Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Сістэма адукацыі павінна заахвочваць ініцыятыву, рыхтаваць спецыялістаў новай фармацыі”

- 10:22Актуально, Апошнія запісы

Учора ў рамках візіту ў Гродзенскую вобласць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка наведаў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і сустрэўся са студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі абласнога цэнтра.

Прэзідэнт азнаёміўся з дасягненнямі і перспектывамі развіцця Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Укараненне ў работу ўстаноў вышэйшай адукацыі канцэпцыі “Універсітэт 3.0”, па якой працуе і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, дае істотныя вынікі, што было прадэманстравана кіраўніку дзяржавы падчас прэзентацыі дасягненняў установы.

Канцэпцыя прадугледжвае не проста падрыхтоўку спецыялістаў, а навучанне іх дзеянням ва ўмовах нявызначанасці, адсутнасці гатовых рашэнняў. У першую чаргу размова ідзе аб навыках прадпрымальніцкай актыўнасці, уменні працаваць над камерцыялізацыяй сваіх навуковых распрацовак. Для гэтага ствараецца практыка-арыентаванае адукацыйнае асяроддзе, наладжаны сувязі з заказчыкамі кадраў. Не застаюцца ўбаку і працэсы лічбавізацыі.

Прэзідэнту далажылі, што за апошнія гады ва ўніверсітэце значна павялічылася колькасць выкладчыкаў з вучонымі ступенямі і званнямі, універсітэт актыўна займаецца пазабюджэтнай дзейнасцю, прыцягваючы сродкі на сваё развіццё.

Аляксандру Лукашэнку расказалі пра навуковыя даследаванні і прыкладныя распрацоўкі студэнтаў, у прыватнасці, пра работу студэнцкага медыяцэнтра, які ўключае ў сябе тэле- і радыёстудыі, кабінет перыядычнага друку і фатаграфіі. Тут маюць магчымасць займацца і атрымліваць першы журналісцкі вопыт не толькі студэнты, але і школьнікі.

Прэзідэнту прадэманстравалі распрацоўкі вучэбнай лічбавай лабараторыі “Тэхналаб” і студэнцкага канструктарскага бюро “Практычная электроніка”. У ліку распрацовак вучэбнай лічбавай лабараторыі — лічбавыя датчыкі і ўстройствы, якія ўжо выкарыстоўваюцца на занятках па фізіцы ў многіх беларускіх школах. Айчынныя ўстройствы больш кампактныя і танныя ў параўнанні з замежнымі аналагамі, пры гэтым супастаўныя з імі па якасці і маюць вялікі экспартны патэнцыял. Таксама было прадстаўлена запатрабаванае за мяжой аўтаматызаванае спектральнае абсталяванне для навуковых даследаванняў. Шмат якія распрацоўкі, у прыватнасці, методыка прымянення малекул-маркераў для ранняй дыягностыкі некаторых хвароб, методыка выкарыстання наначасціц для даследавання нафтавых свідравін, могуць атрымаць развіццё ўжо на базе мясцовага навукова-тэхналагічнага парка.

Увазе кіраўніка дзяржавы была прадстаўлена і сеткавая адукацыйная платформа ўстановы адукацыі — універсітэцкі адукацыйны партал. З яго дапамогай студэнты могуць у любы час і з любога месца атрымаць доступ да вучэбных матэрыялаў, даведацца пра дзейнасць універсітэта.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з праектам “Віртуальная Гродзеншчына”. Ён уключае сайт для суправаджэння бязвізавай зоны. Студэнты ствараюць не толькі віртуальныя экскурсіі па выдатных мясцінах, але і аб’ёмныя 3D-мадэлі страчаных архітэктурных помнікаў.

Размова ішла і пра будаўніцтва для ўніверсітэта дадатковых карпусоў інтэрнатаў. Гэта ў тым ліку дапамагло б больш актыўна прыцягваць на навучанне замежных студэнтаў. Прэзідэнт цікавіўся коштам праекта і адзначыў, што на гэтае пытанне трэба паглядзець яшчэ і ў параўнанні з іншымі абласнымі цэнтрамі, а таксама даручыў прааналізаваць і прадставіць яму ўсю інфармацыю наконт гэтага, у тым ліку па магчымых крыніцах фінансавання, уключаючы мясцовыя сродкі. “Калі самая вялікая праблема з забяспечанасцю інтэрнатамі, то, вядома, дапаможам тут”, — адказаў Аляксандр Лукашэнка.

