Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Спорт — гэта дух нацыі, а паспяховае выступленне на міжнародных спаборніцтвах — гэта велізарны прэстыж дзяржавы”

- 10:57Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 22 верасня заяўку Нацыянальнага алімпійскага камітэта на ўдзел у XXXI летніх Алімпійскіх гульнях.

Старт XXXI Алімпійскім гульням будзе дадзены менш як праз год, і тут выступяць лепшыя беларускія прадстаўнікі ў летніх відах спорту, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. “Гэта будзе вельмі сур’ёзны экзамен для кожнага атлета і трэнера, для ўсёй спартыўнай галіны, — сказаў прэзідэнт. — Кожны спартсмен і трэнер павінен разумець, што заваяванне медаля — гэта не толькі яго асабістыя памкненні. Уся краіна з асаблівым хваляваннем, з заміраннем сэрца будзе сачыць за выступленнем нашай каманды”.
“Нельга забываць, што спорт — гэта дух нацыі, а паспяховае выступленне на міжнародных спаборніцтвах — гэта велізарны прэстыж дзяржавы”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы пажадаў алімпійцам яркіх перамог і дастойна прадставіць Беларусь на сусветнай арэне, прымножыўшы яе славу. “Мы верым у вас, мы шчыра спадзяёмся, што майстэрства, мэтанакіраванасць дадуць магчымасць пакарыць алімпійскія вяршыні”, — адзначыў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што чакае ад беларускіх спартсменаў выступлення на Алімпіядзе-2016 у Рыа-дэ-Жанэйра на ўзроўні, адэкватным укладзеным сілам і сродкам.
“Не так, як на апошніх чэмпіянатах свету па веславанні акадэмічным, лёгкай атлетыцы або плаванні. Гэта наогул катастрофа, самыя медальныя віды спорту — мы там проста боўтаемся”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Цяпер у нас у гэтай сферы робіцца фактычна ўсё, што патрабуецца. Нам вельмі не проста даецца кожны рубель, які мы туды накіроўваем. Таму беларускі народ мае права разлічваць на належную аддачу”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што чакае ад спартсменаў заваяванняў хаця б такой колькасці медалёў, якая была на папярэдніх буйных стартах. “І вы гэта зрабіць можаце, таму рыхтуйцеся вельмі сур’ёзна, — сказаў беларускі лідар. — Мы за ўсіх вас перажываем, таму не аддавайце свайго!”
“Інакш што гэта за барацьба, калі вы выходзіце на дыван, загадзя прайграўшы паядынак?” — дадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў найбліжэйшы час на яго ўзроўні будзе праведзены шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных абмеркаванню праблем у спартыўнай галіне.
“Вашы абавязацельствы — добра выступіць на Алімпіядзе. Калі нешта трэба — гаварыце загадзя, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы пабудавалі шмат спартыўных аб’ектаў, і яны павінны быць задзейнічаны для таго, каб ад гэтага была карысць”.
Беларускі спорт уносіць істотны ўклад у пашырэнне нацыянальных інтарэсаў у знешняй палітыцы, зазначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што поспехі ў спартыўнай сферы садзейнічаюць пазнавальнасці Беларусі, пашырэнню міжнароднага супрацоўніцтва. “Сёння гавораць: спорт па-за палітыкай. Спорт — гэта самая вялікая палітыка”, — падкрэсліў прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што некаторыя вялікія спартсмены, выступаючы ў сродках масавай інфармацыі, скардзяцца, што на іх аказваецца залішні націск грамадскасці. Кіраўнік дзяржавы заклікаў спартсменаў адэкватна ўспрымаць гэта. “На любога спартсмена заўсёды аказваўся націск, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Вы вялікія, вы выступаеце сярод роўных”.
“Калі вы, дасягнуўшы такой вышыні, трапляеце пад крытыку ў сродках масавай інфармацыі, ну што ж, цярпіце і пераадольвайце гэты націск. На вас націскаюць не таму, што вы дрэнныя, а таму, што вашы перамогі — гэта больш, чым палітыка”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў свеце Беларусь асацыіруецца з імем Дар’і Домрачавай. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што спартсмены такога ўзроўню моцна ўманціраваны ў палітыку, з гэтага пачынаецца ўвесь дыялог на самым высокім узроўні. Ён падкрэсліў, што ў Беларусі ніколі не шкадавалі грошай на развіццё спорту, таму і патрабаванне да спартсменаў адпаведнае. “Трэба прывыкнуць да крытыкі. Калі не будзе крытыкі, альтэрнатывы, гэтага націску, то не будзе выніку”, — рэзюмаваў прэзідэнт.
Прэзідэнт пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей штаб-кватэры НАК Беларусі. Была высаджана алімпійская алея. У мерапрыемстве прынялі ўдзел чэмпіёны і прызёры гульняў, сярод якіх Дар’я Домрачава, Антон Кушнір, Вікторыя Азаранка і іншыя. Кіраўнік дзяржавы пасадзіў дрэва на алімпійскай алеі, затым нефармальна пагутарыў са спартсменамі і трэнерамі.