Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Працаваць з карысцю і даваць вынік”

- 10:13Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на Алімпійскім сходзе НАК Беларусі, пералічыў дзесяць асноўных задач па ўдасканаленні спартыўнай галіны.

“Спорт — найважнейшая галіна народнай гаспадаркі. Яна павінна працаваць з карысцю і даваць вынік. Мы не настолькі багатыя, каб бяздумна траціць грошы. Сітуацыя патрабуе дзеянняў па ўдасканаленні гэтай сферы, выкараненні негатыўных фактараў, якія перашкаджаюць эфектыўнаму выкарыстанню сродкаў”, — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў Беларусі ёсць таленты, якія могуць стаць спартсменамі сусветнага ўзроўню. “Мы прадэманстравалі за перыяд незалежнасці, што маем таленавітых людзей. Нават у нечаканых відах”, — сказаў ён. Прэзідэнт прывёў прыклад Юліі Несцярэнка, якая ў свой час сенсацыйна перамагла на Алімпіядзе ў Афінах.

“Працаваць трэба. Таму мы будзем падтрымліваць школы. Калі толькі мы ўбачым, што там ёсць патэнцыял, любую школу падтрымаем, якая ніколі медалёў нам не прыносіла. Будзем падтрымліваць, але арыентавацца на вынік. У адваротным выпадку — гэта фізкультура. Аб’екты будзем будаваць, але толькі з перспектывай, што яны будуць занятыя і там будуць займацца людзі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У сваім выступленні прэзідэнт акрэсліў ключавыя напрамкі, па якіх неабходна ўдасканальваць спартыўную галіну.

Па-першае, неабходна вызначыць перспектыўныя, патэнцыяльна медальныя, традыцыйныя для Беларусі віды спорту і менавіта ім аказваць асноўную падтрымку. “Заваявалі ліцэнзіі — дабавіць. Атрымалі медалі — яшчэ дабавіць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па-другое, патрабуе кардынальнага паляпшэння сітуацыя ў дзіцяча-юнацкім спорце. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта аснова асноў. І тут неабходны сістэмны падыход. Ён даручыў мясцовым органам улады на працягу года вырашыць пытанне з забеспячэннем неабходным інвентаром кожнай спартыўнай школы.

Яшчэ адзін напрамак — студэнцкі спорт, які ў Беларусі так пакуль і не стаў апорай для прафесійнага спорту. У сувязі з гэтым міністру адукацыі даручана прадметна разабрацца з гэтай сферай і больш актыўна працаваць у адной звязцы са спартыўнымі ведамствамі і арганізацыямі.

Па-чацвёртае, мае патрэбу ў аптымізацыі сістэма навучання трэнерскіх кадраў. “Мы вымушаны дзясяткамі завозіць трэнераў з-за мяжы і за вялікія грошы”, — заўважыў беларускі лідар.

Пятая задача — аптымізацыя работы рэспубліканскіх цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі. Пры гэтым Міністэрства спорту і турызму не павінна страчваць кантроль над трэніровачным працэсам нацыянальных каманд.

Не менш важныя і такія сферы, як спартыўная навука і медыцына. Тут, на думку прэзідэнта, праблемы вырашаюцца марудна. “Не мне вам тлумачыць, што без якаснага медыцынскага і навуковага суправаджэння цяпер немагчыма дасягаць сур’ёзных вынікаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Нам неабходна максімальна задзейнічаць патэнцыял Міністэрства аховы здароўя з разуменнем таго, што спартсмены патрабуюць індывідуальнага падыходу”.

Сёмае — неабходна ўмець разумна супрацьстаяць беспадстаўнаму націску, калі нацыянальныя каманды абвінавачваюць у выкарыстанні допінгу. А гэтай тэме сёння ў свеце ўдзяляецца шмат увагі. “Зразумейце, кожны допінгавы камень у наш агарод больш не разглядаецца як адзінкавы выпадак. Усе спрабуюць скласці гэта ў сістэму. Як зрабілі з Расіяй. А значыць, мы павінны быць разумнейшымі, больш празрыстымі, каб ніхто не паставіў пад сумненне нашу чысціню”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы даручыў вырашыць яшчэ адну задачу — узмацніць ролю рэгіёнаў у падрыхтоўцы атлетаў. Паводле яго слоў, мясцовыя ўлады адыгрываюць значную ролю ў развіцці спорту. Цікавая губернатару гэтая сфера — і яна будзе развівацца. Будзе падтрымка рэгіёнаў — будуць з’яўляцца новыя зоркі. Калі гэтага няма, то ў лепшым выпадку перспектыўны атлет пераедзе на новае месца жыхарства, а ў горшым — перастане займацца з-за таго, што ён нікому не патрэбны.

Наступная сфера дзеянняў — загрузка інфраструктуры. Трэба дакладна ўвязваць планы будаўніцтва з канцэпцыяй развіцця відаў спорту ў краіне. Акрамя таго, важна выкарыстоўваць спартыўныя аб’екты па прызначэнні. Міністэрству спорту даручана ўзяць гэтыя пытанні пад кантроль.

Апошнім, дзясятым, напрамкам з’яўляецца неабходнасць актывізаваць работу спартыўных федэрацый і ў цэлым зразумела размеркаваць абавязкі і адказнасць паміж рознымі спартыўнымі структурамі. “Хачу адзначыць асаблівую ролю Нацыянальнага алімпійскага камітэта як галоўнай спартыўнай грамадскай арганізацыі краіны. Падкрэсліваю: НАК павінен быць домам для ўсіх, аказваць метадычную, фінансавую і іншую дапамогу федэрацыям, аператыўна і якасна вырашаць такія праблемы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На заканчэнне кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што калі не навесці парадак у спартыўнай галіне, то Алімпіяду ў Рыа беларусы будуць хутка ўспамінаць як адну з самых паспяховых. “Савецкі запас трываласці даўно вычарпаны, а новая эфектыўная сістэма так да канца і не сфарміравана. І гэта задача на найбліжэйшую перспектыву. Не вырашым названыя мной праблемы — спорт вышэйшых дасягненняў страцім. Што гэта значыць для дзяржавы, для людзей — не мне вам тлумачыць”, — дадаў ён.

* * *

Удзельнікі Алімпійскага сходу перавыбралі кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнку на чарговы тэрмін на пасаду прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.

Першым віцэ-прэзідэнтам НАК выбраны заслужаны майстар спорту Андрэй Асташэвіч. Віцэ-прэзідэнтамі НАК сталі рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры намеснік старшыні Беларускай федэрацыі гандбола Сяргей Рэпкін, старшыня асацыяцыі “Беларуская федэрацыя хакея” Сямён Шапіра.

У склад новага выканкама НАК таксама ўвайшлі Дзмітрый Баскаў, Валянцін Баравок, Дзмітрый Піневіч, Сяргей Румас, Іван Ціхан, Любоў Чаркашына, Юрый Швяцоў, Алег Шэпель, Антон Юспа.

Удзельнікі Алімпійскага сходу выбралі ў ганаровыя члены Нацыянальнага алімпійскага камітэта вядомых у мінулым спартсменаў: трохразовага алімпійскага чэмпіёна па вольнай барацьбе Аляксандра Мядзведзя, алімпійскіх чэмпіёнаў па кіданні дыска Эліну Звераву і фехтавальшчыка Аляксандра Раманькова.

Упершыню Аляксандр Лукашэнка ўзначаліў НАК 15 мая 1997 года.