Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Нам трэба абараніць Беларусь. І для гэтага трэба ствараць самую сучасную армію і адпаведнае ўзбраенне”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму была пастаўлена задача ствараць у краіне ўласныя новыя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі, а таксама глыбока мадэрнізаваць ужо існуючую. Адпаведныя заявы зроблены на палігоне ў Івацэвіцкім раёне падчас агляду сучасных узораў такой зброі і тэхнікі.

“Мы тут сабраліся не для таго, каб некаму пагражаць або разгарнуць нейкую піяраўшчыну. Гэта наша звычайнае жыццё”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што за апошнія гады ў незалежнай Беларусі давялося некалькі разоў мадэрнізаваць і прыстасоўваць Узброеныя Сілы да сучасных умоў. Быў улічаны вопыт войнаў і лакальных канфліктаў у свеце, развіццё тэхнічных сродкаў.

“Па-мойму, мы ўжо чацвёрты раз спрабуем мадэрнізаваць у цэлым свае Узброеныя Сілы — усе, не толькі армію”, — сказаў прэзідэнт.

На першым этапе вызначаліся ў тым ліку з колькасцю арміі ў такой кампактнай краіне, як Беларусь. Тады было прынята рашэнне, што неабходна армія колькасцю не 250—300 тысяч чалавек, а крыху менш за 100 тысяч. “Мы былі вымушаны спакойна скарачаць Узброеныя Сілы. Тады не стаяла пытанне аб тым, што мы будзем нешта мадэрнізаваць, ствараць новае, трэба было захаваць тое, што засталося ад СССР. І многія памятаюць, што нашы дамарослыя, якія цяпер нібыта хочуць быць на чале ўлады, пачалі рэзаць усё. Немцам прадавалі парэзаную, падрыхтаваную бранятэхніку для таго, каб там маглі пераплавіць і зрабіць у НАТА сваю зброю. Гэта было маё першае рашэнне — калі гэты разбой быў спынены, — дадаў прэзідэнт. — Гэта быў першы крок да незалежнай суверэннай арміі”.

Паводле яго слоў, далей пачаліся войны, у тым ліку на Блізкім Усходзе. У Беларусі на гэтым фоне былі створаны навукова-даследчыя групы, якія вывучалі вопыт сучаснай вайны, каб зразумець яе асаблівасці. “І нам трэба было, рэфармуючы ўжо створаныя Узброеныя Сілы, на маршы перастройвацца. Але мы ж не будзем ваяваць у пустыні, у нас зусім іншыя ўмовы. Стаяла пытанне, як прыстасаваць армію і ўзбраенне да нашых умоў, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Потым — чарговыя войны. Гэта быў трэці этап. Мы вымушаны былі ствараць сілы спецыяльных аперацый. Мы зразумелі, што фронт на фронт нідзе ваяваць не будуць, патрэбна высокадакладная зброя, спецыяльна падрыхтаваныя сілы, каб абараніць краіну і нанесці праціўніку непапраўныя страты”.

“Цяпер мы бачым, што адбываецца недалёка ад нас, што адбываецца ў Сірыі. Вывучаючы сітуацыю, мы ўжо абсалютна разумеем, якая будзе, не дай бог, вайна, як мы павінны абараняцца, якая колькасць нашых Узброеных Сіл павінна быць. Усё вызначана ад жыцця. І мною была пастаўлена задача пачаць распрацоўку новых узораў зброі, патрэбных для абароны Беларусі. І паколькі стварэнне новага вельмі затратна і дорага, нам трэба было са старога зрабіць самае сучаснае, — сказаў прэзідэнт. — Для нашай Беларусі не танкі галоўнае, не самалёты, а спецыяльныя войскі. Мы павінны ў любой кропцы Беларусі (калі нешта раптам здарыцца) хутка з’явіцца, нанесці ўдар па бандытах і тых, хто адважыцца да нас сунуцца, і пайсці. Гэта значыць скорасць, манеўранасць. І пад гэтыя войскі — сілы спецыяльных аперацый і іншыя — мы павінны былі ствараць у тым ліку і новую зброю. Але толькі тую, якая патрэбна”.

