Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Нам па сілах разам пераадолець усе цяжкасці і знайсці рашэнні на карысць нашых краін і народаў”

- 10:29Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з прадстаўнікамі ўкраінскіх СМІ. На яе прыехалі прадстаўнікі інфармацыйных агенцтваў “Укрінфарм” і “Інтэрфакс-Україна”, тэлеканалаў “Україна”, “112 Україна” і “1+1”, газеты “Правительственный курьер”.

“Мы ўпершыню, на жаль, сустракаемся ў фармаце прамой размовы з прадстаўнікамі такіх буйных сродкаў масавай інфармацыі Украіны. Гэта добрая практыка, і я прапанаваў бы такую сустрэчу зрабіць традыцыяй. Па-першае, я даведваюся вельмі шмат ад вас пра тое, што адбываецца цяпер ва Украіне. З другога боку, у мяне ёсць магчымасць без усялякіх крыватолкаў, выдумак данесці сваю пазіцыю па фундаментальных пытаннях нашых адносін, — сказаў прэзідэнт. — Тут вы прадстаўляеце не толькі сродкі масавай інфармацыі, але і ўвесь народ Украіны. І для нас гэтая сустрэча — магчымасць сумленнага і адкрытага дыялогу”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларусы і ўкраінцы настолькі цесна звязаны агульнымі каранямі — гістарычнымі, духоўнымі, сямейнымі, што не маюць права страціць гэтае адзін­ства. “Мы проста абавязаны захаваць гэтую славянскую кроўную роднасць дзеля будучых пакаленняў. Перадаць яе дзецям у імя захавання міру і стабільнасці на нашых землях, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. — Мы заўсёды адчувалі падтрымку адно аднаго, нягледзячы на тыя ўзру­шэнні, якімі нас выпрабоўваў і выпрабоўвае час. Але мы ведаем, што нам па сілах разам пераадолець усе цяжкасці і знайсці рашэнні на карысць нашых краін і народаў”.

Прэзідэнт адзначыў, што Украіна — найважнейшы сусед Беларусі, адзін з галоўных ган­длёва-эканамічных партнёраў, менавіта таму адносіны з ёй заў­сёды былі ў прыярытэце. Беларусь і Украіна супрацоўнічаюць па шырокім спектры пытанняў: міжнародная бяспека, эканоміка і гандаль, культура, навука, спорт, гуманітарныя праекты. І кожны з гэтых напрамкаў мае вельмі істотнае значэнне.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што цяперашняе мерапрыемства праводзіцца напярэдадні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які пройдзе ў Жытоміры ў пачатку кастрычніка. “Гэты праект вельмі значны не толькі для нашых краін, але і, адкрыю сакрэт, для мяне асабіста”, — прызнаўся прэзідэнт.

Ён нагадаў, што два гады назад кіраўніцтва Украіны падтрымала гэтую ідэю і ўжо праз год у Гомелі адбыўся першы такі форум. “Вынікі не прымусілі сябе чакаць. Такія сустрэчы дапама­гаюць нарошчваць вельмі патрэбныя міжрэгіянальныя сувязі, у першую чаргу ў гандлі і эканоміцы”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, менавіта гандлёва-эканамічныя адносіны — ключавы складнік беларуска-ўкраінскага партнёрства, і дасягненні тут значныя. У мінулым годзе тавараабарот паміж краінамі склаў амаль $5,5 млрд. “Працуюць сумесныя прадпрыемствы, ёсць нямала агульных інфраструктурных праектаў. Нас аб’ядноўваюць цесныя кааперацыйныя сувязі. І трэба ска­заць, што гэты працэс пастаянна ўзмац­няецца, нарастае”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Украіна павінна быць адзінай і непадзельнай, заявіў Прэзідэнт Беларусі на сустрэчы. “Не трэба драматызаваць сітуацыю, што недзе жывуць венгры ва Украіне, палякі і іншыя. Гэта ўкраінскія венгры, гэта ўкраінскія палякі. Я так гэта разумею. Няхай на мяне ні венгры, ні палякі не пакрыўдзяцца. І для мяне свята: Украіна павінна быць адзінай і непадзельнай, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — На гэтай платформе ў гарачыя аанаўскія дні або без іх мы будзем буда­ваць адносіны з нашымі суседзямі, і перш за ўсё з нашай Украінай”.

