Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Спорт аб’ядноўвае народы, нягледзячы на палітычныя крызісы і рознагалоссі”

- 11:12Інфармацыйная гадзіна

Новы спартыўны год для Беларусі будзе асаблівым. Гэта адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на адкрыцці XV Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея і рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў “Залатая шайба”.

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў удзельнікаў спаборніцтваў і балельшчыкаў з пачаткам новага спартыўнага года, адзначыўшы, што для Беларусі, краіны — гаспадыні II Еўрапейскіх гульняў, ён будзе асаблівым, насычаным яркімі падзеямі маючых адбыцца летніх спаборніцтваў.

“Сёння адкрываем Калядны турнір. Першы матч мы правялі 15 гадоў назад, даўшы старт добрай традыцыі, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Гэты турнір унікальны. Ён наглядна дэманструе, што спорт аб’ядноўвае народы, нягледзячы на палітычныя крызісы і рознагалоссі”.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што геаграфія ўдзельнікаў турніру штогод пашыраецца, жадаючых прыехаць у Беларусь становіцца ўсё больш. “І каб нікога з нашых сяброў не пакрыўдзіць, гэты раз нам нават давялося змяніць фармат спаборніцтваў. У турніры прымуць удзел ужо не восем, а дванаццаць каманд”, — заўважыў прэзідэнт.

На лёд выйдуць хакеісты з Беларусі, Расіі, Германіі, Кітая, ААЭ, Славакіі, Фінляндыі, Чэхіі, Швейцарыі. Змагацца за галоўны прыз Каляднага турніру таксама будуць зборныя Балтыі, Балкан і Міжнароднай федэрацыі хакея.

“Мінскі лёд збірае сапраўдных мужчын, адданых хакею, не толькі моцных духам, целам, а таксама шчыра жадаючых зрабіць свет лепшым, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Вялікі вам дзякуй за спагадлівасць, добрае і ўважлівае стаўленне да нашых дзяцей — выхаванцаў дзіцячых дамоў. Вы ўсяляеце ў гэтых хлопчыкаў веру ў людзей, дапамагаеце ім адчуць сябе патрэбнымі, па-сапраўднаму шчаслівымі. І вядома, сваім прыкладам вы даяце правільны арыенцір — прывіваеце цікавасць да здаровага ладу жыцця, любоў да вялікага спорту”.

Невыпадкова, дадаў ён, фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў “Залатая шайба” стаў спадарожнікам турніру ветэранаў хакея. І гэта, паводле слоў прэзідэнта, яшчэ адна добрая традыцыя.

“Дазвольце ад усёй душы павіншаваць удзельнікаў спаборніцтваў, аматараў спорту з Новым годам і светлымі каляднымі святамі. Спартсменам перш за ўсё жадаю паказаць захапляючую выніковую гульню. Пятнаццаты Калядны міжнародны турнір і дваццаць трэція рэспубліканскія спаборніцтвы “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Беларусі аб’яўляю адкрытымі”, — даў старт спаборніцтвам Аляксандр Лукашэнка.