Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Патэнцыял узаемадзеяння Беларусі і Пакістана больш поўна можа быць раскрыты пры выхадзе за рамкі двухбаковага супрацоўніцтва”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што візіт Прэм’ер-міністра Пакістана Наваза Шарыфа выльецца ў стварэнне трывалай базы двухбаковага супрацоўніцтва. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з Прэм’ер-міністрам Пакістана ў вузкім складзе.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Навазу Шарыфу за абавязковасць. “Мы дамовіліся ў гэты дзень і ў гэты час сустрэцца ў Мінску, і дзякуючы таму, што вы ўмееце трымацца свайго слова, мы з вамі ў гэты дзень і ў гэты час сустракаемся ў Мінску”, — сказаў беларускі лідар.
Ён нагадаў, што на сустрэчы ў Ісламабадзе бакі дамовіліся, што гэты візіт будзе насычаны эканамічнымі мерапрыемствамі і выльецца ў стварэнне трывалай дагаворна-прававой базы паміж дзяржавамі. “Так яно і выйшла. Мы маем намер па выніках перагавораў падпісаць паўтара дзясятка дакументаў”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Бакі сур’ёзна працавалі над падрыхтоўкай гэтага візіту, адзначыў прэзідэнт. Пакістан наведалі прадстаўнікі дзелавых колаў Беларусі, міністры, у Беларусі пабывалі члены ўрада Пакістана, бізнесмены для вывучэння краіны з тым, каб пасля на найвышэйшым узроўні былі прыняты сур’ёзныя рашэнні.
“Наша павага да вас у Беларусі бязмерная. Вы той палітык, які можа быць прыкладам для любога палітыка ў свеце і для мяне ў тым ліку. Ваша жыццё — гэта барацьба, гэта імкненне да тых мэт, якія вы ставілі перад сваёй камандай, перад сваёй партыяй, перад сваімі калегамі. Вашаму палітычнаму жыццю можа пазайздросціць любы. Вы прызнаны лідар народаў Пакістана, і мы гэтак жа вас сустракаем у Беларусі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Прэм’ер-міністр Пакістана Наваз Шарыф адзначыў, што ў Пакістане вельмі цёпла ўспрынялі нядаўні візіт Аляксандра Лукашэнкі. “Вы паклалі пачатак дружбе паміж нашымі краінамі, і сёння мы разглядаем наш візіт як працяг і далейшае ўмацаванне нашай дружбы”, — сказаў ён, звяртаючыся да беларускага лідара.
Прэм’ер-міністр Пакістана запрасіў Прэзідэнта Беларусі яшчэ раз наведаць гэтую краіну. “Цяпер, калі нашы адносіны становяцца ўсё больш моцнымі, я лічу, што нам трэба часцей сустракацца”, — лічыць Наваз Шарыф.

