Аляксандр ЛУКАШЭНКА: Прыёмная кампанія ў беларускіх ВНУ і ССНУ стала адной з самых прагрэсіўных на тэрыторыі СНД

- 16:01Актуальна, Рознае
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў аператыўна дапрацаваць праект указа аб зацвярджэнні новай рэдакцыі правіл прыёму ў ВНУ і ССНУ з тым, каб яны ўступілі ў сілу ў сакавіку. Такую задачу кіраўнік дзяржавы паставіў 11 сакавіка на нарадзе па ўдасканаленні сістэмы і работы па прыёме ў ВНУ і ССНУ. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ніякіх рэвалюцый у арганізацыі прыёму не будзе, а новая рэдакцыя правіл пойдзе толькі на паляпшэнне сітуацыі, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Паводле слоў прэзідэнта, пры разглядзе праекта ўказа ім было прынята рашэнне абмеркаваць гэтае важнае сацыяльнае пытанне з шырокім удзелам усіх зацікаўленых. “На жаль, замест снежня гэтая размова адбылася ў сакавіку, аб чым ужо гавораць усе ў краіне”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Ва ўмовах інавацыйнага развіцця эканомікі расце попыт на кваліфікаваных спецыялістаў. Там, дзе раней спраўляўся тэхнік або практык, сёння патрэбны інжынер. Таму ў Беларусі, як і ў іншых краінах, адбываецца паступовы пераход да масавай вышэйшай адукацыі. “Якой гэтая вышэйшая адукацыя павінна быць — тэма асобнай размовы, але ў дэталях мы ўжо вызначыліся. Мною даваліся даручэнні адпаведным службовым асобам аб тым, што мы павінны адаптаваць вышэйшую адукацыю і па тэрмінах, і па змесце да патрабаванняў сённяшняга дня”, — сказаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў сучасных выпускнікоў школ змяніліся матывы, якія ўплываюць на выбар iмi жыццёвага шляху. “Раней, напрыклад, для выпускніка быў важны і прэстыжны сам факт паступлення ў ВНУ. А цяпер прагматычная моладзь імкнецца выбіраць спецыяльнасці, якія ў будучым дадуць добры заробак. Акрамя вучобы, у яе з’явіліся і іншыя прывабныя варыянты жыццеўладкавання, напрыклад, прадпрымальніцтва”, — сказаў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым заўважыў, што многія, скончыўшы ВНУ, лічаць сябе гатовымі бізнесменамі або адразу разлічваюць на высокі заробак.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, тое, што маладыя людзі, скончыўшы ВНУ, ужо бачаць сябе бізнесменамі, нейкімі “ракфелерамі сучаснасці”, у некаторай ступені дрэнна. “Ускаквае ў гэтую нішу, а потым аказваецца, што ён нікчэмны прадпрымальнік. І атрымліваецца, што моладзь, сутыкнуўшыся з гэтым, пачынае скардзіцца і крыўдзіцца, што ўлада не стварыла, нейкіх умоў і ў нас у краіне ўсё дрэнна”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
“Таму моладзі трэба ўбіць у галаву, што мы не супраць, прадпрымальніцтва — гэта добра, але паспяховае прадпрымальніцтва і бізнес — вельмі цяжкая работа, і не кожнаму гэта дадзена”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы закрануў праблему прыцягнення абітурыентаў не толькі ў ВНУ, але і ў тыя ўстановы, якія рыхтуюць рабочых і спецыялістаў сярэдняга звяна. “Сёння трэба кропкава, прыцэльна змагацца за кожнага студэнта і вучня. Аднак мы не ўлічваем гэтыя абставіны пры арганізацыі ўступнай кампаніі. Напрыклад, у 2013 годзе з-за павышэння ніжняга парогавага значэння тэставага бала каля 36 працэнтаў усіх абітурыентаў не былі дапушчаны да конкурсу”, — заўважыў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сумным вынікам прыёмнай кампаніі мінулага года сталі сотні незапоўненых бюджэтных месцаў. “Мы павінны дакладна разабрацца, чаму так адбылося. Можа, кадры, якіх рыхтуюць у ВНУ, не запатрабаваны? Жыццё сведчыць, што гэта не так. Значыць, галоўная прычына заключаецца ў нізкай папулярнасці некаторых спецыяльнасцей у моладзі”, — лічыць беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка прывёў меркаванне шэрага экспертаў аб тым, што эфектыўным сродкам прыцягнення абітурыентаў магла б стаць ранняя прафесійная арыентацыя. Гэтыя эксперты, у прыватнасці, прапануюць разгледзець магчымасць укаранення профільнага навучання, а таксама адкрыцця спецыялізаваных класаў і школ з ухілам.