“Нам не патрэбны авіяносцы, мы не будзем адпраўляць свае самалёты да чужых берагоў. Мы не збіраемся ваяваць за краем свету. Нам трэба абараніць Беларусь. І для гэтага трэба ствараць самую сучасную армію і адпаведнае ўзбраенне”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама растлумачыў, чаму была пастаўлена задача ствараць менавіта айчыннае ўзбраенне. “Не факт, што нам дапамогуць, калі раптам нешта здарыцца. Прыкладаў дастаткова. Мы бачым паводзіны некаторых саюзнікаў. Ну, акрамя Расіі, напэўна, нам разлічваць няма на каго. І нават на Расію мы не можам на 100 працэнтаў спадзявацца. Добра, сёння Пуцін і іншыя, ён разумее нас, я разумею яго. Мы разам неяк дзейнічаем (і тое не заўсёды). А што будзе заўтра? Таму трэба мець самую неабходную сваю зброю — стралковую, для мабільных войскаў тэхніку — тое, што мы можам ствараць. І мадэрнізаваць да сучаснага ўзроўню тую тэхніку, якая ў нас ёсць”, — сказаў прэзідэнт.

“Самалёт для нас ужо не зброя. Любы самалёт на ўзлёце бачаць натаўцы. Знішчыць сёння самалёт ніякіх праблем няма. Яны могуць, і мы можам. Мы бачым за тысячу кіламетраў любы самалёт, які ўзлятае з аэрадрома. 50 мільёнаў (размова пра кошт. — Заўв. БелТА.) адзін самалёт. Ракета С-300 — і яго няма”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Тым не менш ён адзначыў, што авіяцыя патрэбна для кантролю паветранай прасторы, своечасовага рэагавання. “Патрэбны беспілотныя лятальныя апараты, высокадакладная зброя (мы яе стварылі — сваю ракету). Калі некаму захочацца з намі паваяваць, ён будзе ведаць, што ў акно атрымае гэтую ракету. Ну і сілы спецыяльных аперацый трэба аснасціць так, каб яны маглі ваяваць на сваёй тэрыторыі. І калі хтосьці адважыцца, значыць (мы не ўтойваем гэтага), дыверсійныя групы нанясуць удар і на той тэрыторыі, з якой пойдзе нападзенне на Беларусь”, — заявіў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яго даручэнні па стварэнні новых узораў узбраення выконваюцца, і некалькі месяцаў назад было прынята рашэнне пасля мерапрыемстваў, звязаных з эканомікай краіны, завяршэннем сельгасработ, азнаёміцца з сучаснымі айчыннымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб баявых магчымасцях і асноўных тактыка-тэхнічных характарыстыках прадстаўленых узораў. Адбыўся таксама практычны паказ баявых магчымасцей узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі.

***

Пасля мерапрыемства Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адказаў на шэраг пытанняў журналістаў.

