Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Разлічваем на далейшую падтрымку сумесных вытворчасцей і падключэнне іх да расійскіх рэгіянальных праграм”

- 12:07Інфармацыйная гадзіна

Беларусь прапануе Яраслаўскай вобласці Расіі свой удзел у інфраструктурных праектах і дзяржпраграмах, якія рэалізуюцца на тэрыторыі рэгіёна. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Яраслаўскай вобласці Дзмітрыем Міронавым.

Аляксандр Лукашэнка цёпла вітаў губернатара і дэлегацыю Яраслаўскай вобласці. “І ўчарашнія нашы добрыя мерапрыемствы (таварыскі матч паміж хакейнай камандай Прэзідэнта Беларусі і ветэранамі яраслаўскага “Лакаматыва”.  Заўв. БелТА.), з якіх мы пачалі, і маючыя адбыцца перагаворы стануць добрым стымулам для актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва”, — сказаў ён.

“Беларусь прапануе свой удзел у інфраструктурных праектах, дзяржаўных праграмах, якія вы рэалізуеце ў рэгіёне. Мы адкрыты для дыялогу па ўсіх пытаннях, якія вас ціка­вяць, і гатовы да прадметнай размовы па ўсіх напрамках”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Ваш рэгіён шмат у чым падобны да Беларусі па структуры эканомікі. Ён заўсёды быў важным гандлёвым партнёрам. Беларускія прадпрыемствы машынабудавання развіваюць дзелавыя кантакты з вытворцамі яраслаўскіх рухавікоў. У нас створаны тэхналагічныя ланцужкі ў станкабудаванні, нафтахіміі, іншых галінах, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Вытворчая кааперацыя нашых прадпрыемстваў мае ўзаемавыгадны характар. Мы разлічваем на далейшую падтрымку сумесных вытворчасцей і падключэнне іх да расійскіх рэгіянальных праграм”.

У прыватнасці, прэзідэнт адзначыў, што, прытрымліваючыся агульнасусветных тэндэнцый, у Яраслаўскай вобласці плануецца перавод пасажырскага аўтапарка на выкарыстанне газаматорнага паліва. Тут можа быць карысны вопыт Беларусі. “У мінулым годзе мы нямала ў гэтым плане зрабілі, асабліва ў Маскве, Самары, і заказы прадаў­жаюць паступаць. Таму калі ў вас ёсць жаданне і магчымасці, то падключайцеся да гэтага праекта”, — прапанаваў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу на магчымасці Беларусі ў вытворчасці грузавой, дарожнай, пасажырскай, камунальнай, будаўнічай тэхнікі. “Мы гатовы ствараць у вас сумесныя вытворчасці і гатовы да паставак тэхнікі ў ваш рэгіён”, — сказаў прэзідэнт.

Беларусь таксама гатова больш цесна падключыцца да праграмы развіцця сельскай гаспадаркі ў Яраслаўскай вобласці. “Ведаю, што вы нямала ў гэтых адносінах робіце. І нашы распрацоўкі ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве, перапрацоўцы заслугоўваюць увагі. Мы вывучалі сусветны вопыт, знайшлі шмат карыснага”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прадаўжаючы тэматыку ўзаемадзеяння ў АПК, Аляксандр Лукашэнка адзначыў планы па стварэнні ў Яраслаўскай вобласці сырнага кластара. І ў гэтым напрамку таксама можа быць карысны беларускі вопыт. “Тым больш што беларускія прадукты карыстаюцца высокім попытам у расійскіх спажыўцоў. Калі ёсць неабходнасць, мы гатовы павялічыць пастаўкі вам прадуктаў харчавання”, — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што Беларусь і Яраслаўскую вобласць звязваюць даўняя гісторыя адносін і многае родніць. Так, многія беларусы ратаваліся на тэрыторыі вобласці ад бедстваў Першай сусветнай вайны. “Народны паэт Беларусі Максім Багдановіч большую частку свайго творчага жыцця пражыў у Яраслаўлі, дзе шануюць яго памяць да гэтага часу. У пасёлку Някрасаўскім у гэтым годзе вы адкрылі спартыўны комплекс у памяць аб загінуўшых гульцах і персанале хакейнага клуба “Лакаматыў”. У гэтай жудаснай катастрофе загінулі і грамадзяне Беларусі”, — сказаў беларускі лідар.

У сваю чаргу Дзмітрый Міронаў згадзіўся, што сувязі ў эканоміцы могуць быць яшчэ больш цеснымі і актыўней развівацца. “Я і ўсе члены дэлегацыі Яраслаўскай вобласці вельмі рады знаходзіцца ў гэтыя дні ў Мінску. Упэўнены, што візіт паслужыць умацаванню нашых традыцыйных сувязей”, — сказаў ён.

Губернатар звярнуў увагу, што Яраслаўская вобласць яшчэ з савецкіх часоў з’яўляецца партнёрам Беларусі ў ажыццяўленні шэрага найважнейшых праектаў. Цесныя кантакты склаліся ў Яраслаўля і Мінска ў сферы вышэйшай адукацыі і культуры.

“Яраслаўцы вельмі добра помняць ваш візіт у Яраслаўскую вобласць. Ён тады надаў дадатковы імпульс умацаванню адносін Беларусі і Расіі. Яраслаўцы ніколі не забудуць вечар памяці, праведзены хакеістамі мінскага “Дынама” з вашым удзелам пасля гібелі каманды “Лакаматыў”, — сказаў Дзмітрый Міронаў.