Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Наша мэта — максімальная практычная эфектыўнасць супрацоўніцтва”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Рэспублікі Карэлія Расійскай Федэрацыі Артурам Парфенчыкавым заявіў аб гатоўнасці беларускага боку пастаўляць у гэты расійскі рэгіён неабходную ў розных галінах тэхніку, прадукты харчавання, а таксама развіваць узаемадзеянне ў аграпрамысловым комплексе.

Прэзідэнт падкрэсліў, што супрацоўніцтва з расійскімі рэгіёнамі з’яўляецца адной з асноў стратэгічных адносін паміж Беларуссю і Расіяй, ключавым складнікам гандлёва-эканамічных сувязей. Рэспубліку Карэлія кіраўнік дзяржавы назваў важным партнёрам у Паўночна-Заходняй федэральнай акрузе і адзначыў, што Беларусь зацікаўлена ў далейшым нарошчванні тэмпаў гандлю, пашырэнні дзелавых ініцыятыў і пошуку новых кропак росту.

У якасці перспектыўнага праекта Беларусь разглядае стварэнне сумеснай з Карэліяй зборачнай вытворчасці лесанарыхтоўчай тэхнікі “Амкадор”. “Гэта буйны і важны праект, і мы вельмі разлічваем у далейшым на вашу падтрымку пры яго рэалізацыі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адным напрамкам супрацоўніцтва з’яўляецца пастаўка беларускіх кар’ерных і грузавых аўтамабіляў для горназдабываючых прадпрыемстваў, тэхнікі для лесапрамысловага комплексу, пасажырскага транспарту, а таксама забеспячэнне іх запаснымі часткамі. “Пры гэтым мы можам прапанаваць узаемавыгадныя экспартныя фінансавыя інструменты, уключаючы лізінг і льготнае крэдытаванне. Гэтыя праграмы ў нас дзейнічаюць ужо не першы год”, — адзначыў прэзідэнт. Паводле яго слоў, у сувязі з гэтым БелАЗ гатовы падключыцца да праграмы перааснашчэння парка велікагрузных машын у Карэліі, а МАЗ і Белкамунмаш — да праграмы абнаўлення пасажырскага транспарту.

Беларусь можа аказаць дапамогу і ў развіцці сельскай гаспадаркі Карэліі, у тым ліку пашырыць экспарт прадукцыі айчыннага машынабудавання для гэтых мэт. “Вопыт вялікі — ад Венесуэлы да Сахаліна, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Аб’ехаўшы ўвесь свет, выпрабаваўшы розныя тэхналогіі, мы прыйшлі да пэўнай высновы, у якім напрамку павінна развівацца сельская гаспадарка. Мы можам, калі вы будзеце будаваць сабе малочнатаварныя комплексы, аснасціць іх поўнасцю нашымі камплектуючымі. Яны прайшлі ўжо апрабацыю. Пачыналі мы ствараць па самых высокіх еўрапейскіх стандартах, з імі (еўрапейскімі партнёрамі. — Заўв.БелТА.) многае рабілі. Цяпер мы цалкам лакалізавалі вытворчасць”. Аляксандр Лукашэнка бачыць магчымасці і ў больш актыўным супрацоўніцтве па лініі вучоных-аграрыяў.

Акрамя таго, Беларусь гатова і ў далейшым пастаўляць на рынак Карэліі прадукты харчавання. “Мы пастаўляем у Карэлію нямала прадуктаў харчавання. Калі вас гэта задавальняе, гаварыце — колькі, якія, мы заўсёды выканаем па вашым пажаданні адпаведныя заказы”, — прапанаваў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка бачыць узаемны інтарэс і ва ўзаемадзеянні ў рыбаводчай галіне, паколькі Карэлія з’яўляецца бясспрэчным лідарам у Расіі па вытворчасці азёрнай фарэлі.

“Упэўнены, што сённяшняя сустрэча дасць магчымасць умацаваць сувязі, якімі мы даражым. Наша мэта — максімальная практычная эфектыўнасць супрацоўніцтва. Сумеснымі намаганнямі мы зможам дабіцца вынікаў, якія плануем”, — дадаў беларускі лідар.