Падчас больш як двухгадзіннай размовы былі закрануты асноўныя аспекты функцыянавання сістэмы вышэйшай адукацыі нашай краіны і акрэслены задачы на найбліжэйшы тэрмін. Галоўнай тэмай гутаркі было паўнацэннае развіццё і ўдасканальванне ўніверсітэцкай адукацыі і сумежных з ёй напрамкаў.

“Сістэма адукацыі павінна заахвочваць ініцыятыву, рыхтаваць спецыялістаў новай фармацыі з добра развітымі прадпрымальніцкімі навыкамі, — адзначыў у пачатку размовы Аляксандр Лукашэнка. — Гэта патрабаванне сучаснага свету. Часта мы пакутуем менавіта ад таго, што не ўмеем выгадна прадставіць інтарэсы і магчымасці нашай краіны за мяжой”.

Прэзідэнт канстатаваў, што гродзенскія ўстановы вышэйшай адукацыі з’яўляюцца інтэлектуальным цэнтрам не толькі вобласці, але па асобных напрамках і ўсёй краіны. “У сувязі з гэтым трэба, каб умовы навучання былі максімальна набліжаны да рэальных умоў будучай дзейнасці”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць падрыхтоўкі якасных кіраўніцкіх кадраў праз выяўленне і падтрымку студэнтаў з лідарскімі якасцямі, нацэленых на палітычную кар’еру. “Калі вы будзеце арыентаваны і на дзяржаўную службу, я буду гэта толькі вітаць, — сказаў ён. — Кіраўніцкія навыкі трэба развіваць. Для гэтага ў нас існуе Акадэмія кіравання пры прэзідэнце. Цяпер мы фарміруем там цэласную сістэму адбору прэтэндэнтаў на атрыманне другой вышэйшай адукацыі. Калі кіраўнікі, пачынаючы ад старшыні райвыканкама і заканчваючы прэзідэнтам, будуць талковымі, адукаванымі, гатовымі выконваць свае функцыі, краіна будзе нармальнай. Пераважная колькасць нашых поспехаў залежыць ад таго, якое кіраванне. Таму буду вельмі рады, калі ў вас з’явіцца дзясятак-другі будучых дзяржслужачых, кіраўнікоў. Мы гатовы іх прыняць у Акадэмію кіравання, таму што гэта будзе зусім новая навучальная ўстанова”, — дадаў кіраўнік дзяржавы і падкрэсліў, што дастойных і гатовых да дзяржслужбы маладых людзей у Беларусі будуць усяляк падтрымліваць.

Прэзідэнт таксама ў якасці адной з праблем акрэсліў імкненне моладзі атрымаць адукацыю за мяжой. Як было адзначана, праблема нават не ў тым, што маладыя людзі хочуць вучыцца за мяжой. “Горш, калі таленавітыя маладыя людзі, па-першае, паедуць за мяжу, атрымаўшы адукацыю тут, а па-другое, калі яны там атрымаюць адукацыю і там застануцца, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Я вас не агітую за тое, каб вы кудысьці ехалі ці не ехалі. Калі вы ўжо задумалі, то, напэўна, паедзеце або атрымаеце тут адукацыю і будзеце там працаваць. Гэта ваша справа. Але мая вам парада: не спяшайцеся, спачатку разбярыцеся, дзе вам лепш”.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што трапіць у вышэйшы эшалон грамадства за мяжой немагчыма. “Вы заўсёды будзеце там чужымі людзьмі, другога сорту, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Дзве тысячы чалавек, якія атрымліваюць там адукацыю, і, можа, палова з іх застанецца, — гэта не праблема для дзяржавы. Але ўсё роўна я як прэзідэнт хацеў бы, каб нашы маладыя людзі атрымлівалі адукацыю і працавалі тут”.

“Добра там, дзе нас няма. Гэта не я прыдумаў. Гэта выпакутавана народам. Гэта таму, каб вас туды зацягнуць, каб вы туды паехалі. А там нятанна”, — адзначыў прэзідэнт, гаворачы пра канкурэнтаздольнасць і запатрабаванасць беларускай адукацыі. Меркаванне пра тое, што замежная вышэйшая адукацыя лепшая за беларускую, не апраўдана. Гэта пацвярджаецца тым, што ў беларускіх установах вышэйшай адукацыі вучацца сотні і тысячы замежных грамадзян. Напрыклад, шмат студэнтаў з Кітая. “У іх адукацыйныя цэнтры, найбагацейшая краіна, але вучацца ў нас і выяўленчаму мастацтву, і медыцыне, і па іншых напрамках”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што калі па заходніх рэйтынгах беларускія ўніверсітэты могуць займаць апошнія пазіцыі з ліку лепшых, то, напрыклад, па кітайскіх яны знаходзяцца ў пачатку аналагічных рэйтынгаў. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што такая расстаноўка пазіцый у заходніх рэйтынгах у тым ліку накіравана на папулярызацыю іх адукацыйных паслуг.

