Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Падтрымліваць будзем тых грамадзян, якія сёння маюць патрэбу ў падтрымцы”

Праект указа аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян разглядаўся на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

На даклад у Палац Незалежнасці былі запрошаны члены ўрада і кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта.

“Падтрымліваць будзем тых грамадзян, якія сёння маюць патрэбу ў падтрымцы”, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы.

У той жа час, адзначыў ён, калі чалавек страціў работу або ў яго няма на сённяшні дзень адпаведнай работы, то вакансій дастаткова, у тым ліку ў Мінску. “І гэты няпросты час чалавек павінен спакойна пражыць, уладкаваўшыся на іншую работу. Можа, і не зусім любімую ім”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў Беларусі быў выбраны такі метад барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі, каб пры захаванні жыцця і здароўя людзей прадаўжаць і эканамічную дзей­насць у дзяржаве. “Мы ж не закрывалі ні адну вытворчасць, ні адзін рэстаран, ні адзін кінатэатр — мы наогул нічога не закрывалі і нікога не абмяжоўвалі. Мы проста папярэдзілі людзей: беражыце сябе”, — адзначыў прэзідэнт.

Пры такім падыходзе ў людзей захоўваецца магчымасць працаваць, а пры неабходнасці — шукаць новыя месцы для працаўладкавання. “У гэты няпросты час, калі ўвесь свет не працуе, эканоміка не працуе (дзякуй богу, пачалі патроху адкрываць вытворчасці і на Захадзе, і ў Расіі, Кітаі), калі яшчэ не разгарнулася эканоміка, для нас вельмі важна захаваць працоўныя калектывы, — падкрэсліў беларускі лідар. — Катэгарычна недапушчальна звальненне людзей. Усяляк трэба захаваць працоўныя калектывы. Гэтае маё патрабаванне застаецца непахісным”.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў цяперашніх эпідэміялагічных умовах галоўнае зусім не статыстыка па колькасці тых, хто захварэў, а выратаванне жыццяў людзей.

“Будзем лячыць людзей, будзем глядзець, што будзе далей. Але хачу ў сувязі з тым, што я ўзняў гэтае пытанне, катэгарычна папярэдзіць, што галавой усе адказваюць за смяротнасць насельніцтва. Усе гэтыя паказчыкі, кавідаўскія і нават пнеўманійныя, колькі ў нас учора было, колькі сёння і якая дынаміка, — гэта ўсё адыдзе, гэта ўсе забудуць. А вось загінуўшыя людзі, якіх мы маглі выратаваць, але не выратавалі, — гэта застанецца. Жалезна трэба патрабаваць ад Міністэрства аховы здароўя і ўрачоў захавання жыцця людзей. Я аб гэтым у храме нядаўна гаварыў, і я гэта бяру на сур’ёзны кантроль”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, зразумела, чым больш шырока праводзіцца тэсціраванне, тым больш фіксуецца выпадкаў захворвання. Аднак галоўнае — удзяліць увагу захваральнасці на пнеўманіі, і не толькі на фоне каранавіруса. “Учора я даў каманду, каб неадкладна прадставілі мне прагноз не па COVID-19 (у нас гэты прагноз ёсць), а па пнеўманіях. Па ўсіх пнеўманіях, у тым ліку кавідных, — сказаў ён. — У нас, і не толькі ў нас, усюды, праблема нумар адзін у лячэнні — гэта пнеўманіі”.

