Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Рэфармаванне ААН, АБСЕ і іншых арганізацый ужо не проста наспела, а пераспела”

- 14:03Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць даўно наспелай праблему рэфармавання міжнародных арганізацый. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з дзеючым старшынёй АБСЕ, першым намеснікам прэм’ер-міністра, міністрам замежных спраў Сербіі Івіцам Дачычам.

“Згадзіцеся, што роля не толькі АБСЕ, але і іншых міжнародных арганізацый настолькі прыніжана, што далей ужо няма куды”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. На яго думку, “рэфармаванне ААН, АБСЕ і іншых арганізацый ужо не проста наспела, а пераспела”. “У адваротным выпадку гэтыя арганізацыі стануць проста маргінальнымі структурамі, якія ні на што не будуць уплываць”, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
“Магчыма, Сербіі ўдасца нешта ў гэтым напрамку зрабіць, — адзначыў беларускі лідар. — Калі вы замахняцеся хоць у нейкай частцы на вырашэнне гэтай праблемы, вы можаце разлічваць на наш удзел”.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што да вырашэння ўкраінскага канфлікту павінны былі больш актыўна падключыцца кіраўнікі дзяржаў.
“Калі ўжо вайна, то, напэўна, у тэрміновым парадку павінны былі сабрацца кіраўнікі дзяржаў, абмеркаваць гэтую праблему і прыняць нейкія меры, рашэнні. Не атрымаецца — хаця б у вочы сказаць усё тое, што адно аб адным думаюць. Пакуль гэтага не адбываецца”, — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго адносіны да АБСЕ дваістыя. На яго думку, з аднаго боку, гэта вельмі патрэбная арганізацыя. “Вельмі актуальна гэта сёння, калі ў Еўропе фактычна разгарэўся ваенны канфлікт, фактычна ідзе вайна паміж проціборствуючымі бакамі. І ў гэтай сітуацыі, вядома, АБСЕ магла б адыгрываць вялікую ролю”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. “З аднаго боку, патрэбна арганізацыя, якая павінна адыгрываць значную ролю менавіта ў гарантаванні бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе, з іншага боку — недастатковая роля”, — сказаў беларускі лідар. На яго думку, у гэтым віна самой арганізацыі і перш за ўсё кіраўнікоў дзяржаў.
“З іншага боку, АБСЕ спрабуе і наколькі гэта, напэўна, магчыма сёння робіць неабходнае для ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны. Але, вядома, з тымі паўнамоцтвамі, якія АБСЕ сёння мае, не маючы імпульсу ад кіраўнікоў дзяржаў, наўрад ці АБСЕ ў гэтай сітуацыі можа нешта зрабіць”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Таму, паводле яго слоў, з’яўляюцца новыя фарматы: нармандскія, берлінскія, мінскія і інш. “Усё гэта магло б змясціцца ў адной арганізацыі — АБСЕ, і гэта яе функцыя”, — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што хацеў бы абмеркаваць як пазіцыю Беларусі ў гэтай важнай міжнароднай арганізацыі, так і пытанні двухбаковых адносін Беларусі і Сербіі.
Дзеючы старшыня АБСЕ, першы намеснік прэм’ер-міністра, міністр замежных спраў Сербіі Івіца Дачыч у час сустрэчы з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам адзначыў, што Беларусь унесла вялікі ўклад у мірны працэс.
“Тут, у Мінску, дасягаюцца шматлікія дамоўленасці, пагадненні, сустракаюцца трохбаковая кантактная група і яе рабочыя падгрупы. І ў сувязі з гэтым Беларусь унесла вялікі ўклад у мірны працэс”, — сказаў Івіца Дачыч.
Ён адзначыў, што Сербія стараецца максімальна прыкласці намаганні, каб палітычны працэс развіваўся, асабліва ў пытаннях, звязаных з Украінай. Пры гэтым не забывае і пра іншыя замарожаныя канфлікты ў Еўропе.
Гаворачы аб двухбаковых беларуска-сербскіх адносінах, Івіца Дачыч пацвердзіў, што яны вельмі дружалюбныя. “Мы падтрымліваем развіццё нашых адносін ва ўсіх сферах: палітычнай, эканамічнай, навукова-культурнай, адукацыі, унутраных спраў, абароны”, — сказаў ён.
Івіца Дачыч таксама перадаў кіраўніку беларускай дзяржавы прывітальныя словы ад Прэзідэнта Сербіі Таміслава Нікаліча і прэм’ер-міністра гэтай краіны Аляксандра Вучыча.