Аляксандр Лукашэнка разам з тым падкрэсліў, што ў Беларусі гатовы і будуць пераймаць усё лепшае, што ёсць у адукацыі на Захадзе, але не слепа капіраваць. “Рэвалюцыі нам не патрэбны. Мы прайшлі ўжо ўсе гэтыя рэвалюцыі, асабліва ў адукацыі”, — падкрэсліў беларускі лідар. Таксама ён адзна-чыў, што беларускім установам вышэйшай адукацыі неабходна працаваць над развіццём вучэбна-лабараторнай базы, будаўніцтвам новых інтэрнатаў, у тым ліку для прыцягнення замежных студэнтаў і экспарту адукацыйных паслуг.

“Я катэгарычна супраць таго, каб мы слепа капіравалі чужыя сістэмы адукацыі — у нас свая нядрэнная. Гэтую сістэму ламаць не трэба, яе трэба ўдасканальваць, прыстасоўваючы да сучасных умоў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі часам робяцца спробы зламаць існуючую сістэму адукацыі і прыўнесці ў яе не заўсёды станоўчыя новаўвядзенні. “Можа, не так, але ў мяне склалася такое ўражанне, што ўсіх пачалі рабіць бакалаўрамі, загоняць усіх у магістратуру — вось тады ты будзеш сапраўды спецыялістам. Гэта няправільна, — лічыць прэзідэнт. — Спецыяліст — гэта той, хто атрымлівае вышэйшую адукацыю ва ўніверсітэце. Хочаш быць вучоным — калі ласка, ідзі ў магістратуру, аспірантуру”.

“Я глядзеў на вашых навучэнцаў, якія прадстаўлялі свае работы, і мяне не пакідала думка: абсалютна, як у нас прынята казаць, на еўрапейскім узроўні. Яны нават вышэйшыя за іх. Навошта, трэба запытацца, ламаць адукацыю ва ўніверсітэце? Гэтак жа і ў іншых ВНУ. Удасканальваць — неабходна. Але для гэтага нам не трэба ні сістэму ламаць, ні нашых людзей. Патрэбна сучаснае абсталяванне, методыкі, сустрэчы, каб вы бачылі, якога ўзроўню дасягнулі вашы канкурэнты. І ў гэтай канкурэнтнай барацьбе трэба перамагаць, калі мы хочам нечага дабіцца”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што ён удзяляе шмат увагі ўдасканаленню вышэйшай адукацыі. “Я спрабую зрабіць яе практыка-арыентаванай, настойваю на тым, каб час знаходжання ў ВНУ быў скарочаны да мінімуму. Калі магчыма за чатыры гады атрымаць адукацыю, трэба, значыць, за чатыры, а не за пяць або за шэсць. І ўжо з першага, максімум з другога курса студэнт павінен быць у полі, ля станка, з фотакамерай — у залежнасці ад спецыяльнасці”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў хуткім часе правядзе нараду, падчас якой члены ўрада даложаць, як выконваюцца яго даручэнні па развіцці сістэмы вышэйшай адукацыі ў краіне.

Прэзідэнт адзначыў, што гатовы падтрымаць ідэю стварэння сеткавага ўніверсітэта, які ажыццяўляў бы сваю дзейнасць у дыстанцыйнай форме з выкарыстаннем IT. Сеткавыя ўніверсітэты — такая форма ўзаемадзеяння, у якіх аб’ядноўваецца патэнцыял некалькіх універсітэтаў для падтрымкі навучання студэнтаў. Паводле яго слоў, такое ўзаемадзеянне ўжо ажыццяўляецца ў плане стварэння сеткавага ўніверсітэта ў СНД — аб’яднанне ВНУ краін Садружнасці. “Ужо вопыт ёсць. Гэта вяртанне да старога, паколькі разарвалі гэтыя сувязі. У гэтым няма нічога дрэннага”, — заўважыў беларускі лідар.

Што тычыцца атрымання адукацыі ў такой вышэйшай навучальнай установе ў дыстанцыйнай форме, Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што да гэтага прыйдуць. “Мы цяпер ірванулі за IT, на лічбу ўсё пераводзім. А тут нам што перашкаджае мець стасункі і дыстанцыйна атрымліваць адукацыю ў якім-небудзь іншым універсітэце? Я не бачу тут праблем”, — рэзюмаваў прэзідэнт.

