Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Новы этап пачынаецца ў жыцці маім і, напэўна, нашага грамадства ў цэлым”

- 10:26Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка канстатуе пачатак новага этапу не толькі ў яго жыцці, але і ўсяго грамадства. На гэта ён звярнуў увагу 13 кастрычніка на сустрэчы ў Мінску з прэзідэнтам палаты эканомікі Аўстрыі Крыстафам Ляйтлам і першым намеснікам старшыні Нацыянальнага савета Аўстрыі Карлхайнцам Копфам.

“Новы этап пачынаецца ў жыцці маім і, напэўна, нашага грамадства ў цэлым. Гэта яшчэ трэба асэнсаваць”, — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка лічыць невыпадковай сустрэчу менавіта з прадстаўнікамі аўстрыйскай дзяржавы пасля праведзеных у Беларусі прэзідэнцкіх выбараў. Ён звярнуў увагу, што ў пачатку яго першага прэзідэнцкага тэрміну ў яго памяці засталіся сустрэчы і тэмы, звязаныя з узаемаадносінамі з Аўстрыяй. “І мне тады здалося, што Захад неяк размеркаваў свае ролі на постсавецкай прасторы, і нам дасталася такая высокатэхналагічная і ў нечым падобная да нас Аўстрыя”, — сказаў беларускі лідар.
“Таму на гэтым этапе, калі ў нас адбываецца пацяпленне з Еўрасаюзам і з асобнымі краінамі Еўрасаюза, напэўна, невыпадкова і заканамерна тое, што мы сёння сустракаемся з вамі і ў Мінску праходзяць мерапрыемствы, звязаныя з эканамічным супрацоўніцтвам: з аднаго боку — прадстаўнікі Еўразійскага эканамічнага саюза, з другога — Еўрапейскага саюза ў асобе не чужой ужо нам Аўстрыі”, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
У сваю чаргу першы намеснік старшыні Нацыянальнага савета Аўстрыі Карлхайнц Копф адзначыў, што, на яго думку, следам за прыпыненнем ЕС санкцый адносна Беларусі пойдуць і іншыя крокі.
“Не бывае выпадковых супадзенняў. Думаю, што наша сустрэча таксама не выпадковае супадзенне, а ўдачны збег акалічнасцей”, — сказаў Карлхайнц Копф.
“У мінулую нядзелю вы атрымалі пераканаўчую перамогу на прэзідэнцкіх выбарах. Еўрасаюз зрабіў першы крок да адмены санкцый. Упэўнены, што за гэтым пойдуць і іншыя крокі і ў нашых адносінах сапраўды будзе адкрыта новая старонка, мы ўступім у новую эру”, — адзначыў Карлхайнц Копф.
Ён выказаў задавальненне тым, што Аўстрыя традыцыйна адыгрывала важную ролю ў наладжванні кантактаў паміж Беларуссю і ЕС, у зняцці напружанасці. “У гэтым сэнсе мы ўнеслі пэўны ўклад і рады гэтаму”, — сказаў першы намеснік старшыні Нацыянальнага савета Аўстрыі.