Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Разумныя ініцыятывы будуць падтрыманы на самым высокім узроўні”

- 10:42Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў 12 дзяржаў. Цырымонія прайшла ў Палацы Незалежнасці. Даверчыя граматы кіраўніку дзяржавы ўручылі паслы Аргенціны, Босніі і Герцагавіны, Венгрыі, Індыі, Іарданіі, Ірака, Мексікі, Панамы, Партугаліі, Расіі, Саудаўскай Аравіі, Судана.

Пра адносіны з Расіяй

“Мабыць, залішне цяпер гаварыць аб тым, якое значэнне для Беларусі мае наша брацкая Расія. Гэта наш стратэгічны саюзнік. Грунтуючыся на гістарычнай агульнасці, мы сумесна ствараем дастойную будучыню для нашых брацкіх народаў, беражом блізкія і зразумелыя нам каштоўнасці, развіваем інтэграцыйныя працэсы ў рамках Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага эканамічнага саюза і іншых аб’яднанняў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Беларусі і Расіі нямала відавочных дасягненняў і ў сферы роўнасці правоў грамадзян, і ў эканамічнай інтэграцыі, і ў пашырэнні агульных інтарэсаў на міжнароднай арэне.

“Я вельмі разлічваю на тое, што новы расійскі пасол зробіць усё, што ад яго залежыць, каб прымножыць ужо дасягнутае на гэтым шляху, надаць новы імпульс узаемадзеянню ва ўсіх сферах. Тым больш з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным зусім нядаўна мы правялі грунтоўныя перагаворы і дасягнулі дамоўленасцей па ўсіх пытаннях, якія стаяць на парадку дня. Перакананы, што ў вас ёсць для гэтага неабходныя магчымасці і, як мне сказаў прэзідэнт, вельмі шырокія паўнамоцтвы”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, прымаючы даверчыя граматы ад новага пасла Расіі ў Беларусі Міхаіла Бабіча.

Пра супрацоўніцтва з Венгрыяй

“З Венгрыяй у нас устанавілася атмасфера даверу і павагі. Мы высока цэнім падтрымку вашай краіны па пытанні адмены санкцый адносна Беларусі. Мы гэта вельмі добра памятаем і вам абавязаны. Думаю, надышоў час павышаць узровень двухбаковых кантактаў”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў беларускага боку такое жаданне ёсць.

Пра развіццё дыялогу з Босніяй і Герцагавінай

“Гатовы да далейшай актывізацыі супрацоўніцтва з Босніяй і Герцагавінай. Справа за малым: канверсаваць палітычны дыялог, які наладжваецца, у эканамічныя дывідэнды. Гэтаму будзе садзейнічаць пашырэнне гандлю і выхад на сумесныя праекты”, — перакананы кіраўнік дзяржавы.

Пра патэнцыял беларуска-партугальскіх адносін

Прымаючы даверчыя граматы ад пасла Партугаліі, прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь бачыць вялікі патэнцыял для нарошчвання двухбаковага ўзаемадзеяння.

“Зацікаўлены ў збалансаваным росце тавараабароту, павелічэнні аб’ёмаў экспарту беларускіх тавараў на ваш рынак. Наладзіўшы цесныя кантакты па лініі ўрадаў і бізнесу, мы зможам садзейнічаць вырашэнню гэтых пытанняў”, — сказаў ён.

Пра сумесныя праекты з Індыяй

Аляксандр Лукашэнка таксама разлічвае на зацікаўлены падыход пасла Індыі да змястоўнага напаўнення двухбаковага дыялогу. “Дамоўленасці, дасягнутыя на вышэйшым узроўні, ствараюць унікальныя магчымасці для рэалізацыі новых сумесных праектаў у галіне прамысловай вытворчасці, стварэння інфраструктуры, прыцягнення інвестыцый”, — заявіў беларускі лідар.

