Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв’ю для дакументальнага фільма аб Барысе Ельцыне. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Падрыхтоўкай дакументальнага фільма займаецца Прэзідэнцкі цэнтр імя Б.М.Ельцына. Пад эгідай гэтай арганізацыі ствараецца музей першага Прэзідэнта Расіі і архіў яго імя, дзе прадстаўлены кнігі, прысвечаныя Барысу Ельцыну, яго фатаграфіі, дакументы, рэчы і іншыя экспанаты. У музеі будуць выкарыстоўвацца камп’ютарныя тэхналогіі, тут будуць дэманстравацца ўспаміны аб дзейнасці першага Прэзідэнта Расіі.
Кіраўнік беларускай дзяржавы падзяліўся ўспамінамі асабістага характару аб сваіх сустрэчах з Барысам Ельцыным, у прыватнасці, аб першай. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, моцна паўплывала на яе пазіцыя самога Барыса Ельцына ў час першых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. “Мы хацелі невялікай кампаніяй, з якой увязаліся ў гэтую барацьбу за прэзідэнцкае крэсла, каб наша краіна развівалася па-іншаму, чым так, як тады адбылося: пустыя паліцы, есці не было чаго ў Беларусі, адны забастоўкі, дэманстрацыі, бойкі, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Выбары прайшлі, перамог не кандыдат ад Расіі, а зусім невядомы чалавек”.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што да гэтага часу памятае Ельцына, які стаяў напаўпаварота, яго насцярожана вывучаючы погляд і цішыню, якая павіснула ў самым пачатку іх першай сустрэчы. “І потым не ведаю чаму, раптам я яму кажу: Барыс Мікалаевіч, калі вы думаеце, што я прыехаў у чужую Расію, вы памыляецеся. Калі вы думаеце, што сталіца Расіі Масква — гэта ваша Масква, вы таксама памыляецеся. Гэта і мая Расія, гэта і мая Масква, таму што ўчора яна была сталіцай і маёй дзяржавы. І не я віной таму, што мы сёння сустракаемся як прэзідэнты”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У далейшым лідараў дзвюх краін звязвалі цёплыя, дружалюбныя адносіны.
Беларускі лідар адказаў таксама на пытанні наконт дзейнасці Барыса Ельцына ў кантэксце палітычных і сацыяльных падзей 1990-х, расказаў аб некаторых момантах стварэння Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, ля вытокаў якой ён стаяў разам з першым Прэзідэнтам Расіі.