Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Наша алімпіяда павінна быць самай душэўнай, і каб усе людзі ў Беларусі жылі гэтай алімпіядай і ведалі, што гэта яны прывезлі гэтае свята ў краіну і зрабілі для гэтага нямала”

У час правядзення II Еўрапейскіх гульняў Беларусі трэба паказаць свой твар. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Студэнцкай вёскі, дзе размесцяцца ўдзельнікі маючых адбыцца спаборніцтваў.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб гатоўнасці комплексу да II Еўрапейскіх гульняў, затым прэзідэнт азнаёміўся з парадкам размяшчэння і пражывання ўдзельнікаў спаборніцтваў, арганізацыяй харчавання спартсменаў. Адным з галоўных патрабаванняў прэзідэнта было максімальнае выкарыстанне айчыннай прадукцыі для арганізацыі харчавання і пражывання дэлегацый гульняў. “Трэба самім карміць людзей. І гэта добрая школа, каб самім навучыцца. Згатуй добра стравы беларускай кухні — і з задавальненнем будуць харчавацца спартсмены і прадстаўнікі дэлегацый. Гэта наша культура. Няхай паспрабуюць, як мы жывём”, — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.


На гэты час усе 15 спартыўных пляцовак, дзе будуць праходзіць спаборніцтвы, гатовы на 99,9 працэнта. “Там, дзе людзі будуць спаборнічаць, — гэта правераныя ўжо аб’екты, выпрабаваныя. Мы ўмеем арганізоўваць. Прыклад таго — чэмпіянат свету па хакеі, многія іншыя топавыя спаборніцтвы, этапы Кубка свету і гэтак далей. У мяне няма абсалютна ніякіх сумненняў, што гэтыя 15 спартыўных аб’ектаў, дзе будуць размешчаны спартыўныя пляцоўкі па відах спорту, будуць гатовы (да пачатку гульняў.— Заўв. БелТА.)”, — падкрэсліў прэзідэнт.


У Студэнцкай вёсцы пабудаваны ўжо і ўводзяцца ў эксплуатацыю ўсе аб’екты, якія было намечана ўзвесці на этапе падрыхтоўкі да Еўрапейскіх гульняў. У прыватнасці, уведзены другі інтэрнат Студэнцкай вёскі. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як у цэлым па краіне вырашаецца пытанне забяспечанасці студэнтаў месцамі ў інтэрнаце і як сітуацыя зменіцца з уводам у строй усіх аб’ектаў Студэнцкай вёскі.


Як растлумачыў міністр адукацыі Ігар Карпенка, гэта дасць магчымасць павялічыць узровень забяспечанасці інтэрнатамі ў Мінску амаль да 94 працэнтаў, а па краіне — да 96,5 працэнта (цяпер — 84,7 працэнта студэнтаў УВА забяспечаны месцамі ў інтэрнатах). Акрамя таго, з’явіцца рэзерв месцаў пражывання для нарошчвання экспарту адукацыйных паслуг. Кіраўнік дзяржавы такі падыход адобрыў: “Людзі з іншых краін хочуць тут вучыцца, плацяць вялікія грошы, трэба будаваць пад гэта інтэрнаты”.


Прэзідэнту таксама далажылі аб будаўніцтве інтэрнатаў для Гродзенскага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, якое плануецца завяршыць у 2021 і 2020 гадах адпаведна. Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, каб будаўнічыя або рамонтныя работы на такіх аб’ектах праводзіліся хутка, якасна і ў тэрмін. “Не трэба расцягваць, як у нас звычайна атрымліваецца, па 5—7 гадоў рамонт ідзе. Сціпла, дастойна, каб зручна і камфортна было пражываць студэнтам. Палац не трэба будаваць”, — заўважыў ён.


Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць эфектыўнага выкарыстання ўсіх аб’ектаў, пабудаваных для II Еўрапейскіх гульняў, пасля іх заканчэння. У прыватнасці, мэру Мінска даручана ўзяць пад кантроль далейшае выкарыстанне абсталявання харчаблокаў. “Гэта ўсё павінна быць развезена па Мінску (пасля заканчэння Еўрапейскіх гульняў. — Заўв. БелТА.) — для студэнтаў, для дзіцячых садоў, для школьнікаў. Усё будзе скарыстана — ад стала, крэсла да шафаў і абсталявання цэха гарачага харчавання, — сказаў прэзідэнт. — Мы людзі не бедныя, але і не настолькі багатыя, каб раскідвацца дабром”.


Кіраўнік дзяржавы перакананы, што II Еўрапейскія гульні Беларусь правядзе на высокім узроўні, а праз пару гадоў з задавальненнем арганізуе і больш вялікія спаборніцтвы, напрыклад, чэмпіянат Еўропы па футболе. Праўда, для гэтага ў краіне неабходна пабудаваць умяшчальны нацыянальны стадыён. Узвесці гэты аб’ект разам з плавальным басейнам сусветнага ўзроўню паабяцалі ўжо кітайскія партнёры. Макеты будучых збудаванняў Старшыня КНР Сі Цзіньпін прэзентаваў Аляксандру Лукашэнку ў час яго нядаўняга візіту ў Кітай. Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, гэтыя аб’екты вельмі дарагія і кітайскія партнёры павялі сябе як сапраўдныя сябры, калі ўзяліся за іх узвядзенне.


“У нас хапае іх (басейнаў. — Заўв. БелТА.), але такога ўзроўню, каб праводзіць этапы Кубка свету, чэмпіянаты Еўропы па водных відах спорту, у нас няма. Расіяне малайцы: пабудавалі ў Казані такі басейн. Вось такога тыпу Кітай нам пабудуе за ўласны кошт, — адзначыў прэзідэнт. — Гэта падарунак кітайскага народа беларускаму. Мы гэта ў найбліжэйшыя два гады зробім, і тады можам замахнуцца на што хочаце”.


Разам з тым Аляксандр Лукашэнка лічыць, што для краіны важна нават не столькі колькасць спартыўных пляцовак, а дух і настрой, якім жывуць людзі ў час правядзення такіх мерапрыемстваў. Ён успомніў, як у час чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе за спаборніцтвамі сачыла ўся Беларусь, а турнір жа праходзіў у Мінску ўсяго на дзвюх арэнах. “Наша алімпіяда павінна быць самай душэўнай, і каб усе людзі ў Беларусі жылі гэтай алімпіядай і ведалі, што гэта яны прывезлі гэтае свята ў краіну і зрабілі для гэтага нямала. Душэўнасць адпавядае менталітэту нашага народа, гэта ў генах нашых людзей. Мы гэтую дабрыню падорым усім, хто прыедзе да нас на гульні”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.


Наконт падрыхтоўкі сталіцы да спартыўных стартаў, якія набліжаюцца, прэзідэнт падкрэсліў, што Мінск — ідэальны горад для жыцця, і менавіта такім яго павінны ўбачыць госці. Няхай беларуская сталіца не такая багатая, як Масква, але многія вядомыя расіяне любяць бываць тут і нават купляюць зямлю і жыллё, заўважыў кіраўнік дзяржавы.


Комплекс “Студэнцкая вёска” складаецца з дзевяці інтэрнатаў умяшчальнасцю больш як 9,8 тысячы месцаў. У час II Еўрапейскіх гульняў ён будзе выкарыстоўвацца ў якасці Вёскі спартсменаў. Тут размесцяцца афіцыйныя спартыўныя дэлегацыі — усяго амаль 6 тысяч чалавек. Ужо вырашаны ўсе арганізацыйныя пытанні падрыхтоўкі Вёскі спартсменаў, уведзены ў эксплуатацыю новыя інтэрнаты, завяршаецца добраўпарадкаванне тэрыторыі і рэканструкцыя фізкультурна-спартыўных аб’ектаў. Да работы ў Вёсцы спартсменаў прыцягнуць амаль 700 валанцёраў.

З 13 мая доступ на тэрыторыю комплексу будзе абмежаваны.
Адкрыццё Вёскі спартсменаў і пачатак засялення дэлегацый намечаны на 15 чэрвеня.