“Я аб гэтым сказаў, але не разумею, якая больш ранняя прафарыентацыя і якія класы з ухілам патрэбны для таго, каб агітаваць і прыцягнуць вучняў школ да паступлення ў педагагічныя ВНУ. Якая тут яшчэ патрэбна прафарыентацыя, калі самі школы з першага па апошні клас выконваюць гэтую функцыю?! Яны бачаць з 6-7 гадоў тое, чым трэба будзе займацца сённяшняму вучню, а заўтра — настаўніку. Але тым не менш настаўнікаў у нас не хапае”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, сістэма ранняй прафарыентацыі прапануецца без якога-небудзь аналізу таго, які ад гэтага будзе вынік.
Тое ж датычыцца і набору на ваенныя спецыяльнасці. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што моладзь у Беларусі дастаткова арыентуецца на тое, каб у будучым, магчыма, звязаць кар’еру з ваеннай службай. Гэтаму садзейнічаюць як мерапрыемствы па патрыятычным выхаванні, так і вялікая колькасць розных памятных мясцін, якія вучні так ці інакш наведваюць у школьныя гады.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што галоўнае значэнне мае нават не высокі ўзровень ведаў у момант паступлення, а жаданне і здольнасць працаваць, дабівацца выніку ў працэсе вучобы. “Патрэбны падбор, мэтавыя накіраванні. Лёгка ж вызначыць будучага педагога, будучага ваеннага, які ганарыўся б тым, што ён носіць пагоны, што ён будзе абараняць Радзіму, — лічыць прэзідэнт. — Мы хочам канкрэтную работу падмяніць нейкай прафарыентацыяй, балбатнёй. А на самай справе нічога гэтага не будзе, усё як было, так і застанецца”.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў веданні многіх міністэрстваў ёсць свае профільныя ўстановы вышэйшай адукацыі, якія ў свой час было вырашана пакінуць менавіта ў гэтых ведамствах, а не перадаваць Міністэрству адукацыі. “Але вы і адкажаце за напаўненне гэтых ВНУ. Вось галоўная ваша задача”, — падкрэсліў беларускі лідар, звяртаючыся да прысутных міністраў.
“Не дай бог мы ў вашых ВНУ выявім нейкую там карупцыю. Толькі ідыёт пасля падзей ва Украіне не зробіць адпаведных вывадаў”, — падкрэсліў прэзідэнт, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады.
“Развал краіны, які адбыўся ва Украіне, у яго аснове — развал эканомікі і страшная карупцыя. Вось дзве прычыны, якія разбурылі дзяржаву”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што якім бы ні быў стан эканомікі ў дзяржаве, карупцыя з’яўляецца той іржой, якая будзе раз’ядаць усё.
Прэзідэнт запатрабаваў у пытанні мэтавага набору займацца канкрэтнай справай: “Дамовіліся з бацькамі, з дзяўчынай або хлопцам: хочаш быць настаўнікам — вось табе мэтавае накіраванне, ты павінен здаць дастойна экзамен. Я не гавару атрымаць найвышэйшы бал”.
