Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Самы блізкі і надзейны саюзнік для Расійскай Федэрацыі — гэта Беларусь”

Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на перагаворах у Сочы 22 жніўня дамовіліся аб новай сустрэчы ў найбліжэйшы час з удзелам членаў урадаў дзвюх краін. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1”.

“Самае важнае было тое, што мы дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі, што літаральна ў найбліжэйшыя некалькі дзён мы знойдзем магчымасць у сваіх графіках (асабліва ў яго, паколькі я тут узяў невялікую паўзу, мне прасцей). У яго вельмі напружаны графік. Гэта сапраўды так, вы гэта бачыце. І ён цяпер будзе ў Сібіры доўгі час. А пасля гэтых візітаў у рэгіёны Расіі мы сустрэнемся ў шырокім фармаце. І гэта была яго прапанова — Уладзіміра Пуціна. Перш за ўсё расшырымся за кошт нашых прадстаўнікоў урадаў. Ён у курсе, што ў нас новы ўрад. І ён прапанаваў: “Давай мы сустрэнемся ў найбліжэйшы час — або тут, у Сочы, або ў Маскве — і абмяркуем праблемы, якія больш за ўсё тычацца ўрадаў Расіі і Беларусі. Вядомыя праблемы”, — расказаў беларускі лідар.

“Мы яшчэ раз выявілі, што гэта пытанні ўрадаў. І яны павінны вырашаць гэтыя пытанні. Але калі ўжо на нас выведзены яны, то трэба прымаць рашэнне. Таму нічога новага. Як я ў пачатку сказаў, новых пытанняў у нас, на шчасце, праблемных не з’явілася, яны не накопліваюцца. Але гэта старыя пытанні, па якіх, можа, нам трэба прымаць рашэнне. І прапанова Уладзіміра Пуціна аб тым, што мы павінны гэта зрабіць у прысутнасці членаў урадаў і прэм’ер-міністраў (ён гэта падкрэсліў), гэта сапраўды была такая дамоўленасць. Мы такое рашэнне прынялі пасля абмеркавання блока міжнародных праблем”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь і Расія — блізкія дзяржавы. “Над намі, напэўна, яшчэ і тое савецкае мінулае, калі мы жылі разам, калі мы проста адно аднаму маглі ў вочы гаварыць тое, што думаем. Плюс наша славянскае нутро. Таму ў нас вельмі блізкія адносіны. І ў выніку гэтай блізкасці нашых адносін мы выказваемся абсалютна адкрыта. Нават па асабістых нейкіх пытаннях, — сказаў беларускі лідар. — Здавалася б, гэта асабістае, наогул, нават прэс-сакратары гэта баяцца згадваць. Не, мы, абмяркоўваючы тыя ці іншыя пытанні, гаворым аб гэтым адкрыта”.

“Таму сродкі масавай інфармацыі, пачуўшы гэта, гэтую адкрытасць (уцечкі розныя бываюць), крычаць аб тым, што не проста шурпатасці, заіскрыла паміж прэзідэнтамі, бяда… і пачынаюцца розныя выдумкі і разважанні. Ды не, па-рознаму, формы ў нас абсалютна розныя. Часам проста сямейныя. Вось мы як родныя людзі абмяркоўваем пытанні і ў вочы адзін аднаму аб гэтым гаворым”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Нічога канспіратыўнага і тайнага ўперагаворах з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Сочы не было, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

“Перагаворы сапраўды прайшлі ў вельмі добрай, дружалюбнай атмасферы. І, паверце, нічога канспіратыўнага і тайнага ў гэтых перагаворах не было”, — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным была ўдзелена вялікая ўвага міжнароднай тэматыцы, у тым ліку адносінам з ЗША і сітуацыі ў гэтай краіне, палітыцы прэзідэнта Дональда Трампа. Расійскі лідар расказаў аб сваіх нядаўніх перагаворах з федэральным канцлерам Германіі Ангелай Меркель і прыватным візіце на вяселле аўстрыйскага міністра. Была ўдзелена ўвага і супрацоўніцтву ў АДКБ у сувязі з сітуацыяй вакол цяперашняга генеральнага сакратара АДКБ Юрыя Хачатурава.

Зразумела, убаку не засталася і праблематыка беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Гэта і цяжкасці з пастаўкамі беларускіх прадуктаў харчавання, і пытанні выплаты ўтылізацыйнага збору на сумесную прадукцыю машынабудавання, і несправядлівая сітуацыя на рынку аўтаперавозак, будаўніцтва БелАЭС, і шэраг іншых.

У інтэрв’ю кіраўнік дзяржавы таксама яшчэ раз акцэнтаваў увагу на важнасці таго, каб усе дасягнутыя паміж бакамі дамоўленасці і пагадненні выконваліся. “Гэта добрая рыса для любой дзяржавы. Тым больш вялікай дзяржавы — Расіі. Калі падпісаў ужо — выконвай. Не выконваеш — да цябе няма даверу. Таму мы хочам адзінае — выконвай тое, аб чым мы дамовіліся”, — адзначыў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што ставіў перад Уладзімірам Пуціным пытанне, чаго хоча Расія ад Беларусі. “Хіба ў вас не ўзнікае такое пытанне? Вось вы акунуліся ў беларуска-расійскую праблематыку, і ў вас узнікла пытанне: “Слухайце, здаецца, мы і тое зрабілі, і так па-добраму ставімся, і гэтак… тым не менш правальваюцца нашы дамоўленасці, не выконваюцца”. У сродках масавай інфармацыі і не толькі з’яўляюцца прэтэнзіі да Беларусі, якіх на справе не існуе”, — канстатаваў беларускі лідар.

“І я, і ўсе задаюцца пытаннем. Мы хочам адказу ад улад Расіі перш за ўсё. Таму што мы ведаем стаўленне расіян да нас — ад Рамзана Кадырава да любога Пятрова, Сідарава і Іванова. Яны цудоўна да нас ставяцца, яны хочуць з намі сябраваць. Гэта родныя, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У нас узнікае пытанне: чаго ж хочуць улады Расіі ад нас, ад Беларусі? І я Уладзіміру Уладзіміравічу тут задаў пытанне. Мы хочам гэта ведаць. Разумееце, нам трэба глыбока акунуцца ў гэтыя праблемы. Сумленна акунуцца, без палітыкі, без прапаганды ўсякай, без наноснага, прыдуманага і абмеркаваць гэтыя пытанні. Паколькі самы блізкі саюзнік для Расіі сёння — Беларусь. Самы блізкі, надзейны саюзнік для Расійскай Федэрацыі — гэта Беларусь. І раптам такія адносіны”.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю таксама пракаменціраваў інфармацыю, якая перыядычна з’яўляецца, наконт так званых страхаў.

“Я ў аглядзе прачытаў розныя тлумачэнні на тэму страхаў, жахаў для Лукашэнкі ў будучыні і г.д. Па-першае, мне ўжо нічога не страшна. Я чалавек, які прайшоў праз многія страхі. Але ёсць адзін страх, калі яго можна страхам назваць, — гэта эканоміка. Я заўсёды аб гэтым гавару. Калі будзе ў нас развівацца нармальна эканоміка, будуць больш-менш нармальна жыць нашы людзі, ну хаця б так, як цяпер, ніякіх страхаў для беларусаў быць не можа. Не існуе такіх страхаў. Ні знешняя агрэсія, ні што нас хтосьці заняволіць, захопіць, што нас нехта пакорыць… Ніякіх больш страхаў няма, акрамя эканомікі”, — заявіў беларускі лідар.