Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Новыя пакаленні павінны атрымаць ад нас не проста імпульс, а трывалую аснову для далейшага руху па шляху супрацоўніцтва”

- 10:31Інфармацыйная гадзіна

У Еўропе не знойдзецца больш блізкай Кітаю краіны, чым Беларусь. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі кітайскіх цэнтральных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі — удзельнікамі прэс-туру ў Беларусь.

“Сусветная эканоміка і палітыка сталі, на жаль, непрадказальнымі. Але насуперак сусветным выклікам Беларусь і Кітай стварылі моцныя, трывалыя і надзейныя міждзяржаўныя сувязі — адносіны давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Напэўна, не знойдзецца ў Еўропе больш блізкай Кітаю краіны, чым Беларусь”.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што старшыня Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзян, наведваючы нядаўна Беларусь, назваў краіны жалезнымі братамі. “І сапраўды, сёння нашу дружбу, якая доўжыцца чвэрць стагоддзя, а каранямі ідзе ў больш даўнюю гісторыю, мы называем усепагоднай, — адзначыў прэзідэнт. — Мы дасягнулі значных вынікаў і ў палітыцы, падтрымліваючы адно аднаго ў міжнародных арганізацыях, і ў эканоміцы”.

Беларусь і Кітай ужо рэалізавалі дзясяткі інвестыцыйных праектаў у энергетыцы і будаўніцтве, цяпер разам ствараюць індустрыяльны парк. У гуманітарнай сферы ідзе абмен студэнтамі, развіваецца супрацоўніцтва ў галіне навукі і турызму. “Тым не менш лічу, што ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Кітаем павінна быць яшчэ больш маштабным і дынамічным. Менавіта таму бягучы год мы ацэньваем як пераломны ў двухбаковых адносінах”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам — гістарычная падзея

Прэс-тур у Беларусь журналістаў цэнтральных і рэгіянальных СМІ Кітая і іх сустрэча з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам — гістарычныя падзеі. Такое меркаванне выказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін.

“Гэтыя мерапрыемствы маюць гістарычнае значэнне. Яны адбыліся ўпершыню за 25 гадоў дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. Ваша краіна запрасіла больш за 40 журналістаў з розных рэгіёнаў. Яны мелі магчымасць задаваць пытанні прэзідэнту аб адносінах Беларусі і Кітая, аб тым, як мы будзем разам будаваць эканамічны пояс “Шаўковага шляху”, — сказаў Цуй Цымін.

Дыпламат падкрэсліў, што прэс-тур кітайскіх журналістаў у Беларусь і іх сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам — важны крок у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. Журналісты ўпершыню пабывалі ў краіне і змаглі пазнаёміцца з яе культурай і традыцыямі, вытворчым патэнцыялам, вывучыць знешнюю і ўнутраную палітыку дзяржавы.

У сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, якая адбылася ў Палацы Незалежнасці, прыняло ўдзел каля 40 журналістаў з найбуйнейшых СМІ Кітая, у тым ліку інфармацыйнага агенцтва “Сіньхуа”, газет “Жэньмінь Жыбаа” і “Чайна Дэйлі”, Цэнтральнага тэлебачання Кітая, а таксама шэрага іншых друкаваных, электронных і тэлевізійных рэсурсаў.

“Чайна Дэйлі” — афіцыйная кітайская штодзённая газета на англійскай мове. Яна была заснавана ў 1981 годзе і распаўсюджваецца па ўсім свеце тыражом больш за 900 тысяч экзэмпляраў, з іх за мяжой — звыш 600 тысяч.

Гэты сродак масавай інфармацыі з’яўляецца адзінай газетай Кітая, якая займае лідзіруючыя пазіцыі ў сусветнай інфармацыйнай прасторы.

“Гэты прэс-тур арганізаваны спецыяльна напярэдадні саміту “Адзін пояс і адзін шлях”, у якім прыме ўдзел і Беларусь. На форуме будуць разглядацца глабальныя пытанні, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Па сутнасці, сама ініцыятыва “Адзін пояс і адзін шлях” з’яўляецца гістарычнай і перакройвае эканамічную карту свету, ствараючы новыя пункты росту сусветнай эканомікі”.