На думку кіраўніка дзяржавы, пэўную долю адказнасці павінна несці школа, дзе настаўнікі маюць магчымасць дасканала вызначыць здольнасці кожнага з вучняў. “І гэтую сістэму трэба стварыць, каб дырэктар з намеснікам дырэктара школы, падпісваючы накіраванне, разам адказвалі за гэтае дзіця. І каб гэтае дзіця, якое падпісвае дагавор, скончыўшы ВНУ, вярнулася туды, куды нам трэба. І я ўпэўнены, што мы знойдзем вельмі шмат людзей і для ваенных, і для педагогаў, і гэтая праблема здымецца раз і назаўсёды”, — сказаў прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, адным са сродкаў павышэння прывабнасці вострадэфіцытных спецыяльнасцей магло б стаць увядзенне дадатковых прэферэнцый для маладых спецыялістаў. У сувязі з гэтым ён пацікавіўся, што могуць зрабіць у гэтым напрамку арганізацыі і мясцовыя ўлады.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка паставіў пытанне аб мэтазгоднасці змянення правіл прыёму і іх якасці. “Калі прынцыпова нічога не мяняецца, ці трэба наогул прымаць новую рэдакцыю гэтых правіл і бударажыць людзей? Ці забяспечаць яны якаснае паляпшэнне прыёмнай кампаніі?” — пацікавіўся прэзідэнт.
Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч лічыць, што існуючы механізм прыёму ў ВНУ і ССНУ, закладзены ў 2006 годзе, забяспечвае аднолькавыя магчымасці грамадзян пры паступленні. Паводле яго слоў, дзеючыя правілы прыёму даюць магчымасць на конкурснай аснове па выніках цэнтралізаванага тэсціравання адабраць лепшых для навучання за сродкі дзяржбюджэту. Для тых, хто не прайшоў па конкурсе на бюджэтныя месцы, ёсць магчымасць навучацца за ўласныя сродкі.
Як адзначыў міністр, цяпер якіх-небудзь вострых праблем у арганізацыі прыёмнай кампаніі няма. Разам з тым з-за дэмаграфічнай сітуацыі ў апошнія гады істотна зменшылася колькасць выпускнікоў школ, што ўжо знаходзіць адбітак на забяспечанасці асобных галін эканомікі працоўнымі рэсурсамі. Так, з 2006 года колькасць выпускнікоў базавай школы зменшылася з 147 тысяч да 87 тысяч, сярэдняй школы — з 96 тысяч да 60 тысяч. Для краіны асаблівае значэнне мае рацыянальнае збалансаванае забеспячэнне эканомікі рабочымі і спецыялістамі з сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыяй, падкрэсліў Сяргей Маскевіч.
Міністр адзначыў, што прапанаваныя ў новай рэдакцыі правіл прыёму ў ВНУ і ССНУ абнаўленні накіраваны на тое, каб стымуляваць паступленне моладзі на запатрабаваныя эканомікай краіны спецыяльнасці, забяспечыць развіццё прынцыпу сацыяльнай справядлівасці і дадаткова падтрымаць таленавітую і адораную моладзь.

У прыватнасці, прапануецца прадаставіць абітурыентам незалежна ад месца іх пражывання магчымасць удзельнічаць у конкурсе па мэтавай падрыхтоўцы, а таксама павялічыць мэтавы прыём абітурыентаў па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях да 60 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму, па іншых спецыяльнасцях — да 40 працэнтаў, ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі па сельскагаспадарчых, медыцынскіх спецыяльнасцях — да 60 працэнтаў, па іншых спецыяльнасцях — да 30 працэнтаў.
Акрамя таго, прапануецца прадаставіць права залічэння без уступных іспытаў або па-за конкурсам пры паступленні на ваенныя спецыяльнасці выпускнікам Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, Ліцэя пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС і кадэцкіх вучылішчаў.
Абітурыентам плануецца прадаставіць права выбару здачы ўступных іспытаў у ВНУ або прадастаўленне сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання пры паступленні на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці.
Прапануецца прадаставіць абітурыентам — пераможцам абласнога, Мінскага гарадскога этапу рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах і асобам, якія ўзнагароджаны залатым, сярэбраным медалём або маюць дыплом з адзнакай, права залічэння без уступных іспытаў пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці пры наяўнасці рэкамендацый педагагічных саветаў устаноў, якія яны скончылі.
