Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Прыярытэт у эканоміцы — гэта чалавек”

- 12:59Інфармацыйная гадзіна

Інфляцыю ўдалося скараціць, але гэтага недастаткова, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб праектах прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2016 год.

“Інфляцыю ўдалося скараціць, але гэтага недастаткова. Трэба больш энергічна яе зніжаць — выходзіць на адназначныя паказчыкі. Тады і будуць макраэканамічная стабільнасць і ўмовы для зніжэння працэнтных ставак па крэдытах”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на нарадзе трэба будзе абмеркаваць важнейшыя пытанні дзяржаўнай эканамічнай палітыкі на найбліжэйшы год. “Усіх, вядома ж, хвалюе пытанне, што будзе далей і якім шляхам будзем ісці. Хацелася б пачуць ад урада і адпаведных службовых асоб, што прапануецца”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. “Зразумела, час мяняецца, і да гэтага часу трэба прыстасоўвацца. Трэба прыстасоўвацца, але не цягнуцца ў хвасце падзей, а імкнуцца да таго, каб гэтыя падзеі, наколькі гэта магчыма, зрабіць карыснымі для нашай краіны і нашага народа, прымаючы адэкватныя меры і выстаўляючы ідэі для падрыхтоўкі рэальных планаў. А для гэтага трэба мабілізоўваць існуючыя сілы і рэсурсы”.
Разам з тым прэзідэнт заўважыў, што, перш чым планаваць будучы год, неабходна прааналізаваць бягучую сітуацыю і ацаніць базу, ад якой адштурхоўвацца, з чаго зыходзіць, будуючы планы і дзеянні ў наступным годзе.
“Паслухаем урад — што маем да гэтага часу ў эканоміцы, якія меры прыняты для вырашэння праблем, што атрымалася, а што не дае вынікаў. І галоўнае — рэакцыю на дадзенае мной даручэнне, прынамсі, у IV квартале мінулага года”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ўрад дакладвае: у цэлым стабільнасць захавана, у поўным аб’ёме і ў тэрмін краіна разлічваецца па ўсіх дзяржаўных абавязацельствах і валютных даўгах. “Гэта добра, але самае галоўнае, каб у будучым не залазіць у даўгі, трэба, каб развівалася эканоміка”, — перакананы прэзідэнт.
Аднак кіраўнік дзяржавы канстатаваў: “Сітуацыя на многіх прамысловых прадпрыемствах застаецца складанай, калі не сказаць горш”. Намецілася адмоўная дынаміка ў сельскай гаспадарцы і гандлі, не дабірае будаўнічая галіна, скарачаецца экспарт, знізіліся інвестыцыі, адзначыў ён.
Як лічыць прэзідэнт, вядома, негатыўную ролю тут адыгрываюць знешнія фактары, аднак не варта ўсё спісваць толькі на іх. “Ёсць нямала ўнутраных рэзерваў, якія слаба выкарыстоўваюцца як у зніжэнні сабекошту прадукцыі, укараненні новых тэхналогій, так і ў кіраванні прадпрыемствамі, — выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка. — Я сказаў бы так: калі на эканоміку ўплываюць знешнія фактары ў памеры 100 працэнтаў, то як мінімум 30 працэнтаў — гэта наша”.
Прэзідэнт запатрабаваў ад урада канкрэтнай работы. Сітуацыю ў эканоміцы ён ахарактарызаваў як складаную: “Сёння ў свеце амаль вайна ідзе”. Аляксандр Лукашэнка адзначыў: “Трэба мабілізоўвацца вядомымі метадамі, якімі мы ўмеем дзейнічаць, разумеем іх. Трэба грунтавацца на іх і дзейнічаць, а не падкідваць розныя эксперыменты”.
“Мне патрэбны канкрэтныя разважлівыя прапановы”, — сказаў прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы выступіў супраць скарачэння паказчыкаў. “Трэба даводзіць больш канкрэтных паказчыкаў”, — лічыць ён, прывёўшы ў якасці прыкладу паказчык па стварэнні рабочых месцаў для мясцовых органаў улады. Гэта паслужыць для іх дадатковым стымулам для пошуку інвестараў, якія будуць гэтыя рабочыя месцы ствараць.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што беларуская эканоміка абсалютна канкурэнтная па цэнавым фактары і якасці. “Цудаў не бывае, у крызісны час мы не можам, нават калі захочам, стварыць новую эканоміку, гэта значыць, замест нашага машынабудаўнічага комплексу, напрыклад, вырабляць нешта касмічнае. Не зможам — ды і не трэба. У нас добрыя людзі, адукацыя, прамысловая школа. Трэба крыху варушыцца, напружвацца”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
