Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Нельга дапусціць, каб ініцыятыва “Усходняе партнёрства” стала чыста палітызаванай”

Беларусь з’яўляецца катэгарычным прыхільнікам існавання моцнага ЕС. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах з Еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ёханесам Ханам.

“Мы катэгарычныя прыхільнікі існавання моцнага ЕС. Мы катэгарычна супраць цэнтрабежных сіл у ЕС, якія аслабляюць яго”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сказаў гэта не для ліслівасці, а таму, што ў Беларусі прыхільныя да шматпалярнага свету. “ЕС — адна з наймагутнейшых апор нашай планеты, і разбурэнне гэтай асноўнай апоры шматпалярнага свету прывядзе да разбурэння сістэмы не толькі бяспекі, але і эканомікі, усіх іншых сфер жыцця на нашай зямлі”, — сказаў прэзідэнт.

Ён дадаў, што нядаўна ў Мінску знаходзіліся члены каралеўскай сям’і і высокапастаўленыя прадстаўнікі Вялікабрытаніі. Ён ім адкрыта і сумленна выказаў гэтую пазіцыю.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што нельга дапусціць, каб ініцыятыва “Усходняе партнёрства” стала чыста палітызаванай арганізацыяй. “Вядома, без палітыкі не можа існаваць ніводная арганізацыя, але нельга дапусціь, каб “Усходняе партнёрства” стала чыста палітызаванай арганізацыяй. І не дай бог паставілі мэту перад краінамі “Усходняга партнёрства”, каб гэты пояс стаў раздзяляльнай зонай паміж Еўрасаюзам і Расіяй, Кітаем, Усходам”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

“Мы вялікую ўвагу ўдзяляем нашаму супрацоўніцтву ў рамках гэтай арганізацыі. І ў гэтым плане вы можаце на нас разлічваць. Наша пажаданне — каб “Усходняе партнёрства” было больш прыземленым, каб яно было практыка-арыентаваным”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у рамках “Усходняга партнёрства” неабходна вырашаць тыя задачы, якія стаяць перад Еўропай, і развіваць тыя праекты, якія цяпер актуальныя, у тым ліку ў такіх сферах, як энергетыка, транспарт, лагістыка. “У тым ліку і жыццё людзей, візавыя пытанні, каб мы маглі ў большым аб’ёме і больш свабодна ўзаемадзейнічаць з Еўропай, а вы — свабодна прыязджаць у Беларусь”, — дадаў прэзідэнт.

Беларусь гатова ўнесці любы ўклад у гарантаванне бяспекі еўрапейскага кантынента, падкрэсліў беларускі лідар на перагаворах з еўракамісарам Ёханесам Ханам.

“Наша краіна знаходзіцца ў самым сэрцы, у самым цэнтры Еўропы. Гэтым усё сказана. Вы можаце на нас разлічваць. Мы заўсёды будзем прыхільны да добрасуседства і гатовы ўнесці любы ўклад у гарантаванне бяспекі еўрапейскага кантынента. Гэта вельмі актуальна сёння”, — сказаў прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь таксама вельмі зацікаўлена ў пашырэнні эканамічных сувязей з ЕС. “Гэта другое аб’яднанне ў эканоміцы для Беларусі. ЕС знаходзіцца на другім месцы ў гандлі”, — адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў за прагрэс, які адбыўся падчас перагавораў аб уступленні Беларусі ў СГА, за падтрымку пры арганізацыі і правядзенні форумаў у Вене і Люксембургу, дзе абмяркоўваліся перспектывы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЕС. “Вы вельмі шмат зрабілі для правядзення гэтых мерапрыемстваў. Гэта добры ўклад у супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам”, — падкрэсліў прэзідэнт.

У сваю чаргу еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ёханес Хан выказаў меркаванне, што пераадоленне знешніх і ўнутраных выклікаў робіць ЕС больш моцным і ўстойлівым.

“Я ўдзячны за вашы словы і за ваша бачанне Еўропы. Вымушаны прызнаць, што ЕС апошнія некалькі гадоў сутыкнуўся з шэрагам выклікаў. Але ў такой структуры, якая складаецца з 28 краін-членаў, заўсёды ёсць нейкія праблемы. Часам яны выкліканы ўнутранымі працэсамі, часам іх выклікаюць знешнія падзеі. Вядома, на нас сур’ёзна паўплываў міжнародны фінансава-эканамічны крызіс. Але гэтак жа сур’ёзна на нас паўплывала хваля міграцыі. Нам даводзіцца займацца “брэксітам” (выхад Вялікабрытаніі з ЕС. — Заўв. БелТА.). Але, напэўна, гэта адна з якасцей структуры, якая грунтуецца на моцным фундаменце, — ЕС з усіх такіх сітуацый выходзіць больш моцным і ўстойлівым”, — сказаў Ёханес Хан.

Паводле яго слоў, усе розныя падзеі прывялі да ўмацавання інтэграцыі ўнутры ЕС і мабілізавалі падтрымку насельніцтва адносна саюза. “Асабліва гэта слушна ў кантэксце “брэксіту”. І той факт, наколькі мы адзіныя на перагаворах з Вялікабрытаніяй, наколькі мы гаворым адным голасам, пацвярджае, што нават гэтыя падзеі ўмацоўваюць наша ўнутранае адзінства”, — падкрэсліў еўракамісар.

Ён адзначыў, што літаральна гэтымі днямі наведваў Сусветны эканамічны форум у Давосе, дзе канстатаваў змяненне рыторыкі адносна Еўрасаюза: “Два гады назад усе крытыкавалі Еўропу і гаварылі, што, напэўна, Еўропа падышла да свайго канца. У мінулым годзе ва ўсіх на вуснах была тэма росту папулізму ў Еўропе, а сёлета ўжо ўсе гавораць пра тое, як Еўропа паспяхова спраўляецца з праблемамі”.