Пры гэтым прэзідэнт падкрэсліў, што Кітай пры рэалізацыі гэтай ініцыятывы не мае намеру навязваць свае інтарэсы або займацца гандлёвай экспансіяй дзяржаў. “Кітай ідзе — і ў гэтым асаблівасць, ніколі ў свеце такога не было — як дружалюбная краіна, прапануючы крэдыты, інвестыцыі, самыя перадавыя тэхналогіі ў тых краінах, праз якія пройдзе “Шаўковы шлях”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што прадстаўнікі кітайскіх СМІ ў час прэс-туру ў Беларусь ужо наведалі Кітайска-беларускі індустрыяльны парк. Ён павінен стаць адной з вузлавых пляцовак эканамічнага пояса “Шаўковага шляху”. “Невыпадкова ж Сі Цзіньпін назваў яго жамчужынай гэтага маштабнага праекта. “Вялікі камень” і з’яўляецца прыкладам таго, як Кітай перакройвае эканамічную карту свету. Ён прыходзіць у Беларусь, мы з ім ствараем тут велізарную індустрыяльную пляцоўку. Следам сюды прыходзяць самыя перадавыя кампаніі планеты, перш за ўсё Кітайскай Народнай Рэспублікі, — адзначыў беларускі лідар. — Калі падлічваліся вынікі “Вялікага каменя”, мы меркавалі, што Беларусь толькі ад экспарту прадукцыі з гэтага парка атрымае прыток валюты каля $50 млрд”.

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што ў час яго візіту ў Кітай, які мае адбыцца, запланавана сустрэча са старшынёй КНР. “Мы абмяркуем не толькі актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня, але і ў першую чаргу тэмы, важныя для пашырэння нашага двухбаковага ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, фінансавай і гуманітарнай сферах”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік нашай дзяржавы ў размове з кітайскімі журналістамі падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі Беларусі і Кітая. “Менавіта там знаходзяцца асноўныя рэзервы ўзаемадзеяння. Наверсе вырашыць можна шмат што ў дамоўленасцях паміж прэзідэнтамі, урадамі, ведамствамі. А вось рэалізаваць усё гэта ў поўным аб’ёме можна, толькі падцягваючы канкрэтныя правінцыі і рэгіёны. Гэта добрае не толькі дапаўненне ў рэалізацыі дамоўленасцей паміж кіраўніцтвам Кітая і Беларусі, міжрэгіянальнае супрацоўніцтва — добры рухавік нашых адносін”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Дыялог сяброў

Адкрыты і шчыры дыялог з’яўляецца сімвалам беларуска-кітайскіх адносін. Такое меркаванне выказаў карэспандэнт газеты “Чайна Дэйлі” Жэнь Цы па выніках сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі кітайскіх цэнтральных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі — удзельнікамі прэс-туру ў Беларусь.

“У час сустрэчы быў выбудаваны прыемны, добразычлівы дыялог паміж прэзідэнтам і нашымі СМІ. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь і Кітай у розных галінах падтрымліваюць вельмі высокі ўзровень узаемадзеяння і партнёрства. Мне спадабалася, што адказы Аляксандра Лукашэнкі былі вельмі шчырымі. Мы ўдзячны за гэты адкрыты дыялог. Думаю, што ён з’яўляецца сімвалам беларуска-кітайскіх партнёрскіх узаемаадносін і сведчыць аб высокім узроўні ўзаемадзеяння паміж краінамі”, — сказаў Жэнь Цы.

Журналіст адзначыў, што ўпершыню наведвае Беларусь. Яму ўдалося пабываць на некалькіх беларускіх прадпрыемствах, азнаёміцца з выдатнымі мясцінамі краіны і яе сталіцай. “Мяне найбольш уразіла сама атмасфера: чыстае паветра, прыгожая прырода і тое дружалюбнае, добрае стаўленне, якое вы праяўляеце да нас. Учора вечарам мы з калегамі выйшлі па пакупкі і паглядзелі, як жывуць вашы людзі, як арганізаваны вашы магазіны і якія прыгожыя ў вас вуліцы. Нас вельмі ўразіла ваша гарадская культура — спакойны, умераны лад жыцця, няма ніякай спешкі”, — канстатаваў ён.

Прэзідэнт прывёў прыклад узаемадзеяння паміж беларускімі і расійскімі рэгіёнамі. “Я часта гавару, што, калі б не было міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з Расіяй, у нас ніколі не было б такіх саюзніцкіх адносін з гэтай дзяржавай”, — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што кожная вобласць Кітая па эканамічным патэнцыяле параўнальная з моцнай сярэднееўрапейскай краінай. У прыватнасці, ВУП адной толькі правінцыі Гуандун складае амаль $1,3 трлн.