Прэзідэнт прывёў у прыклад Югаславію, якую падзялілі на часткі, праводзілі бамбардзіроўкі. “Каму гэта выгадна? Лягчэй кіраваць. Падумайце, каму выгадна, каб Украіна не была Украінай”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама выказаў сваё стаўленне да жыхароў заходніх абласцей Украіны, з якімі сустракаўся яшчэ ў час ваеннай службы: “Я пазнаёміўся з “варожай” Заходняй Украінай. Слухайце, на мяне надзвычайнае ўражанне зрабіла: я такіх прыстойных, працавітых людзей нідзе не бачыў. І калі я пайшоў з войскаў, працаваў у сельскай гаспадарцы, я меў з імі вельмі цесныя адносіны, запрашаў да сябе працаваць”.

“Так, яны больш нацыяналістычныя. А што, расіяне не нацыяналістычныя ў адносінах да сваёй краіны? Або мы менш нацыяналістычныя, калі размова ідзе аб краіне?” — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэн­ка.

Прэзідэнт адзначыў, што лічыць: праведзеная напярэдадні сустрэча ў Нью-Ёрку прэзідэнтаў ЗША і Украіны Дональда Трампа і Уладзіміра Зяленскага прайшла добра.

“Вы гаворыце: ААН, гарачы дзень… Звычайны дзень. Я стары палітык, шмат разоў бываў у ААН. Звычайны дзень, але вы яго зрабілі гарачым. Прытым добра, прыгожа зрабілі, — сказаў прэзідэнт. — І сустрэча Уладзіміра Зяленскага з Дональдам Трампам так, як я яе бачыў, — прыстойна, разумна, прыгожа. Усё было прыгожа. Але такіх гарачых кропак з вашай падачы ў ААН быва­юць дзясяткі, толькі менш звяртае нехта ўвагі. Цяпер яшчэ афарбоўку надалі гэтыя тэлефонныя размовы, канспіралогія нейкая з’явілася. Вось гэта прыцягнула пэўную ўвагу”.

“А наогул, гэта было знаём­ства двух прэзідэнтаў сам-насам. Яно прайшло, на мой пункт гле­джання, вельмі добра. Яны спадабаліся адзін аднаму. Можна сказаць, што гэты гарачы дзень быў нармальным для амерыкана-ўкраінскіх адносін”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што заўсёды на сустрэчах з прадстаўнікамі ЗША заяўляе, што размовы не атрымаецца, калі яна будзе ісці ў плоскасці беларускага выбару паміж Усходам і Захадам. “Гэта наша пазіцыя. Мы самі будзем вызначаць, якія будуць адносіны з Расіяй і Кітаем з аднаго боку, ЕС і ЗША — з другога. Ніколі ніхто не пакрыўдзіўся з амерыканцаў, нават высокапастаўленых. Наадварот, некаторыя загадзя папярэ­джвалі такую маю ўмову перад перагаворамі і публічна заяўлялі, што перад Беларуссю не ставяць пытанне выбару, а хочуць скарыстаць дзеля міру і спакою ва Усходняй Еўропе, хочуць бачыць Беларусь суверэннай і незалежнай”, — сказаў Аляксандр Лукашэн­ка.

Паводле яго слоў, Беларусі падабаецца такая пазіцыя ЗША. “Мы яе вітаем. Гэта найбуйнейшая краіна, уплывае на ўсе працэсы ў свеце. Чаму мы павінны з імі мець дрэнныя адносіны? Ні ў якім разе!” — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што часам кантакты Беларусі з заходнімі партнёрамі выклікаюць нейкую заклапочанасць у Расіі. У той жа час Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што і сама Расія імкнецца нала­дзіць і развіваць адносіны з Захадам і ў прыватнасці з ЗША. “Чаму гэта (развіццё ўзаемадзеяння Беларусі з заходнімі партнёрамі. — Заўвага БелТА.) павінна некага напружваць у Расіі? Мы ж не дружым з Амерыкай супраць Расіі”, — сказаў прэзідэнт.

