Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Справядлівыя павінны быць адносіны да людзей!”

- 12:06Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытанні якасці работы праваахоўных органаў па выяўленні і расследаванні злачынстваў агучыў праблемныя пытанні ў гэтай сферы.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што напярэдадні нарады даручыў адпаведным органам улады і структурам, якія абавязаны сачыць за выкананнем законнасці і дакладваць аб’ектыўную карціну прэзідэнту, грунтоўна даследаваць прадмет размовы. “Я прыняў рашэнне азнаёміць не толькі вас, але і грамадства з тым, што ўвогуле адбываецца ў праваахоўнай сістэме. Па асноўных пытаннях, не ўдаваючыся ў канкрэтыку, хаця ёсць куча канкрэтных прыкладаў. Пра некаторыя пытанні працэсуальнай дзейнасці органаў дазнання, папярэдняга следства і пракуратуры”, — заявіў беларускі лідар.

Па яго словах, нягледзячы на паляпшэнне розных вынікаў работы праваахоўных органаў, у тым ліку ўдасканаленне іх узаемадзеяння, па-ранейшаму не выкаранены некаторыя негатыўныя праяўленні і праблемы ў арганізацыі дасудовай вытворчасці.

Аб якасці даследчых праверак і папярэдняга следства

Кіраўнік дзяржавы заявіў пра нізкую якасць работы ў названай сферы. Практыка пракурорскага нагляду сведчыць, што асноўнымі характэрнымі недахопамі ў рабоце органаў унутраных спраў з’яўляецца павярхоўнае даследаванне заяў і паведамленняў аб злачынствах, а таксама недастатковае веданне аператыўных супрацоўнікаў аб крымінальных праяўленнях на аб’ектах аператыўнага абслугоўвання. У шэрагу выпадкаў гэта прыводзіць да таго, што вінаватыя асобы, карыстаючыся сваёй беспакаранасцю, здзяйсняюць больш цяжкія злачынствы. Маюць месца працягласць аператыўных распрацовак, парушэнне парадку і ўмоў правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, уключаючы вынясенне нематываваных пастаноў. “І што асабліва недапушчальна — цяганіна ў рабоце па выяўленні асоб, якія здзейснілі злачынствы”, — падкрэсліў прэзідэнт.

На думку Генеральнай пракуратуры, асноўнай прычынай недастаткова эфектыўнай арганізацыі работы аператыўных падраздзяленняў з’яўляецца аслаблены ведамасны кантроль на ўзроўні гарадскіх і раённых аддзелаў, упраўленняў унутраных спраў за законнасцю пры вырашэнні заяў і паведамленняў.

Істотныя негатыўныя тэндэнцыі фіксуюцца Генпракуратурай таксама ў рабоце следчых падраздзяленняў. У тым ліку адзна­чаецца непрыманне следчымі належных мер да збору доказаў і іх ацэнкі, што ў шэрагу выпадкаў выклікае недапушчальнасць такіх доказаў.

Мае месца нядбайнае стаўленне следчых да афармлення працэсуальных дакументаў і крымінальных спраў, адсутнасць у іх усіх неабходных звестак і рэквізітаў.

Зроблена выснова таксама аб няякасным правядзенні першапачатковых неадкладных следчых дзеянняў, непаўнаце работы па пакрыцці страты, зробленай злачынствамі.

Як вынік, дзяржабвінаваўцы ў перыяд 2017 года — першага паўгоддзя 2019 года прад’явілі ў судзе новае абвінавачанне ці арганізавалі збор дадатковых доказаў па 400 справах у дачыненні да 683 асоб.

У 2018 годзе колькасць вернутых пракурорамі следчым крымінальных спраў для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання павялічылася амаль на 12% і склала 631 справу. У 2017 го­дзе вернута 557 спраў. Гэтая тэндэнцыя захавалася і ў першым паўгоддзі 2019 года. Пракурорскімі работнікамі вернута 363 крымінальныя справы, што на 21% больш за паказчык першага паўгоддзя 2018 года — тады было 286. “Вось якасц­ь работы следчых”, — заўважыў беларускі лідар.

