Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Поўныя рашучасці выбудаваць адносіны так, каб гэта стала ўзорам для іншых”

- 11:55Інфармацыйная гадзіна

Беларусь пачынае супрацоўніцтва з Азіяцкім банкам інфраструктурных інвестыцый з чыстага ліста і мае намер выбудаваць з ім узорныя адносіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прэзідэнтам Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый Цзінь Ліцюнем.

“Мы адкрываем новую старонку ў нашых адносінах, і гэта старонка чыстая — з белага ліста. Там няма нічога станоўчага, таму што гэта першыя крокі, але, на шчасце, няма і нічога дрэннага, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы поўныя рашучасці выбудаваць адносіны так, каб гэта стала ўзорам для іншых”.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Цзінь Ліцюню за намер працаваць з Беларуссю і інвесціраваць сродкі банка ў інфраструктуру краіны. “Вы ведаеце, што Беларусь — гэта цэнтр Еўропы, гэта транзітная краіна, і для нас вельмі важны развітыя інфраструктурныя напрамкі, перш за ўсё дарожная сетка”, — дадаў ён.

Беларусь становіцца важным напрамкам з-за развіцця сувязей паміж Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёнам, Кітаем і Заходняй Еўропай. “Пэўныя напрацоўкі ў нас ужо ёсць і па аўтамабільным, чыгуначным транспарце і плане гандлёвых зносін. Таму гэта таксама павінна ўзмацняць вашу цікавасць да Беларусі, — перакананы кіраўнік дзяржавы. — У нас вельмі шмат сродкаў — і еўрапейскіх, і Сусветнага банка, і ўласных — укладзена ў развіццё дарожнай сеткі ў Беларусі. Асабліва ў сувязі з падзеямі ва Украіне, Прыбалтыцы Беларусь стала вельмі запатрабаванай”.

“Ведаю, што вы сур’ёзна займаецеся пытаннямі гарадской гаспадаркі, энергетыкай — усё гэта ў Беларусі запатрабавана. Мы будзем прапаноўваць вам праекты. Калі палічыце патрэбным удзельнічаць у гэтых праектах, мы вам будзем удзячны. Тым больш што ўмовы, якія прапануе АБІІ, не горшыя, чым у міжнародных банкаў”, — падзяліўся кіраўнік дзяржавы.

У якасці магчымых напрамкаў супрацоўніцтва на найбліжэйшую перспектыву прэзідэнт абазначыў у першую чаргу развіццё дарожнай сеткі, а менавіта будаўніцтва дарогі Лепель — Полацк на поўначы і Гомель — Брэст на поўдні. “Вось дзве дарогі, якія я асабіста мару пабуда­ваць у найбліжэйшы час”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

“У напрамку Полацка дарогу вы гатовы падтрымаць. Мы гатовы весці перагаворы аб умовах крэдытавання гэтай дарогі. А па другой дарозе, калі будзе цікавасць, мы таксама гатовы пагаварыць і выбраць лепшы варыянт”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

“Ведаю, што вы таксама маеце намер (і мы гэта падтрымліваем) укласціся ў інфраструктуру Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”, — прадоўжыў ён. Перспектыўным з’яўляецца таксама ўзаемадзеянне ў сферах энергетыкі, водаадвядзення, рэнавацыі жылых будынкаў. “Праблем шмат, якія трэба вырашаць калі не сёння, то заўтра. Калі вы нас у гэтым падтрымаеце, мы будзем удзячны вам і гатовы ў гэтым напрамку супрацоўнічаць, — рэзюмаваў беларускі лідар. — Я ўпэўнены, што вы, спадар Ліцюнь, добра ведаеце Беларусь, але горш не будзе, калі лепш пазнаёміцеся з сучаснай краінай і зробіце для сябе пэўныя вывады ў плане нашага далейшага супрацоўніцтва”.

У сваю чаргу Цзінь Ліцюнь адзначыў, што для яго вялікі гонар прысутнічаць на гэтай сустрэчы. “У нашым банку мы ўсе ведаем, што гэта былі вашы асабістая заслуга і рашэнне далучыцца да нашага банка. Мы ўдзячны вам за магчымасць удзелу ў развіцці інфраструктуры Беларусі. З таго самага моманту, калі членства Беларусі было зацверджана ў нашым банку, мы адчувалі падтрымку і ўдзячны за яе. За два дні мы правялі мноства сустрэч з Саветам Міністраў, прадстаўнікамі банкаў, у тым ліку Банка развіцця, і я быў уражаны тым, наколькі людзі аддаюцца рабоце ў плане развіцця краіны”, — сказаў ён.

Азіяцкі банк інфраструктурных інвестыцый быў заснаваны ў 2014 годзе, аперацыйную дзейнасць пачаў у студзені 2016 года. Яго ключавая мэта — пера­адоленне інфраструктурных абмежаванняў эканамічнага развіцця як у Азіі, так і за яе межамі. Колькасць дзяржаў — членаў банка і тых, хто падаў заяўку на ўступленне, дасягнула 100. Найбуйнейшыя акцыя­неры банка Кітай, Індыя і Расія. Беларусь з’яўляецца нерэгіянальным членам банка з 17 студзеня 2019 года.

На перыяд з 2019 па 2021 год банк пра­працаваў праграмы фінансавання 64 праектаў на суму $9 млрд.

Па матэрыялах БелТА.