Пытанне ад прадстаўнікоў украінскіх СМІ таксама тычылася таго, ці можа пацяпленне ў беларуска-амерыканскіх адносінах пакласці пачатак новаму этапу і ў беларуска-ўкраінскім узаемадзеянні. “Пазіцыя ЗША не будзе вызначальнай у адносінах паміж Беларуссю і Украінай, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Нашы адносіны залежаць толькі ад нас. Так, мы будзем аглядвацца на Расію, на амерыканцаў. Але гэта не значыць, што мы будзем такія ўжо залежныя. Чым больш цеснымі будуць адносіны, тым большым гэтаму будзе процідзеянне. Нікому не патрэбны нашы самыя блізкія, самыя цесныя адносіны. Ні там, ні там”.

“Навошта на кавалкі падзялілі Югаславію. Каму гэта выгадна? Лягчэй кіраваць. Падумайце, каму выгадна, каб Украіна не была Украінай”, — дадаў беларускі лідар.

Ён канстатаваў, што, вядома, у Беларусі і Украіны з Расіяй вельмі розныя адносіны. І ў беларуска-расійскім супрацоўніцтве ёсць моцная ўзаемасувязь. Так, Беларусь імпартуе з Расіі шэраг жыццёва неабходных тавараў, у першую чаргу вуглевадароды, прысутнічаюць моцныя кааперацыйныя сувязі. “Я закаранелы савецкі чалавек і гісторык. Вельмі добра ведаю гісторыю нашых узаемаадносін. Мы заўсёды былі разам. Як Украіна — Беларусь, а яшчэ больш — Расія — Беларусь на ўзроўні сямейных, між­дзяржаўных адносін. Куды ні кінь, усюды цяснейшыя сувязі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Мы правялі рэферэндум у краіне аб узаемаадносінах Расіі і Беларусі. У нас няма граніц. Бываюць на перасячэнні адмініс­трацыйнай граніцы праблемы з пастаўкамі нашых тавараў у Расію. Заўсёды няпроста. Гэта не толькі ўзровень міждзяржаўных адносін, а тая ступень карупцыі, якая ўласціва чыноўнікам у Расіі. Я пра гэта адкрыта гавару Прэзідэнту Расіі, з якім мы вельмі дружныя”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў яго наогул няма ніякіх праблем у адносінах з расійскім калегам: “У нас вельмі добрыя адносіны. Хоць хапае і іншых праблем, якія трэба вырашаць”.

“І з Украінай у нас ёсць праблемы. Дзякуй богу, за гэты кароткі перыяд знаходжання на чале ўлады новага прэзідэнта (Уладзіміра Зяленскага. — Заўвага БелТА.) мы неяк рухаемся, абмяркоўваем. І нават тыя негатыўныя моманты, якія маглі б настаць, не насталі дзякуючы той тэлефоннай размове двух прэзідэнтаў (Беларусі і Украіны. — Заўвага БелТ­А.). Гэта абнадзейвае. Тое, што я гадамі не мог, дамовіўшыся з былым прэзідэнтам, вырашыць, спадзяюся, мы зможам вырашаць гэтыя праблемы. Таму пытанняў хапае”, — рэзюмаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт лічыць прынцыпова важным выкананне дасягнутых дамоўленасцей паміж Беларуссю і Украінай. “Падкрэсліваю, гэта пытанне жыцця і смерці, пытанне абавязковасці выканання кожнай дамоўленасці. Будзе гэта — паверце, у нас адносіны будуць развівацца”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў яго ніколі не было дрэнных адносін з прэзідэнтамі Украіны. Аднак не заўсёды дасягнутыя дамоўленасці рэалізоўваліся на практыцы. У прыклад Аляксандр Лукашэнка прывёў сітуацыю, калі ўмовіліся абмяняцца тэлеканаламі, але працэс з украінскага боку зацягнуўся.

