Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Наступныя пакаленні павінны ведаць, якую цану заплаціў наш народ за свабоду”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 мая ўсклаў вянок да манумента Перамогі ў Мінску. Кветкі да манумента ўсклалі таксама сыны кіраўніка дзяржавы.

У цырымоніі прынялі ­ўдзел кіраўнікі рэспубліканскіх ор­ганаў дзяржаўнага кіраван­ня, Нацыянальнага сходу, ­судоў, Савета бяспекі і Узброеных Сіл, праваахоўных органаў, мала­дзёжных і грамадскіх аб’яднанняў, Выканаўчага камітэта СНД, прадстаўнікі замежнага дыпламатычнага корпуса, Беларускай праваслаўнай і Рымска-каталіцкай цэркваў.

Выступаючы на цырымоніі ўскладання вянкоў з нагоды 74-й гадавіны Вялікай Перамогі, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў ветэранаў, суайчыннікаў, замежных гасцей з вялікім святам — Днём Перамогі.

“Восьмае дзесяцігоддзе беларускі народ жыве і працуе пад мірным небам. Магчымасць дыхаць свабодай, гадаваць дзяцей і радавацца кожнаму новаму дню даў нам ратны подзвіг нашых бацькаў, дзядоў і прадзедаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Сёння мы праслаўляем мужнасць воінаў, гераізм партызан і падпольшчыкаў, тытанічныя намаганні працаўнікоў тылу”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што менавіта на беларускай зямлі савецкія салдаты развянчалі міф аб непераможнасці ваеннай машыны Трэцяга рэйха. “Яны змагаліся за Радзіму. Стаялі насмерць пад Мінскам і Магілёвам, на берагах Дняпра і Бярэзіны, і кожны рубеж абароны для ворага быў Брэсцкай крэпасцю, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Бяда прыйшла амаль у кожную беларускую сям’ю. Дзве трэці загінуўшых у гады ваеннага ліхалецця — мірныя жыхары. Страшныя адрасы генацыду бе­ларускага народа добра ведае ўвесь свет — Хатынь, Дальва, ­Азарычы, Шунеўка, Трасцянец. Гэтаму сумнаму спісу канца няма”.

Асабліва Аляксандр Лукашэнка адзначыў тэму лёсу дзяцей вайны. Сёння гэтыя людзі старога ­ўзросту — жывыя сведчанні і сведкі зверстваў акупантаў. “На іх вачах забівалі родных і блізкіх. Яны раслі ў голадзе і холадзе першых пасляваенных гадоў. Нараўне з дарослымі адстойвалі і адбудоўвалі потым краіну, — звярнуў увагу прэзідэнт. — Найбольш змрочныя старонкі ў смутнай кнізе вайны — дзіцячыя донарскія канцлагеры. Праз іх прайшлі тысячы, а выжылі адзінкі”.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што “ўсім, хто сёння ў Еўропе падтрымлівае мітынгі неанацыстаў і шэсці састарэлых ваяк з батальёнаў СС, варта прыехаць у Беларусь і пабываць у пасёлку Чырвоны Бераг, дзе быў такі канцлагер, убачыць пранізлівы крык і мемарыял няздзейсненых дзіцячых мар”.

“Вялікая Перамога — безумоўная перамога жыцця над смерцю. І наступныя пакаленні павінны ведаць, якую цану заплаціў наш народ за свабоду. У імя дабра, міру і справядлівасці. Каб такое ніколі не паўтарылася”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што лічыць святым абавязкам падтрымаць і паклапаціцца аб франтавіках і працаўніках тылу, забяспечыць ім дастойнае жыццё.

“Мы смуткуем аб ахвярах вайны — жанчынах, старых і дзецях. Яны спаўна зазналі гора ў акупацыі, — падкрэсліў Аляксандр ­Лукашэнка. — Вечная памяць тым, хто вельмі хацеў жыць, але злажыў галаву ў баях за Радзіму, памёр ад ран, загінуў у канцлагерах і гета. Схілім жа галовы перад тымі, хто не прыйшоў з той вайны, ушануем памяць іх мінутай маўчання”.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што час няўмольны, усё менш ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны застаецца ў страі.

“Наш святы абавязак — падтрымаць, паклапаціцца пра франтавікоў і працаўнікоў тылу, забяспечыць ім дастойнае жыццё. А вам, паважаныя ветэраны, як звычайна, ад мяне наказ — жыць! Сёння вы можаце ганарыцца сваімі дзецьмі і ўнукамі”, — адзначыў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цяперашняе пакаленне ваенных свята захоўвае пераможныя традыцыі. “Бо галоўны ўрок Вялікай Перамогі ў тым, што за мір трэба змагацца. Асабліва ў нашы дні, калі ён знаходзіцца пад прыцэлам глабальнага тэрарызму і не толькі яго. Прычым усім разам, адзіным фронтам. Як гэта было тады, у далёкія суровыя саракавыя, калі ў радах беларускага супраціўлення змагаліся тысячы антыфашыстаў з еўрапейскіх дзяржаў: Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Аўстрыі, Францыі, Італіі і нават Германіі”, — сказаў прэзідэнт.

