Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Працаваць трэба, як мы гэта заўсёды рабілі, кропкава”

- 11:14Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу са Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталляй Качанавай. У цэнтры ўвагі былі тэмы падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў, якія маюць адбыцца, сітуацыя ў эканоміцы і меры па супрацьдзеянні распаўсюджванню вірусных інфекцый.

“Ёсць шэраг праблем, якія мы павінны абмеркаваць з вамі. Не бу­дзем утойваць, гэта і палітычныя пытанні: год прэзідэнцкіх выбараў. Самая вялікая праблема — гэта эканоміка. Тым не менш гэтае пытанне нікуды не дзенецца, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Нам трэба не толькі абмяркоўваць, але і планаваць прэзідэнцкія выбары. У нас пакуль няма падстаў пераносіць прэзідэнцкія выбары, як некаторыя тут нам (ці то ворагі, ці то сапернікі) падказваюць. Палітычныя пытанні нікуды не дзенуцца. Іх трэба абмяркоўваць”.

Што тычыцца сітуацыі ў эканоміцы, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі стараюцца зрабіць так, каб прадпрыемствы працавалі, людзі атрымлівалі зарплату. “Тут у мяне формула Трампа. Мне вельмі спадабалася, калі ён так шчыра сказаў, што калі мы не пачнём неадкладна працаваць (да амерыканцаў звярнуўся, дзе друкуюць гэты долар, першая эканоміка ў свеце), то людзей памрэ больш ад беспрацоўя і голаду, чым ад каранавіруса. Вельмі правільна сказаў. Нам што гаварыць? Трэба працаваць і ратавацца ад гэтага крызісу, як толькі можна”, — заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт у час сустрэчы выказаў упэўненасць, што сістэма аховы здароўя ў краіне здольна паспяхова спраўляцца з існуючымі выклікамі, у тым ліку на фоне распаўсюджвання ў свеце каранавіруснай інфекцыі.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ні ў якім разе нельга скідаць з рахунку тэму вірусных хвароб. “Тым больш што мы цяпер (гэта мае адчуванні, зыходзячы з лічбавага аналізу захваральнасці) знаходзімся на піку. Я ўжо малю Бога, каб да Вялікадня гэты пік пайшоў уніз”, — сказаў ён.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што на фоне барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса нельга забываць пра тое, што ёсць шмат іншых катэгорый пацыентаў, якія маюць не меншую патрэбу ў медыцынскай дапамозе. “У нас у сотні разоў больш смярцей ад іншых хвароб, чым ад вірусаў. Проста мы сканцэнтраваліся ўсе на гэтым. У нас ёсць хворыя і з анкалагічнымі, сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, астматыкі, у нас ёсць проста лю­дзі, якія хварэюць на пнеўманію, без усялякіх ускладненняў. І там смярцей у сотні разоў больш, чым ад гэтага каранавіруса”, — адзначыў беларускі лідар.

Каб ацаніць сітуацыю, Аляксандр Лукашэнка ў тым ліку мае намер у найбліжэйшы час прааналізаваць статыстыку смяротнасці ў Беларусі за першы квартал у параўнанні з аналагічнымі перыядамі мінулых гадоў.

Прэзідэнт расказаў, што прасіў Наталлю Качанаву за мінулыя выхадныя асабіста разабрацца з сітуацыяй у Віцебску. “Вы ў мяне чалавек мужны. Салдат такі, што і ў выхадныя адпрацавалі ў праблемным рэгіёне — роднай сваёй вобласці. Ваш пункт гледжання, што там адбываецца? Я не гавару, што там катастрофа нейкая. Проста Віцебская вобласць і па клімаце іншая, і крыху зрушыўся гэты пік захваральнасці. Так, былі і нейкія памылкі. Хацелася б гэта пачуць. Сёння там працуе міністр аховы здароўя, я накіроўваў туды яго і спецыялістаў, каб яны звярнулі ўвагу, прааналізавалі і зрабілі высновы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі са смерцю акцёра ў Віцебску, у якога раней дыягнаставалі каранавірус, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў пажылога мужчыны былі і іншыя спадарожныя захворванні. “Жонка здаровая (яна ж з мужам жыла), дачка здаровая. Таму што імунітэт моцны. А ён, бедны, не вытрымаў. Паступіў з цяжкай пнеўманіяй, на ШВЛ ляжаў, ратавалі яго”, — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў цяперашняй сітуацыі трэба старацца берагчы людзей пажылога ўзросту. “Не таму, што яны старыя, а таму, што ў іх імунітэт аслаблены. І другое — у іх букет хвароб”. “Калі людзі гэтага не зразумеюць, мы нічога ў гэтым плане не зробім”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым прэзідэнт не з’яўляецца прыхільнікам масавай ізаляцыі. “Замыкаць у тухлых кватэрах — гэта не метад. Мы забіваем людзей у гэтых кватэрах, — упэўнены ён. — Адкрываецца шмат праблем, над якімі трэба працаваць, а не закрываць граніцу і заганяць лю­дзей у дамы. Нас заўсёды вучылі, вы ж помніце: калі ВРВІ, грып і іншае, трэба на вуліцу выходзіць, ды­хаць свежым паветрам, праветры­ваць памяшканне”.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што, ізалюючы людзей у сваіх дамах і кватэрах, ніхто не ведае, здаровыя яны ці ўжо нечым заразіліся, і не толькі каранавірусам. “Вірус хо­дзіць. Ні вы не ведаеце, ні я. Я не рабіў тэст. І я не ведаю, перажыў я гэты вірус ужо на нагах ці не. Гэтак жа і там”, — заўважыў ён.

