Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Ні ў якім разе нельга пакрыўдзіць невінаватага чалавека”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перасцярог праваахоўнікаў ад раскрыцця крымінальных спраў шляхам прыцягнення да адказнасці невінаватых людзей. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, прымаючы з дакладам старшыню Следчага камітэта Івана Наскевіча.

“Апошнім часам, асабліва ў сувязі з гэтымі ўрачамі і тымі нягоднікамі, якія кармілі ў школах і абабіралі дзяцей, такія хвалі ў грамадстве: “Вось, напэўна, не трэба было б саджаць урачоў”. Усе перад законам роўныя, але пры гэтым трэба мець на ўвазе адно: ні Гасподзь, ні людзі нам не даруюць, калі мы пакараем невінаватага. Калі мы не можам даказаць, лепш не чапаць гэтага чалавека. Калі ён нягоднік — ён усё роўна пападзе, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Таму ні ў якім разе нельга пакрыўдзіць невінаватага чалавека”.

Прэзідэнт заўважыў, што ў былыя часы, асабліва ў савецкія гады, міліцыя працавала па прынцыпе “толькі б раскрыць злачынства”. “Ды няхай яно будзе лепш нераскрытым, чым мы яго раскрыем і павесім віну на чалавека невінаватага. Вось гэта павінны ўсе людзі разумець. Дзе б вы ў калектывах ні бывалі, вы павінны аб гэтым гаварыць. Але калі мы цвёрда ўпэўнены, што ён учыніў злачынства, то мала не падасца. Асабліва чыноўнік, чалавек у пагонах (гэта адно і тое ж фактычна) — ім трэба памнажаць на два”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як цяпер будуецца работа Следчага камітэта і ці існуюць у дзейнасці ведамства недахопы. Іх, падкрэсліў прэзідэнт, трэба ўстараняць. “Я вельмі ўважліва сачу за работай Следчага камітэта. Зразумела, перажываю, таму што мы ў свой час пайшлі на вельмі рашучыя крокі, мадэрнізуючы і фактычна рэфармуючы нашы праваахоўныя органы. Следства выведзена з усіх ведамстваў і займае асобнае, лідзіруючае, месца, таму што вы на фінішы, вы выдаяце вынік”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

Ён заўважыў, што па шляху рэформ следчых органаў пайшлі многія краіны, у тым ліку Расія, Казахстан і Украіна. Аднак дабіцца паказальных вынікаў ім не ўдалося. “Але мы цвёрда прынялі рашэнне і рухаемся гэтым курсам: следства павінна быць незалежным, калі мы хочам пэўных і эфектыўных вынікаў, — перакананы кіраўнік дзяржавы. — Я разгледзеў ваш зварот наконт інстытута павышэння кваліфікацыі. Я не прымаў рашэнне. Як звычайна, я хачу пачуць альтэрнатыву, калі яна ёсць. Па выніках будзе прынята рашэнне. Калі будзе альтэрнатыва, зразумела, мы яе з вамі абмяркуем”.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у найбліжэйшы час пройдзе нарада аб рабоце ўсяго сілавога блока ў краіне, на ёй будзе падрабязна разгледжана работа следчага ведамства ў тым ліку. Адміністрацыя прэзідэнта ўжо рыхтуе гэтае мерапрыемства. “Мы там больш увагі засяродзім на тым, што нам трэба будзе зрабіць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Як адзначыў Іван Наскевіч, Следчы камітэт у мінулым годзе сканцэнтраваў усе свае намаганні ў першую чаргу на аб’ектыўным і ўсебаковым расследаванні крымінальных спраў, недапушчэнні прыцягнення да адказнасці невінаватых асоб. “Я магу з усёй упэўненасцю сказаць, што пэўных поспехаў у гэтым дабіліся”, — заявіў ён.

Кіраўніку дзяржавы было даложана аб выніках работы Следчага камітэта ў 2018 годзе. “Прэзідэнт яшчэ раз абазначыў, што ведамства стваралася для таго, каб быць фільтрам, каб да крымінальнай адказнасці не прыцягваліся невінаватыя людзі. Лічу, што з гэтай задачай мы спраўляліся і справіліся, асабліва ў 2018 годзе”, — адзначыў Іван Нас-кевіч у размове з журналістамі па выніках даклада.

У якасці прыкладу ён прывёў даныя, што ў мінулым годзе судамі па крымінальных справах, расследаваных Следчым камітэтам, апраўданы 44 чалавекі. У той жа час у 2017 годзе такіх было 59 чалавек. “Гэта не сведчыць аб тым, што суды сталі больш ліберальныя. Гэта сведчыць толькі аб тым, што следчыя ў сваёй рабоце падпарадкоўваюцца закону, прынцыпова ставяцца да выпадкаў, дзе недастаткова доказаў для таго, каб крымінальную справу адносна канкрэтнай асобы накіроўваць у суд. Гэта самае яркае пацвярджэнне таго, што Следчы камітэт павінен вельмі ўважліва, прынцыпова і ўзважана ставіцца да кожнай следчай сітуацыі, да кожнай асобы, якая праходзіць па крымінальнай справе”, — сказаў старшыня Следчага камітэта.

Прэзідэнту таксама даложана аб ходзе расследавання найбольш рэзанансных крымінальных спраў.

У 2018 годзе ў следчыя органы паступіла больш за 149 тысяч заяў і паведамленняў аб злачынствах, што амаль на 12 працэнтаў больш у параўнанні з 2017 годам. Але колькасць узбуджаных крымінальных спраў скарацілася на некалькі соцень — з 87 835 да 87 286. Гэта вынік работы па недапушчэнні неабгрунтаванага крымінальнага праследавання грамадзян, адзначаюць у Следчым камітэце. На 8,6 працэнта (да 29 388) павялічылася колькасць прынятых рашэнняў аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы або спыненні праверкі.
Узровень раскрывальнасці злачынстваў склаў у 2018 годзе амаль 71 працэнт, пры гэтым следчыя раскрываюць амаль 97 працэнтаў забойстваў і 100 працэнтаў згвалтаванняў.

У мінулым годзе былі палепшаны асобныя паказчыкі, якія адлюстроўваюць якасць следства. У прыватнасці, стала на чвэрць менш абвінавачаных, якіх рэабілітаваў суд, на 15 працэнтаў скарацілася колькасць крымінальных спраў, па якіх у судзе прад’яўлялася новае абвінавачанне або праводзіліся дадатковыя следчыя дзеянні для атрымання новых доказаў. Колькасць патрабаванняў пракурораў аб устараненні парушэнняў заканадаўства ў час папярэдняга следства знізілася больш як на сотню, а прыватных пастаноў суда аб парушэннях закона пры вядзенні папярэдняга следства — на некалькі дзясяткаў.