“Я прывык: сустрэліся, дамовіліся — жалезна (выконваем. — Заўвага БелТА.), — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Але гэтага рашэння не было. Хацелася б ад гэтага адысці”.

У той жа час ён нагадаў, што Беларусь адгукнулася на просьбу аб дапамозе Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў пастаўцы нафтапрадуктаў у час уборачнай на фоне планаў па рамонтных работах на Мазырскім НПЗ. “Я гавару: “Добра, я табе абяцаю: на працягу дня разбяруся, што за сітуацыя. Калі толькі ёсць хоць самая малая магчымасць адтэрмінаваць гэты рамонт і паставіць дадаткова нафтапрадукты для ўборкі ўраджаю ва Украіне — я зраблю”, — прывёў беларускі лідар падрабязнасці размовы з Прэзідэнтам Украіны. У выніку аб’ём паставак нафтапрадуктаў быў павялічаны. “Мы ўсё зрабілі, каб Украіне дапамагчы”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

“У нашых адносінах вельмі важна выкананне дамоўленасцей”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Менавіта таму з’явіўся новы фармат — Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны. І гэта дало вынік.

Што тычыцца гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тавараабарот паміж Беларуссю і Украінай у мінулым годзе склаў $5,5 млрд, а ў гэтым годзе дасягне $6 млрд або нават больш. “Гэта велізарны тавараабарот для нашых краін, і гэта галоўнае ў нашай дарожнай карце. Калі мы будзем яшчэ актыўней, думаю, можам нагнаць тое, што ўпусцілі, хаця б пачаць вырашаць нявырашаныя пытанні, зможам спланаваць нашу работу на наступную пяцігодку — 2020—2025 гады. Мы да гэтага гатовы і ў гэтым напрамку будзем працаваць”, — падагульніў беларускі лідар.

Улада ва Украіне павінна рабіць усё дзеля міру і цэласнасці краіны, як заявіў Прэзідэнт Беларусі на сустрэчы з прадстаўнікамі ўкраінскіх СМІ.

“Трэба рабіць любыя крокі для таго, каб вайна была спынена і гэтая тэрыторыя пачынала вяртацца да Украіны, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вайна скончыцца рана ці позна. Галоўнае пытанне, каб гэты кавалак добрай зямлі вярнуўся Украіне. Гэта найвялікшая каштоўнасць”.

Прэзідэнт лічыць, што калі ўкраінскія ўлады хочуць адзінства краіны, то павінны для гэтага рабіць любыя спробы вярнуць мір. “Я пайшоў бы на ўсё. На правя­дзенне выбараў? Я пайшоў бы на правядзенне выбараў, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Так, там трэба даць гарантыі людзям, якія, як яны гавораць, ваююць за свой кавалак зямлі, сваю сям’ю. Хоць я лічу, гэта таксама не пытанне”.

На думку Аляксандра Лукашэн­кі, сёння аднаго жадання вырашыць канфлікт ва Украіне недастаткова — патрэбны канкрэтныя дзеянні. “Людзям патрэбны дзеянні, якія прыня­суць жаданы мір і вынікі, вось што сёння там чакаюць людзі, — падкрэсліў прэзідэнт. — Трэба рабіць любыя крокі, трэба адкінуць усе амбіцыі, усім унутры краіны трэба аб’яднацца, каб у галовах з’явілася: трэба захаваць адзін­ства ва Украіне”.

