Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Нам трэба вярнуцца да канцэпцыі еўрапейскай бяспекі, заснаванай на супрацоўніцтве”

У спісе сучасных выклікаў чалавецтву дамінуюць пагрозы бяспецы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на міжнароднай канферэнцыі “Еўрапейская бяспека: адысці ад краю бездані”.

“Цалкам відавочна, у спісе сучасных выклікаў чалавецтву дамінуюць пагрозы бяспецы. Пры гэтым шматбаковыя пляцоўкі, уключаючы Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, АБСЕ, становяцца месцам высвятлення адносін, а не вырашэння праблем. Сістэма ваенна-палітычных стрымліванняў і проціваг развальваецца на вачах, а міжнародныя арганізацыі пакуль не могуць спыніць гэты працэс, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Можа, і не хочуць. А можа, тыя, хто дамінуе ў гэтых арганізацыях, зацікаўлены ў гэтым”.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беспрэцэдэнтная напружа­насць у міжнародных адносінах, разладжванне асноў інтэрнацыянальнай бяспекі, рост колькасці рэгіянальных канфліктаў закранаюць большасць кантынентаў.

“Мы пачалі ўжо біць у набат, заклікаючы спыніць процістаянне. Апошнім часам асабліва шмат гаворым аб неабходнасці дыялогу, умацавання мер даверу і пошуку кампрамісаў. Але свет, на жаль, лепшым не становіцца. Больш за тое, мы з’яўляемся сведкамі новага вітка стратэгічнага саперніцтва так званых вялікіх дзяржаў, полюсаў сілы. Гандлёвыя войны і санкцыйнае процістаянне набіраюць усё большыя абароты, узмацняецца барацьба за энерганосьбіты і сыравінныя рэсурсы”, — канстатаваў прэзідэнт.

Ён дадаў, што не вырашаюцца шматлікія ўзброеныя і замарожаныя канфлікты на Блізкім Усходзе, у Азіі, Лацінскай Амерыцы і Еўропе. Пры гэтым, паводле яго слоў, выкарыстоўваюцца ўсё больш прадуманыя метады барацьбы. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў атакі з дапамогай беспілотнікаў на нафтавыя аб’екты Саудаўскай Аравіі, назваўшы іх новым, раней не бачаным прэцэдэнтам.

“Такім чынам, свет убачыў новую зброю — простую, танную, даступную амаль кожнаму тэрарысту, але якая можа нанесці незаменны ўрон не толькі адной дзяржаве, але і планеце ў цэлым”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь заклапочана тым фактам, што градус недаверу і канфран­тацыі паміж Усходам і Захадам дасягнуў мяжы, адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“Нас не можа не хваля­ваць той факт, што градус недаверу і канфран­тацыі паміж Усходам і Захадам дасягнуў мяжы. Эксперты ў галіне бяспекі і раззбраення з абодвух бакоў ужо малююць жудасную сваёй праўдападобнасцю карціну. Усяго за некалькі хвілін Расія і НАТА, напрыклад, могуць прайсці шлях ад ненаўмыснага лакальнага канфлікту да ядзер­най вайны”, — заявіў Аляксандр Лукашэн­ка.

На яго думку, пасля нядаўняга выхаду з Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці ключавых яго ўдзельнікаў — ЗША і Расіі — працэс разбурэння архітэктуры кантролю над узбраеннямі фактычна выйшаў на фінішную прамую.

“Апошні рубеж — Дагавор па стратэгічных наступальных узбраеннях. Калі бакі не дамовяцца аб яго прадаўжэнні, усяго праз два гады (па-мойму, да 2021 года) свет апынецца ў сітуацыі, калі адносіны ў сферы ядзерных узбраенняў наогул не будуць нічым рэгулявацца. Чалавецтва сямімільнымі крокамі рухаецца да мяжы, за якой сапраўды бездань”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

У той жа час кіраўнік дзяржавы прызнаў, што ў вялікіх дзяржаў ёсць падставы адносіцца адно да аднаго з недаверам. “Недружалюбныя або нават агрэсіўныя дзеянні ў мінулым укараняюць узаемныя падазрэнні і боязь на доўгія гады наперад, — дадаў ён. — У ідэале нам трэба вярнуцца да канцэпцыі еўрапейскай бяспекі, заснаванай на супрацоўніцтве. Да каштоўнасцей “Хельсінкі” і заключнага яго акта, Парыжскай хартыі для новай Еўропы. Нам усім тэрмінова па­трэбна моцная гісторыя поспеху, якая пераканае нават заўзятых скептыкаў і “ястрабаў”, што, нягледзячы на глыбокія супярэчнасці і недастатковае разуменне, інтарэсы бяспекі ў Еўропе абсалютна сумяшчальныя”.

