Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Пад абяцанні грошай не будзе. Мы павінны бачыць дакладны разлік”

- 10:45Інфармацыйная гадзіна

Аказанне падтрымкі тым ці іншым праектам, у тым ліку на рэгіянальным узроўні, выдзяленне сродкаў магчыма толькі на падставе дакладнага разліку, што ўкладанні акупяцца і будуць прыносіць станоўчы эфект. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са старшынёй Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Леанідам Зайцам і памочнікам прэзідэнта — інспектарам па Магілёўскай вобласці Міхаілам Русым.

“Вы павінны былі дэталёва разабрацца ў вобласці і выказаць сваё меркаванне аб яе далейшым развіцці. Прынамсі, як вы мне хацелі далажыць, на 5 гадоў наперад”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Як падкрэсліў у самым пачатку размовы кіраўнік дзяржавы, калі кіраўніцтва вобласці плануе звяртацца з нейкімі просьбамі аб падтрымцы і выдзяленні сродкаў, то трэба помніць, што ў краіне ёсць і іншыя рэгіёны. “Заўсёды (трэба. — Заўвага БелТА.) трымаць у памяці, што прэзідэнт бачыць і Гродзенскую, і Брэсцкую, і Гомельскую вобласці. А ў Гомельскай, вы ведаеце, таксама праблем, на жаль, не менш, чым у Магілёўскай або нават Віцебскай вобласці. Таму давайце абмяркоўваць усе вашы прапановы і праблемы з пункту гледжання фінансавых магчымасцей Беларусі”, — сказаў прэзідэнт.

Ён асабліва падкрэсліў, што выдзяленне любых сродкаў магчыма толькі пасля дасканалага падліку, што іх правільна выкарыстаюць. “Я, вядома, вам вельмі веру, але проста пад абяцанні грошай не будзе. Мы павінны бачыць дакладны разлік. Калі вы нешта ствараеце, мы павінны бачыць, калі вернуцца гэтыя грошы. І не толькі якія рэспубліка вам або банкі змогуць прадаставіць, але вы павінны бачыць і вяртанне ўласных сродкаў. Гэта для вас вельмі важна. Калі вы плануеце пазычыць грошы, а вярнуць праз 15—20 гадоў, то з вамі ніхто размаўляць не будзе. Нас з вамі не будзе”, — заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прапановы трэба ўносіць блізкія да жыцця. Самае галоўнае, каб выдзеленыя сродкі адразу пачыналі працаваць.

“Калі нават вы і атрымаеце нейкую падтрымку з адтэрміноўкамі, растэрміноўкамі, то з заўтрашняга дня кожны дзень павінны дэманстраваць дадатную дынаміку. Калі ў вас гэтага не будзе або мы будзем з вамі бачыць, што гэта немагчыма, не пачынайце нават размовы, — сказаў беларускі лідар. — Грошы атрымалі — з заўтрашняга дня яны павінны пачынаць працаваць, і ад гэтага павінен быць эфект у выглядзе падаткаў, вяртання крэдытаў, заработнай платы людзей, вытворчасці прадукцыі і яе рэалізацыі не толькі на ўнутраным, але і на знешнім рынку”.

“Вось аснова нашага сённяшняга дыялогу па Магілёўскай вобласці. І ні ў якім выпадку не зыходзьце з прынцыпу “прасі больш, усё роўна дадуць менш”. Не трэба так рабіць!” — заклікаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць аператыўна вырашаць тыя ці іншыя пытанні пры рэалізацыі намечаных планаў або пры з’яўленні новых магчымасцей. “Менш бюракратыі. Калі вы бачыце, што заўтра можна ад гэтага нешта атрымаць, то трэба сёння гэта зрабіць. Не трэба адкладваць надоўга. Трэба хутка вырашаць гэтыя пытанні. І калі вы пачалі ўжо нейкія пытанні ва ўрадзе вырашаць, а вас не задавольваюць тэрміны вырашэння, я гарантую, што мы зможам па­скорыцца”, — сказаў прэзідэнт.

Ён таксама пацікавіўся, якая сітуацыя ў вобласці, у тым ліку ў пытаннях падрыхтоўкі жывёлагадоўчай галіны да зімы, забяспечанасці кармамі, дысцыпліны, выканання тэхналогій.

Леанід Заяц запэўніў прэзідэнта, што становішча ў рэгіёне спакойнае, кіруемае і прагназуемае. Завяршаецца сяўба азімых збожжавых культур. Гэтыя работы, як і планавалася, павінны ў асноўным завяршыцца да 1 кастрычніка.