***

На перагаворах у пашыраным складзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што з моманту сустрэчы ў Ісламабадзе мінула крыху больш як два месяцы, але бакі паспелі пераканацца ўжо, наколькі своечасовыя былі абмеркаваныя там прапановы па наладжванні кантактаў паміж дзвюма краінамі. У чэрвені — ліпені Пакістан наведалі дэлегацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, БелАЗа і МАЗа, Беларускай лясной кампаніі і “Беларуснафты”.
Прэзідэнт нагадаў, што ў пачатку жніўня ў Мінску адбылося першае ў гісторыі пасяджэнне сумеснай камісіі па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. Прэзідэнт лічыць неабходным звярнуць асабліва пільную ўвагу на магчымасці ўзаемадзеяння ў гэтым напрамку. “Нам ёсць што прапанаваць і над чым разам працаваць у такой важнай сферы”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
На яго думку, добрыя перспектывы адкрываюцца і для навучання пакістанскіх спецыялістаў, у чым змаглі асабіста пераканацца сакратар урада Пакістана па пытаннях адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі Мухамад Таджвар і асобы, якія суправаджалі яго ў час знаходжання ў беларускай сталіцы. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што сустрэчы, якія прайшлі ў беларускіх ВНУ, будуць садзейнічаць росту колькасці пакістанскіх студэнтаў у беларускіх установах адукацыі.
Прэзідэнт таксама лічыць, што лагічным працягам узаемавыгадных кантактаў стала правядзенне ў Мінску першага пасяджэння сумеснай беларуска-пакістанскай камісіі. На яго думку, каб дынамічна нарошчваць гандлёва-эканамічныя і інвестыцыйныя сувязі, ёй неабходна збірацца не радзей як адзін раз у год.
Прэзідэнт Беларусі, карыстаючыся выпадкам, павіншаваў пакістанскі бок з нацыянальным святам — Днём Незалежнасці Ісламскай Рэспублікі Пакістан, які будзе адзначацца 14 жніўня. “Мы ведаем аб складанай і гераічнай гісторыі вашай краіны і разумеем, як патрэбны народу мір, эканамічнае развіццё і дабрабыт”, — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі бок вітае рашэнне аб адкрыцці Пасольства Пакістана ў Мінску. “Мы зробім усё для таго, каб вы тут не мелі праблем ні з будаўніцтвам гэтага пасольства, ні з месцам яго размяшчэння”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. У сваю чаргу ён папрасіў прэм’ер-міністра дапамагчы беларускаму боку ў пошуку дастойнага месца для размяшчэння Пасольства Беларусі ў дыпламатычным квартале Ісламабада.
Важным кампанентам двухбаковых адносін з’яўляецца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, першы крок у гэтым напрамку быў зроблены ў маі ў Ісламабадзе, калі Магілёўскі аблвыканкам і ўрад правінцыі Пенджаб падпісалі адпаведнае пагадненне. “Цяпер яго трэба напоўніць практычным зместам, праводзіць дзелавыя і інвестыцыйныя форумы, культурныя мерапрыемствы, — сказаў беларускі лідар. — Да такой дынамікі развіцця кантактаў з часам падцягнуцца іншыя рэгіёны Беларусі і Пакістана”.
Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што патэнцыял узаемадзеяння Беларусі і Пакістана больш поўна можа быць раскрыты пры выхадзе за рамкі двухбаковага су-працоўніцтва. Паводле яго слоў, тут важнымі з’яўляюцца рэалізацыя сумесных праектаў і аказанне ўзаемнай падтрымкі ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях.
Беларусь і Пакістан маюць шмат агульнага ў рэгіянальных і міжнародных пытаннях, адзначыў на перагаворах з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам Прэм’ер-міністр Пакістана Наваз Шарыф.
Наваз Шарыф падкрэсліў, што ў Пакістане рады таму, што ёсць магчымасць развіваць далейшыя сувязі з Беларуссю, уключаючы такія сферы, як эканоміка, абарона, культура.
“У нашых краін ёсць шмат агульнага ў рэгіянальных пытаннях, міжнародных пытаннях”, — сказаў прэм’ер-міністр. Ён адзначыў, што для Пакістана вялікім гонарам будзе адкрыццё пасольства ў Мінску. Наваз Шарыф нагадаў, што цяпер ідзе падрыхтоўка да будаўніцтва Пасольства Пакістана ў Мінску — для гэтага ўжо выбраны зямельны ўчастак. Паводле слоў прэм’ер-міністра, гэта адно з самых лепшых месцаў для размяшчэння дыпламатычнага прадстаўніцтва Пакістана. “Са свайго боку мы прадаставім для вашай краіны аналагічную прапанову, і ў наступныя некалькі тыдняў гэта адбудзецца”, — сказаў высокі госць. Ён дадаў, што ўжо назначаны адказныя людзі, каб выбраць самае лепшае размяшчэнне для беларускага пасольства. Праз некаторы час участак будзе перададзены прадстаўніку Беларусі ў Пакістане.
Наваз Шарыф выказаў упэўненасць, што яго візіт у Беларусь “стане добрым каталізатарам для развіцця эканамічных адносін, дасць магчымасць павялічыць тавараабмен паміж дзвюма краінамі”.
Закранаючы вынікі майскага візіту ў Пакістан Прэзідэнта Беларусі, Наваз Шарыф падкрэсліў, што Аляксандр Лукашэнка ўнёс значны ўклад у развіццё двухбаковых сувязей. Ён падкрэсліў, што вельмі цэніць дружбу з кіраўніком беларускай дзяржавы.

***

10 жніўня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэм’ер-міністр Пакістана Шаваз Шарыф паставілі свае подпісы пад дагаворам аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Пакістанам.
У прысутнасці Аляксандра Лукашэнкі і Наваза Шарыфа таксама быў падпісаны шэраг дакументаў у сферы гуманітарнага і рэгіянальнага супрацоўніцтва. Так, Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі і ўрад правінцыі Пенджаб падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні. Падпісана таксама пагадненне аб устанаўленні пабрацімскіх сувязей паміж гарадамі Мінскам і Ісламабадам.
Акрамя таго, падпісаны пакет дакументаў, што датычыцца супрацоўніцтва паміж ВНУ.