Што тычыцца пнеўманій, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі ўжо няма такога прыросту, як было нават 2—3 тыдні назад. “Дай бог нам на гэтым узроўні вытрымаць”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама адрэагаваў на інфармацыю, што ў бальніцах урачы, у прыватнасці, размова ішла пра Гродзенскую вобласць, нібыта выпісваюць з бальніц людзей, якія не вылечыліся, на далечванне ў санаторыі. “Хачу, каб усе разумелі, у чым сутнасць: мы лечым людзей у бальніцах, і маё няўхільнае, жорсткае патрабаванне да Міністэрства аховы здароўя і калектываў бальніц — ні ў якім разе ў інфекцыйных бальніцах не ператрымліваць людзей, якія папраўляюцца”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым заўважыў, што закрытая абстаноўка інфекцыйных бальніц у тым ліку псіхалагічна ўздзейнічае на людзей, улічваючы немагчымасць нават выйсці на вуліцу. “Таму калі ёсць нармальная дынаміка ў лячэнні непасрэдна ў бальніцы, лечачыя ўрачы бачаць, што чалавек сябе нармальна адчувае, мы яго пераводзім на санаторна-курортнае лячэнне. Я даручаў: Аксакаўшчына (Рэспубліканская клінічная бальніца медыцынскай рэабілітацыі. — Заўвага БелТА.) і шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску”, — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што размова ідзе менавіта аб далечванні, а не лячэнні.

Трэці ўзровень, прадоўжыў прэзідэнт, — гэта тыя людзі, хто наглядаецца дома. Гэта тычыцца бессімптомных захворванняў, калі няма рызыкі заразіць іншых: “У Мінску, дапусцім, створана амаль 270 брыгад, якія ў сваіх раёнах трымаюць на кантролі пэўную колькасць гэтых людзей. І калі нейкае пагаршэнне, мы неадкладна іх шпіталізуем”, — заявіў беларускі лідар.

“Вось такое замкнёнае кола, і гэта сябе апраўдала. Як толькі заўважылі, што недзе захварэў чалавек, неадкладна пачынаем тэсціраваць яго кантакты і ізаляваць. Ачаговы метад барацьбы, а не франтальны на ізаляцыю. Гэта асаблівасць сённяшняга лячэння ў Беларусі, і мы да гэтых метадаў прыйшлі паступова”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што ў Беларусі рэагуюць на захваральнасць зыходзячы з сітуацыі, якая складваецца, і гэты метад ужо даў свой плён.

“Давайце без істэрыі, спакойна ў гэтым напрамку праца­ваць. Кадры расстаўлены”, — заклікаў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама адзначыў, што ў найбліжэйшы час сістэма работы ў гэтым напрамку будзе праманіторана на розных узроўнях.

Як расказала журналістам па выніках абмеркавання дакумента ў кіраўніка дзяржавы міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, у праекце ўказа размова ідзе аб падтрымцы такіх катэгорый, як мнагадзетныя сем’і, людзі з інваліднасцю і бацькі, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Абмяркоўвалася прыняцце дадатковых мер іх падтрымкі ў частцы пенсіённага забеспячэння, сацыяльнай абароны і медыцынскай дапамогі.

У прыватнасці, прапануецца ўдасканаліць падыходы па дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе мнагадзетным сем’ям. “Сёння дзяржава аказвае адрасную дапамогу людзям, у якіх узровень даходаў ніжэйшы за бюджэт пражытачнага мінімуму, 60 працэнтаў з іх — мнагадзетныя сем’і, — растлумачыла міністр. — Аналіз паказаў, што патрабуецца ўдасканаленне гэтага механізма. Мы ўнеслі прапановы прэзідэнту, і ён падтрымаў гэтыя падыходы”.

У частцы пенсіённага забеспячэння прапануецца змяніць падыходы да вылічэння агульнага і страхавога стажу для мнагадзет­ных бацькоў, якія выхоўваюць чацвярых дзяцей, для інвалідаў 1-й і 2-й групы, а таксама для бацькоў, якія доўгі час выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Міністр адзначыла, што змяненні, якія прапісаны ў праекце ўказа, прадыктаваны жыццём, рэальнымі сітуацыямі канкрэтных людзей. “Гэта тыя праблемы, якія нельга было ўба­чыць пры падрыхтоўцы нарматыўных прававых актаў раней, — сказала яна. — Праект указа дасць магчымасць для асобных людзей вырашыць іх”.

Паводле слоў Ірыны Касцевіч, у праект указа ўключана і мера дзяржаўнай падтрымкі сямейных пар, якія не маюць дзяцей, для правядзення спробы ЭКА.