Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Нашаму супрацоўніцтву нічога не перашкаджае”

- 11:22Інфармацыйная гадзіна

Сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Малдовы Ігара Дадона прайшла ў Кішынёве ў час афіцыйнага візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў Малдову.

Перагаворам папярэднічала цырымонія афіцыйнай сустрэчы кіраўніка беларускай дзяржавы на плошчы перад Дзяржаўнай рэзідэнцыяй Прэзідэнта Малдовы. Лідары дзвюх краін цёпла віталі адзін аднаго і пасля выканання гімнаў накіраваліся ў залу афіцыйных сустрэч.

Кіраўнікі дзяржаў у фармаце сам-насам, а таксама з удзелам членаў дэлегацый абмеркавалі развіццё беларуска-малдаўскага супрацоўніцтва, узаемадзеянне ў інтэграцыйных фарматах, у тым ліку на пляцоўках Еўразійскага эканамічнага саюза і Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

На перагаворах з Прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што актыўнаму развіццю супрацоўніцтва Беларусі і Малдовы нішто не перашкаджае.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь вырабляе тыя тавары, якія патрэбны ў Малдове. Яе прадукцыя таксама запатрабавана ў Беларусі.

“Нашаму супрацоўніцтву нічога не перашкаджае”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў, што, наведваючы былыя рэспублікі Савецкага Саюза, нідзе не адчувае такой настальгіі, як у Малдове. “Праязджаючы па цэнтральнай вуліцы Кішынёва, я больш за ўсё хацеў бы прайсці па ёй пяшком, як некалі было ў савецкія часы. Я прызнаюся шчыра (гэта не для піяру нейкага, таму што я ў Малдове): лепшай зямлі я не бачыў і не сустракаў. Тут добрыя людзі, зямля, вельмі добры клімат”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Я прыехаў сюды як чалавек, які любіць гэты край, які тут бываў вельмі шмат разоў. І я не магу пазбавіцца ад той думкі, што тут жывуць блізкія людзі, прама скажу — нашы людзі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Ігар Дадон адзначыў, што Малдова лічыць Беларусь сваім самым надзейным партнёрам. “Таму ваш візіт у Малдову вельмі важны. Дзякуй вялікі, што прынялі наша запрашэнне”, — сказаў кіраўнік малдаўскай дзяржавы.

Малдова зацікаўлена пераняць вопыт Беларусі ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці і сацыяльнай сферы, адзначыў таксама Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон.

“Для большасці грамадзян Малдовы тое, што адбываецца ў Беларусі, вельмі цікава. Не буду ўтойваць, што яны хацелі б жыць не горш, чым у Беларусі. У вас вельмі дынамічна развіваецца краіна, і нам цікава пераняць вопыт у розных сегментах: і ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці, і ў сацыяльнай сферы ў вас вельмі шмат праектаў”, — сказаў Ігар Дадон.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць дружалюбных адносін з Малдовай. “Не буду пералічваць нашы праекты, мы нямала зрабілі ў былыя часы і асабліва цяпер. Вы для нас тое, што нам патрэбна ў гандлёва-эканамічных адносінах: вырабляеце ўсё тое, чаго няма ў Беларусі. Мы родныя людзі (я гэтага ніколі не забываю і не забуду), ды і вам, якія б у вас ні былі палітычныя перавагі, я разумею, што беларусы — людзі не чужыя. У нас няма ніякіх геапалітычных, стратэгічных інтарэсаў тут, акрамя дружалюбных. Таму, улічваючы тое, што мы блізкія людзі, і тое, што вы вырабляеце ўсё, што нам трэба, мы купім у вас. А мы вырабляем усё тое, што патрэбна вам”, — адзначыў прэзідэнт.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што беларускі бок гатовы не толькі гандляваць, але і ствараць сумесныя прадпрыемствы, каб вырабляць неабходныя для развіцця Малдовы тавары.