Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Пакуль нашы сэрцы адзываюцца болем за тых, хто не вярнуўся з палёў бітваў, пакуль гучыць праўда аб той вайне — мы памятаем!”

- 10:51Інфармацыйная гадзіна

Трагедыя беларускага народа, які вынес на плячах тытанічны груз страт і разбурэнняў самай жорсткай вайны ХХ стагоддзя, несувымерная ні з якімі цяжкасцямі сённяшняга дня. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на ваенным парадзе ў гонар 75- годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

“Гэтае свята для нас свяшчэннае. Трагедыя беларускага народа, які вынес на плячах тытанічны груз страт і разбурэнняў самай жорсткай вайны ХХ стагоддзя, несувымерная ні з якімі цяжкасцямі сённяшняга дня. Нават думка здрадзіць традыцыям, якія вось ужо 75 гадоў праслаўляюць гісторыю вялікага подзвігу пераможцаў, для нас недапушчальная”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што ў гэтым годзе ваенны парад у Мінску стаў адзі­ным на постсавецкай прасторы, але ён прайшоў у гонар усіх савецкіх воінаў, якія вызвалілі свет ад нацызму. “Сёння мы ўшаноўваем подзвіг нашых бацькаў і дзядоў. Іх шлях да Перамогі быў абмыты слязамі маці, жонак і дзяцей, паліты крывёй загінуўшых у баях таварышаў і мірных жыхароў, авеяны попелам спаленых ворагам вёсак, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Мы схіляемся перад подзвігам рускіх і беларусаў, украінцаў і яўрэяў, татар і казахаў, таджыкаў і ўзбекаў, кыргызаў і туркмен, грузін, армян, азербайджанцаў і малдаван, латышоў, літоўцаў, эстонцаў — усіх жыхароў Савецкага Саюза, байцоў руху Супраціўлення Еўропы, нашых саюзнікаў — ЗША, Англіі і Кітая. Іх мужнасць, адвага і гатоў­насць памерці за Радзіму сталі страшнай зброяй адплаты для гітлераўскіх катаў і іх сатэлітаў”.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэн­кі, паслядоўнікам нацысцкай ідэалогіі, захопнікам з празмернымі геапалітычнымі амбіцыямі гісторыя дала ўрок. Яго сэнс, адзначыў прэзідэнт, просты і справядлівы: народ, які абараняе родную краіну, свае сем’і і будучыню дзяцей, непераможны.

“Беларусь стала на шляху агрэсара жывым шчытом. Тут, на нашай зямлі, прайшоўшы паў-Еўропы, гітлераўцы ўпершыню сустрэлі такое нястрымнае супраціўленне. Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці, горада Магілёва доўжылася значна даўжэй, чым захоп многіх еўрапейскіх дзяржаў. Менавіта ў жорсткіх баях 1941-га, у тым ліку і на беларускай зямлі, пахіснулася ўпэўненасць ворага ва ўласнай перавазе, былі закладзены асновы будучай Вялікай Перамогі”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ва ўкладзе беларускага народа ў разгром фашызму няма сумненняў. У радах Чырвонай Арміі змагаліся 1,3 млн беларусаў, а больш як 400 тысяч падпольшчыкаў і партызан да канца 1943 года кантралявалі 60 працэнтаў акупіраванай тэрыторыі краіны. “Гэта гібель кожнага трэцяга беларускага жыхара, які засланіў сабой дарогу нацыстаў далей на ўсход — на сталіцу нашага Саюза. І пакуль нашы сэрцы адзываюцца болем за тых, хто не вярнуўся з палёў бітваў, пакуль гу­чыць праўда аб той вайне — мы памятаем! Бо за кожны дзень мірнага і свабоднага жыцця заплачана мільёнамі ахвяр і скалечаных вайной лёсаў. Мы назаўсёды звязаны кроўнымі вузамі з брацкімі народамі, з якімі нашы бацькі і дзяды спынілі катастрофу XX стагоддзя”, — сказаў беларускі лідар.

“Беларусь — міралюбівая і адкрытая краіна. Але наш гістарычны вопыт наглядна паказаў, што дыпламатыя міждзяржаўнага дыялогу не пераканаўчая без наяўнасці эфектыўнай сістэмы бяспекі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што свет ігнаруе трагічныя ўрокі мінулага. “І чым далей мы аддаляемся ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, тым больш агрэсіўным і небяспечным ён становіцца. Планета распальваецца новымі ачагамі ўзброеных канфліктаў, зноў гінуць мірныя людзі. І на гэтым фоне адраджаюцца ідэі нацызму. Іх новы след — разбураныя помнікі воінам-вызваліцелям, гераізацыя гітлераўскіх злачынцаў, фальсіфікацыя гістарычных фактаў Другой сусветнай вайны”, — адзначыў прэзідэнт.

“Нягледзячы на сучасныя выклікі, святочны парад, прысвечаны Дню Перамогі, сённяшні наш парад — гэта не дэманстрацыя сілы, а даніна памяці нашай гераічнай гісторыі”, — заявіў прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што беларускія ваеннаслужачыя — нашчадкі пераможцаў. На парадзе яны прой­дуць у адным страі як прадаўжальнікі слаўных традыцый савецкіх воінаў, пака­жуць новыя ўзоры ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі, створаныя ўжо на айчынных прадпрыемствах абароннага сектара. “Зрабіце гэта ў гонар дзядоў і прадзедаў, якія завяшчалі нам мірную краіну. Наш святы абавязак — заха­ваць яе для будучых пакаленняў, зберагчы праверанае ў суровых баях адзін­ства народаў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У час парада прэзідэнт таксама звярнуўся да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, адзначыўшы, што гісторыя жыцця гэтага пакалення — сапраўдны прыклад мужнасці, доблесці і духоўнай велічы. “Вы былі і назаўсёды застаняцеся пераможцамі. Сёння мы схіляем галовы перад памяццю тых, хто аддаў жыццё ў імя нашай будучыні, дзякуем усім, хто здзейсніў працоўны подзвіг. Абяцаем зберагчы праўду аб той вайне на славу герояў, якія выратавалі многія народы ад генацыду і рабства. Нізкі паклон і бязмежная ўдзячнасць вам за Вялікую Перамогу. Беларусь будзе памятаць!” — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.