Аб злоўжываннях

“Злоўжыванні службовымі асобамі праваахоўных органаў службовымі паўна­моцтвамі. Глядзіце, як гучыць: тое, супрац­ь чаго павінны праваахоўнікі змагацца, ім ставіцца ў віну”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што па яго даручэнні былі выяўлены найбольш распаўсюджаныя працэсуальныя парушэнні. У іх ліку аказанне націску на ўдзельнікаў крымінальнага працэсу — падазроных, абвінавачваных, бок абароны, а таксама суддзяў.

“Напрыклад, калі ГУБАЗ ці да следчага дайшла нейкая крымінальная справа, — скляпалі-сфарміравалі, — не атрымліваецца на нейкім этапе (адвакат заняў пэўную пазіцыю, падазроны, сведка ці хтосьці “не разумее” людзей у пагонах), пачынаецца націск на іх, аж да суддзяў”, — адзначыў прэзідэнт.

Ён расказаў і пра факты фальсіфікацыі доказаў — унясенне няпэўных звестак у працэсуальныя дакументы, заключэнні экспертыз. “Штучнае стварэнне доказаў. Каб атрымаць загадзя неабходны вынік, ідуць на фальсіфікацыю. Фіксуйце, Наталля Іванаўна (Качанава), па гэтых усіх пытаннях прыйдзецца прымац­ь самае бязлітаснае рашэнне!” — падкрэсліў беларускі лідар.

Выяўлены таксама факты ўмяшання ў ход разбору па крымінальных справах і матэрыялах праверак. “Як я ўжо гаварыў, схіленне да дачы неабходных паказанняў або да адмаўлення ад заяў. Штучнае стварэнне ўмоў для супрацьпраўнай дзейнасці з мэтай яе стрымання”, — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Адзначаныя факты абумоўлены як карыслівымі матывамі (подкуп з мэтай прыняцця канкрэтнага рашэння, жаданне атрымаць асабістую выгаду), так і імкненнем службовых асоб забяспе­чыць выкананне даведзеных кіраўніцтвам паказчыкаў аператыўна-службовай дзейнасці і статыстычнай справаздачнасці. “Дзікасц­ь!” — абурыўся прэзідэнт.

Усяго за 2017 год — першае паўгоддзе 2019 года судамі краіны асуджаны 24 былыя супрацоўнікі аператыўных і следчых падраздзяленняў за здзяйсненне супрацьпраўных дзеянняў пры выяўленні злачынстваў і расследаванні крымінальных спраў. “Гэта значыць усяго нічога. Але гэта толькі пачатак. Я вас папярэджваю. Пасля сённяшняй гістарычнай нарады па ўсіх гэтых пытаннях націск будзе ўзмоцнены. І, як я сказаў аграрыям, у некага вочы на лоб палезуць, калі вы не зменіце падыходы ў гэтай частцы”, — дадаў беларускі лідар.

“Пры гэтым кіраўнікамі ведамстваў прымаюцца недастатковыя меры па ўстараненні прычын і ўмоў адзначаных парушэнняў і негатыўных тэндэнцый”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

Аб распачынанні крымінальных спраў і мерах стрымання

Нараканні ў шэрагу выпадкаў выклікаюць абгрунтаванасць распачынання крымінальных спраў і практыка выбрання меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. “Апошні час назіраецца рост заведзеных крымінальных спраў па карупцыйных злачынствах. Пры гэтым адной з характэрных негатыўных праяў з’яўляецца крымінальнае праследаванне асоб па фармальных прыметах злачыннага дзеяння, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Часта распачынанне крымінальных спраў у дачыненні да службовых асоб набывае шырокую агалоску ў СМІ, а іх наступнае спыненне па рэабілітуючых падставах выклікае негатыўную рэакцыю насельніцтва і з’яўляецца нагодай для крытыкі праваахоўных органаў і ўлады ў цэлым”.