На сустрэчы было адзначана, што такая практыка ўжо прымяняецца і ў межах Беларусі. Напрыклад, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы мае дагавор аб сеткавай падрыхтоўцы з універсітэтам у Баранавічах, у тым ліку асвойваюцца дыстанцыйныя формы падрыхтоўкі.

Адзін са студэнтаў пацікавіўся меркаваннем кіраўніка дзяржавы, наколькі важным з’яўляецца ў жыцці наяўнасць вышэйшай адукацыі. Як падкрэсліў прэзідэнт, усё залежыць ад матывацыі: калі ты паставіў мэту стаць міністрам, то без вышэйшай адукацыі не абысціся. “Вышэйшая адукацыя ў жыцці вельмі важная, але да таго ж трэба быць прафесіяналам, — адзначыў прэзідэнт. — Без адукацыі многія рэчы проста немагчымы”.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка сказаў, што галоўным лічыць прафесіяналізм. Можна не мець вышэйшай адукацыі, але быць выдатным спецыялістам у сваёй справе, напрыклад, зваршчыкам, мулярам. Але нават у гэтых, здавалася б, простых прафесіях ёсць свая высокая планка.

Для таго каб нечага дабіцца, неабходна прыкласці намаганні, як напрыклад, у час вучобы ва ўніверсітэце. “Той будзе паспяховы, хто, зрываючы пазногці і пальцы, караскаецца на гэтую гару, атрымліваючы адукацыю, навучаючыся і набываючы жыццёвы вопыт, займаецца сабой. Той атрымае больш. Усё залежыць ад чалавека”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Таксама кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанне пра мэтазгоднасць увядзення льгот для студэнтаў. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не з’яўляецца прыхільнікам такога падыходу. Ён адзначыў, што ўстановам вышэйшай адукацыі з бюджэту выдзяляюцца пэўныя сродкі, якімі яны могуць распараджацца і накіроўваць у тым ліку на сацыяльную падтрымку. У цэлым Аляксандр Лукашэнка выступіў за адрасны характар падтрымкі тых, хто ў гэтым мае патрэбу.

Падчас сустрэчы Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне аб спосабе барацьбы з ухілістамі ад тэрміновай ваеннай службы. У якасці аднаго з магчымых варыянтаў, кіраўнік дзяржавы прапанаваў адпраўляць студэнтаў у армію ў час летніх канікул. Так, на думку прэзідэнта, маладыя людзі фактычна пабываюць у арміі, але не адрываючыся ад вучобы. “Пасля заканчэння ўніверсітэта, калі ён панюхае ўжо гэты порах, ён будзе добрым спецыялістам”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Аднак ён звярнуў увагу, што гэта ўсяго толькі адзін з магчымых спосабаў вырашэння праблемы, звязанай з ухіленнем ад тэрміновай службы. Пакуль прымаць такое рашэнне не плануецца, прапрацоўваюцца розныя варыянты. “Але мужык павінен умець размаўляць са зброяй. У адваротным выпадку ён не зможа абараніць сваю сям’ю, сваё дзіця, жонку, маці. Гэта ж наша функцыя — абараняць і памерці дзеля жанчыны. Так было заўсёды”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Студэнты і выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы падарылі Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку альбом з выявамі гістарычных асоб, жыццё і дзейнасць якіх звязана з горадам.

Звяртаючыся да студэнтаў, кіраўнік дзяржавы пажадаў ім не спяшацца ў прыняцці рашэнняў і не рабіць неразумных памылак. “У маладыя гады вельмі цяжка сябе стрымліваць, таму вы не спяшайцеся. Гэта першае. Другое — не рабіце цяпер памылак, пасля якіх вам потым будзе сорамна або няёмка, — параіў Аляксандр Лукашэнка. — Я іх таксама рабіў. Я гэта ўспамінаю, і мне як мінімум прыкра, а за некаторыя — сорамна. Таму не рабіце памылак, за якія будзе сорамна. А каб іх не зрабіць, ніколі не спяшайцеся”.

Прэзідэнт таксама пажадаў маладым людзям не баяцца ставіць перад сабой нават завоблачныя, як ім можа здацца, мэты. “Стаўце перад сабой вялікія мэты. Нават калі вы гэтай мэты не даб’яцеся, калі вы не дойдзеце да гэтай адзнакі, усё роўна, ідучы да яе, вы даб’яцеся большага”.

Па матэрыялах БелТА.
Фота БелТА.