Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў уклад кіраўніка прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майры Моры ў наладжванне адносін паміж Беларуссю і ЕС. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з ёй у сувязі з завяршэннем дыпламатычнай місіі ў краіне.
“Вы зрабілі нямала для таго, каб мы не толькі пачалі размаўляць з вялікай Еўропай, але і ў нечым разумець адно аднаго, наладжваць нашы адносіны”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што, нягледзячы на ад’езд Майры Моры з Беларусі, яна застанецца шчырым сябрам краіны. Ён запрасіў Майру Мору ў любы зручны для яе час наведваць Беларусь. “Дзе б вы ні жылі, калі вы захочаце сюды прыехаць, вы можаце лічыць гэты кавалачак зямлі, дзе вам заўсёды рады”, — сказаў прэзідэнт.
Высока ацэньваючы ўклад кіраўніка прадстаўніцтва ў развіццё адносін паміж Беларуссю і ЕС, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што яна рабіла гэта шчыра. “Мы ведаем, што вы рабілі вельмі многае шчыра, а што не маглі зрабіць, заўсёды маўчалі, і мы разумелі гэтае маўчанне”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён яшчэ раз падзякаваў Майры Моры за яе шчырую пазіцыю і пажадаў ёй поспехаў на новым полі дзейнасці. “У Беларусі ў вас застануцца надзейныя сябры”, — запэўніў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама сказаў, што сустракаецца далёка не з усімі пасламі, якія завяршаюць сваю дыпламатычную місію. І факт гэтай сустрэчы гаворыць сам за сябе. “Гэта прызнанне нашай краіны перад чалавекам, які прысвяціў сябе таму, каб палепшыць нашы адносіны, а не разарваць, не пагоршыць, як гэта часам бывае”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
На яго думку, работа Майры Моры з’яўляецца своеасаблівым “узорам паводзін пасла ў краіне знаходжання”. “Пасол павінен склейваць, аб’ядноўваць, але ні ў якім разе не рваць і не раз’ядноўваць”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майра Мора ў час сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам адзначыла, што пакідае Беларусь на хвалі паляпшэння адносін з Еўрасаюзам.
“Жадаю, каб адносіны такімі заставаліся і ў далейшым, таму што мы суседзі і павінны жыць у міры і згодзе”, — сказала Майра Мора.
Яна падзякавала Прэзідэнту Беларусі за высокую ацэнку яе дыпламатычнай дзейнасці. Адносна сваёй пераемніцы Майра Мора падкрэсліла: “Я пакідаю сваю любімую Беларусь у вельмі добрых руках”.
Майра Мора лічыць падарункам лёсу той факт, што двойчы працавала ў Беларусі: першапачаткова паслом Латвіі ў Беларусі, а потым кіраўніком прадстаўніцтва ЕС. “Я бачыла розную Беларусь і ў розныя часы была ў Беларусі”, — адзначыла яна.
Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС лічыць важным, што цяпер адносіны Беларусі і ЕС паляпшаюцца. “Мая прафесія — дыпламат. Размовы, кантакты — гэта наша зброя. Трэба не адгароджвацца, а наадварот, абмяркоўваць усё, нават вострыя пытанні, што я гэтыя гады і рабіла”, — сказала Майра Мора.