Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Ніякіх непатрэбных паслабленняў быць не павінна. Для таго каб вучыцца ў ВНУ, патрэбны веды”

- 10:43Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў 14 мая з дакладам віцэ-прэм’ера Ігара Петрышэнку і міністра адукацыі Ігара Карпенку.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ніякія праблемы ў эканоміцы і, тым больш, ніякія вірусы не адмяняюць актуаль­най тэмы, якая ляжыць у сферы адукацыі дзяцей, і рашэнняў у гэтым плане.

У цэнтры ўвагі былі тры тэмы — завяршэнне навучальнага года ў сістэме адукацыі, уступная кампанія і экзамены, летняе аздараўленне і адпачынак дзяцей. “На пытанні па гэтых тэмах цяпер трэба даваць адказ”, — заявіў беларускі лідар.

“Хацеў бы пачуць ваш пункт гледжання, што будзем рабіць і як будзем працаваць. У нас жа экзамены ў 9-х і 11-х класах, затым у ВНУ завяршэнне навучальнага года, уступныя экзамены. Нам трэба зыходзіць з таго, як развівалася сітуацыя ў Беларусі і якія меры прымаліся і мной, і іншымі органамі ўлады ў сувязі з гэтай пандэміяй і віруснымі праблемамі. Рашэнні будуць зыходзіць выключна з таго, як развіваліся гэтыя падзеі. А не з таго, як робяць нашы суседзі. Мы не жылі так, як жылі нашы суседзі. Мы нічога не забаранялі, мы адкрыта і сумленна гаварылі людзям, як трэба жыць і працаваць”, — адзначыў прэзідэнт.

“Таму з гэтага будзем зыходзіць. Ніякіх непатрэбных паслабленняў быць не павінна. Для таго каб вучыцца ў ВНУ, патрэбны веды. Веды на стол — паступай у ВНУ. Калі гэта школа, давайце вызначымся, як мы будзем право­дзіць там выпускныя экзамены ў 9-х і 11-х класах. Я гатовы выслухаць вашы прапановы для прыняцця адпаведнага рашэння”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ігар Карпенка далажыў прэзідэнту, што на сённяшні момант школы ў сярэднім наведваюць 41% навучэнцаў. “Гэта ў першую змену. Па-рознаму развіваюцца падзеі ў розных рэгіёнах. Асабліва ў сельскай мясцовасці — там значна больш школьнікаў на занятках. І мы выбудоўваем адукацыйны працэс такім чынам, каб не страціць ­якасць адукацыі. Натуральна, стаіць пытанне, як атэставаць школьнікаў”, — сказаў міністр.

Як патлумачыў па выніках даклада кіраўніку дзяржавы міністр адукацыі Ігар Карпенка, праблем у тым, каб атэставаць усіх школьнікаў па выніках навучальнага года, не існуе.

Ігар Карпенка падкрэсліў, што парадак атэстацыі ні­хто не мяняў. “Не раз ужо гаварыў, што мы ўсіх атэстуем. Ніякіх праблем тут няма. І не трэба нагнятаць пытанне ў тэхналагічных нейкіх аспектах, — заявіў міністр. — Схема ёсць, нічога не змянілася. Парадак атэстацыі ніхто не адмяняў. Ён дзейнічае. І кожны настаўнік ведае гэты парадак атэстацыі”.

Ён дадаў, што кожны педагог таксама ведае сваіх вучняў, на што яны здольны, ацэньвае работу ў цэлым на працягу навучальнага года. Больш за тое, з улікам сітуацыі, якая склалася ў школах, арганізавана і індывідуальнае аддаленае навучанне, у тым ліку з выкарыстаннем IT-тэхналогій. “Настаўнік вызначае адзнаку, якую ён павінен выставіць. Калі ўзнікае нейкая спрэчная сітуацыя, ёсць формы. Мы вызначылі, што гэта могуць быць нейкія індывідуальныя кансультацыі і сустрэчы па-за вучэбнымі заняткамі”, — падкрэсліў міністр.

“Ніякіх тут праблем няма. Калі ў кагосьці ўзніка­юць праблемы, трэба задаваць гэтыя пытанні не прэсе, а канкрэтнаму ўпраўленню адукацыі. У горшым выпадку, Міністэрству адукацыі”, — адзначыў Ігар Карпенка.

Ён паведаміў, што ў краіне перанясуць тэрміны ўступнай кампаніі.

Цэнтралізаванае тэсціраванне пачнецца з 25 чэрвеня, у той час, як раней яно павінна было стартаваць 13 чэрвеня.

“У найбліжэйшы час мы прадставім новы графік правядзення ЦТ. Цяпер усё яшчэ раз адпрацуем, уважліва паглядзім. Тое, што ЦТ пачнецца 25 чэрвеня, — гэта дакладна”, — заявіў міністр.

