Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Справа не толькі ў вытворчасці, але і ў канкрэтным жыцці людзей”

- 10:19Інфармацыйная гадзіна

Уборачныя работы павінны быць завершаны да 7 лістапада. Такую задачу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў, заслухоўваючы даклад аб мерах па завяршэнні асенніх палявых работ у краіне і прапановах па ўдасканаленні структуры пасяўных плошчаў у Віцебскай вобласці.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся актуальнымі пытаннямі развіцця аграпрамысловага комплексу, прапанаваўшы больш шырока паглядзець на гэтую тэму. “Справа не толькі ў вытворчасці, але і ў канкрэтным жыцці людзей, гэта значыць у сацыяльным аспекце”, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівую ўвагу ён звярнуў на неабходнасць завяршэння ўборачных работ. Было адзначана, што ў цэлым яны ідуць па плане, але разам з тым па некаторых напрамках неабходна паскорыцца. “Хацелася б, каб да 7 лістапада гэтыя работы былі праведзены. Застанецца ў вас крыху кукурузы на зерне, а можа, паспееце ўбраць, і крыху буракоў”, — канстатаваў прэзідэнт.

Наступным этапам павінна стаць падрыхтоўка глебы да веснавых палявых работ. Ад яе якасці будзе залежаць будучы ўраджай, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. “Пакуль тут работа арганізавана дрэнна. Калі верыць статыстыцы, палова перааранага, як ні дзіўна, у Віцебскай вобласці, паднята зябліва больш за ўсё ў Віцебскай вобласці. Напэўна, так і павінна быць, таму што вясной у Віцебскім рэгіёне, як народ кажа, у поле не ўлезці без ботаў. Таму трэба падрыхтаваць глебу пад сяўбу яравых культур ужо сёння”, — даручыў ён.

“Асобнае, прыватнае пытанне, але вельмі важнае для краіны, — Віцебская вобласць. Нам трэба пайсці на сур’ёзную рэформу аграпрамысловага комплексу Віцебшчыны. Мы дамовіліся пачынаць са структуры пасяўных плошчаў. Трэба кардынальна змяніць падыход да вядзення сельскай гаспадаркі на Віцебшчыне”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, якія работы праведзены ўжо ў гэтым напрамку, як у рэгіёне маюць намер вырашаць пастаўленыя задачы ў наступным годзе. “Мы павінны гэтую праблему вырашыць раз і назаўсёды, асабліва са структурай пасяўных плошчаў, арыентацыяй на структуру сельскагаспадарчай вытворчасці. Гэта значыць, што там будзем вырабляць малако, ялавічыну, свініну, птушку, улічваючы кліматычныя ўмовы Віцебскай вобласці і ўрадлівасць зямель, узровень не толькі земляробства, але і вядзення сельскай гаспадаркі, я маю на ўвазе перш за ўсё кадры”, — сказаў прэзідэнт.

Пры гэтым ён запатрабаваў дакладваць па сутнасці, не замоўчваць праблемы, спрабуючы падаць усё ў выгадным святле. “Вы ж не паправіце сітуацыю дакладамі па валавой вытворчасці таго ці іншага прадукту. Галоўнае — гэта грошы. Ёсць яны — нармальна працуеце, рэнтабельная вытворчасць — малайцы. Калі гэтага няма, што тут расказваць, якія прыбаўленні ў вазе, якая таварнасць малака і г.д. Гэта важна для таго, каб аператыўна кіраваць вытворчасцю. Але гэта не мая функцыя — аператыўна кіраваць. Яна павінна заканчвацца на ўзроўні губернатара і вам паступаць да ведама. Галоўнае — паказчыкі эфектыўнасці, а тут не прыпішаш”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.