Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Найбольш актыўна трэба будаваць там, дзе ёсць перспектывы, развіваецца прамысловасць”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перасцерагае ад аўтаматычнага павелічэння кошту квадратнага метра ў сувязі з ростам зарплат. Аб гэтым ён заявіў на рэспубліканскім семінары-нарадзе аб павышэнні эфектыўнасці будаўнічага комплексу Беларусі.

Кошт узводзімага жылля кіраўнік дзяржавы назваў найважнейшым пытаннем. “Задачай урада застаецца захаванне формулы “адзін квадратны метр з дзяржпадтрымкай не вышэйшы за сярэднямесячную заработную плату”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Адначасова ён папярэдзіў: “Дасягненне ўзроўню заработнай платы ў памеры Br1 тысячы не азначае, што метр жылля аўтаматычна павінен каштаваць столькі ж”.

Прэзідэнт даручыў ураду, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму перагледзець праграмы жыллёвага будаўніцтва, максімальна павялічыўшы долю арэнднага жылля з прыцягненнем фінансаў прадпрыемстваў і арганізацый.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што рынак арэнднага жылля ў Беларусі пакуль развіваецца маруднымі тэмпамі. За шэсць гадоў яго ўведзена толькі 745 тысяч кв.м, што складае 2,5 працэнта ад агульнага аб’ёму. Для прыкладу: у Германіі гэта 58 працэнтаў, а ў Швейцарыі — 71 працэнт.

“Як паказвае практыка, у нас яно вельмі запатрабавана. Толькі ў Мінску на адну такую кватэру 150 і больш жадаючых. Развіццё рынку арэнднага жылля неабходна і для вырашэння пытанняў працоўнай міграцыі”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, будаўніцтва такога жылля таксама будзе садзейнічаць прыцягненню маладых спецыялістаў у малыя і сярэднія гарады Беларусі. “Пры гэтым найбольш актыўна трэба будаваць там, дзе ёсць перспектывы, развіваецца прамысловасць. Напрыклад, як гэта робіцца ў Астраўцы”, — дадаў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу за два гады ліквідаваць чаргу маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, якая ўтварылася, сярод мнагадзетных сем’яў.

“Калі з агульнай чаргой у цэлым разабраліся і колькасць усіх маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў штогод зніжаецца, то чарга мнагадзетных сем’яў бесперапынна расце”, — звярнуў увагу беларускі лідар.

Паводле яго слоў, за два апошнія гады іх колькасць павялічылася на 8,5 тысячы. Пры гэтым усюды не выконваецца даручэнне аб накіраванні мнагадзетных сем’яў на будаўніцтва жылля на працягу аднаго года. На пачатак 2018 года з 34 тысяч такіх сем’яў не накіраваны на будаўніцтва 25 тысяч, а амаль 7 тысяч чакаюць у чарзе больш як тры гады.

Аляксандр Лукашэнка назваў такую сітуацыю недапушчальнай і паставіў задачу ўраду сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам павялічыць аб’ёмы будаўніцтва жылля для гэтай катэгорыі маючых патрэбу. “Разам з банкамі вызначыце неабходныя крыніцы фінансавання, за два наступныя гады ліквідуйце ўтвораную чаргу і выйдзіце на забеспячэнне мнагадзетных сем’яў жыллём на працягу аднаго года, як гэта прадугледжана ўказам № 13”, — даручыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе акцэнтаваў увагу на неабходнасці лепшага планавання тэрыторый, каб малыя населеныя пункты былі прывабныя для жыцця людзей.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, нізкая прывабнасць малых населеных пунктаў абумоўлена неразвітасцю ў іх інфраструктуры, адсутнасцю камфортнага асяроддзя для жыцця. “Патрабую ад урада неадкладна пачаць выкананне прынятых рашэнняў па развіцці гарадоў-спадарожнікаў з павелічэннем аб’ёмаў будаўніцтва жылля. Акрамя таго, там адначасова трэба ствараць адпаведную інжынерна-транспартную і сацыяльную інфраструктуру”, — запатрабаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на такія буйныя гарады, як Баранавічы, Бабруйск, Маладзечна, Орша, якія таксама павінны стаць месцам прыцягнення людзей. “У іх трэба развіваць не толькі вытворчасці з добрааплатнымі рабочымі месцамі, але і камфортнае асяроддзе для жыцця людзей. Не трэба там будаваць 25-павярховыя будынкі. Трэба ствараць раёны малапавярховай забудовы”, — лічыць прэзідэнт. Ён даручыў у адным з такіх гарадоў рэалізаваць пілотны праект па комплекснай забудове зямельнага ўчастка малапавярховымі жылымі дамамі.