Паводле слоў прэзідэнта, у выніку людзі знаходзяцца ў сваёй закрытай кватэры ў атмасферы вірусаў і часта вельмі позна, ужо ў крытычным стане, паступаюць на лячэнне. “Таму я не разумею тых, хто сёння раіць ізаляваць, закрыць, пера­крыць. Працаваць трэба, як мы гэта заўсёды рабілі, кропкава”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым у Беларусі ўжо вылечылі ад каранавіруса больш за сто чалавек. Ён падзякаваў за гэта ўрачам. “Гэтым урачам я хачу сказаць “дзякуй”. За тое, што яны знайшлі камбінацыю лякарстваў, каб вылечыць людзей. Малайцы! Але людзі самі, старыя перш за ўсё, павінны пра сябе паклапаціцца. Тыя, хто мала­дзейшыя, перахварэлі ўжо і перанясуць гэты вірус. Нікуды мы ад гэтага не дзенемся. Але там, дзе трэба сябе засцерагчы ад небяспекі, трэба засцерагчы”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт нагадаў, што апошнім часам вельмі сур’ёзна ўзяў пад кантроль работу сістэмы аховы здароўя. “Сістэма створана. Сістэма павінна працаваць выключна як гадзіннік. Не магу сказаць, што яна не працуе”, — адзначыў ён.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на недахопы ў рабоце медыкаў, маючы на ўвазе бесклапотнасць некаторых урачоў, якія, кантактуючы з пацыентамі, не заў­сёды прымаюць неабходныя меры засцярогі. “Вось у Віцебску ведаю: урачы першага ўзроўню — тыя, хто ад некага заразіўся. Там іх больш за дзясятак. Яны, вядома, не праблемныя. Але ж мы адцягваем увагу на іх лячэнне. Гэтыя ўрачы павінны ля­чыць пацыентаў, а мы іх лечым. Яны, дзякуй богу, моцныя людзі. Але гэта нядобра, калі ўрач не звяртае ўвагі на элементарныя меры”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэн­кі, у Беларусі прымаюцца неабходныя меры па прадухіленні распаўсюджвання каранавіруса. У тым ліку людзі, якія прыяз­джаюць з-за мяжы, ідуць на каранцін, усіх кантралююць пры ўездзе, прасоч­ваюць усе кантакты тых, хто заразіўся. “Мы лечым там, дзе трэба іх лячыць. Але нельга людзей абмяжоўваць там, дзе іх нельга абмяжоўваць”, — зая­віў ён.

Прэзідэнт таксама спыніўся на тым, што маюць месца фэйкі і некаторы недавер да ўлады вакол тэмы каранавіруса. “Вось, улада некага падманвае… Слухайце, ну я не ведаю, навошта мне каго-небудзь падманваць. Я што, гэты вірус стварыў, каб нешта схаваць і людзям не паказваць? Я ж яго не ствараў”, — адрэагаваў беларускі лідар.

У цэлым ён адзначыў, што сітуацыя кантралюемая і няма ніякай катастрофы: “У нас сёння лечацца і застаюцца ў бальніцы 80—90 чалавек. Мы спраўляемся з гэтымі людзьмі”. Апошнім часам у Беларусі выяўляліся і іншыя вірусы, якія распаўсюджваліся па свеце ў папярэднія гады.

