Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Нацыянальная бяспека — найважнейшы фактар”

Рашэнне аб неабходнасці павелічэння штатнай колькасці пагранічнікаў у Беларусі звязана з задачамі па захаванні нацыянальнай бяспекі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пры зацвярджэнні рашэння на ахову дзяржграніцы органамі пагранічнай службы ў 2019 годзе.

“З улікам узрастання негатыўных фактараў, звязаных з незаконнай міграцыяй, наркатрафікам, кантрабандай (асабліва зброі), перад Дзяржпагранкамітэтам пастаўлена задача павялічыць да неабходнага штатную колькасць. Беспрэцэдэнтны крок, але нацыянальная бяспека — найважнейшы фактар”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым запатрабаваў прыняць вычарпальныя меры па павелічэнні і стварэнні новых падраздзяленняў граніцы. “Асабліва пра што мы з вамі дамаўляліся — адраджэнне або ўзмацненне манеўраных груп. Гэта тыя групы, якія знаходзяцца заў­сёды ў рэзерве кіраўнікоў пагранічных атрадаў і ў лічаныя хвіліны выстаўляюцца на напрамкі верагоднага руху праціўніка, калі там абвастрэнне сітуацыі”, — сказаў ён.

Пагранічная палітыка Беларусі накіравана не на канфрантацыю з суседнімі дзяржавамі, а на ўмацаванне пояса добрасуседства, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“З гэтага мы перш за ўсё павінны зыходзіць. Не проста на замок наглуха закрываць граніцу і ствараць праблемы для сваіх грамадзян і тых, хто да нас прыязджае, а стварыць спрыяльную зону і ў той жа час адсякаць тых, хто да нас едзе з непажаданымі намерамі. Асабліва гэта важна напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў забяспечыць законнасць і правапарадак, праяўляючы максімум увагі да турыстаў і гасцей Беларусі.

Прэзідэнт нагадаў, што год назад былі канкрэтызаваны напрамкі работы Дзяржпагранкамітэта па ахове граніц і ўзмацненні правапарадку на прыгранічнай тэрыторыі. Прыняты ўсе неабходныя рашэнні. Праведзеная аптымізацыя кантрольных працэдур на граніцы дала магчымасць павысіць эфектыўнасць беларускіх пунктаў пропуску. “Практыка паказала, што асобныя функцыі пагранічнікаў у шэрагу выпадкаў могуць сваімі сіламі выконваць супрацоўнікі мытняў. Гэта рацыянальны падыход, і гэтую работу трэба прадоўжыць”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Перад кіраўніцтвам Дзяржпагранкамітэта прэзідэнт паставіў шэраг актуальных пытанняў, у тым ліку наколькі здольны органы пагранічнай службы процістаяць існуючым выклікам. “Выклікаў стала больш, чым гэта было нават у мінулым годзе”, — заўважыў беларускі лідар.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якія меры ўжо ажыццяўляюцца і будуць прымацца ў далейшым для таго, каб заха­ваць бяспеку краіны, а таксама што яшчэ неабходна зрабіць для эфектыўнай работы пагранічнікаў.

Як патлумачыў пасля зацвярджэння прэзідэнтам рашэння на ахову дзяржграніцы старшыня Дзяржпагранкамітэта Беларусі Анатоль Лапо, кіраўнік дзяржавы паставіў шэраг задач па захаванні як непасрэдна пагранічнай бяспекі, так і нацыянальнай бяспекі ў цэлым. Вядзецца далейшае ўдасканаленне пагранічнай інфраструктуры, узмацняюцца асобныя ўчасткі дзяржграніцы, у тым ліку на паўднёвым напрамку.

Пры гэтым стаіць задача ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку забяспечваць пропуск праз граніцу законапаслухмяных грамадзян і транспартных сродкаў, каб адпаведны працэс праходзіў хутка, камфортна і бяспечна.

За мінулы год пасажырапаток праз граніцу павялічыўся прыкладна на 3 працэнты, а колькасць транспартных сродкаў — амаль на 7 працэнтаў.

У ліку існуючых выклікаў Анатоль Лапо назваў незаконную транзітную міграцыю. Так, па выніках мінулага года больш як на 57 працэнтаў зафіксаваны рост нелегальнай міграцыі з Усходу на Захад. Затрымана 457 чалавек. “Мы ахоўваем не толькі дзяржаўную граніцу Беларусі, але абараняем ад нелегальнай міграцыі яшчэ і Еўрапейскі саюз. І тут мы павінны дзейнічаць разам”, — сказаў ён.

Адзначаецца таксама павелічэнне аб’ёмаў наркатрафіка. Беларускія пагранічнікі затрымалі за год больш як 450 кг адпаведных рэчываў, што практычна ў чатыры разы больш, чым год назад. “Зразумела, мы ўдасканальваем формы і метады (работы па выяўленні наркотыкаў. — Заўвага БелТА.), але ўдасканальваюцца і тыя, хто іх перавозіць”, — заўважыў Анатоль Лапо.

Што тычыцца павелічэння штатнай колькасці органаў пагранслужбы, развіцця манеўраных груп, старшыня Дзяржпагранкамітэта не наз­ваў агульнай лічбы, аднак падкрэсліў, што гэта накіравана на захаванне бяспекі на граніцы. “На гэты момант ужо сфарміраваны манеўраныя групы (штаты) на ўкраінскім напрамку. Уведзены ў строй пагранічны пост і пагранічная застава. Цяпер пачынаем камплектаваць іх асабовым складам, узбраеннем і тэхнікай, выходзіць новымі штатамі на ахову дзяржаўнай граніцы. Гэта ўзмоцніць наш патэнцыял”, — заявіў ён.

Анатоль Лапо растлумачыў, што мабільныя групы ў першую чаргу арыентаваны на вырашэнне задач, якія ўзнікаюць раптоўна. “У камандзіра часці павінен пастаянна быць рэзерв, які паднімаецца на працягу 3—4 хвілін”, — адзначыў кіраўнік пагранведамства.

Адзначым, што раней на розных узроўнях гаварылася пра патэнцыяльную пагрозу, а таксама спробы ўвозу на тэрыторыю Беларусі зброі і боепрыпасаў. Наяўнасць такіх рызык ускосна пацвярджаюць і даныя, агучаныя нядаўна генеральным пракурорам Украіны Юрыем Луцэнкам. “Я не жартую, у краіне ад 3 да 5 млн нелегальных “ствалоў”, — сказаў ён у адным з інтэрв’ю, цытату якога прыводзіць аген­цт­ва Укрінфарм.