Беларусь ініцыіруе распрацоўку і прыняцце шматбаковай палітычнай дэкларацыі адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе, заявіў Аляксандр Лукашэнка на міжнароднай канферэнцыі.

У сувязі з разрывам Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці нарастае занепакоенасць ЗША і Расіі наконт бяспекі ва Усходнееўрапейскім рэгіёне. “Аб гэтым сведчаць нашы нядаўнія кантакты з амерыканскімі прадстаўнікамі і пасланне Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна шырокаму колу краін аб мараторыі на разгортванне ракет у Еўропе і іншых рэгіёнах свету”, — растлумачыў прэзідэнт.

“Можа, усё ж такі варта сабрацца і абмеркаваць гэтую, напэўна, самую актуальную на гэты час праблему. Калі хочаце — у Мінску або нейкім іншым месцы, — прапанаваў Аляксандр Лукашэн­ка. — Тым больш што Беларусь ужо выступіла з прапановай прыняць шматбаковую палітычную дэкларацыю адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. Гатовы нават ініцыіраваць (нават узяць на сябе) распрацоўку тэксту гэтага дакумента”.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такая дэкларацыя не стане раўназначнай заменай дагавора, але ўсё ж яна магла б дапамагчы ў запаўненні прававога вакууму ў рэгуляванні гэтага сегмента ўзбраенняў. “Мы спадзяёмся, што такі дакумент атрымае падтрымку многіх дзяржаў і стане практычным укладам у рэалізацыю нашай ініцыятывы аб запуску міжнароднага дыялогу па бяспецы”, — дадаў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што ў Бе­ларусі сітуацыю вакол РСМД ве­даюць у асноўным з рускамоўных крыніц, якія тлумачаць пазіцыю Расіі. Іншы пункт гледжання Аляксандр Лукашэн­ка нядаўна пачуў у час размовы з высокапастаўленым амерыканскім палітыкам. Беларускі лідар заўважыў, што не было відавочнай неабходнасці разрыву дагавора аб РСМД, паколькі Расія гатова ісці на розныя ўступкі. “Я выклаў пазіцыю, як мы чуем з боку Расіі, і яго адказ (фактычна як папрок) мяне ўразіў. Ён кажа: “Не, з Расіяй наогул немагчыма на гэтую тэму размаўляць, усе нашы ініцыятывы яны наогул не чуюць”, — перадаў змест размовы прэзідэнт. — Я падумаў: “А дзе праўда?”. Дык, можа, варта сабрацца і абмеркаваць. Пачуць розныя пункты гледжання і хаця б знайсці для сябе, на чыім баку тут праўда. Гэта вельмі важна — разуменне праблемы да таго, як яе вырашаць”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь з моманту атрымання незалежнасці і суверэнітэту ўжо больш за чвэрць стагоддзя выступае донарам стабільнасці, пастаўшчыком і еўрапейскай, і міжнароднай бяспекі.

“Гісторыя поспеху Беларусі як надзейнага партнёра, які карыстаецца даверам і Усходу, і Захаду, маг­ла б стаць адказам на пытанне, ці можна зрабіць Усходнюю Еўропу трансгранічным поясам стабільнасці і канструктыўнага ўзаемадзеяння, — сказаў ён. — Сёння новую гісторыю поспеху еўрапейскай бяспекі трэба збіраць літаральна па крупінках. Малыя і сярэднія дзяржавы, такія як Беларусь, могуць унесці рэальны ўклад у адраджэнне “духу “Хельсінкі” на еўрапейскай прасторы. Перакананы: рэалізацыя такога падыходу выгадна ўсім ключавым сусветным гульцам — і Расіі, і ЕС, і ЗША, і Кітаю”.

Прэзідэнт лічыць ненармальнай сітуацыю, калі працяглы час лідары краін Еўрапейскага рэгіёна не збіраліся для абмеркавання бягучай сітуацыі і накопленых праблем, а таксама каб адкрыта перагаварыць сам-насам і даць сігнал планеце. “А калі не сігнал, то хаця б развеяць розныя міфы, — прадоўжыў ён. — Навошта тады АБСЕ? Навошта мы стваралі гэтую арганізацыю? Каб пасылаць місіі на выбары? Гэта ж арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе”.

Аднаўленне Хельсінкскага працэсу дасць магчымасць знізіць узровень існуючых рызык і геапалітычную праблемнасць Усходняй Еўропы, вызваліць значныя рэсурсы, якія можна накіраваць на мірныя, стваральныя мэты. “Гэта будзе таксама садзейнічаць спыненню далейшай эскалацыі канфліктаў і паступоваму паляпшэнню атмасферы ў адносінах Захаду і Усходу”, — канстатаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў унікальную геапалітычную сітуацыю, якая склалася вакол Беларусі за апошнія два дзесяцігоддзі.