Плануецца ўзгадняць з заснавальнікамі і Міністэрствам адукацыі лічбы прыёму на навучанне на платнай аснове для дзяржаўных і прыватных устаноў вышэйшай адукацыі.
Акрамя таго, ідзе размова аб тым, каб увесці норму, якая ўстанаўлівае магчымасць абітурыентам, якія не прайшлі па конкурсе, паступаць на іншую спецыяльнасць у той жа або іншай ВНУ на вакантныя бюджэтныя месцы, якія засталіся.
Прапануецца таксама змяніць умовы залічэння пераможцаў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных алімпіяд, лаўрэатаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і асоб, узнагароджаных нагрудным знакам лаўрэата спецыяльнага фонду прэзідэнта, пры паступленні на самыя прэстыжныя спецыяльнасці: “Міжнародныя адносіны”, “Міжнароднае права”, “Правазнаўства”, “Эканамічнае права”, “Дзяржаўнае кіраванне і права”. На гэтыя спецыяльнасці залічэнне будзе ажыццяўляцца толькі на конкурснай аснове.
Пераможцы Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве будуць вызвалены ад здачы ўступнага экзамену па адпаведным прадмеце з выстаўленнем ім 100 балаў.
Акрамя таго, плануецца адмяніць раздзельны для выпускнікоў сельскіх і гарадскіх школ конкурс, які стымулюе адток моладзі з сельскай мясцовасці і не забяспечвае яе сацыяльнай падтрымкі.
У новай рэдакцыі правіл прапануецца выкарыстоўваць адзіную для ўсіх устаноў вышэйшай адукацыі методыку падліку балаў пры паступленні на творчыя спецыяльнасці з тым, каб 2/3 ад агульнай сумы набраных балаў складала ўдзельная вага ўступных іспытаў па творчым экзамене. Такая схема, на думку спецыялістаў, будзе садзейнічаць прытоку таленавітай моладзі на спецыяльнасці культуры і мастацтва.
Абітурыентам — пераможцам, прызёрам і ўдзельнікам Параалімпійскіх, Дэфлімпійскіх гульняў, а таксама пераможцам і прызёрам чэмпіянатаў свету і Еўропы сярод інвалідаў плануецца прадаставіць пры паступленні на спецыяльнасці фізічнай культуры і спорту права залічэння без уступных іспытаў, а таксама вызваліць ад здачы ўступнага экзамену па фізічнай культуры з выстаўленнем 100 балаў пры паступленні на спецыяльнасці фізкультуры і спорту майстроў спорту.
Плануецца прадаставіць магчымасць спартсменам, якія ўключаны ў склад зборных каманд краіны, атрымліваць за кошт сродкаў дзяржбюджэту вышэйшую адукацыю на завочнай форме па спецыяльнасцях, не звязаных з фізічнай культурай і спортам.
Для павышэння эфектыўнасці ўступных іспытаў, забеспячэння больш гібкага і аператыўнага рэгулявання парадку правядзення ўступнай кампаніі прапануецца адмяніць прафесійна-псіхалагічную гутарку для абітурыентаў, якія паступаюць на спецыяльнасці дзяржкіравання, права і журналістыкі.
Як адзначыў Сяргей Маскевіч, праект правіл прыёму ў новай рэдакцыі распрацаваны з улікам меркавання ўсіх органаў дзяржаўнага кіравання, што маюць у падпарадкаванні ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, рэспубліканскага Савета рэктараў, дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам уступных іспытаў і ўрада.
На думку міністра, рэдакцыя правіл, якая прапануецца, істотна пашырае магчымасці абітурыентаў, ніякім чынам не стварае ім новых праблем на этапе здачы ўступных іспытаў і можа быць ужо ў гэтым годзе выкарыстана на практыцы.
Прэзідэнт у сувязі з гэтым закрануў пытанне якасці адукацыі ў прыватных ВНУ. Ён падкрэсліў, што патрабаванні і для прыватных ВНУ, і для дзяржаўных павінны быць аднолькавымі.