Раней кіраўнік беларускай дзяржавы заяўляў, што канфлікт неабходна вырашыць сіламі самой Украіны, Расіі і Беларусі. Гэтай пазіцыі ён прытрымліваецца і цяпер. “Забудзьце аб усялякіх формулах. Сядзьце ва Украіне і паклічце тых, хто хоча міру, у тым ліку беларусаў. Мы, тры славянскія народы, павінны вырашыць гэты канфлікт, таму што гэта наш дом. І там ужо не выкруцішся: або вырашай, або гавары, што не хачу вырашаць гэты канфлікт”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак такім шляхам канфліктуючыя бакі пакуль ісці не хо­чуць, як заўважыў прэзідэнт. Магчыма, дадаў ён, да ўрэгулявання канфлікту трэба падключыць Злучаныя Штаты Амерыкі. “Калі яны ўключацца, будуць нацэлены на мірнае ўрэгуляванне пытання і захаванне цэласнасці дзяржавы ў рамках тых граніц, якія павінны быць ва Украіне, пытанне бу­дзе вырашацца, па меншай меры, на ўсходзе Украіны. Але амерыканцы занялі такую пазіцыю:
калі нас паклічуць, то мы прые­дзем. Гэта публічна. Але палітыка звычайна робіцца тайна, скрыта — якая там пазіцыя, я магу толькі здагадвацца”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўспом­ніў час, калі канфлікт на ўсхо­дзе Украіны толькі пачынаў завязвацца. Паводле слоў прэзідэнта, ён быў уключаны ў абмеркаванне гэтых падзей з усімі бакамі. “Пуцін мне заўсёды, калі я задаваў яму непрыемныя пытанні, тлумачыў, адказваў не толькі наконт Крыма, але і больш за ўсё Данецка. Так я быў уключаны ў абмеркаванне гэтай праблемы з еўрапейцамі”, — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Магчымыя шляхі вырашэння гэтага канфлікту Аляксандр Лукашэн­ка, у прыватнасці, абмяркоўваў у тэлефоннай размове са старшынёй Еўрапейскага савета Дональдам Тускам. “Захаду я прапанаваў сваё бачанне ва ўрэгуляванні гэтага канфлікту, — адзначыў прэзідэнт. — І папярэдзіў Туска: “Калі вы не прымеце гэтую пазіцыю, я буду ведаць, што як мінімум у Еўропе ёсць людзі, зацікаўленыя ў канфлікце ва Украіне”. Ён памаўчаў і сказаў: “Спадар прэзідэнт, ві­даць, так”. Пасля таго як мы давялі ім наша бачанне, ніякіх зрухаў не настала”.

Беларусь нават была гатова ўвесці міратворчыя войскі ва Украіну на ўмовах канфлікту­ючых бакоў. “Ні ад Украіны, ні ад Расіі адказу на гэтае пытанне не было”, — канстатаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што зможа абмерка­ваць магчымыя шляхі вырашэння канфлікту на найбліжэйшай сустрэчы з Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. “Але вы павінны ведаць: мы не будзем да вас напрошвацца ў міратворцы, пасрэднікі. Гэта наогул выключана, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Я проста па-чалавечы, па-мужчынску хачу, каб гэтае пытанне вырашалася. Калі гэта трэба будзе, мы гатовы ады­граць пэўную ролю. Але пакуль і такія прапановы былымі кіраўнікамі Украіны адхіляліся”.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што вакол тэмы інтэграцыі Беларусі і Расіі занадта шмат пустых і няправільных размоў.

“Занадта шмат не толькі пустых, але абсалютна няправільных, недакладных размоў вакол абмеркавання нашых інтэграцыйных працэсаў з Расіяй. Усе апасаюцца. А чаго апасаюцца? Мы суверэнная, незалежная дзяржава. Не менш, чым Украіна. Так, на нас уплываюць Украіна, Польшча ў рознай ступені. Балтыйскія краіны — у меншай ступені. У большай — Расійская Федэрацыя. Свет узаемазалежны”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Мы суверэнныя і незалежныя. Гэта наша права, як выбудоўваць палітыку, — падкрэсліў беларускі лідар. — Мы як ёсць суверэнныя, так і будзем суверэнныя. Мы будзем толькі ўмацоўваць суверэнітэт і незалежнасць, чаго б нам гэта ні каштавала”.

Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане расказаў падрабязнасці сваіх перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным: “Калі з Уладзімірам Пуціным абмяркоўвалі гэтую праблему (я яе ўзняў), я яму адкрыта сказаў: “Калі ў вас ва ўрадзе або ў цябе думка пра тое, што мы можам увайсці ў склад Расіі або неяк аб’яднацца з Расійскай Федэрацыяй у адну дзяржаву, выкінь гэта з галавы”.

