Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Ніколі больш не павінна паўтарыцца ў свеце трагедыя, якая паставіла пад пагрозу існаванне чалавецтва!”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разам з федэральнымі прэзідэнтамі Германіі і Аўстрыі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам і Аляксандрам Ван дэр Беленам наведаў мемарыяльны комплекс “Трасцянец”, дзе адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны памяці ахвяр нацызму.

Кіраўнікі дзяржаў па шляху да мемарыяльных могілак “Благаўшчына” — месца правядзення мітынгу-рэквіема — прайшлі міма архітэктурна-скульптурных збудаванняў, што сімвалізуюць вагоны, у якіх прывозілі людзей у канцлагер. У вокнах гэтых вагонаў былі бачны запаленыя лампады і кветкі. Пры гэтым на фанаграме чуліся гукі поезда, які набліжаецца, галасы людзей на розных мовах, дзіцячыя крыкі.

Падчас выступлення на мітынгу-рэквіеме кіраўнік беларускай дзяржавы аб’явіў мінуту маўчання. Пра тое, як важна помніць урокі гісторыі, гаварылі прэзідэнты Германіі і Аўстрыі, іншыя высокія госці. Было агучана пасланне Прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды.

Увазе ўдзельнікаў мерапрыемства быў прадстаўлены музычны эпізод “Мінута памяці і смутку”, які сімвалізуе памяць аб ахвярах фашысцкіх катаў і заклік не дапусціць паўтарэння жахаў вайны. Прагучалі таксама вершы і музыка ў выкананні зводнага ансамбля скрыпачоў. На завяршэнне ў неба былі выпушчаны белыя галубы, а Прэзідэнт Беларусі і высокія госці ўсклалі кветкі да памятнай пліты мемарыяльных могілак “Благаўшчына”.

“Трасцянец” — адно з найбуйнейшых месцаў масавага знішчэння нацыстамі грамадзянскага насельніцтва ў 1941—1944 гадах. Па колькасці ахвяр ён знаходзіцца на чацвёртым месцы пасля лагераў смерці “Асвенцім”, “Майданак” і “Траблінка”. У “Трасцянцы” загінулі жыхары Беларусі, іншых савецкіх рэспублік, дэпартаваныя грамадзяне заходнееўрапейскіх дзяржаў, уключаючы Аўстрыю, Германію, Чэхаславакію. Паводле афіцыйных даных, у “Трасцянцы” абарвалася жыццё больш як 200 тысяч чалавек з розных краін.

Выступаючы на мерапрыемстве, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў захаваць праўду пра Другую сусветную вайну і не дапусціць адраджэння страшнага мінулага.

“Маючы ўнікальную магчымасць ведаць праўду той вайны з расказаў відавочцаў, галоўнае, што мы павінны зрабіць, — захаваць гэтую праўду, не дапусціць адраджэння страшнага мінулага, бо гісторыя жорстка паказала, што нельга ігнараваць зло, нават тое, якое існуе на стадыі ідэі. Яго трансфармацыя ў рэальную пагрозу ў такім выпадку — пытанне часу”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

“Мы — прадстаўнікі розных народаў, веравызнанняў, жыхары розных дзяржаў, палітыкі і грамадскія дзеячы — знаходзімся тут, таму што помнім трагічныя ўрокі агульнай гісторыі. Ведаем, як абясцэніла чалавечае жыццё ідэалогія нацызму, што перавярнула свет злачынствамі, якім няма роўных па сваёй бязлітаснасці”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, самай неспасціжнай з’явай Другой сусветнай вайны сталі лагеры смерці. На тэрыторыі аднаго з іх, найбуйнейшага па колькасці ахвяр, пабудаваны новы памятны аб’ект у Благаўшчыне. “Дарогай смерці тут наканавана было прайсці яўрэям з Берліна, Брэмена, Вены, Дортмунда, Прагі і іншых еўрапейскіх гарадоў. Тут пахаваны прах і беларускага мірнага насельніцтва, падпольшчыкаў і савецкіх ваеннапалонных, якія былі знішчаны, — адзначыў прэзідэнт. — Каты, замбіраваныя і кіруемыя антыгуманнай нацысцкай ідэяй, знішчалі ўсіх, хто не адпавядаў іх ненармальнаму ўяўленню аб новым парадку і светаўладкаванні”.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што беларускім архітэктарам удалося адлюстраваць у мемарыяле тонкую грань паміж жыццём і смерцю, пераступіўшы якую жывы чалавек ператвараўся ў прыгаршчу попелу. Ён выказаў шчырыя словы ўдзячнасці прысутным на мерапрыемстве прэзідэнтам, палітыкам і грамадскім дзеячам, прадстаўнікам рэлігійных арганізацый, кіраўніцтву і жыхарам еўрапейскіх гарадоў, усім неабыякавым людзям, агульнымі намаганнямі якіх захоўваецца памяць аб ахвярах “Трасцянца”.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў усіх падтрымаць ініцыятыву беларускага боку па стварэнні электроннай Кнігі памяці ахвяр “Трасцянца”.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ўдзельнікаў мерапрыемства сабраў боль памяці пра страшныя падзеі Другой сусветнай вайны. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўны сімвал цяперашняй сустрэчы — тое, што ўсе яе ўдзельнікі сабраліся разам, як адна сям’я.