“Падцягвайце якасць адукацыі ў прыватных ВНУ да дзяржаўных, каб грошы не беглі наперадзе якасці адукацыі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што гэта будзе на асаблівым кантролі ў бліжэйшы перыяд.

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоль Рубінаў выказаў меркаванне аб цяперашнім стане сістэмы прыёму ў ВНУ і ССНУ. Ён лічыць правільным прынятае ў свой час рашэнне аб адмове ад сумешчанага выпускнога дзяржаўнага экзамену ў школах і прыёмнага ў ВНУ. Паводле яго слоў, цэнтралізаванае тэсціраванне таксама апраўдала сябе, даўшы магчымасць цалкам вырашыць задачу выкаранення карупцыі ў гэтай сферы. Анатоль Рубінаў адзначыў, што правілы ўстаяліся, грамадства іх прыняло, прынцыповых змяненняў у іх не патрабуецца, аднак неабходна некаторае іх удасканаленне. У прыватнасці, Анатоль Рубінаў прапанаваў пры паступленні на творчыя спецыяльнасці ўвесці абавязковы відэа-, аўдыязапіс экзамену (па вакале, танцах, акцёрскім майстэрстве і г.д.). Ён таксама лічыць неабходным дапрацаваць структуру і змест тэставых заданняў, скараціўшы ў іх заданні групы А і павялічыўшы заданні групы В, дзе патрабуецца праяўленне рэальных ведаў. Акрамя таго, Анатоль Рубінаў прапанаваў укараніць сістэму камп’ютарнага, аўтаматызаванага залічэння абітурыентаў у ВНУ.
На нараду былі запрошаны рэктары практычна ўсіх беларускіх ВНУ, у тым ліку прадстаўнікі прыватных навучальных устаноў. Прэзідэнт запрасіў іх да дыскусіі па абазначаных праблемных пытаннях.
Рэктар БДЭУ Уладзімір Шымаў у цэлым падтрымаў праект новых правіл. У якасці заўваг ён прапанаваў не спяшацца з навацыямі па залічэнні абітурыентаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. “Не думаю, што сёння ва ўмовах узмацнення канкурэнтнай барацьбы як на ўнутраным, так і на знешнім рынках, дамінавання эканомікі, заснаванай на ведах, існуе строгі імператыў мэтавай падрыхтоўкі па ўсіх без выключэння спецыяльнасцях”, — сказаў ён. На думку рэктара, мэтавы набор апраўданы для пэўнага кола спецыяльнасцей, на якія ў апошнія гады адзначаецца нізкі попыт з боку абітурыентаў, а патрэбнасць работадаўцаў расце, і яе незадаволенасць павялічваецца. Ён лічыць мэтазгодным вызначэнне і абнаўленне пераліку гэтых спецыяльнасцей замацаваць за Міністэрствам адукацыі на аснове даных галіновых міністэрстваў і патрэбнасці рынку працы.
У якасці вырашэння праблемы з наборам на непапулярныя спецыяльнасці абітурыентаў Уладзімір Шымаў прапанаваў значна павялічыць стыпендыі, у першую чаргу за кошт зацікаўленых міністэрстваў і рэгіянальных органаў улады, а таксама цалкам забяспечваць іншагародніх студэнтаў месцамі ў інтэрнатах. “Мы не павінны вырашаць праблему набору на некаторыя спецыяльнасці за кошт рэзкага пагаршэння якасці адабранага кантынгенту. Навукай устаноўлена, што толькі 45—50 працэнтаў ад кожнага школьнага выпуску здольны эфектыўна асвойваць вучэбныя праграмы вышэйшай школы. На гэтую лічбу і трэба арыентавацца па колькасці месцаў для набору ў ВНУ”, — адзначыў рэктар.

Рэктар Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта Іван Шыла лічыць, што змяненні, якія ўносяцца ў правілы прыёму, адпавядаюць рэаліям сённяшняга дня і будуць садзейнічаць замацаванню кадраў на вытворчасці.
