Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Прававыя нормы павінны дапамагаць, а не перашкаджаць жыць”

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па праектах кодэксаў аб адміністратыўнай адказнасці.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на працягу паўгода над праектамі Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях працавала міжведамасная экспертная камісія пад кіраўніцтвам намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Вольгі Чупрыс.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ўслед за кодэксамі неабходна перагледзець ведамасныя інструкцыі і іншыя акты падзаконнага ўзроў­ню, зняўшы з іх лішнія бюракратычныя патрабаванні. Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на неабходнасці хуткага правядзення такой работы. “Мы павінны з вамі дамовіцца, у якія тэрміны гэта зрабіць. Вельмі хацелася б, каб з новага года пачаў працаваць новы кодэкс і былі прыведзены ў парадак падзаконныя акты”, — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што змяненне норм заканадаўства ў далейшым прадоўжыцца па аналогіі з тым, як гэта адбывалася з кодэксамі аб адміністратыўных правапарушэннях. У прыватнасці, такая работа будзе праведзена ў сферы крымінальнага заканадаўства.

“Прайшло нямала часу, жыццё памянялася. Новыя і дзеючыя законы павінны адпавядаць рытму, спосабу жыцця грамадзян і функцыянаванню дзяржавы. Таму надышоў час узяцца за гэтую цяжкую, карпатлівую, часам нелюбімую работу (помню гэта з часоў сваёй парламенцкай дзейнасці), — адзначыў прэзідэнт. — Не трэба ў выніку рэформ паламаць усё дашчэнту і разлічваць, што затым, на абломках мы нешта пабудуем. Трэба ісці так, як мы фарміравалі гэтыя кодэксы (аб адміністратыўнай адказнасці) — ад жыцця, улічваючы тое, што ўжо зроблена”.

“Забароны і абмежаванні павінны застацца толькі там, дзе яны аб’ектыўна неабходны: калі ёсць рызыка прычынення шкоды жыццю і здароўю грамадзян, узнікнення надзвычайных сітуацый”, — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

“Не трэба чапляцца да людзей па дробязях, — падкрэсліў прэзідэнт. — Навошта штрафаваць пажылую жанчыну, якая ля дарогі прадае, напрыклад, вядро яблыкаў ці бульбы з уласнага агарода? Лепш будзе, калі мы ўсюды (хоць цяжка сказаць, дзе іх толькі няма) арганізуем міні-рынкі, паставім прылаўкі каля вёсак або ў людных месцах. А ў астатнім — нам проста не трэба перашкаджаць людзям жыць і працаваць”.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што такая работа ў краіне ўжо вядзецца, яна пачалася тры гады назад у рамках лібералізацыі бізнес-клімату. “Яна не павінна спыняцца. Гэта прамое даручэнне, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Пастаянна трэба думаць, як працаваць з людзьмі. Прававыя нормы павінны дапамагаць, а не перашкаджаць жыць”.

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў бальную сістэму, прапанаваную ДАІ. “Можа, яна і нядрэнная. У многіх краінах прыжылася. Але калі мы вывучылі грамадскую думку, то гэтай сістэме ў Беларусі пакуль няма даверу”, — сказаў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, каб у канчатковым выглядзе ў кодэксах у поўнай меры ўлічылі інтарэсы як дзяржавы, так і простых грамадзян. “Асобныя шурпатасці можна скарэкціраваць пры да­працоўцы ў Палаце прадстаўнікоў, дзе парламентарыі яшчэ ўнясуць сваю лепту. Аднак па асноўных, канцэптуальных палажэннях праектаў мы павінны вызначыцца сёння”, — падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэтая тэма ўжо абмяркоўвалася ў снежні 2019 года і тады быў выяўлены шэраг сістэмных недахопаў. “Я прыводзіў ужо канкрэтныя лічбы. Толькі за пяць гадоў у нас зарэгістравана ледзь ці не 16 млн парушэнняў, за якія да адказнасці прыцягнуты больш як 3 млн чалавек. Такі стан спраў стаў вынікам неналежнай правапрымяняльнай практыкі асобных ведамстваў і залішняй рэпрэсіўнасці адміністратыўнага заканадаўства”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Для таго каб змяніць сітуацыю, прэзідэнт даваў адпаведныя даручэнні, у тым ліку наконт павелічэння скораснага рэжыму, аптымізацыі размяшчэння сродкаў фота- і відэафіксацыі, узмацнення прафілактычнай работы з насельніцтвам. Ён нагадаў, што ў падрыхтоўцы двух новых кодэксаў былі задзейнічаны дзяржорганы ўсіх узроўняў улады, дэпутацкі і судзейскі корпус, вучоныя і юрыдычная грамадскасць. Міжведамасная камісія вывучыла праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі, і выпрацавала аптымальныя прававыя мадэлі іх вырашэння.

“Перакананы, што толькі такім чынам могуць быць падрыхтаваны сапраўды справядлівыя і вельмі патрэбныя грамадству законы. Гэты вопыт трэба ўзяць на ўзбраенне і новаму складу ўрада”, — лічыць прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама абазначыў асноўныя пытанні для ўдзельнікаў нарады. “Па-першае, якія асноўныя змяненні прадугледжаны праектамі кодэксаў? Ці ў поўнай меры ў іх рэалізаваны ўстаноўкі прэзідэнта? Ці ўлічаны прапановы, якія паступілі ад грамадзян? — звярнуўся ён да прысутных. — Па-другое, наколькі мы перакроілі адміністратыўны працэс і ці трэба было гэта рабіць? Цікава пачуць, як нормы кодэксаў будуць прымяняць суды. Па-трэцяе, якім чынам будзе выбудавана прафілактычная работа з насельніцтвам па лініі органаў унутраных спраў? Гэта важны складнік. Бо, па сутнасці, міліцыя заўсёды была і будзе бліжэй за ўсё да людзей”.