Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Наш народ чакае ад спартсменаў вялікіх дасягненняў. Ён мае права на гэтыя дасягненні”

Абноўлены стадыён “Дынама” ў Мінску стане родным домам для аматараў актыўнага адпачынку. Аб гэтым на цырымоніі адкрыцця стадыёна заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“Абапіраючыся на традыцыі і вопыт, сёння мы пачынаем новы адлік жыцця вялікага культурна-спартыўнага цэнтра. Усімі рэстаўрацыйна-будаўнічымі работамі тут займаліся выключна беларускія спецыялісты. Выкарыстаўшы перадавыя тэхналогіі, яны беражліва захавалі гістарычную аснову, пры гэтым зрабілі яго сучасным і высокатэхналагічным. Сюды з гонарам можна запрашаць знакамітых спартсменаў з усяго свету, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Перакананы, стадыён абавязкова стане родным домам для аматараў актыўнага адпачынку. З гэтага часу на “Дынама” пастаянна будуць праходзіць самыя маштабныя і цікавыя мерапрыемствы”.

Прэзідэнт Беларусі ад імя спартыўных балельшчыкаў, спартсменаў і ўсяго беларускага народа выказаў словы ўдзячнасці за выдатны стадыён. “Мне аднойчы пашчасціла гуляць на гэтым стадыёне. І я памятаю, ведаю, што яшчэ вельмі шмат, на шчасце, жывых легенд гэтага стадыёна. Прымаючы рашэнне аб яго адраджэнні, а фактычна — аб нараджэнні на гэтай базе новага фізкультурна-спартыўна-культурнага цэнтра, я думаў аб тых, хто гуляў на гэтым стадыёне, хто звязаў свой лёс з гэтым стадыёнам, хто жыў гэтым стадыёнам, хто хадзіў на гульні, матчы, спаборніцтвы і канцэрты на гэты стадыён. А іх яшчэ мільёны — ад нашых каментатараў-журналістаў да найвялікшых спартсменаў”, — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб гісторыі легендарнага стадыёна, дзе праходзілі і спаборніцтвы Алімпіяды-80.

А ўжо ў 2019 годзе стадыён “Дынама” стане сэрцам II Еўрапейскіх гульняў. Тут пройдуць цырымонія адкрыцця і спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы.

“Спорт і алімпійскі рух служаць высокім і высакародным мэтам. Яны прызначаны аб’ядноўваць краіны і народы, умацоўваць волю і характар атлетаў, дарыць мару падрастаючаму пакаленню. Дык няхай жа і наш абноўлены стадыён будзе адным з сімвалаў гэтых цудоўных ідэалаў!” — пажадаў Прэзідэнт Беларусі.

“Наш народ чакае ад спартсменаў вялікіх дасягненняў. Ён мае права на гэтыя дасягненні. І вы, спартсмены, будзьце дастойны гэтага вялікага народа!” — заклікаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на абноўленым стадыёне “Дынама” запусціў адваротны адлік часу да адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Беларусі ў 2019 годзе.

Кіраўнік дзяржавы націснуў на кнопку, пасля чаго на святлодыёдных экранах пачаўся адваротны адлік часу да старту цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў. Запуск суправаджаўся піратэхнічным эфектам у небе і ў чашы стадыёна.

II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня 2019 года ў такіх відах спорту, як бадмінтон, баскетбол 3х3, бокс, барацьба (грэка-рымская, вольная, жаночая), веласіпедны спорт (трэк і шаша), гімнастыка (спартыўная, мастацкая, акрабатыка, аэробіка і скачкі на батуце), веславанне на байдарках і каноэ, дзюдо, каратэ, лёгкая атлетыка, самба, стральба з лука, стральба (кулявая і стэндавая), настольны тэніс, пляжны футбол.

Эксперты еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў высока ацанілі гатоўнасць Мінска за год да старту спаборніцтваў. Праграма спаборніцтваў маючага адбыцца форуму практычна сфарміравана. Будуць разыграны больш за 200 камплектаў узнагарод, а спаборніцтвы па 10 відах спорту будуць адборачнымі на Алімпійскія гульні ў Токіа.