“За апошнія два дзесяцігоддзі Беларусь апынулася ва ўнікальнай сітуацыі. З аднаго боку, мы ваенна-палітычны саюзнік нашай Расіі, удзельнік Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Ні ў адной дзяржавы няма такога ўзроўню адносін з Масквой, як у нас. У той жа час наша краіна заключыла міжнародныя дагаворы ў галіне бяспекі і мер даверу з усімі суседзямі, у тым ліку з дзяржавамі — членамі НАТА. А з такім суседам, як Украіна, у нас больш за 120 міжнародных пагадненняў. Мы гатовы напаўняць гэтыя двухбаковыя пагадненні новым зместам, удасканальваць іх”, — зая­віў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, сігналы, якія беларускі бок атрымлівае ад партнёраў, сведчаць аб тым, што і яны гатовы да такога ўзаемадзеяння. “Гэта — унікальны рэсурс у цяперашняй сітуацыі. І мы ўсе абавязаны ім скарыстацца. Каб мы, еўрапейцы, даказалі самі сабе і ўсяму свету, што архітэктура еўрапейскай бяспекі можа быць адноўлена, што можа быць іншая мадэль адносін Расіі і НАТА, Кітая і ЗША і яе праекцыя на Еўропу. Не такая, як апошнія пяць гадоў”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт дадаў, што Беларусь шмат у чым фарміруе такую гісторыю поспеху ў пытаннях рэгіянальнай бяспекі, краіна і далей будзе прадаўжаць такі курс. “Мы чуем, бачым, што нехта ставіць пад сумненне, нехта шкадуе, што не ўсё Беларусь можа, а можа, нават нічога не можа. А нехта проста ўхмыляецца: “Ды ну, ці ім вырашаць нейкія пытанні”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы нічога не збіраемся вырашаць за некага. Дай бог за сябе вырашыць. Мы проста вам прапануем: давайце збірацца ў гэтым ціхім, спакойным пакуль што месцы і будзем абмяркоўваць нашы праблемы, нейкія пытанні”.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь прыкладае максімум намаганняў і мае намер гэтак жа дзейнічаць і ў далейшым. Для гэтага ў краіны, паводле яго слоў, ёсць усё неабходнае. “Само размяшчэнне беларускай зямлі, шматвяковыя духоўныя і культурныя традыцыі жыцця беларусаў, іх мірны ўклад і стваральная праца абумоўліваюць нашу пазіцыю. Дадайце да гэтага яшчэ нашу гісторыю: мы наваяваліся, як ні адзін іншы народ. Прытым не мы былі ініцыятарамі гэтых войнаў, не за сябе ваявалі часам”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў, што Усход і Захад процістаяць адзін аднаму яшчэ з часоў Савецкага Саюза, асабліва ў ваеннай сферы. Гэтае процістаянне прывяло да падзей ва Украіне. “Сёння мы Украіну проста “падарылі” сваім сапернікам. Што, не так? Сваімі рукамі аддалі Украіну. За гэта амерыканцы і НАТА павінны нам проста дзякаваць, што яны, напэўна, і робяць, размаўляючы паміж сабой”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння канфлікт ва Украіне яшчэ можна вырашыць, “таму што дыягназ устаноўлены”. “Як вырашыць хваробу, таксама нібыта ведаем, толькі трэба пачы­наць яе лячыць. Цяперашняя ўлада ва Украіне, прэзідэнт — ён, вядома ж, не ўсёмагутны. Яму ні ўнутры, ні звонку ніхто не дасць зрабіць тое, што ён хоча. Я пераканаўся ў тым, што ён хоча вырашыць гэтую праблему”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка лічыць, што вырашэнне ўзброенага канфлікту ў Данбасе — гэта не галоўнае. “Галоўнае ў тым, якую “спадчыну” ён (Прэзідэнт Украіны. — Заўвага БелТА.) атрымаў з пункту гледжання эканомікі і грамадства, якое там сёння склалася. Там столькі ліній размежавання, што прэзідэнту аднаму з гэтым не справіцца, тым больш не маючы тых паўнамоцтваў, якія маюць прэзідэнты Расіі, Беларусі, Казахстана і г.д.”, — канстатаваў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што калі ЗША не падключацца да вырашэння гэтай праблемы, то нават Еўропа не будзе ў сілах дапамагчы Украіне. Хоць Еўрасаюз, выказаў меркаванне прэзідэнт, і сам у гэтым не асабліва зацікаўлены. “Трэба сабрацца, пагаварыць, падкарэкціраваць планы. І трэба дзейнічаць. Але, напэўна, “вялікім” не хочацца”, — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што пасля перагавораў з Ула­дзімірам Зяленскім пераканаўся: украінская ўлада разумее, як выра­шыць канфлікт у сваёй краіне. “Калі Расія і Еўрасаюз (хаця б яны на першым этапе, яшчэ Амерыка падключыцца) дапамогуць вырашыць гэты канфлікт, захаваць цэласнасць і незалежнасць Украіны, гэтая праблема будзе вырашана”, — падкрэсліў прэзідэнт.