Прэзідэнт растлумачыў, чым абумоўлена такая яго пазіцыя: “Чыста эмацыянальна: я першы прэзідэнт у гісторыі незалежнай і суверэннай дзяржавы. Скажыце, я першы прэзідэнт для таго, каб пабудаваць гэтую дзяржаву і куды-небудзь яе ўключыць? Унутр нейкай дзяржавы?.. Не!”

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, расійскі прэзідэнт запэўніў яго, што такога намеру няма. “Ён гаворыць: “Ды бог з табой, у нас нават думкі такой няма”. Такі быў адказ”, — расказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт дадаў, што некаторыя і ў Беларусі яго папрака­юць, што ён нібыта мае намер з­даць суверэнітэт і незалеж­насць. “Глупства поўнае. Пляваць мне на маю гэтую ўладу. Я 25 гадоў прэзідэнт, і я што, на 26 го­дзе свайго прэзідэнцтва павінен паставіць крыж не толькі на незалежнай Беларусі, але і наогул на жаданні беларусаў, якія стагоддзямі марылі быць незалежнымі?” — заявіў ён.

“Цяпер мы суверэнныя і незалежныя. Я што, зноў пад бізун павінен некаму беларусаў ад­даць? Не настолькі я трымаюся за гэтае крэсла, каб здаць краіну. Гэта маё перакананне”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Рэзюмуючы, ён заклікаў не насцярожвацца наконт перагавораў аб інтэграцыі, што вядуцца паміж Беларуссю і Расіяй.

Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што ў час маючай адбыцца сустрэчы з Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім на Форуме рэгіёнаў дзвюх краін у Жытоміры кіраўнікам дзяржаў удасца бліжэй азнаёміцца з пазіцыяй адзін аднаго.

Прэзідэнт адзначыў, што маючая адбыцца сустрэча дасц­ь магчымасць не проста пазнаёміцца асабіста на чалавечым узроўні, але і даведацца пра пазіцыю адзін аднаго па тых ці іншых пытаннях. “Абяцаю, што буду сумленным і адкрытым у размове. Гэта мая фішка. Я прывык гаварыць сумленна”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Мы з ім агульную мову, гарантую вам, знойдзем”, — запэўніў беларускі лідар.

Гаворачы пра цяперашнія адносіны з Уладзімірам Зялен­скім, Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што пакуль яны ў асабістым плане яшчэ не сфарміраваны: “Я не магу сказаць, што ў нас існу­юць не тое што камяні, а нават пясок у нашых узаемаадносінах. У асабістым практычна няма ніякіх узаемаадносін. Мы проста не пагаршаем тое, што ёсць. У нас пакуль няма асабістых адносін”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі і з боку суразмоўніка адчуе сумленнасць і шчырасць, то паміж імі складуцца добрыя адносіны і ніхто не зможа гэтага парушыць.

“Ён (Уладзімір Зяленскі. — Заўвага БелТА.) на мяне робіць добрае ўражанне. Так, памылак таксама не пазбегнуў: вопыту такога няма. Пэўныя памылкі былі. Калі яго будзе гэта цікавіць, я яму таксама скажу пра свой пункт гледжання”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Закранаючы тэмы, якія бу­дуць абмяркоўвацца ў Жытоміры, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў любых між­дзяржаўных адносінах ёсць свой парадак дня. “У гэтым парадку дня нашых перагавораў будуць эканоміка і сумесныя праекты. Напрыклад (гэта не галоўнае), ракетабудаванне. Для нас гэта важная тэма. Мы самі пачалі ўжо будаваць новую ракету, але ў нас не хапае кампетэнцый, вопытных людзей. Яны ёсць у вас. Нам жа не трэба міжкантынентальную ракету будаваць. Чаму не абмеркаваць гэты праект і не даць спецыялістам даручэнне на прапрацоўку? — сказаў прэзідэнт. — Вельмі важнае для вас і для нас пытанне вуглевадародаў”.