Іван Шыла адзначыў, што БДАТУ мае 15-гадовы вопыт падрыхтоўкі спецыялістаў па бесперапыннай інтэграванай сістэме прафесійнай адукацыі. На гэты час каля 30 працэнтаў студэнтаў дзённай формы навучання з’яўляюцца выпускнікамі аграрных каледжаў. Інтэграваўшы вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, універсітэт павялічвае прыём найбольш падрыхтаванай сельскай моладзі з каледжаў, на паўтара года скарачае перыяд навучання і на 30 працэнтаў — кошт падрыхтоўкі спецыяліста з вышэйшай адукацыяй. Паводле слоў рэктара, замацаванне такіх выпускнікоў складае не менш за 90 працэнтаў. З улікам таго, што выпускнікі каледжаў з’яўляюцца прафесійна арыентаванымі, маюць высокае замацаванне на вытворчасці, але не заўсёды маюць магчымасць рэгістравацца і здаваць уступныя іспыты ў форме цэнтралізаванага тэсціравання, Іван Шыла прапанаваў дазволіць пры паступленні ў аграрныя ўстановы вышэйшай адукацыі на скарочаны тэрмін навучання здаваць толькі два ўступныя іспыты па профільных прадметах, паколькі ў гэты перыяд праходзіць пераддыпломная практыка і падрыхтоўка дыпломаў.
Іван Шыла адзначыў, што важнае значэнне для замацавання спецыялістаў у вёсцы таксама мае мэтавая падрыхтоўка, і не таму, што спецыялістам даводзіцца пасля навучання адпрацоўваць не менш за 5 гадоў, станоўчую ролю адыгрывае той факт, што выпускнікі размяркоўваюцца па месцы жыхарства.
Рэктар звярнуў увагу на тое, што значнае скарачэнне за апошнія гады колькасці выпускнікоў сельскіх школ, далейшае павелічэнне аб’ёмаў мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў толькі за кошт сельскай моладзі стала практычна немагчымым. У сувязі з гэтым узнікла патрэба распаўсюдзіць умовы мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў на моладзь, якая пражывае ў гарадскіх неселеных пунктах і ў перспектыве жадае звязаць сваю працоўную дзейнасць з работай у вёсцы.
Іван Шыла адзначыў, што вынікі прыёмнай кампаніі 2013 года паказалі, што з павелічэннем ніжняй мяжы тэставых балаў ва ўмовах існуючай дэмаграфічнай сітуацыі ўзніклі праблемы з наборам студэнтаў па многіх спецыяльнасцях сельскагаспадарчага профілю. Таму рэальна давесці аб’ёмы мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў да 60 працэнтаў магчыма, калі дазволіць абітурыентам, якія паступаюць на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю, здаваць усе ўступныя іспыты ва ўстановах вышэйшай адукацыі або прадстаўляць сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання. Такая практыка ў сельгасустановах адукацыі існуе пры прыёме абітурыентаў на завочную форму навучання.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ніякіх рэвалюцый у арганізацыі прыёму ў ВНУ і ССНУ не будзе.
Кіраўнік дзяржавы прызнаў, што існуючыя падыходы ў цэлым апраўдваюць сябе. Ён адзначыў, што, дзякуючы цэнтралізаванаму тэсціраванню, удалося выкараніць карупцыю і скандалы пры правядзенні ўступных іспытаў, а прыёмная кампанія ў беларускіх ВНУ і ССНУ стала адной з самых прагрэсіўных на тэрыторыі СНД. “Трэба не спыняцца і ісці далей”, — лічыць прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што дзеючыя правілы падтрымліваюцца грамадствам. Паводле даных сацапытанняў, яны задавольваюць 60 працэнтаў абітурыентаў і іх бацькоў.
