Аляксандр ЛУКАШЭНКА: ”Пабудавалі палац, інакш не скажаш”

- 11:52Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў вынікі праведзенай рэканструкцыі Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. Пра гэта ён заявіў, размаўляючы з жыхарамі горада.

“Пабудавалі палац, інакш не скажаш. Найвышэйшыя тэхналогіі, цудоўная бальніца”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такія цэнтры створаны ў кожнай вобласці, і першапачаткова быў прапанаваны праект па будаўніцтве гэтай бальніцы за горадам. Аднак прэзідэнт даручыў рэканструяваць і расшырыць комплекс менавіта ў самім абласным цэнтры. “Сёння атрымаўся цудоўны квартал з унутраным садком”, — сказаў ён.

“Не шкада. Гэта для нашых дзяцей. Што яны там твораць… (у плане высокага ўзроўню медыцынскага абслугоўвання. — Заўвага БелТА.) І гэта ж не ў Мінску ў цэнтры “Маці і дзіця”, а ў абласным цэнтры”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Рэканструкцыя дзіцячай абласной клінічнай бальніцы ў Гомелі ажыццяўлялася ў перыяд з 2016 года па ліпень 2018 года. Праектаванне і будаўніцтва вялося паралельна. Рэканструкцыя дала магчымасць павялічыць колькасць ложкаў з 362 да 552. З іншых клінік пераведзены ўсе аддзяленні для дзяцей хірургічнага, саматычнага профілю, аддзяленні для нованароджаных і неданошаных дзяцей, з’явілася магчымасць арганізаваць работу алергалагічных ложкаў. Створаны сучасныя прыёмныя аддзяленні, у якіх забяспечана магчымасць дыягностыкі любога захворвання на этапе паступлення ў стацыянар. Устаноўлена сучасная медыцынская тэхніка (камп’ютарны і магнітна-рэзанансны тамографы) для правядзення рэнтгеналагічнага і клініка-дыягнастычных лабараторных даследаванняў. Аперацыйныя і аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі аснашчаны высокатэхналагічным абсталяваннем.

Аляксандр Лукашэнка ў Гомелі таксама наведаў ААТ “Гомсельмаш”, дзе азнаёміўся са станам і перспектывамі развіцця прадпрыемства, работай канструктарскага бюро па стварэнні новых узораў высокапрадукцыйнай збожжа- і кормаўборачнай тэхнікі. Кіраўніку дзяржавы далажылі пра выкананне даручэнняў па развіцці айчыннага камбайна-будавання.

У час наведвання прадпрыемства Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў запусціць у краіне маштабную праграму па аднаўленні і мадэрнізацыі тэхнікі, якая адслужыла свой тэрмін. У першую чаргу гэта тычыцца тэхнікі такіх беларускіх прамысловых гігантаў, як МАЗ, МТЗ і “Гомсельмаш”.

Прэзідэнт, у прыватнасці, звярнуў увагу, што прывядзенне ў парадак паралельна з пэўнай мадэрнізацыяй старой тэхнікі магло б стаць паўнавартасным дадатковым напрамкам работы ААТ “Гомсельмаш”, якая была б запатрабавана не толькі ў Беларусі, але і ў сумежных краінах — Расіі, Украіне. З іншага боку, гэта было б выгадна і самім сельгасарганізацыям, якія маглі б вярнуць у абарот старую невыкарыстоўваемую тэхніку за трэць або палову кошту новай.

Як аказалася, “Гомсельмаш” ужо працуе ў гэтым напрамку, аднак пакуль толькі ў рамках гомельскага рэгіёна. “Нам трэба гэтую праграму закруціць у маштабах усёй краіны”, — сказаў прэзідэнт. Ён даручыў за зіму прапрацаваць адпаведныя пытанні і з 1 студзеня пачынаць практычную рэалізацыю гэтай задачы.

Аляксандр Лукашэнка ў час размовы з работнікамі прадпрыемства асобна падкрэсліў: “Я хачу захаваць “Гомсельмаш”. У нас цяпер цяжкі перыяд — расіяне паводзяць сябе па-варварску ў адносінах да нас, публічна пра гэта кажу. Яны ад нас патрабуюць чагосьці, як быццам мы васалы ў іх, а ў рамках ЕАЭС, куды яны нас запрасілі, выконваць свае абавязацельствы не жадаюць. Вось і ствараюць неканкурэнтную сітуацыю”, — заявіў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Расіі папракаюць амерыканцаў і Захад у стварэнні “неканкурэнтнай перавагі”. “А самі ж яны для нас такія ж неканкурэнтныя ствараюць умовы. Гэта яшчэ тэма нашай размовы з Прэзідэнтам Расіі. Але мы павінны працаваць у тых умовах, у якіх сёння існуем”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Галоўнае — мы павінны два-тры гады вытрымаць. На нас будзе вельмі моцны ціск з боку канкурэнтаў. Мы заціснуты з Захаду рознымі “клаасамі-лексіёнамі” і г.д., і мы заціснуты, на жаль, з Усходу нашым старэйшым братам, які вядзе сябе ў канкурэнцыі нядобрасумленна. Яны “Растсельмаш” свой усяляк падтрымліваюць, субсідзіруюць, парушаючы нашы дамоўленасці ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Гэта няправільна, несправядліва, і гэтую праблему мы не знімаем з парадку дня беларуска-расійскіх перагавораў на ўзроўні ўрадаў і нават прэзідэнтаў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што будуць прыкладацца намаганні для стварэння роўных канкурэнтных умоў. “Мы, наколькі можам, падтрымаем ваша прадпрыемства. Але вы, калі ласка, працуйце хутчэй”, — заявіў беларускі лідар. Ён выказаў упэўненасць, што ў існуючых умовах у прадпрыемства атрымаецца не проста выстаяць, але і перасягнуць сваіх канкурэнтаў.

У сувязі з гэтым ён асабліва акцэнтаваў увагу на неабходнасці далейшага паляпшэння якасці прадукцыі, павышэння яе надзейнасці, распрацоўкі розных навінак, якія будуць запатрабаваны не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, пошуку новых рынкаў збыту і крыніц забеспячэння ўстойлівай працы.