Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Павінен быць дыктат не гандлёвых сетак, а вытворцаў”

- 13:32Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка крытыкаваў урад за нерашучасць у прыняцці мер па абароне ўнутранага рынку ад паступлення няякаснай алкагольнай прадукцыі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе па пытаннях вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі.

“Была пастаўлена задача не дапускаць на ўнутраны рынак паступлення няякаснай прадукцыі, скараціць ценявы абарот алкагольных напіткаў. Гэта не толькі страта бюджэту, але ў першую чаргу пагроза здароўю і жыццю людзей”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што алкагольная прадукцыя — гэта асаблівы падакцызны тавар, абарачэнне якога ва ўсім свеце строга рэгулюецца дзяржавай. “Не выключэнне і наша краіна. Мы пастаянна трымаем на кантролі гэтую тэму. Увялі манаполію дзяржавы па ўсіх гэтых пытаннях. Так гэта ці не так — гэта першае пытанне, на якое трэба будзе адказаць дакладчыкам”, — сказаў прэзідэнт.
Ён нагадаў, што 1 ліпеня бягучага года спецыяльнымі ўказам і дэкрэтам прэзідэнта ўведзены дадатковыя ахоўныя меры па ўзмацненні дзяржаўнага рэгулявання ў сферы вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі.
Аднак, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, у гэтай сферы ўсё яшчэ захоўваюцца пэўныя негатыўныя тэндэнцыі. У прыватнасці, павялічваецца імпарт спіртнога, расце яго нелегальны абарот, і ў той жа час скарачаецца айчынная вытворчасць. “На жаль, урад паводзіць сябе вельмі нерашуча ў прыняцці мер па абароне ўнутранага рынку. Гэта нікуды не варта”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.
Ён запатрабаваў ад дакладчыкаў дакладных адказаў на шэраг пытанняў. У прыватнасці, што перашкаджае абараніць уласны рынак? Чаму экспарт не расце, а падае, хоць магутнасці па вытворчасці алкаголю ў два разы перасягаюць унутраныя патрэбы? Якія меры прымаюцца для прасоўвання беларускай прадукцыі ў гандлёвыя сеткі ў краіне і за мяжой?
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў удзельнікаў нарады: цяпер задача не шукаць апраўдання, чаму пагаршаецца становішча галіны, а прыняць канкрэтныя меры для абароны людзей.
“Навядзенне строгага парадку ў сферы вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі — прамы абавязак дзяржавы. Мы не павінны дапусціць, каб беларускі народ губілі няякаснымі падробкамі і нізкапробным кантрафактам”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
“Акцызная палітыка, якую прапаноўваў урад і сёння прапаноўвае, практычна ўгробіла, як кажуць спецыялісты, галіну. Акцызы прывялі да павелічэння цаны і разам з кантрафактам да зніжэння попыту на гэтую прадукцыю, а значыць, страты бюджэту”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама падкрэсліў: “Прыватныя структуры за кошт паваротлівасці і за кошт не ведаю якіх фактараў, гэта вы мне скажаце (аж да хабараў і ўзаконьвання нейкіх хабараў і надзялення іх статусам прэмій, бонусаў і іншага), занялі каля 35 працэнтаў рынку, пры гэтым нядобрасумленна пацясняючы дзяржаўныя структуры, у тым ліку з дапамогай сеткавых структур”.
Прэзідэнт падкрэсліў, што “дыктат сетак недапушчальны, ён ужо наблізіўся да непрымальнага значэння”.
Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на праблему несвоечасовых разлікаў за лікёра-гарэлачныя вырабы.
“Як я ўжо сказаў, выцясняюцца дзяржпрадпрыемствы, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — З дзяржпрадпрыемстваў за рэалізацыю лікёра-гарэлачных вырабаў патрабуюць скідкі, часам да 40 працэнтаў кошту, і, як я гаварыў, устанаўліваюць незразумелыя бонусы і прэміі для гандлёвых сетак за кошт, зразумела, вытворцы”.
Прэзідэнт запатрабаваў, каб міністр гандлю, якому прадастаўлена ўся паўната ўлады па многіх гэтых пытаннях, далажыў аб сітуацыі ў галіне.
Кіраўнік дзяржавы таксама сказаў, што кантрафактная прадукцыя з Расіі і іншых краін “задушыла краіну”. “Хто перашкаджае ўраду абараніць уласны рынак?” — задаў слушнае пытанне прэзідэнт. Ён таксама сказаў, што спецыялісты прапаноўваюць увесці строгую адказнасць за пастаўкі ў Беларусь кантрафактнай прадукцыі аж да канфіскацыі транспартных сродкаў, на якіх яна пастаўляецца.
Кіраўнік дзяржавы строга паставіў пытанне, чаму наогул дапушчана такая сітуацыя, калі запазычанасць гандлёвых аб’ектаў перад вытворцамі часам перавышае сумы крэдытаў гэтых прадпрыемстваў.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб у цэлым у краіне былі ўзмоцнены меры за нявыплату пастаўленай прадукцыі аж да пазбаўлення ліцэнзій і да 1 верасня ўсе запазычанасці па аплаце пастаўленай прадукцыі былі пагашаны. Прэзідэнт даручыў кантраляваць гэтае пытанне КДБ.
На нарадзе была закранута праблема складскіх запасаў прадукцыі і недапрацовак у яе прасоўванні на ўнутраны і замежны рынак. Патрабаванне кіраўніка дзяржавы: да 15 верасня абсалютна ўся вырабленая прадукцыя павінна быць пастаўлена ў гандлёвыя сеткі. “З сённяшняга дня павінен быць дыктат не гандлёвых сетак, а вытворцаў”, — перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама закрануў тэму пасрэднікаў, у выніку выкарыстання паслуг якіх павышаюцца цэны на прадукцыю. Таму яшчэ адно патрабаванне прэзідэнта: не павінна быць ніякіх пасрэднікаў у рэалізацыі прадукцыі.