Разам з тым ён са шкадаваннем канстатаваў, што ў Еўропе сёння такога адзінства няма. “Ідзе ­ўзмацненне ваеннай прысутнасці на нашых рубяжах, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Перакрэслены Дагавор аб ракетах сярэдняй і малой далёкасці”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што падзеі лета 1941 года назаўсёды падзялілі гісторыю краіны на да і пасля вайны. Пра яе напісаны тысячы кніг, зняты сотні фільмаў, але белых плям застаецца нямала. “Найперш гэта тычыцца лёсаў канкрэтных людзей — воінаў і партызан, якія прапалі без вестак, падпольшчыкаў, закатаваных у засценках гестапа, вязняў гета, якія невядома калі і як загінулі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Захаваць свяшчэнную памяць пра кожнага ўдзельніка вайны для нашчадкаў — галоўная мэта рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае!”. Гэта праект, які накіраваны ў будучыню, гэта сапраўды бяс­смертны полк. Нам чаго б гэта ні каштавала, трэба зберагчы сувязную ніць паміж пакаленнямі”.

“Трэба, каб дзеці, унукі, праўнукі праз лёсы воінаў-пераможцаў — сваіх родных і блізкіх, якія адстаялі мір і свабоду, — усвядомілі сябе часткай вялікай гісторыі роднай краіны, адчулі боль незаменных страт і ацанілі веліч подзвігу савецкага салдата”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, такім жа высакародным мэтам — заха­ваць памяць пра подзвіг народа — прысвечаны маштабны праект “На славу агульнай Перамогі!”. “На тэрыторыі ўсіх беларускіх раёнаў і прыгранічных рэгіёнаў Расіі і Украіны, якія абпаліла страшная вайна, з мясцін воінскіх пахаванняў і гібелі мірных жыхароў бу­дзе ўзята зямля, зямля, палітая крывёй савецкага салдата”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. А 9 мая 2020 года — у дзень 75-годдзя Перамогі — капсулы з гэтай свяшчэннай зямлёй і спісы з імёнамі загінуўшых змесцяць у нішы Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску.

“Толькі так, агульнымі намаганнямі, можна захаваць і ўвекавечыць для нашчадкаў імя кожнага воіна і зберагчы гераічную спадчыну, якая стала часткай генетычнага кода нашага народа”, — выказаў упэўненасць Аляксандр Лукашэнка.

На заканчэнне прэзідэнт павіншаваў суайчыннікаў з Днём Перамогі і пажадаў у гэты святы для ўсіх дзень моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і мірнага неба над галавой.

Урачыстым маршам перад ­удзельнікамі мерапрыемст­ва прайшла зводная рота і аркестр ганаровай варты Мінскай ваеннай камендатуры. Затым на плошчы Перамогі адбыўся святочны тэатралізаваны паказ.

Пасля мерапрыемства Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса і моладдзю.

У ходзе размовы прэзідэнт прапанаваў прадстаўнікам і кіраў­нікам дзяржаў постсавецкіх рэспублік часцей збірацца на Дзень Перамогі ў Беларусі.

“9 мая — гэта свята ўсіх, і перш за ўсё беларусаў. Таму на гэтай святой зямлі, напэўна, мы ўсе павінны часцей збірацца — прадстаўнікі былых савецкіх рэспублік і нават кіраўнікі дзяржаў, каб пакланіцца гэтай святой зямлі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Каменціруючы развагі ў нека­торых СМІ аб яго адмове ­ехаць на святочныя мерапрыемствы ў Маск­ву, прэзідэнт адзначыў: “Я не магу сказаць, што ніхто не прыехаў. Калі б расіяне або кіраўніцтва Расіі некага запрасілі, а яны адмовіліся, то гэта было б “не прыехаў”. Але што тычыцца нас: па-першае, мяне ніхто не запрашаў сёння ў Маскву, па-другое, нават калі б запрасілі, было б складана развесці гэтыя мерапрыемствы”.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што не можа прапусціць святкаванне Дня Перамогі ў Мінску. На думку прэзідэнта, калі б ён не наведаў урачыстыя мерапрыемст­вы ў беларускай сталіцы, у лю­дзей з’явілася б шмат пытанняў. “Нават у вас, людзей, дасведчаных у палітыцы. А што людзі сказалі б, беларусы?” — спытаў ён у журналістаў.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што беларускі бок на святочных мерапрыемствах у Расіі прадстаўлены вельмі шырока — як простымі людзьмі, так і чыноўнікамі. Ён прывёў у прыклад губернатара Мінскай ­вобласці: Анатоль Ісачанка нядаўна наведаў сваю радзіму ў Бранскай вобласці. “Я яго прасіў перадаць нашым рускім людзям, якія там жывуць, самыя добрыя пажаданні з Днём Перамогі. Гэта народная дыпламатыя, у якую ўключаны Прэзідэнт Беларусі, была і ёсць заўсёды”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Актывісты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ў час мерапрыемства прадэманст­равалі прэзідэнту альбом “Беларусь памятае”, дзе размешчаны фатаграфіі і кароткія гісторыі пра іх родных, якія змагаліся ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэты альбом правязуць па розных гарадах і раённых цэнтрах краіны, і кожны жадаючы зможа размясціць у ім фатаграфіі сваіх сваякоў. Да Дня Незалежнасці экспанат зойме месца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.