Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Не шкадуйце грошай на тое, каб запрасіць да сябе гасцей”

Стаўка на развіццё ў Беларусі спорту і правядзенне ў краіне буйных міжнародных спартыўных спаборніцтваў прыносіць дывідэнды. Упэўненасць у гэтым, адказваючы на пытанні журналістаў, выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час спартыўнага свята “Мінская лыжня — 2019”.

“Яна не суразмерныя дывідэнды прыносіць, а празмерныя дывідэнды. Зразумела, гэта ўсё акупляецца”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў першую чаргу размова ідзе аб фарміраванні іміджу краіны. “За гэта — імідж краіны, піяр сапраўдны — цяпер плацяць сотні мільёнаў долараў”, — адзначыў ён.

Прэзідэнт у якасці прыкладу прывёў праведзены нядаўна ў Мінску чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні, удзельнікі якога змаглі ацаніць гасціннасць і прыгажосць Беларусі нават у зімовы час. “Справа не ў гэтых капейках, якія мы затрацім. Хоць і гэта важна, і ў стратах мы ніколі не былі”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб маючых адбыцца ў Беларусі міжнародных спартыўных форумах, Аляксандр Лукашэнка адзначыў не толькі II Еўрапейскія гульні, але і лёгкаатлетычны матч паміж камандамі Еўропы і ЗША. “Я марыў аб гэтым, прасіў кіраўніка міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі прывезці нам матч Еўропа — ЗША. Вы ўяўляеце, якое гэта будзе свята. Гэта не ніжэй за ўзровень, чым Еўрапейскія гульні”, — упэўнены беларускі лідар.

“Таму тое, што да нас едуць людзі, што яны ад’язджаюць адсюль з добрым настроем, што захоплены нашай краінай, згадзіцеся, гэта нават не сотні мільёнаў долараў. Гэта ўжо мільярды. Гэта інвестыцыі, можа, не ў нас з вамі, але для нашых дзяцей і ўнукаў гэта вялікі фундамент. Няхай толькі яны гэтым скарыстаюцца. Таму не шкадуйце грошай на тое, каб запрасіць да сябе гасцей”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў больш актыўна займацца лыжным спортам.

“Бегайце на лыжах. Больш эфектыўнага, чым заняткі лыжамі, няма нічога, гэта прыгажосць і здароўе”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падзяліўся, што з дзяцінства любіў бегаць на лыжах. “А зараз я проста абавязаны гэта рабіць, каб іншыя прытрымліваліся прыкладу, на лыжах бегалі”, — сказаў ён.

Адказваючы на пытанне аб тым, ці прыйшлося мяняць прэзідэнту што-небудзь у сваім распарадку дня пры спартыўнай падрыхтоўцы да “Мінскай лыжні”, ён падкрэсліў, што практычна нічога не мяняў, але давялося адмяніць хакей у апошнія два тыдні і займаліся толькі лыжамі.

“Вам дзякуй, што прыйшлі, бегайце на лыжах. Гэта я кажу не як прэзідэнт, а як звычайны чалавек, які бегае з дзяцінства на лыжах. Эфектыўней лыж, асабліва для дзяўчынак, няма нічога. Гэта прыгажосць, гэта здароўе, гэта работа ўсіх мышцаў. Лыжы — гэта вялікая справа”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён звярнуў увагу на значнасць асабістага прыкладу: “Навучыцеся вы — будуць бегаць і вашы дзеці”. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў яго лыжамі захапляюцца як малодшы сын, так і старэйшыя сыны. Таму асабісты прыклад вельмі важны.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць недастаткова актыўным развіццё ў краіне масавага спорту, асабліва сярод моладзі і навучэнцаў.

“Прымушаю кіраўніка Адміністрацыі, а яна ўвесь народ, асабліва школы, — бегаць на трасе. Хіба гэта нармальна: лыжы дай, скажы, што гэта добра, а потым яшчэ за руку цягні на трасу? Я не разумею, што за бацькі? Дзяцей трэба абавязкова выхоўваць у гэтым плане. Менш хварэць будуць. Гэта факт”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Таму цяпер арганізуем спаборніцтвы па школах, УВА. І спытаем з рэктара і выкладчыкаў, дырэктараў школ, чаму яны не цягнуць на трасы, на лыжню дзетак. У савецкі час не давядзі Бог не выканаць у школе праграму па лыжах”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падзяліўся ўспамінамі і пра свае дзіцячыя гады: “Памятаю, мне далі са школы дадому лыжы. Я іх нёс тры кіламетры перад сабой. Быў рады, што ў рукі ўзяў лыжы. Але ў нас жа цяпер магчымасці якія!”

У Беларусі да наступнай зімы наладзяць вытворчасць добрых айчынных лыж, якія можна будзе выкарыстоўваць для масавага спорту і падрыхтоўкі спартсменаў, а для атлетаў топ-узроўню будзе закупляцца экіпіроўка асноўных сусветных вытворцаў, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“Я вам абяцаю, што ў нас будуць добрыя лыжы. Вядома, для такога ўзроўню, як Даша Домрачава або Надзя Скардзіна, мы будзем выбіраць з соцень пар вядучых лыжных фірм адны лыжы, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта не так проста стварыць лыжы і дацягнуцца да самай верхатуры. Я такую задачу перад спецыялістамі не стаўлю. Нам патрэбны лыжы для таго, каб падрыхтаваць спартсмена. А падрыхтаваўшы яго, тым больш вялікага, мы купім і тысячу пар, і выберам лепшыя”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што стварэнне добрай айчыннай вытворчасці з’яўляецца толькі пытаннем часу: “Час — гэта адзін год. Да наступнай зімы мы будзем мець добрыя лыжы”. “Чаравікі зрабілі, палкі зрабілі, усё зрабілі. “Марка” мне перадала чаравікі — выдатныя. Першыя я забракаваў. Другую пару перадалі — выдатныя. Трымаюць добра лыжы. Малайцы! Лыжы для пачынаючых ёсць. Але нам патрэбны сярэднія і крыху вышэйшыя за сярэдні ўзровень, каб падрыхтаваць спартсменаў. Мы гэтыя лыжы зробім. А пакуль закупілі — тое, што мы не можам рабіць. Ужо забяспечылі ўсіх”, — расказаў беларускі лідар.

Гаворачы аб падборы лыж для спартсменаў, Прэзідэнт адзначыў, што для выступленняў на вышэйшым узроўні не падыдзе любая пара нават вытворцы з сусветным імем: “Вы не думайце, што Домрачава бяжыць… Гэта з тысячы пар яна выбрала адну”.

Аляксандр Лукашэнка і сам сутыкнуўся з тым, як можа быць няпроста падабраць лыжы менавіта пад сябе. Ён летам папрасіў вырабіць лыжы ў вядомага вытворцы “Фішэр”, і спецыялісты ў агульнай колькасці прыкладна з дзясятка прадастаўленых пар выбралі толькі адну. “І тое гавораць: гэта лепшыя, але не самыя добрыя, — прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы. — Вельмі адчуваю, калі лыжы добрыя або дрэнныя”.

“Сёння выйшаў на гэтых “Фішэрах”. Яны не ідуць. Давялося “Расіньёль” (таксама вядомы лыжны брэнд. — Заўв. БелТА.). Я рэдка на іх бегаю наогул”, — дадаў беларускі лідар.