“Пасляваенны лад на многія дзесяцігоддзі забяспечыў баланс бяспекі і міру на кантыненце. І здавалася, што ўрокі Другой сусветнай вайны, агульныя для ўсіх, назаўсёды засвоены чалавецтвам. Але сёння мы бачым, што мінулае нас не пакідае. Многія не прызнаюць дзяржаўных граніц. Су-светная супольнасць зноў сутыкаецца з “дэманамі нецярпімасці”, якія распальваюць нянавісць і правакуюць насілле”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь пераканана ў неабходнасці пачаць новы маштабны міжнародны дыялог, накіраваны на пераадоленне ўсіх супярэчнасцей. “Дыялог, дэфіцыт якога выразна адчуваецца ў цяперашніх геапалітычных адносінах”, — адзначыў ён.

Толькі праз давер, павагу і адкрытую, сумленную размову магчыма прыйсці да рэальнага ўмацавання міжнароднай бяспекі, разам супрацьстаяць варожасці, нянавісці і фанатызму, забяспечыць дзецям шчаслівую будучыню, упэўнены беларускі лідар.

“І няважна, дзе адбудзецца гэты дыялог, і нават няважна, у рамках якой арганізацыі — дзеючай ці новастворанай, але гэты дыялог нам вельмі патрэбны. І ўсе мы гэта разумеем. Адчуваецца холад ужо не халоднай вайны. Нам трэба спыніцца. І тое, што мы сёння пра гэта гаворым, — залог таго, што мы навучыліся атрымліваць урокі з гісторыі. Ніколі больш не павінна паўтарыцца ў свеце трагедыя, якая паставіла пад пагрозу існаванне чалавецтва”, — рэзюмаваў беларускі лідар.

Федэральны Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер, выступаючы на мітынгу-рэквіеме на тэрыторыі былога лагера смерці “Трасцянец”, паабяцаў не даць згаснуць ведам пра злачынствы нацыстаў у гады Другой сусветнай вайны.

“Чым бліжэй падыходзіш да гэтага месца, тым з большай цяжкасцю даецца гэты шлях. Веданне пра тое, што тут адбылося, кладзецца на плечы мнагатонным цяжарам. Хто прыходзіць сюды, той чытаў ці чуў пра злачынствы, якія немцы здзейснілі ў адносінах да беларусаў, сваіх еўрапейскіх суседзяў і сваіх жа землякоў, той ведае, які спусташальны след пакінула на гэтай зямлі апошняя кашмарная вайна”, — сказаў Прэзідэнт Германіі.

Франк-Вальтэр Штайнмаер упэўнены: агульнаеўрапейская адказнасць за тое, каб больш не было вайны, грунтуецца на веданні таго, што людзі рабілі са сваімі блізкімі ў месцах, падобных да “Трасцянца”, таму важна вывучаць гісторыю і перадаваць яе кожнаму наступнаму пакаленню. “Часткай гэтай гістарычнай памяці еўрапейцаў, а ў першую чаргу немцаў, непазбежна з’яўляецца і гісторыя Беларусі. Пасля амаль трох дзесяцігоддзяў незалежнасці настаў час для таго, каб гэтая краіна ў нашай свядомасці і разуменні выйшла з ценю Савецкага Саюза, але перш за ўсё каб Беларусь успрымалася як дзяржава са сваёй гісторыяй, сучаснасцю і будучыняй”, — лічыць ён.

Федэральны прэзідэнт адзначыў, што мемарыяльны комплекс “Трасцянец” увасабляе не толькі жудасную старонку беларускай гісторыі, але і агульную памяць. Гэта вынік сумесных намаганняў беларускіх і германскіх гісторыкаў і грамадскіх груп, такіх як міжнародныя адукацыйныя цэнтры ў Беларусі і Германіі.

“Без волі Беларусі да прымірэння гэтае супрацоўніцтва было б немагчымым. Мы ніколі не павінны забываць: мэта вайны на знішчэнне, развязанай Германіяй, заключалася ў тым, каб сцерці з зямлі краіну і людзей, якія ў ёй жылі. Чым глыбейшая мая пакора, тым больш я ўдзячны людзям у Беларусі за іх волю да прымірэння”, — падкрэсліў германскі лідар.

Гісторыя “Трасцянца” і яго ахвяр вельмі доўга была белай плямай на карце памяці Заходняй Еўропы, заявіў Федэральны Прэзідэнт Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Белен, выступаючы на мітынгу-рэквіеме на тэрыторыі былога лагера смерці “Трасцянец”.

“Людзі ведаюць “Асвенцім”, і гэта важна. Але на фоне “Асвенціма” на задні план часта адыходзяць назвы іншых, не менш жудасных месцаў. І існуе небяспека, што забыццё назваў канцэнтрацыйных лагераў і лагераў смерці можа прывесці да страты памяці пра незлічоныя ахвяры і гіганцкія маштабы знішчэння. Нацыянал-сацыялісты стварылі сетку тэрору, якая накрыла ўсю Еўропу. Веды пра гэта мы павінны ў нашых жа інтарэсах захаваць у калектыўнай памяці Еўропы як перасцярогу”, — заявіў Аляксандр Ван дэр Белен.

Ён выказаў надзею, што такія мемарыялы, як “Трасцянец”, будуць нагадваць будучым пакаленням пра каштоўнасці міру і чалавечнасці.

“Таму я хацеў бы, каб мы аддалі даніну памяці ахвярам “Малога Трасцянца” з пачуццём надзеі, якая аб’ядноўвае. І — як вобразна сказана ў Дэкларацыі Стакгольмскага міжнароднага форуму па халакосце — каб мы “пасеялі насенне лепшай будучыні ў зямлю горкага мінулага”, — дадаў федэральны прэзідэнт.