Адно з пытанняў тычылася прэстыжу ваеннай службы і таго, што неабходна зрабіць для яго павышэння. “Я некалькі рэзкі пры выказваннях на гэтую тэму. Таму што гэта мяне як мужыка, не толькі прэзідэнта, занадта кранае”, — падкрэсліў беларускі лідар. Ён адзначыў, што ў Беларусі каля 80 працэнтаў асоб з ліку тых, хто падлягае прызыву на тэрміновую ваенную службу, прадастаўляецца адтэрміноўка па тых ці іншых прычынах. “Амаль 80% па законе ў адтэрміноўцы. Камусьці па вучобе, камусьці па сямейных абставінах… Такім чынам мы самі прынялі такія рашэнні, што людзі па законе могуць не служыць. Гэта ненармальна. Ведаеце, мы выміраем як клас, мы выміраем як мужыкі”, — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў выпадку ваеннага канфлікту многія проста не будуць умець карыстацца раздадзенай зброяй. “Мы вельмі сур’ёзна, і гэта наша задача, на працягу гэтага года і бліжэйшага паўгоддзя падумаем над тым, як зрабіць так, каб навучыць мужыка абараніць хаця б сябе і сваю сям’ю, не кажучы ўжо пра тое, што ён Радзіму павінен абараняць. Мы самі тут нахамуталі кучу пытанняў і сёння ахаем, охаем, што ў нас недзе не хапае ваеннаслужачых”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка таксама падзяліўся сваім меркаваннем пра законапраект аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. “Усё гэта дурасць, узятая перш за ўсё з Захаду. Вы можаце не перажываць, і народ хай не хвалюецца — мы будзем зыходзіць выключна з уласных інтарэсаў, нашых беларускіх, славянскіх традыцый і нашага жыццёвага вопыту”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Дзесьці нехта бразнуў аб супрацьдзеянні гвалту ў сям’і. Гэта зараз модная фармулёўка на Захадзе. У іх хутка сем’яў не будзе: мужык на мужыку жэніцца або замуж выходзіць. Дзяцей няма каму раджаць. А мы ў іх запазычваем нейкія нормы паводзін у сям’і”, — дадаў прэзідэнт. Законапраект аб супрацьдзеянні хатняму гвалту распрацоўвала Міністэрства ўнутраных спраў. На думку кіраўніка дзяржавы, гэтым дакументам павінны займацца іншыя структуры: у першую чаргу прадстаўнікі органаў улады на месцах, грамадскія арганізацыі, урад, Адміністрацыя прэзідэнта. Але меркаванне міліцыі пры гэтым, вядома, улічваць трэба, падкрэсліў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што не прыхільнік таго, каб караць дзяцей. Але часам, на яго думку, гэтага не пазбегнуць. “Трэба зыходзіць з той сітуацыі, якая ў нас складваецца. Добры рэмень часам таксама карысны для дзіцяці. Не для ўсіх, вядома, — адзначыў прэзідэнт. — Віктар як старэйшы часта атрымліваў ад мяне. Сярэдні, Дзіма, ужо бачыў, як Віцю трапляла, і ціхенька стаяў побач. Малодшага, яму пятнаццаты год, я наогул ніколі не караў: ён гэтага не заслугоўваў”. “Гэта наша традыцыя, наша жыццё, і мы будзем выхоўваць так, як трэба. Пажаданні міліцыі мы ўлічым. Можа, нават не законам, а абыдземся ўнясеннем змяненняў у існуючыя законапраекты.

У нас ёсць адпаведная Дырэктыва прэзідэнта, якая тычыцца гэтых праблем, — прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка. — А таму, што людзі гэта абмяркоўваюць і іх абураюць некаторыя глупствы ў праекце закона, я рады. Абвастраючы гэтую праблему, яны звяртаюць на яе маю ўвагу. Таму будзе так, як трэба і выгадна нам, зыходзячы з нашых традыцый і вопыту”.

У канцэпцыі закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту ёсць шмат новых норм, якія ўжо не адзін месяц бурна абмяркоўваюць у Беларусі. Шмат спрэчак, у прыватнасці, выклікаюць такія паняцці, як “эканамічны гвалт”, калі мужа і жонку не падзяляюць на мужа і жонку, а называюць проста — партнёры. Не менш пытанняў да норм выхавання дзяцей. Напрыклад, прапануецца лічыць гвалтам сітуацыю, калі бацькі не даюць дзіцяці кішэнных грошай ці прымушаюць прыбіраць рэчы. Паводле інфармацыі Бел ТА, у Адміністрацыі прэзідэнта нядаўна абмяркоўваўся калектыўны ліст, які падпісалі каля 6 тысяч грамадзян. У ім яны выказалі сваю незадаволенасць прапанаванымі новаўвядзеннямі.