“Мы не павінны дзейнічаць, каб дагадзіць каму-небудзь — міжнародная супольнасць гэта, Міжнародны валютны фонд, Расія або іншыя дзяржавы. Мы ніколі нікому не стваралі праблем”, — прадоўжыў прэзідэнт. Пры гэтым Беларусь разлічвае на дапамогу і падтрымку з боку міжнароднай супольнасці перш за ўсё ў эканоміцы, і толькі ў эканоміцы. “Не патрэбна больш ніякая падтрымка”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Беларусь разлічвае таксама на падтрымку Расіі — дружалюбнай, брацкай дзяржавы. Так, прэзідэнт адзначыў, што на прадпрыемствах Расіі, якія маюць кааперацыйныя сувязі з Беларуссю, працуюць 10 млн расіян.
Прэзідэнт лічыць неабходным мабілізаваць усе рэсурсы і сілы для ўздыму эканомікі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на нарадзе дэталёва разглядаюцца планы на наступны год, з якога пачынаецца новае пяцігоддзе, новы этап у развіцці краіны. “Год будзе праходзіць ва ўмовах жорсткіх бюджэтных абмежаванняў, — падкрэсліў беларускі лідар. — Нам трэба забяспечыць макраэканамічную стабільнасць, пры гэтым выканаць усе абавязацельствы перад людзьмі. Як і было абяцана, прыярытэт у эканоміцы — гэта чалавек. Ахова здароўя, адукацыя, сацыяльная абарона. Мы будуем эканоміку ведаў. Значыць, нашы прыярытэты таксама навука і перадавыя, найноўшыя тэхналогіі”.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заўважыў, што пакуль больш размоў, чым справы.
“Беларусь — суверэнная краіна, таму вырашэнне існуючых праблем у эканоміцы ў першую чаргу залежыць ад нас саміх, ад таго, як мы працуем, наколькі ўмела гандлюем і эфектыўна прасоўваем сваю прадукцыю як унутры краіны, так і на знешніх рынках”, — адзначыў прэзідэнт.
Патрабуючы мабілізаваць усе сілы для ўздыму эканомікі, Аляксандр Лукашэнка хацеў бы пачуць дакладны адказ на пытанне, на што разлічваюць урад і Нацыянальны банк. “На буйныя прадпрыемствы і новыя праекты? Або будзем чакаць, калі скончыцца паласа непрыемнасцей у сусветнай эканоміцы?” — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт запатрабаваў ад урада стварыць такія ўмовы вядзення бізнесу, каб інвестары самі прыходзілі, самі неслі грошы, а не іх шукалі. “Што трэба для гэтага, таксама хацелася б пачуць ад урада”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу губернатараў на гэтую праблему. “Вы несяце персанальную адказнасць за эфектыўнае развіццё рэгіёнаў. Прыярытэты абазначаны для ўсіх, і іх трэба прытрымлівацца няўхільна”.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што чакае ад удзельнікаў нарады не галаслоўных абяцанняў і запэўніванняў, спасылак на знешнія фактары. “У нас свае нацыянальныя інтарэсы, якія трэба адстойваць і развіваць”, — заявіў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў асноўным адобрыў праекты прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі краіны на 2016 год.
На працягу некалькіх дзён дакументы будуць дапрацаваны і ў канчатковым выглядзе прадстаўлены кіраўніку дзяржавы. Фундаментальных заўваг у ходзе нарады выказана не было. У той жа час прэзідэнт запатрабаваў, каб усім зацікаўленым эканамічным суб’ектам, кіраўнікам былі даведзены паказчыкі, якія вызначалі б эфектыўнасць іх дзейнасці. Для старшынь абл- і райвыканкамаў такім індыкатарам будзе, напрыклад, колькасць створаных рабочых месцаў. Вынікі выканання будуць падводзіцца кожны квартал.
Сярод прыярытэтаў эканомікі на наступны год кіраўнік дзяржавы акрэсліў рост экспарту, умацаванне пазіцый айчынных вытворцаў на ўнутраным рынку, укараненне новых тэхналогій, зніжэнне сабекошту прадукцыі. Апошняе, як падкрэсліў прэзідэнт, ні ў якім разе нельга рабіць за кошт скарачэння работнікаў. Аптымізацыя неабходна, але паралельна павінны стварацца новыя рабочыя месцы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што эканамічныя планы і прагнозы неабходна складаць і рэалізоўваць зыходзячы з інтарэсаў людзей: ім трэба даць работу, запатрабаваць за якасць яе выканання і заплаціць за яе.