Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Нам не трэба канкурыраваць, нам патрэбны спалучэнне, дамоўленасці аб узаемных пастаўках прадукцыі”

- 10:21Інфармацыйная гадзіна

Беларусі і Малдове трэба больш актыўна развіваць сумесныя прадпрыемствы і ствараць новыя вытворчасці. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы ў пашыраным фармаце з Прэм’ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам.

“Нашы адносіны грунтуюцца на дружбе і дабраце. Але ў той жа час трэба сказаць, што нас звязвае не толькі сентыментальная дружба. Нашы адносіны грунтуюцца яшчэ на канкрэтных прагматычных праектах”, — адзначыў у пачатку сустрэчы Павел Філіп.

Частка з іх ужо рэалізавана, а сёння бакі маюць намер дамовіцца па новых напрамках узаемадзеяння. “Вельмі часта простыя людзі, калі гаворыш пра двухбаковыя адносіны паміж дзяржавамі, не разумеюць, ім здаецца, што гэта такая абстрактная фаза. Але ў Кішынёве трэба толькі паглядзець у акно, і на вуліцах горада можна ўбачыць наш агульны прадукт — тралейбусы”, — сказаў прэм’ер-міністр.

Павел Філіп з задавальненнем канстатаваў, што Беларусь і Малдова рэгулярна праводзяць сустрэчы на розных узроўнях, што дапамагае падтрымліваць і развіваць плённае супрацоўніцтва. “Калі Малдове было цяжка, Беларусь нам дапамагла. Я гавару пра рынкі збыту. Таму хачу запэўніць вас, што мы ўмеем цаніць дружбу, і вы можаце разлічваць на нас”, — заявіў ён.

У сваю чаргу кіраўнік беларускай дзяржавы згадзіўся з меркаваннем Прэм’ер-міністра Малдовы, што краіны звязваюць не толькі сентыментальныя дружалюбныя адносіны, але і прагматычнае супрацоўніцтва. “І мы на гэтым шляху нямала зрабілі, гэта добры фундамент нашых адносін. Але заўсёды паўстае пытанне: а што далей?” — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт перакананы, што краінам трэба больш актыўна развіваць сумесныя праекты, ствараць новыя прадпрыемствы, шукаць новыя напрамкі для супрацоўніцтва. “Дзве тысячы ліфтаў, паводле даных вашага ўрада, трэба мяняць. Ліфты робяць у нас, прычым выйшлі з імі на касмічны ўзровень. Чаму мы не можам тут іх збіраць? Можам. Трэба аўтобусы — давайце будзем разам вырабляць”, — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, так Беларусь і Малдова выйдуць на новы ўзровень эканамічнага супрацоўніцтва. “Мы за гэта грошы з вас не бяром. Мы гатовы, акрамя ўсяго іншага, — і гэта галоўнае (не сумесныя прадпрыемствы, не тавар) — людзей навучыць. У вас з’явяцца новыя кадры і прадпрыемствы”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

У якасці прыкладу паспяховага супрацоўніцтва кіраўнік дзяржавы прывёў узаемадзеянне беларускіх вучоных з інстытутам раслінаводства “Парумбень”, які ён наведаў з Ігарам Дадонам. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, вучоныя абедзвюх краін не проста выбудавалі надзейныя адносіны і актыўна развіваюць іх, але і заўсёды думаюць пра новыя сумесныя праекты. Гэта ўзаемавыгадна для дзвюх дзяржаў.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што яшчэ ў савецкія гады Беларусь пастаўляла ў Малдову сваю прадукцыю. З цягам часу яна не страціла тут сваёй папулярнасці. “Нам проста з вамі супрацоўнічаць. Вы вырабляеце ўсё, што мы купляем. Мы вырабляем тое, што патрэбна вам. Нам не трэба канкурыраваць, нам патрэбны спалучэнне, дамоўленасці аб узаемных пастаўках прадукцыі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што часта бываў у Малдове, у тым ліку ў час службы ў арміі, і заўсёды з цеплынёй успамінае гэтыя часы. “Калі я заплюшчваю вочы, бачу вялікі квітнеючы сад, і ў ім у прыгожых дамах жывуць людзі. Гэта мае ўспаміны з савецкага часу”, — прызнаўся ён.

