Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Спорт — лепшая форма народнай дыпламатыі!”

- 10:03Інфармацыйная гадзіна

Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі набыў шырокую папулярнасць. Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы спаборніцтвы ў спартыўным комплексе “Чыжоўка-Арэна”.

Новы спартыўны год у Беларусі па добрай традыцыі стартуе з унікальных спаборніцтваў, лядовыя арэны сталіцы дванаццаты раз прымаюць удзельнікаў і балельшчыкаў Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея. “Гэтыя спаборніцтвы ўжо сталі своеасаблівай візітнай карткай нашай дзяржавы, набылі шырокую папулярнасць у многіх краінах, стаўшы неафіцыйным чэмпіянатам свету па хакеі сярод аматараў”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
За галоўны трафей гэтага турніру спаборнічаюць прадстаўнікі Беларусі, Германіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Расіі, Славакіі, Фінляндыі, Швейцарыі, Швецыі. “Усе яны не навічкі і спрабавалі ўжо свае сілы на мінскім лёдзе. У складзе гэтых дружын знакамітыя гульцы, якія вызначыліся на спаборніцтвах самага высокага ўзроўню. І нам вельмі прыемна зноў прымаць іх у сябе ў гасцях”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Адметнай рысай беларускага турніру прэзідэнт назваў сур’ёзны спартыўны складнік, дух сапраўднай барацьбы і самае важнае — пераемнасць прафесійнага і масавага спорту. “Галоўная мэта такіх аматарскіх матчаў — гэта перш за ўсё ўмацаванне дружалюбных адносін паміж краінамі-ўдзельніцамі. Як вядома, спорт — лепшая форма народнай дыпламатыі!” — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
“Усіх нас аб’ядноўвае шчырая любоў да гэтага віду спорту, імкненне развіваць у сабе лепшыя якасці, уласцівыя яму, — мужнасць, стойкасць, мэтанакіраванасць. Нездарма ў народзе трывала замацаваўся крылаты выраз “баязлівец у хакей не гуляе”, — заўважыў прэзідэнт.
Калядны турнір выдатны яшчэ і тым, што ў ім не бывае прайграўшых: выйграюць і ўдзельнікі, і балельшчыкі.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што гэтыя спаборніцтвы стануць не толькі яркім і відовішчным святам, але і школай майстэрства для соцень юных спартсменаў. Кіраўнік дзяржавы ад усёй душы павіншаваў удзельнікаў турніру і балельшчыкаў з Новым годам і Калядамі. Усім гледачам прэзідэнт пажадаў радасных эмоцый і святочнага настрою, а камандам — удалай, сумленнай і выніковай гульні. “І няхай пераможа наймацнейшы!” — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
XII Калядны міжнародны турнір праходзіць з 4 па 7 студзеня.
У заключны дзень спаборніцтваў дружыны, якія зоймуць у сваіх групах другія месцы, сустрэнуцца ў матчы за бронзавыя ўзнагароды, пераможцы паспаборнічаюць у вырашальным паядынку за галоўны прыз. Абедзве медальныя сустрэчы адбудуцца на галоўнай пляцоўцы “Чыжоўка-Арэны”.
Мінулыя гады пераможцам Каляднага міжнароднага турніру восем разоў станавілася каманда Прэзідэнта Беларусі (2005, 2006, 2008, 2009, 2010, 2012, 2013, 2014). Тройчы поспех святкавала расійская дружына (2007, 2011, 2015).
Арганізатарамі турніру традыцыйна з’яўляюцца Прэзідэнцкі спартыўны клуб, асацыяцыя “Федэрацыя хакея Беларусі”, Міністэрства спорту і турызму, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.