Яшчэ адзін праблемны момант, на які звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, — гэта развіццё інфраструктуры ў раёнах, дзе вядзецца жылая забудова, у тым ліку індывідуальная. “Як правіла, не ў людзях праблема. Гэта мясцовыя ўлады не могуць забяспечыць будаўніцтва неабходнай інфраструктуры. Так быць не павінна!” — падкрэсліў беларускі лідар.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што недалёка ад Мінска зямельныя ўчасткі набываюць, як правіла, не бедныя людзі. “Таму будаваць водаадвядзенне, водазабеспячэнне, газіфікаваць, лініі электраперадачы і дарогі вы павінны разам з імі. Нельга гэта ўсё будаваць толькі за кошт бюджэту. Так, перш як выводзіць людзей на нейкую карту для забудовы, трэба падзяліць на ўчасткі і падвесці дарогу, каб людзі або забудоўшчык маглі будаваць гэтыя дамы. А далей дамаўляйцеся з людзьмі”, — сказаў прэзідэнт.

“Апераджальнае будаўніцтва сетак і дарог для раёнаў жылой забудовы, у тым ліку індывідуальнай, — найважнейшая задача для развіцця тэрыторый. Ураду з губернатарамі і банкамі неабходна вырашыць пытанне, дзе і на якіх умовах атрымаць для гэтага сродкі. З улікам суфінансавання з боку ўладальнікаў гэтых участкаў і дамоў”, — даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама лічыць недапушчальным ператвараць у “каменныя джунглі” мікрараёны-новабудоўлі, паколькі шматкватэрныя кварталы часта будуюцца па прынцыпе “менш затрат — больш прыбытку”. “Прыдамавая тэрыторыя добраўпарадкоўваецца мінімальна. У лепшым выпадку дзіцячая пляцоўка не зразумела якая, пара дрэў, а то і наогул толькі асфальт або плітка, — адзначыў беларускі лідар. — Як у такіх каменных джунглях можна жыць чалавеку? Сорамна глядзець на новыя кварталы”.

“Год наступны — на вырашэнне гэтай праблемы”, — даручыў кіраўнік дзяржавы, маючы на ўвазе задачу па азеляненні жылых раёнаў.

У той жа час у Беларусі ёсць станоўчыя прыклады, калі такія раёны ўзводзяцца прыгожымі, зручнымі і функцыянальнымі. “І не перашкаджаюць ні нормы, ні нарматывы”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Ён даручыў Мінбудархітэктуры ўстанавіць абавязковыя правілы па стварэнні камфортнага асяроддзя ў мікрараёнах-новабудоўлях.

Прэзідэнт таксама раскрытыкаваў тыпавое праектаванне сацыяльных аб’ектаў.

“Не трэба зацыклівацца на тыпавым праектаванні і будаваць усё аднолькавае. Тыпавымі могуць быць прамысловыя будынкі, збудаванні, трансфарматарныя падстанцыі, кацельні. Але дзіцячыя сады, школы і іншыя сацыяльныя аб’екты павінны быць арыгінальнымі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Тыпавымі ў іх, адзначыў кіраўнік дзяржавы, могуць быць толькі тэхналогія, асобныя канструктыўныя элементы, вузлы і дэталі, з якіх яны будуць збірацца. “І паўтараю: усё павінна патанаць у зелені і кветках”, — запатрабаваў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў прэтэнзіі да якасці і тэрмінаў распрацоўкі праектнай дакументацыі. Прэзідэнт падкрэсліў, што праекціроўшчык павінен быць прафесіяналам і адказваць за прынятыя рашэнні. “Прыміце неабходныя меры па павышэнні адказнасці распрацоўшчыкаў за якасць праектнай дакументацыі і тэрміны яе падрыхтоўкі”, — даручыў ён.