых ці іншых дзяржавах, — сказаў ён. — Гэта канфлікты, гэта войны ў тых ці іншых рэгіёнах. Калі так пой­дзе і далей, мы прыйдзем да новай сусветнай вайны. Думаю, што гэта будзе апошняя вайна”. Каб не дапусціць такога развіцця падзей, захаваць мір і стабільнасць, неабходна строга выконваць нормы заканадаўства на ўсіх узроўнях. “Трэба выконваць міжнароднае права і ўнутраныя законы. Беларусь не проста да гэтага гатова, а заўсёды заклікае да гэтага і будзе заўсёды рабіць так, каб у свеце быў спакой і стабільнасць”, — рэзюмаваў прэзідэнт.

Беларусь з’яўляецца асацыіраваным членам Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права Савета Еўропы (Венецыянская камісія) з 1994 года.

Супрацоўніцтва краіны з гэтай міжнароднай структурай садзейнічае аб’ектыўнаму інфармаванню прадстаўнікоў еўрапейскіх канстытуцыйных судоў, Савета Еўропы і Еўрапейскага саюза аб сучасным развіцці прававой сістэмы Беларусі, дае магчымасць улічваць еўрапейскі вопыт у сферы абароны правоў і свабод чалавека, атрымлі­ваць актуальную і аб’ектыўную інфармацыю аб працэсах, што адбываюцца ў канстытуцыйна-прававой сферы ў розных дзяржавах.

Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права — незалежны кансультатыўны орган Савета Еўропы. Яе задача — ажыццяўленне прынцыпаў прававой дзяржавы і дэмакратыі, а таксама даследаванне праблем, звязаных з функцыянаваннем, умацаваннем і развіццём дэмакратычных інстытутаў.

Членамі Венецыянскай камісіі з’яўляюцца 47 дзяржаў — членаў Савета Еўропы, а таксама 14 краін, якія не ўваходзяць у СЕ. Акрамя таго, 5 дзяржаў маюць статус наглядальніка, яшчэ 2 — спецыяльны статус партнёра па супрацоўніцтве.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўні­ка­мі канстыту­цыйных судоў замежных краін заявіў, што ў найбліжэйшы час у Беларусі будзе ці новая Канстытуцыя, ці будуць уносіцца праўкі ў дзеючую. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі думаюць пра новы этап у сувязі са зменамі, якія дыктуе само жыццё. “Вельмі паскорыліся працэсы. Наша Канстытуцыя пачынае крыху адставаць. Я папрасіў менавіта спецыялістаў Канстытуцыйнага Суда, каб яны ўнеслі свае прапановы па магчымым удасканаленні нашай Канстытуцыі. А потым мы сядзем і абмяр­куем”, — сказаў прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Канстытуцыйным Судзе Беларусі працуюць выключныя прафесіяналы — практыкі, тэарэтыкі. “Адбіраем кожнага чалавека вельмі доўга. Гэта людзі, якія прайшлі жыццё і ведаюць, чаго патрабуе ад нас сёння народ”, — падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы ў час сустрэчы звярнуў увагу, што, развіваючы ў 90-я гады Канстытуцыю і іншыя права­выя акты, у Беларусі зыходзілі з існую­чых рэалій. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка адказаў на папрокі ўлады ў аўтарытарызме: “Я ніколі гэтага не адмаўляў: сапраўды, у нас прававая сістэма была выбудавана менавіта такім чынам і нацэлена на стварэнне і ўмацаванне вертыкалі ўлады, таму што пасля распаду Савецкага Саюза мы засталіся адны, плюс яшчэ з савецкімі рублямі. Нам абяцалі, што з савецкай рублёвай сістэмы мы не выходзім. Потым нас кінулі з гэтымі рублямі, забраўшы ў нас тавары і не аплаціўшы. Беларусі аказаліся вінаваты вельмі шмат мільярдаў, але мы іх не атрымалі. Я вяду да таго, што ў нас народу не было чаго есці: пустыя паліцы ў рэспубліцы, якая заўсёды была развітой у гэтых адносінах — тавараў народнага спажывання і прадуктаў харчавання”.

На гэтым фоне кіраўніцтва краіны пачалі вучыць дэмакратыі і правам чалавека, адзначыў прэзідэнт. “Асноўнае права чалавека было паесці і адзецца, чым я і займаўся”, — падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што крытыку зведалі і іншыя постсавецкія краіны, у тым ліку Казахстан і Таджыкістан, які прайшоў праз вайну. “Ім было не да разважанняў: трэба было краіну рата­ваць, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы зыходзілі з канкрэтнай сітуацыі, якая існавала ў нашай краіне”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што для ўкаранення любых рэформ патрэбны час: штурмам нічога не возьмеш. “Ва Украіне паспрабавалі штурмам узяць — што атрымалі? Найбагацейшая краіна ў Еўро­пе. Яны нешта няправільна робяц­ь? Усё робяць правільна. Так ці інакш мы ўсе ідзём па гэтым шляху. І нас таксама нехта звонку падштурхоўвае. Але палітыкі існуюць для таго, каб прыстасаваць усё гэта для сваёй краіны, таму галоўны фактар — гэта час. Разыходжанняў у палітыцы ў нас, хто сядзіць за гэтым сталом, ні ў кога няма: ні ў Захаду, ні ва Усходу. Нехта хутчэй ідзе да дэмакратыі, нехта — марудней. Нехта апёкся на гэтай дэмакратыі, у тым ліку на Захадзе. Я часта прыводжу прыклад: Германія, краіна парадку, дастукалася да таго, што дзяўчынкі ў школу баяцца ха­дзіць у спадніцах. Гэта нармальна?” — спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Не абмінуў кіраўнік дзяржавы і па­дзеі ў Францыі: “Я не хацеў бы, каб у Беларусі такое адбывалася. Гэта ў Францыі! Заўсёды перадавой і спакойнай краіне. Паглядзіце, што робіцца ў Злучаных Штатах Амерыкі. Я на Мюнхенскай канферэнцыі аднойчы сказаў: “Вы, нас крытыкуючы, не забывайце пра наш вопыт, паколькі вам давядзецца ў нейкай частцы вярнуцца да яго, каб захаваць мір і стабільнасць у сваіх дзяржавах”.

На думку прэзідэнта, для народа галоўнае — мір і стабільнасць, і права павінна працаваць на гэта перш за ўсё, каб не было хаосу. “Менавіта на прававых асновах, паводле закона, трэба буда­ваць усякія адносіны ў дзяржаве, тады не бу­дзе хаосу. У гэтым напрамку мы дзейнічаем”, — рэзюмаваў беларускі лідар.