На заканчэнне Аляксандр Лукашэн­ка сказаў, што, як і ў выпадку з іншымі падзеямі, вайна гэта, эпідэмія або пандэмія, з усяго трэба атрымліваць урокі на будучыню. “Мы многаму вучымся. Я асабіста кантралюю некалькі працэсаў. Рана пра гэта гаварыць, але я ўжо людзям сказаў: настане час, я проста раскажу са сваіх назіранняў, спецыялісты скажуць, і мы людзям раскажам пра гэтыя ўрокі. Але гэтыя ўрокі трэба атрымліваць. Калі сёння здарылася бяда ў эканоміцы і з хваробамі лю­дзей, хто гарантуе, што заўтра горш не будзе?” — заявіў прэзідэнт.


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталляй Качанавай даручыў звязацца з кіраўніцтвам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і запрасіць у краіну іх спецыя­лістаў. З чым звязана такое даручэнне кіраўніка дзяржавы, расказала прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант.

“Гэтае даручэнне звязана з тым, што мы цяпер жывём ва ўмовах у тым ліку і інфармацыйнага каранавіруса. Штодзённа і штогадзінна назіраем шматлікія спробы абвастрыць сітуацыю ў СМІ. Мы за ўсім сочым і бачым вельмі шмат размоў, спроб дэзынфармаваць людзей, выкарыстаць сітуацыю для таго, каб падарваць давер да ўлады”, — заявіла Наталля Эйсмант.

“У першую чаргу для таго, каб зняць любыя абвінавачанні і паказаць, што мы нічога не ўтойваем, прэзідэнт даручыў сёння Старшыні Савета Рэспублікі неадкладна звязацца з кіраўніцтвам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і запрасіць сюды іх спецыялістаў. Прычым спецыялістаў, каманду, сфарміраваную паводле іх меркавання, — расказала прэс-сакратар. — Гэтым спецыялістам будзе прапанавана ацаніць як работу сістэмы аховы здароўя ў цэлым, так і — падкрэсліваю — цяперашнюю сітуацыю, нашы механізмы супрацьдзеяння самым небяспечным інфекцыям. Пасля гэтага эксперты дадуць публічную ацэнку ўбачанаму — адкрыта і непрадузята. Усё гэта робіцца для таго, каб у далейшым не было ніякіх крыватолкаў”.


Як паведаміла па выніках сустрэчы з кіраўніком дзяржавы Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, гэтымі днямі па даручэнні прэзідэнта яна пабывала ў Віцебскай вобласці, каб высветліць, якая сітуацыя складваецца ў рэгіёне. “Сітуацыя абсалютна кіруемая. Урачы разумеюць, што трэба рабіць, — сказала Наталля Качанава. — Сёння пішуць, што Віцебскую вобласць закрылі, ніхто не можа ні ўехаць, ні выехаць — гэта фэйкавы ўкід, які абсалютна не адпавядае рэчаіснасці”.

Старшыня верхняй палаты парламента наведала ў Віцебску ўстановы аховы здароўя, азнаёмілася з работай лабараторый, дзе пачалі выпускаць тэсты на выяўленне каранавіруса. “Вядома, былі пытанні, якім неабходна карэкціроўка. Цяпер прынята рашэнне: будуць адкрыты лабараторыі ва ўсіх абласных цэнтрах для таго, каб хутчэй давалася заключэнне па тэстах на каранавірус. Таму нічога надзвычайнага, сітуацыя абсалютна кантралюемая, кіруемая”, — заявіла яна.

Спікер таксама адзначыла, што на фоне праблем з-за распаўсюджвання ў свеце каранавіруснай інфекцыі гучаць розныя прапановы, аж да закрыцця прадпрыемстваў. Аднак Наталля Качанава падкрэсліла, што для такіх мер няма падстаў. “Мы добра разумеем: эпідэмія прой­дзе, а з чым застанецца краіна? У нас няма такой сітуацыі, каб трэба было закрываць нейкія прадпрыемствы. Таму эканоміка ў прыярытэце: работа прадпрыемстваў, выкананне задач, якія стаяць перад намі”, — сказала яна.

Цяпер у Савеце Рэспублікі разглядаюць прапановы ўрада па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны на наступнае пяцігоддзе, сочаць за бягучай сітуацыяй у рэгіёнах і на прадпрыемствах. “Безумоўна, гэта вельмі важна — раўнамернае развіццё рэгіёнаў, работа кожнага прадпрыемства. Без эканомікі не будзе абсалютна нічога, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Задачы, якія ставіў кіраўнік дзяржавы па пытаннях занятасці, цэн, зарплаты, заўсёды будуць у прыярытэце”.