У сваю чаргу кіраўнік Рэспублікі Карэлія Расійскай Федэрацыі Артур Парфенчыкаў на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам адзначыў, што рэспубліка зацікаўлена ў супрацоўніцтве з нашай краінай.

“Усё, аб чым гаварылі, уяўляе наш вялікі ўзаемны інтарэс. Думаю, што мы ў любым выпадку павінны знаходзіць узаемавыгадны вынік. У нас толькі такі падыход”, — сказаў Артур Парфенчыкаў.

Паводле яго слоў, у ходзе візіту дэлегацыі гэтага расійскага рэгіёна ў Беларусь быў складзены новы план трохгадовага ўзаемадзеяння, які разлічаны на павелічэнне аб’ёмаў супрацоўніцтва як у гандлі, так і па іншых напрамках.

У машынабудаванні ў якасці пілотнага і якарнага сумеснага праекта Артур Парфенчыкаў назваў стварэнне лесанарыхтоўчай тэхнікі “Амкадор”. “Мы прынялі ўжо на заканадаўчым узроўні ў рэспубліцы ўсе магчымыя меры падтрымкі гэтага прадпрыемства. Гэты праект будзе садзейнічаць развіццю прамысловасці ў Беларусі. Мы, безумоўна, разам зможам выйсці на большыя аб’ёмы, прычым у асваенні не толькі расійскага рынку. У нас вельмі амбіцыйныя планы і адносна знешняга рынку”, — падкрэсліў кіраўнік Карэліі.

Бакам таксама цікавы абмен вопытам у лясной гаспадарцы ў цэлым — у пытаннях інтэнсіўнага лесакарыстання, лесааднаўлення, далейшай глыбокай перапрацоўкі драўніны.

У размове з журналістамі пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Артур Парфенчыкаў расказаў, што паміж бакамі ёсць як добрыя напрацоўкі, так і перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва. Напрыклад, у сталіцы Карэліі, горадзе Петразаводску, вырабляецца частка абсталявання для будаўніцтва БелАЭС. Ёсць цікавасць да ўзаемадзеяння ў галіне робататэхнікі, суднабудавання.

Гэта таксама сферы сельскай гаспадаркі, рыбаводства. “Мы дамовіліся, што ў найбліжэйшы час гэтая прадукцыя з’явіцца ў Беларусі. У нас сур’ёзныя планы па сумесным развіцці гэтых галін і ў Беларусі, і ў Карэліі. Мы дамовіліся абменьвацца дасягненнямі ў навуцы — у вытворчасці кармоў, генетыцы”, — дадаў Артур Парфенчыкаў.

Карэльскі бок таксама вельмі зацікавілі магчымасці выкарыстання прадукцыі беларускага машынабудавання ў сферы грамадскага транспарту. “З задавальненнем паглядзелі апошнія напрацоўкі і па гібрыдах, і па электробусах. Я хацеў бы, каб у кароткі час беларуская тэхніка з’явілася на карэльскіх дарогах. У гэтым напрамку мы таксама будзем працаваць”, — адзначыў кіраўнік рэгіёна.

Ён падкрэсліў, што супрацоўніцтва паміж Карэліяй і Беларуссю ахоплівае не толькі гандлёва-эканамічныя пытанні, але і галіны культуры, гуманітарных сувязей. Гэта абумоўлена тым, што ў Карэліі пражывае вельмі вялікая беларуская дыяспара, створана нацыянальна-культурная аўтаномія, ды і сам кіраўнік Карэліі мае беларускія карані. “Вельмі важна, вядома, і мы абмяркоўвалі гэта з Прэзідэнтам Беларусі, каб з’явіўся прамы рэйс Мінск — Петразаводск. У нас жыхары вельмі хочуць, каб такая сувязь з’явілася. Гэта будзе садзейнічаць актыўнасці бізнесу і развіццю турызму”, — сказаў Артур Парфенчыкаў.