Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Пакуль у адрас галіны чуваць крытыка, заспакойвацца рана”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе сферу ЖКГ на далейшае эфектыўнае развіццё і ліквідацыю існуючых недахопаў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у Полацку на нарадзе па пытаннях развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі.

Прэзідэнт адзначыў, што тэма нарады прадыктавана жыццём, паколькі практычна ўсё насельніцтва краіны штодзень карыстаецца жыллёва-камунальнымі паслугамі. “І тое, наколькі людзі задаволены іх якасцю і даступнасцю, уплывае непасрэдна на настроі ў грамадстве. Такім чынам, у значнай ступені фарміруе сацыяльна-палітычную cітуацыю і ўзровень даверу да дзеючай улады”, — заўважыў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў кастрычніку 2017 года на рэспубліканскім семінары-нарадзе па пытаннях развіцця ЖКГ была разгледжана работа гэтай галіны. Вызначана, што камунальная сфера павінна стаць прыярытэтам нумар адзін для кіраўнікоў рэгіёнаў. У далейшым адпаведныя рашэнні былі замацаваны ў Дырэктыве № 7.

“Сёння, як мне дакладваюць, зроблена многае ў плане празрыстасці фарміравання тарыфаў, зніжэння сабекошту і забеспячэння акупнасці практычна ўсіх відаў паслуг, павышэння надзейнасці інжынерных сетак і абсталявання. Мы не павінны забываць, што асноўным крытэрыем эфектыўнасці работы сістэмы ЖКГ з’яўляецца ацэнка якасці аказаных паслуг спажыўцом, звычайным чалавекам. І пакуль у адрас галіны чуваць крытыка, заспакойвацца рана”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што некалі, сустракаючыся з кіраўніком ініцыятыўнай групы, папрасіў, каб прадаўжалі збор подпісаў, хоць іх была ўжо дастатковая колькасць. “Я тады папрасіў не таму, што нам не хапае подпісаў. Мы атрымліваем вялізны масіў інфармацыі знізу — аб тым, што там адбываецца. Уся яна аналізуецца, і асноўныя пытанні, якія хвалю­юць лю­дзей, выкрышталізоўваюцца — і на стол прэзідэнту. Пастаянна да чвэрці ўсіх пытанняў — гэта паслугі ЖКГ і што трэба рабіць з жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Месяц назад у плане кантролю за выкананнем маіх даручэнняў была вызначана гэтая нарада. Гэта рашэнне не ўчарашняга дня”, — растлумачыў беларускі лідар.

Вяртаючыся да тэмы нарады, прэзідэнт звярнуў увагу, што адносна якасці паслуг ЖКГ даволі часта чу­ваць крытыка. Пры гэтым, вядома, ёсць розныя людзі, у тым ліку і так званыя скаржнікі, але іх адзінкі. “Але і да іх трэба прыгледзецца, бо і яны часам праўду гавораць”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

“Ёсць людзі, якія скардзяцца, якім і дапамагчы няма каму. І мы павінны ім дапамагчы, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Адмахвацца ні ад каго не трэба. Там, дзе неабходна, трэба дапамагчы людзям”.

Так, у 2019 годзе кожны пяты зварот грамадзян, што паступіў у Адміністрацыю прэзідэнта, тычыўся незадавальнення работай камунальных службаў. У гэтым годзе тэндэнцыя захоўваецца. Часцей за ўсё скардзяцца на якасць капітальнага і бягучага рамонту, і тут Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што часам сапраўды работы праводзяцца вельмі дрэнна.

Акрамя таго, людзі скардзяцца на неналежнае ўтрыманне пад’ездаў, аднак, звярнуў увагу прэзідэнт, часам у дрэнным стане пад’ездаў вінаватыя самі жыльцы.

Чуваць крытыка і наконт недастатковага добраўпарадкавання двароў і населеных пунктаў, тут таксама важны ўдзел не толькі ўлад з прыцягненнем бюджэтных сродкаў, але і ініцыятыўны ўдзел саміх грамадзян.

Шмат нараканняў і на нядаўна створаную службу 115. Кіраўнік дзяржавы даручыў прадумаць, як удасканаліць яе работу, каб не было фармалізму.

“Праблемы галіны да канца не вырашаны. І сёння пасля дэталёвага абмеркавання мы павінны знайсці адказы на ўсе існуючыя пытанні”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён запатрабаваў далажыць, якія вузкія месцы ёсць у сістэме ЖКГ, хто і на якім этапе недапрацоўвае для забеспячэння яе эфектыўнага функцыянавання, ці ёсць цяпер неабходнасць удасканалення дзяржаўнага рэгулявання гэтай сферы. “Патрэбны аб’ектыўны аналіз сітуацыі і дакладныя дзелавыя прапановы”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Як далажыў на нарадзе намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Кухараў, асноўныя паказчыкі развіцця галіны выконваюцца. У прыватнасці, зніжаюцца затраты на аказанне ЖКП: у 2019 годзе — на 6 працэнтаў (пры заданні не менш як 5 працэнтаў), сэканомлена Br77 млн.

З 2016 года аб’ёмы перакрыжаванага субсідзіравання скарочаны амаль на Br200 млн, што дало магчымасць скараціць нагрузку на бюджэт і рэальны сектар эканомікі.

Рост тарыфаў на паслугі ЖКГ не перасягае $5. “Механізм празрысты і зразумелы для грамадзян”, — сказаў віцэ-прэм’ер. Узровень пакрыцця насельніцтвам затрат па паслугах ЖКГ па выніках года прагназуецца на ўзроўні 83,2 працэнта.

У краіне вядуцца работы па паскоранай замене да 2021 года ліфтаў, якія адпрацавалі нарматыўныя тэрміны эксплуатацыі. “У бягучым годзе работа будзе завершана. У далейшым яна будзе праводзіцца ў планавым парадку”, — адзначыў Уладзімір Кухараў.

Ён таксама далажыў аб прадаўжэнні планавага будаўніцтва станцый ачысткі вады ад прымесей жалеза. У гэтым годзе будуць уведзены ў эксплуатацыю 275 такіх станцый, што забяспечыць выкананне задання на пяцігодку. “Доступ да якаснай пітной вады дадаткова атрымаюць больш за 200 тысяч чалавек, якія пражываюць пераважна ў сельскай мясцовасці”, — праінфармаваў віцэ-прэм’ер.

На нарадзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся на карысць спрашчэння ўмоў для набыцця зямельных участкаў за межамі вялікіх гарадоў. Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі хапае маляўнічых мясцін, дзе можна набыць невялікія ўчасткі, у тым ліку ў вёсках, на хутарах, для вядзення прысядзібнай гаспадаркі, выезду за горад з сям’ёй. Каштоўнасць такіх участкаў асабліва павысілася ў цяперашняй няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі.

Кіраўнік дзяржавы даручыў адказным службовым асобам прапраца­ваць пытанне аб спрашчэнні ўмоў для набыцця ўчасткаў за межамі гарадоў для тых беларусаў, хто хоча ўкласці ў гэта сродкі. Неабходна зрабіць так, каб рашэнне прымалася без лішняй цяганіны на месцах. “Заплаціў грошы — атрымаў дакумент на валоданне зямлёй”, — акрэ­сліў асноўны прынцып прэзідэнт.

“На гэта трэба звярнуць сур’ёзную ўвагу”, — падвёў вынік Аляксандр Лукашэнка.