Адказваючы на пытанні журналістаў, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь зацікаўлена развіваць супрацоўніцтва з правінцыяй Гуандун. Бакі актывізавалі гандаль, значна рушылі наперад у сферы турызму і навукі. Кітайскі рэгіён таксама гатовы пабудаваць у індустрыяльным парку “Вялікі камень” прадпрыемствы святлодыёднай прамысловасці. “Сёння ідзе размова аб адкрыцці прамога авіярэйса паміж Мінскам і Гуанчжоу, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Таму перспектывы добрыя”.

Беларусь гатова аказваць падтрымку і іншым рэгіёнам Кітая. “Забароненых тэм і праблем няма ў нашых адносінах, таму вы можаце разлічваць на падтрымку любой вашай ініцыятывы ў Беларусі. Прыходзьце, прапануйце — мы з вялікім задавальненнем прымем і акажам вам падтрымку”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка расказаў аб сваім бачанні перспектыў беларуска-кітайскіх адносін. “Мы чакаем ад нашых адносін яшчэ большай выніковасці”, — сказаў прэзідэнт. Перш за ўсё размова ідзе аб эканоміцы, у прыватнасці аб развіцці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. “Вельмі важна цяпер рушыць наперад у эканамічных пытаннях, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Нам вельмі важна больш аператыўна прыцягваць у індустрыяльны парк “Вялікі камень” прадпрыемствы з самымі перадавымі тэхналогіямі — заўтрашняга, а можа, нават паслязаўтрашняга дня”.

Старшыня КНР Сі Цзіньпін надае гэтаму праекту вялікае значэнне, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што пасля сустрэчы ў Пекіне, якая мае адбыцца, індустрыяльны парк “Вялікі камень” атрымае дадатковае дыханне і развіццё. Так, Беларусь разлічвае на больш хуткі прыход інвестараў, перш за ўсё з КНР.

Беларусь — прыклад таго, як трэба ствараць моцныя і дружалюбныя сувязі

Такое меркаванне выказаў карэспандэнт Шаньдунскай тэлерадыёкампаніі Юань Баога па выніках сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі кітайскіх цэнтральных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі — удзельнікамі прэс-туру ў Беларусь.

“Ваш прэзідэнт вельмі добра ведае Кітай і інфармаваны аб дасягненнях у развіцці нашай краіны. Ён вельмі дакладна і ўсебакова расказаў пра беларуска-кітайскае супрацоўніцтва, — сказаў Юань Баога. — Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца вельмі добрым сябрам для нашай краіны, бо паміж нашымі дзяржавамі склалася моцнае супрацоўніцтва. Мы павінны даражыць ім і развіваць яго, таму што такія добрыя адносіны паміж дзяржавамі вельмі важныя для іх народаў. Мы павінны браць прыклад з вас, вашага прэзідэнта, як неабходна ствараць моцныя, дружалюбныя сувязі паміж краінамі”.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, беларускі бок вельмі цэніць адносіны з КНР, у тым ліку крэдытную падтрымку акупных праектаў, якая аказваецца з яе боку. У Беларусі пабудавана вялікая колькасць прадпрыемстваў з удзелам кітайскіх спецыялістаў і на аснове кітайскіх тэхналогій.

“Сі Цзіньпін заўсёды будзе для нас вялікім сябрам, і прыязджаць у Беларусь ён будзе без віз, калі таго пажадае”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў, што з кітайскім лідарам яны па-сяброўску абмяркоўваюць любыя пытанні. “Мы не ўтойваем адзін ад аднаго нічога. Гледзячы адзін аднаму ў вочы, па-сяброўску абмяркоўваем любыя праблемы: не толькі нашых адносін, але і міжнароднага супрацоўніцтва”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Сяброўскія адносіны ўстанавіліся і паміж сем’ямі лідараў дзвюх краін.

У гэтым годзе адзначаецца 25-годдзе ўстанаўлення беларуска-кітайскіх адносін, і ён павінен стаць пераломным, падкрэсліў таксама Аляксандр Лукашэнка. У сувязі з гэтым візіт, які мае адбыцца, будзе вельмі важным, упэўнены кіраўнік дзяржавы. “Ён будзе важным для будучага, у плане ўдасканалення нашых адносін, развіцця давернага ўсебаковага стратэгічнага супрацоўніцтва”, — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што цяперашняе кіраўніцтва Беларусі і Кітая павінна стварыць фундамент двухбаковых адносін для будучых пакаленняў. “Новыя пакаленні павінны атрымаць ад нас не проста імпульс, а трывалую аснову для далейшага руху па шляху супрацоўніцтва”, — сказаў прэзідэнт.