Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з вядомым французскім акцёрам і рэстаратарам Жэрарам Дэпардзье, які наведаў нашу краіну, аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Прэзідэнта Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка і Жэрар Дэпардзье ў нефармальнай абстаноўцы паразмаўлялі на тэмы падтрымкі сельскай гаспадаркі ў сучасным свеце, развіцця тэхналогій па вырошчванні экалагічна чыстых прадуктаў харчавання. Былі таксама закрануты магчымыя перспектыўныя праекты супрацоўніцтва Беларусі і Францыі ў галіне культуры і мастацтва.
Кіраўнік дзяржавы правёў для Жэрара Дэпардзье кароткую экскурсію па тэрыторыі афіцыйнай рэзідэнцыі Прэзідэнта Беларусі “Азёрны” ў Астрашыцкім Гарадку, азнаёміў з некаторымі ўзорамі беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі, навучыў навыкам ручной касьбы.
Вядомаму французскаму акцёру Жэрару Дэпардзье Беларусь нагадала маленькую Швейцарыю. Аб гэтым легенда кінематографа расказаў журналістам у час наведвання сельгаспрадпрыемства “Азярыцкі-Агра”.
Акцёр прыбыў у Беларусь з кароткім візітам, каб, паводле яго слоў, асабіста азнаёміцца з краінай. “Ёсць людзі ў свеце, якія стварылі негатыўнае клішэ пра Беларусь. Зразумела, у кожнай краіне ёсць свае праблемы. Але я бачу тут фермы, засеяныя палі, лугі, лясы. Усё гэта мне нагадвае маленькую Швейцарыю. І гэта вельмі прыемна”, — сказаў ён.
На думку французскага госця, усё гэта сведчыць аб тым, што ў дзяржаве ўдзяляецца вялікая ўвага сельскай гаспадарцы. Наведаўшы сельскагаспадарчае прадпрыемства “Азярыцкі-Агра”, Жэрар Дэпардзье быў уражаны, наколькі арганізаваная вытворчасць тэхналагічная. Паводле яго слоў, такое ён бачыў у нямногіх краінах.
Жэрар Дэпардзье асабліва падкрэсліў, што паспеў адзначыць дагледжанасць, чыстату, камфорт. “Бачу, што людзі тут шчаслівыя, спакойныя і што краіна павінна быць прыемнай для жыцця”, — сказаў ён.
Не пакінулі абыякавым легендарнага акцёра беларуская прырода і прадстаўніцы прыгожага полу: “Сёння я тут і шчаслівы, люблю беларускую прыроду, прыгожыя пейзажы і жанчын”. На развітанне госць паабяцаў зноў вярнуцца ў Беларусь.