“Гэта не значыць, што ў нас не будзе запасу часу для таго, каб падрыхтавацца да пачатку новага навучальнага года. Якраз мы ўкладваемся ва ўсе тэрміны правя­дзення кампаніі, уключаючы момант падачы дакументаў, залічэнне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на бю­джэт і платнае навучанне, паступленне ў сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы”, — падкрэс­ліў Ігар Карпенка.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка адзначыў, што тэсціраванне па найбольш масавых прадметах падзеляць на два дні. “Рускую мову і матэматыку, на якія запісваецца найбольшая колькасць абітурыентаў, падзелім на два дні. Гэта бу­дзе такая навацыя, але гэта не зна­чыць, што тэст першага дня будзе такім жа і на другі дзень. У нас па кожным прадмеце створана даволі вялікая база, і кожны раз дзяржкамісія метадам камп’ютарнага адбору прадаставіць адпаведны тэст. Усе тэсты створаны па праграме агульнай сярэдняй адукацыі. Як заўсёды, патрэбны веды і падрыхтава­насць абітурыентаў”, — сказаў Ігар Карпенка.

Міністр таксама расказаў, што ў гэтым годзе лічбы прыёму крыху павялічаны, у асноўным за кошт тэхнічных, тэхналагічных спецыяльнасцей, медыцынскіх, фізкультурна-аздараўленчых. “Такім чынам, мы прапануем крыху больш месцаў абітурыентам, чым у мінулым годзе. Ня­шмат павялічаны набор і ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. А ў сістэме прафтэх­адукацыі ідзе гібкі набор. Мы можам лічбы скарэкціраваць”, — адзначыў ён.

Міністэрства адукацыі прапануе вырашаць пытанне аб правядзенні выпускных вечароў індывідуальна ў кожнай навучальнай установе, адзначыў Ігар Карпенка. Міністр растлумачыў, што правядзенне масавых мерапрыемстваў у навучальных установах у цэлым абмежавана. У гэтай сувязі не будзе праводзіцца рэспубліканскі “Апошні званок”, які планаваўся ў Бабруйску. “Разам з тым ёсць мноства зваротаў наконт завяршэння навучальнага года і правядзення выпускных вечароў. Тут трэба зыходзіць з таго, які гэта рэгіён, якая ўстанова адукацыі, якая там сітуацыя складваецца”, — перакананы міністр.

Паводле яго слоў, ёсць дамоўленасць, што атэстаты аб сярэдняй адукацыі выпускнікам школ уручаць ва ўрачыстай атмасферы. Наконт выпускных вечароў рашэнне будзе пры­маць адміністрацыя навучальных устаноў. “Школа павінна на месцы з бацькамі вызначыцца, у якім фармаце яны правядуць гэта. Калі я пачну зараз зверху навязваць, гаварыць, што рабіць кожнаму класу, або прапаноў­ваць падзяліць клас на дзве паловы, напэўна, гэта будзе не заўсёды ўспрымацца адэкватна. Мы не будзем нікога ні ў чым абмяжоўваць у гэтых пытаннях”, — адзначыў Ігар Карпенка.

У той жа час для яго незразумелая пазіцыя асобных бацькоў і будучых выпускнікоў, якія цяпер адмаўляюцца наведваць школьныя заняткі і адначасова перажываюць наконт выпускных вечароў. “Ці не трэба нагнятаць незразумелую істэрыю, калі (выказваецца меркаванне. — Заўв. БелТА.), што ў школу я не іду, але мяне так хвалюе тэма, як жа я буду на выпускным і ў якой сукенцы”, — сказаў міністр.

Што тычыцца арганізацыі Рэспубліканскага балю выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі, які традыцыйна праходзіць у канцы чэрвеня, то канчатковае рашэнне па гэтым пытанні пакуль не прынята. “Мы ўнеслі свае прапановы кіраўніку дзяржавы. Думаю, што ў найбліжэйшы час бу­дзе вызначана канкрэтная дата і фармат гэтага мерапрыемства. Мы прапануем яго правесці”, — сказаў міністр.

Летнія лагеры з кругласутачным знаходжаннем дзяцей пачнуць працаваць з 15 чэрвеня, а школьныя — з 1 чэрвеня, паведаміў міністр адукацыі Ігар Карпенка па выніках даклада прэзідэнту.

Паводле яго слоў, навучальны год завершыцца, як і планавалася, 30 мая. А ўжо з першых дзён чэрвеня пачнуць праца­ваць дзіцячыя лагеры ў школах. Міністр адзначыў, што коль­касць месцаў у іх будзе залежаць ад колькасці жадаючых наведваць такія лагеры. Заяўкі ад бацькоў, па яго словах, паступаюць.

Адносна летніх лагераў з кругласутачным знаходжаннем: тэрміны пачатку іх працы змесцяцца на больш позні перыяд. “Улічваючы пажаданні Міністэрства аховы здароўя, летнія лагеры з кругласутачным знаходжаннем мы адкрыем з 15 чэрвеня”, — растлумачыў міністр.

Паводле звестак Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні, у гэтым годзе ў летні перыяд планавалася аздаравіць больш як 408 тысяч дзяцей (у 2019 го­дзе на аздараўленні летам пабывалі 392 тысячы).

Работы па падрыхтоўцы лагераў з кругласутачным рэжымам знаходжання для прыёму дзяцей будуць завершаны да 1 чэрвеня.