“Калі мы страцім няхай нявопытнага, “маладога” Зяленскага і гэтую ўладу ва Украіне (а гэта цалкам можа здарыцца, таму што вельмі вялікае супраціўленне ўнутры Украіны і звонку), узамен атрымаем такую ўладу, з якой наогул цяжка будзе размаў­ляць”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Выступаючы на пленарнай сесіі “У пошуках парадку дня міру і су­працоўніцтва для Еўропы”, Прэзідэнт Беларусі адзначыў некаторы прагрэс у вырашэнні канфлікту ва Украіне, але разам з тым заклікаў краіны Еўропы прымаць больш актыўныя і дзейсныя меры, каб спыніць вайну ў суседняй краіне.

Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на неабходнасць аднаўлення эканомікі Украіны. “Еўропа нібыта дапамагае. Дык дапамагайце так, каб быў вынік. Трэба не толькі спыніць вайну, трэба аднавіць Данбас, — сказаў ён. — Калі мы на нешта здольныя, давайце вырашаць. На справе вырашаць. Вы сваіх палітыкаў вазьміце за каўнер і прымусьце вырашаць гэтую праблему”.

Неабходны канкрэтныя эфектыўныя дзеянні. “І гэта адкрые шлях да правядзення пасля доўгага перапынку сустрэчы ў вярхах у нармандскім фармаце. Разлічваем, што вынікам будуць цвёрдыя гарантыі запуску зладжанага механізма кантролю за выкананнем існуючых дамоўленасцей”, — прадоўжыў ён.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што здольнасць урэгуляваць канфлікт ва Украіне — важны тэст для краін Еўропы. “Гэта лакмусавая паперка. Калі мы можам нешта, давайце ў нашым доме разбяромся і вырашым гэтую праблему. Украін­скі канфлікт — гэта не проста нам выклік, ён патрабуе вырашэння. Калі мы яго вырашым, значыць, мы на неш­та здольныя. Калі не — будзем збірацца, размаўляць, — сказаў прэзідэнт. — Але толку будзе мала”.

Ён нагадаў, што нядаўна наведаў Жытомір, дзе праходзіў чарговы беларуска-ўкраінскі форум рэгіёнаў. “З прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім мы мелі грунтоўную размову па шырокім коле тэм. Я адчуў, што Прэзідэнт Украіны — чалавек сапраўдны, моцны, патрыёт сваёй Радзімы. Нармальны, пры свядомасці палітык, які хоча вырашыць гэтую еўрапей­скую праблему, якая дасталася яму ў “спадчыну”. Ён гатовы да цяжкіх рашэнняў для дасягнення міру. І мы яго ў гэтым падтрымліваем”, — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

На заканчэнне кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што рана ці позна любыя раны рубцуюцца, так ці інакш праз некаторы час канфлікт ва Украіне будзе вырашаны.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што часта дзяржавы падзяляюць на вялікія, сярэднія і малыя. “Такіх не бывае: усе народы вялікія, нават калі гэта тысяча чалавек, — перакананы прэзідэнт. — Нас прыгожа падзяляюць, перацягваюць на адзін, другі бок. І мы губляемся сярод гэтых гігантаў. Нам пара неяк аб’яднаць свае галасы, сказаць вялікім, што яны не такія вялікія”. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў сучасным свеце нават вялікія і моцныя краіны слабаабароненыя. Ён нагадаў аб Саудаўскай Аравіі, нафтавыя аб’екты якой нядаўна былі атакаваны беспілотнікамі.

“Таму не трэба хавацца за шырму велічы і падобных тэрмінаў. Трэба дамаўляцца. Калі б мы змаглі аб’яднацца па-сапраўднаму, на нейкай платформе, нас пачулі б. Але зноў жа гэтыя вялікія не даюць нам, сярэднім і малым дзяржавам, гэта зрабіць, таму што вялікая формула “раздзяляй і ўладар” пакуль яшчэ не зжыла сябе і наўрад ці зжыве”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.