Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Ні ў якім разе нельга страціць людзей”

- 10:33Інфармацыйная гадзіна

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў падтрымаць людзей і працоўныя калектывы, у тым ліку ў падведамных Кіраўніцтву справамі прэзідэнта прадпрыемствах, з улікам няпростых эпідэміялагічных умоў. На неабходнасць уважлівага стаўлення да людзей кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу ў час даклада Кіраўніка спраў прэзідэнта Віктара Шэймана.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся бягучай сітуацыяй у падведамных Кіраўніцтву справамі прэзідэнта прадпрыемствах, паколькі зразумела, што і на дзейнасць гэтых устаноў паўплывала пандэмія з яе эканамічнымі наступствамі. Як праінфармаваў Віктар Шэйман, усяго ў падпарадкаванні Кіраўніцтва справамі прэзідэнта цяпер функцыянуе амаль 110 прадпрыемстваў.

“Гэта людзі, гэта працоўныя калектывы, гэта тысячы людзей… Таму якая сітуацыя, якія прадпрыемствы найбольш насцярожваюць і якія негатыўныя тэндэнцыі?” — пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што ў час сустрэч з кіраўнікамі нацпаркаў, іншых устаноў выказваюцца просьбы дзесьці падтры­маць людзей з-за таго, што эканоміка спынілася, граніцы закрыліся, турыстычныя патокі прыпыніліся.

“Таму нам ні ў якім разе нельга страціць людзей”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што з улікам канкрэтнай сітуацыі можна і трэба падтрымаць людзей, “магчыма, пару месяцаў, пакуль у свеце адновіцца эканоміка”.

“Гэта не ад нас залежыць. Думаю, за пару-тройку месяцаў эканоміка запрацуе, і ў суседзяў, і ў Расіі, і гэтак далей, і людзі пачнуць перамяшчацца. Але вось гэтыя месяцы трэба, вядома, падтрымаць працоўныя калектывы”, — заявіў прэзідэнт.

Пры гэтым ён звярнуў увагу, што так трэба зрабіць паўсюдна.

У час даклада разглядаўся шэраг іншых пытанняў, якія датычацца функцыянавання Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Віктар Шэйман далажыў аб сітуацыі на падведамных Кіраўніцтву справамі прадпрыемствах па ўсіх напрамках (у тым ліку прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, транспарце, лагістыцы, турыстычнай галіне). Асобна было даложана, як працуюць прадпрыемствы, створаныя за межамі Беларусі. У прыватнасці, у прамысловым сектары назіраецца некаторае зніжэнне паказчыкаў, звязанае са складанасцямі ў пастаўках камплектуючых, а таксама лагістычнымі пытаннямі. Найбольшыя цяжкасці па аб’ектыўных прычынах адчуваюць гасцінічная і выставачная сферы.

Што датычыцца эканамічных паказчыкаў, то забяспечаны рост дабаўленай вартасці ў 2,1 разу да ўзроўню 2019 года. Вырасла таксама і прадукцыйнасць працы.

Пры гэтым аб’ём знешняга гандлю супараўнальны з узроўнем 2019 года. Віктар Шэйман таксама далажыў аб пасяўной кампаніі. Паводле яго слоў, пасеяна больш, чым у мінулым годзе, поўнасцю забяспечана патрэбнасць ва ўгнаеннях.

Акрамя таго, у размове падрабязна абмеркавалі стан спраў на прадпрыемствах, якія ў цяперашніх умовах аказаліся найбольш слабаабароненымі.