“Добра, што мы ведаем гэтыя праекты, дамовіліся аб іх рэалізацыі. Справа за малым. Трэба пачынаць. Мы зробім усё для таго, каб гэтыя праекты былі рэалізаваны на еўразійскай прасторы перш за ўсё ў інтарэсах Індыі і нашай дзяржавы”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Пра перспектывы супрацоўніцтва з Саудаўскай Аравіяй

“Перспектыўным партнёрам для Беларусі з’яўляецца Саудаўская Аравія. Паміж краінамі паспяхова развіваецца супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай сферы”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, з улікам структуры сваіх эканомік краінам надышоў час заняцца ўзаемавыгадным гандлем і інвестыцыямі. “Скажу вам шчыра: будучы год павінен стаць годам нашых адносін. Такая задача пастаўлена перад Міністэрствам замежных спраў. Я вельмі прашу вас садзейнічаць вырашэнню гэтай задачы”, — звярнуўся беларускі лідар да пасла Саудаўскай Аравіі.

Пра пашырэнне сувязей з Іракам і Іарданіяй

“Ёсць нядрэнныя магчымасці для паглыблення эканамічных кантактаў з Іракам і Іарданіяй. Разлічваем на дапамогу паслоў дзелавым колам у наладжванні і пашырэнні сувязей у прамысловасці, харчовай індустрыі, сельскай гаспадарцы. У вашых краінах не па чутках ведаюць пра высокую якасць беларускіх тавараў”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Пра адкрыццё пасольства Судана

Асаблівыя словы прэзідэнт адрасаваў першаму паслу Судана ў Беларусі. “Адкрыццё пасольства вашай рэспублікі ў Мінску мы расцэньваем не толькі як важны палітычны жэст, але і як намер суданскага боку сур’ёзна ўзяцца за практычную рэалізацыю дамоўленасцей, дасягнутых у ходзе майго візіту ў Хартум год назад”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён запрасіў дыпламата выкарыстоўваць магутны прамысловы і аграрны патэнцыял Беларусі для вырашэння актуальных задач, што стаяць перад урадам і народам Судана.

Пра практычную аддачу ад дыялогу з Аргенцінай

Аляксандр Лукашэнка таксама вітаў паслоў з краін Лацінскай Амерыкі. Ён падкрэсліў, што Беларусь надае вялікае значэнне паглыбленню кантактаў з гэтым рэгіёнам ва ўсіх без выключэння сферах.

“Разлічваем на захаванне дадатнай дынамікі і практычную аддачу ад дыялогу з Аргенцінай. Ужо напрацаваны патэнцыял неабходна накіраваць у патрэбнае рэчышча, больш актыўна выкарыстоўваць магчымасці рэгіянальных інтэграцыйных аб’яднанняў, перш за ўсё МЕРКОСУР і ЕАЭС, членамі якіх адпаведна з’яўляюцца нашы краіны”, — лічыць прэзідэнт.

Пра актывізацыю адносін з Мексікай

“Лічым важным актывізаваць адносіны з Мексікай. Наколькі мне вядома, перадумовы для нарошчвання супрацоўніцтва ў гандлёвай, інвестыцыйнай і іншых сферах ёсць”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Прымаючы даверчыя граматы ад пасла Мексікі, ён прапанаваў працаваць над развіццём двухбаковых адносін на ўзаемавыгадных умовах.

Пра наладжванне сувязей з Панамай

У якасці перспектыўнага партнёра ў рэгіёне Беларусь таксама разглядае Панаму. “Зацікаўлены ў наладжванні эфектыўных сувязей з вашай краінай, ва ўстанаўленні інтэнсіўнага ўзаемадзеяння па самым шырокім спектры пытанняў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На заканчэнне прэзідэнт выказаў упэўненасць, што ў новых паслоў у Беларусі нямала новых ідэй і планаў па ўмацаванні ўсебаковага супрацоўніцтва. “Вашы разумныя ініцыятывы будуць падтрыманы на самым высокім узроўні”, — запэўніў кіраўнік дзяржавы.