“Людзі баяцца іншага — кардынальных змяненняў правіл за некалькі месяцаў да ўступнай кампаніі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Меркаванне грамадзян — галоўнае, чым мы павінны кіравацца пры прыняцці рашэнняў. Але мы гаворым нашым грамадзянам — вучням, бацькам, што ВНУ — гэта вельмі адказна, гэта вельмі высокая ступень адукацыі і туды павінны ісці і мець магчымасць трапіць тыя, хто гэтаму ўзроўню адпавядае. ВНУ — гэта не прахадны двор”.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць выкананню планаў мэтавага набору на вострадэфіцытныя спецыяльнасці. “Персанальную адказнасць за гэта нясуць міністры і кіраўнікі мясцовых органаў улады, у падпарадкаванні якіх знаходзяцца арганізацыі — заказчыкі кадраў”, — падкрэсліў прэзідэнт.
“У гэтым годзе нам трэба выключыць выпадкі недабору на патрэбныя краіне прафесіі. Таму Міністэрству адукацыі трэба перагледзець падыходы да вызначэння ніжніх парогавых значэнняў тэставага бала. Распрацуйце такую схему, каб будучыя матэматыкі або аграномы не аказваліся за парогам ВНУ з-за адзнак па няпрофільным прадмеце”, — даручыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што для замацавання маладых спецыялістаў трэба прыцягнуць у ВНУ і ССНУ людзей, якія зрабілі свядомы прафесійны выбар. Прэзідэнт са шкадаваннем заўважыў, што цяперашняя школа не зусім спраўляецца з падрыхтоўкай выпускнікоў да вырашэння найважнейшай жыццёвай задачы. Ён таксама дадаў, што шмат пытанняў да якасці адукацыі і ў ВНУ.
Кіраўнік дзяржавы не выключыў магчымасці прыняцця мер для павышэння эфектыўнасці ранняй прафарыентацыі вучняў, у тым ліку шляхам адкрыцця спецыялізаваных школ і класаў, выкарыстання профільнага навучання ў старшых класах сярэдняй школы. “Тут могуць быць розныя варыянты. Галоўнае, каб на самацёк не пускалі”, — сказаў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў ураду сумесна з зацікаўленымі міністэрствамі і мясцовымі ўладамі распрацаваць комплексны падыход да вырашэння праблем маладых спецыялістаў, асабліва па вострадэфіцытных спецыяльнасцях. “Стаўку трэба рабіць не толькі на павелічэнне тэрмінаў адпрацоўкі па размеркаванні і іншыя адміністрацыйныя меры, але і на павышэнне асабістай зацікаўленасці ўчарашніх выпускнікоў у сваім рабочым месцы шляхам устанаўлення для іх даплат, аказання дапамогі ў вырашэнні жыллёвых пытанняў, садзейнічання ў павышэнні кваліфікацыі і кар’ерным росце”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў краіне патрэбны кваліфікаваныя рабочыя кадры. Таму пры вырашэнні праблемы набору ў ВНУ не павінны заставацца без абітурыентаў вучылішчы, каледжы і тэхнікумы.
Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама праблемнае пытанне з заработнай платай настаўнікаў.
“Мы гаварылі аб тым, што з павелічэннем нагрузкі вырасце зарплата настаўнікаў. Мы гэта зрабілі, усё, што сэканомілі, аддалі, але рост аказаўся нязначным”, — адзначыў прэзідэнт.
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы даручыў ураду, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму знайсці магчымасці і істотна павысіць заработную плату педагогам школ пачынаючы з наступнага навучальнага года, а таксама работнікам дзіцячых садоў.
“Тут трэба задзейнічаць усе існуючыя рэзервы, — лічыць прэзідэнт. — Паглядзіце, на што трацяцца грошы. Выключце ўсё лішняе — вы сэканоміце грошы і аддасце тым, каму трэба сёння дабавіць заработную плату”.
“Настаўнікаў крыўдзіць нельга. Яны складаюць адну з самых актыўных частак грамадства, галоўную апору ўлады на месцах”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка даручыў арганізаваць шырокую дыскусію, растлумачэнне новых правіл прыёму ў ВНУ і ССНУ ў сродках масавай інфармацыі.

 

Па матэрыялах БелТА.