Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Самая важная задача — забяспечыць узгодненасць і паслядоўнасць дзеянняў”

Шляхі павышэння эфектыўнасці работы дзяржаўных прадпрыемстваў і пытанні аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый сталі тэмай абмеркавання на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета Міністраў.

“У сакавіку на справаздачы ўрада я адзначаў, што самая важная задача — забяспечыць узгодненасць і паслядоўнасць дзеянняў. Перш за ўсё ўнутры ўрада. Калі на словах выступаць за стварэнне камфортнага бізнес-асяроддзя і дэклараваць павышэнне інвестыцый у чалавечы капітал, але наўмысна дараваць мільярды рублёў безгаспадарчасці, то мэт у гэтай пяцігодцы мы, напэўна, не даб’ёмся. Грошы трэба лічыць”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што стратэгічныя пытанні развіцця эканомікі Беларусі і праблемныя пытанні былі абмеркаваны ў шырокім складзе тыдзень назад. Разам з тым пастаянна ўзнікаюць канкрэтныя пытанні, якія неабходна аператыўна разглядаць. “На такія нарады з урадам я выношу пытанні, якія маюць патрэбу ў дадатковай інфармацыі. Нарматыўныя прававыя акты, у якія аформлены гэтыя пытанні, няпростыя. У мяне ёсць шэраг пытанняў да іх”, — растлумачыў прэзідэнт.

Ён дадаў, што нарады такога фармату з Адміністрацыяй прэзідэнта, урадам і Дзяржаўным сакратарыятам Савета Бяспекі праводзяцца рэгулярна па меры неабходнасці, каб усе ўдзельнікі маглі непасрэдна і без апаратнага фільтра далажыць сваю пазіцыю кіраўніку дзяржавы. “Але я менш за ўсё хацеў бы, каб такія нарады ператвараліся ў спробы нешта вырашыць у абход ужо ўстаноўленых правіл, якія ўстаяліся. Сістэму ламаць не трэба”, — папярэдзіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, адной з тэм гэтай нарады павінны былі стаць чарговыя запыты аб дзяржаўнай падтрымцы на паўмільярда рублёў арганізацыям, якія абслугоўваюць АПК. “На жаль, урад наўмысна абышоў гэтую тэму ў час абмеркавання праекта бюджэту на будучы 2019 год. Калі і з’явіцца неабходнасць некага падтрымаць, то ў маі я ўстанавіў дакладны парадак. Спачатку далажыце, што зроблена ўсё магчымае і немагчымае: адшукалі рэзервы, знізілі ўсе віды затрат, асабліва невытворчых, па прозвішчах устанавілі, хто і як давёў прадпрыемства да такога стану, што яму даводзіцца з працягнутай рукой хадзіць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка самым галоўным пры вырашэнні пытання аб выдзяленні такой падтрымкі назваў наяўнасць кадраў, якія здольны правільна распарадзіцца адпаведнымі сродкамі. “Адміністрацыя прэзідэнта не раз даводзіла такія крытэрыі да ўрада, і парадак павінен быць непахісным”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Ад кожнага дакладчыка ён запатрабаваў не проста праінфармаваць па сваім пытанні, а перш за ўсё прапанаваць вырашэнне сістэмных праблем, з-за якіх узнікла бягучае абмеркаванне.

Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, адзначыў, што прапануецца замацаваць вышэйшых службовых асоб у якасці прадстаўнікоў дзяржавы ў наглядальных саветах: “Прэм’ер у сваім пісьме, абапіраючыся на асабісты вопыт, даказвае: калі выбудаваць сістэму кіравання, то гэта дасць магчы-масць прадпрыемству вярнуць укладзеныя ў яго сродкі”.

“У чыноўніка і бізнесмена пры гэтым два прынцыпова розныя разуменні функцыянавання прадпрыемстваў. Да таго ж я сумняваюся, што тыя, хто будзе замацаваны за гэтымі прадпрыемствамі, будуць добрымі памочнікамі кіраўніка. Калі глыбей паглядзець, то гэта не проста памочнікі — гэта людзі, якія будуць як мінімум удзельнічаць у прыняцці рашэнняў, а то і прымаць іх. Давайце абмяркуем гэтае пытанне і прымем рашэнне”, — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы паставіў канкрэтныя пытанні па рабоце некаторых прадпрыемстваў. У іх ліку дражджавы камбінат у Слуцкім раёне. “З аднаго боку, вы ўнеслі праект выключна тэхнічнага рашэння аб павелічэнні статутнага фонду гэтага прадпрыемства. А з іншага, пасля вывучэння дакументаў у мяне ўзнікла пытанне: ці не спроба гэта адысці ад вырашэння праблемы? У прадпрыемства рэнтабельнасць продажаў мінус 112 працэнтаў. Я не ведаю, як з такімі паказчыкамі можна наогул працаваць”, — сказаў прэзідэнт.

Ён таксама закрануў перспектывы ААТ “Сукно”: “Калі толькі ўрад бачыць вырашэнне гэтага пытання ў тым, каб выдзеліць з бюджэту 92 млн еўра… Паслухаем, ці прапрацоўваліся іншыя варыянты. І ці адзіны гэта шлях для таго, каб аднавіць (некалі ўзроўню Савецкага Саюза) работу прадпрыемства”.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў далажыць і аб сітуацыі ў ААТ “Камволь” — як арганізавана работа, што зроблена ці не зроблена за апошні час.

Яшчэ адно пытанне, вынесенае на нараду, — аплата працы работнікаў бюджэтных арганізацый. “Урад прапануе даволі сур’ёзныя новаўвядзенні. Усюды ўніфікаваць, упарадкаваць, спрасціць. Любыя змяненні, якія прынясуць карысць, заўсёды будуць падтрыманы,“ — заявіў беларускі лідар.

Абмяркоўваецца таксама праект указа “Аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні”. Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што любыя змяненні ў сферы сацыяльнага забеспячэння павінны быць дасканала прадуманы. “Але трэба мець на ўвазе, што за шэсць гадоў дэфіцыт фонду сацыяльнай абароны насельніцтва вырас у 9 разоў. І недахоп сродкаў у фондзе стабільна прыкладна 10 працэнтаў”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.