Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 кастрычніка ўсклаў вянок да Мемарыяла памяці загінуўшых воінаў у Абу-Дабі. Гэтая падзея стала галоўным пратакольным мерапрыемствам рабочага візіту кіраўніка дзяржавы ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Урачыстая цырымонія прайшла з удзелам зводнай роты ганаровай варты. Прэзідэнт усклаў вянок да манумента і ўшанаваў памяць загінуўшых за краіну герояў мінутай маўчання.
Аляксандра Лукашэнку пры наведванні мемарыяла суправаджаў дырэктар службы па справах сем’яў пакутнікаў Адміністрацыі Наследнага прынца Абу-Дабі шэйх Халіфа бен Тахнун бен Мухамед аль-Нахаян. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з архітэктурнымі асаблівасцямі комплексу і зрабіў запіс у Кнізе ганаровых гасцей. Затым бакі абмяняліся падарункамі.
Мемарыял размешчаны насупраць Вялікай мячэці шэйха Заіда і ўяўляе сабой архітэктурную кампазіцыю з 31 панэлі, на якіх нанесены імёны загінуўшых воінаў. Манумент з’яўляецца нацыянальным і культурным арыенцірам, ён увасабляе сабой каштоўнасці адзінства і салідарнасці нацыі.