У 2017 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Малдовай склаў $220,5 млн і ў параўнанні з 2016 скараціўся на 3 працэнты. Аднак пры гэтым беларускі экспарт вырас амаль на 13 працэнтаў і дасягнуў $133,4 млн. Яго аснову склалі нафтапрадукты, цукар, трактары і седлавыя цягачы, лесаматэрыялы, кокс і бітум, плёнка з пластмас, шкловалакно. Малдова пастаўляла ў Беларусь віны, каньякі, сокі, агародніну, садавіну, гіпс, дываны і падлогавыя пакрыцці.

У Малдове дзейнічаюць больш за 60 прадстаўніцтваў, даччыных прадпрыемстваў, суб’ектаў тавараправоднай сеткі і дыстрыб’ютараў беларускіх прадпрыемстваў. У краіне створаны тры зборачныя вытворчасці: садова-вінаградарскіх трактароў “Беларус-921” Смаргонскага агрэгатнага завода, трактароў Бабруйскага завода трактарных дэталей і агрэгатаў, тралейбусаў “Белкамунмаш”. Прапрацоўваецца арганізацыя вытворчасці ў Кішынёве аўтобусаў МАЗ.

***

Беларусь гатова вучыць у сябе для Малдовы высакакласных спецыялістаў для прамысловых прадпрыемстваў, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка журналістам па выніках перагавораў з Прэм’ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам.

“Самы важны праект, які мы хацелі б рэалізаваць з малдаўскім кіраўніцтвам, — гэта падрыхтоўка спецыялістаў для Малдовы. Усё добра: аўтобусы збяром, паглыбім лакалізацыю тут. Але, калі не будзе людзей, якія ўмеюць вырабляць і эксплуатаваць гэтую тэхніку, будзе бяда”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што такія прапановы Беларусь агучвае толькі сваім сябрам, паколькі рэалізаваць іх затратна, а асаблівасцямі падрыхтоўкі кадраў і тэхналогіямі не прынята раскідвацца. “Мы можам вельмі хутка, на працягу некалькіх месяцаў, у Мінску рыхтаваць для вас інжынераў. Яны вернуцца да вас майстрамі і будуць збіраць аўтобусы, ажыццяўляць лакалізацыю іншых прадпрыемстваў і паралельна вучыць іншых”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

З просьбай да беларускага боку аб падрыхтоўцы кадраў па тэхналагічных спецыяльнасцях звярнуўся Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон. “Мы гатовы вам, як сваім блізкім людзям, братам, дапамагчы падрыхтаваць людзей па асноўных напрамках”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Бакі дэталёва прапрацуюць гэтыя пытанні, адпаведныя даручэнні дадзены ўрадам і профільным ведамствам абедзвюх краін.

Прэзідэнт Беларусі лічыць неабходным развіваць у Малдове існуючыя вытворчасці і адкрываць новыя. Напрыклад, у краіне ўжо збіраюць беларускія трактары. Лінейку гэтай прадукцыі можна пашырыць за кошт запуску вытворчасці малагабарытнай тэхнікі, якая выкарыстоўваецца ў невялікіх або прыватных гаспадарках.

Беларускія прадпрыемствы гатовы пачаць і дарожнае будаўніцтва ў Малдове. Яны ўжо ўдзельнічаюць у адпаведных тэндарах. Кіраўнік дзяржавы запэўніў малдаўскі бок, што ў дарог, пабудаваных беларускімі спецыялістамі, высокая якасць і тэрмін эксплуатацыі некалькі дзясяткаў гадоў.

Малдове акажуць падтрымку ў адкрыцці новых перапрацоўчых вытворчасцей у Беларусі, каб у далейшым прадукцыя пастаўлялася на рынкі трэціх краін. “Прыязджайце, мы вам акажам адпаведную падтрымку. Прычым можаце не перажываць наконт нейкага жульніцтва, што вас хто-небудзь падмане. Гэтага ў Беларусі няма і быць не можа. Мы трымаем гэта на строгім кантролі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.