“Пры гэтым імкненне да паляпшэння паказчыкаў работы ў выглядзе росту статыстычных даных па колькасці расследаваных злачынстваў фактычна нівеліруе магчымасць выкарыстання прэвентыўных мер, у тым ліку асноўваючыся на патрабаваннях Дэкрэта № 5 “Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Па-ранейшаму шырока распаўсю­джана практыка выбрання меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. У 2017 го­дзе з 17,1 тысячы затрыманых асоб пад варту было ўзята больш за 10 тысяч чалавек. У 2018 годзе з 16,8 тысячы затрыманых у дачыненні да 9,5 тысячы асоб была прыменена мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. У сваю чаргу ў першым паўгоддзі 2019 года з 8,5 тысячы затрыманых пад варту было ўзята 4,5 тысячы чалавек. Нярэдка Генеральнай пракуратурай па хадайніцтвах следчых падраз­дзяленняў прадаўжаліся тэрміны ўтрымання пад вартай звыш 12 месяцаў. Толькі ў першай палове 2019 года гэта больш за 58 чалавек. “Пры гэтым неабходнасц­ь прадаўжэння гэтых тэрмінаў Генеральнай пракуратурай абгрунтоўваецца вялікім аб’ёмам следчых дзеянняў. У той жа час маюць месца факты неналежнай арганізацыі мера­прыемстваў, якія право­дзяцца ў рамках расследавання, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Даныя пра колькасць асоб, узятых пад варту, у дачыненні да якіх пазней спынена папярэдняе расследаванне па рэабілітуючых падставах, паказваюць на недастатковы кантроль з боку праваахоўных органаў за абгрунтаванасцю прымянення меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту”.

“Народнай мовай кажучы, пасадзілі чалавека, у следчым ізалятары гаротнік пакутуе. Мінае час, доказаў няма. Чалавека выпусцілі. Так, у 2017 годзе ў дачыненні да 31 асобы, якая ўтрымлівалася пад вартай, крымінальная справа была спынена па рэабілітуючых падставах. 31 чалавеку (гэта тое, што мы ўлічылі) зламалі як мінімум лёс. У 2018 го­дзе вызвалена з-пад варты 27 такіх асоб, — агучыў даныя кіраўнік дзяржавы. — Пры гэтым асаблівую заклапочанасць выклікае працягласць прымянення гэтай меры. У прыватнасці, у дачыненні да асоб, па якіх пазней было спынена папярэдняе расследаванне па рэабілітуючых падставах. Тэрмін узяцця пад варту ў шэрагу выпадкаў перавышаў паўгода. Больш за паўгода чалавека трымалі ў засценках, не даказалі, выпусцілі. Хто за гэта адказаў?”

Аб пракурорскім наглядзе

Аляксандр Лукашэнка заявіў пра недастатковасць дзейснага пракурорскага нагляду. “Гэтая нарада, якую мы право­дзім на ўзроўні прэзідэнта, павінна быць праведзена не адзін раз на год генеральным пракурорам. Так у нас пракуратура ў суверэннай незалежнай краіне працуе, што за іх трэба яшчэ працаваць прэзідэнту”, — адзначыў ён.

На думку Вярхоўнага Суда, у шэрагу выпадкаў невысокай з’яўляецца якасц­ь работы пракурорскіх работнікаў пры ажыццяўленні пракурорскага нагляду за выкананнем закона падчас дасудовай вытворчасці. “Гатовы падпісацца пад гэтай высновай. Часта пракуроры накіроўваюць для разгляду ў суд крымінальныя справы без належнай праверкі і аналізу ўсіх існуючых доказаў. А дзяржаўныя абвінаваўцы падтрымліваюць па іх абвінавачанні ў поўным аб’ёме”, — сказаў прэзідэнт.

Ёсць пажаданні і ў адрас суддзяў: “У нас склалася такая практыка: суддзі, каб прыняць нейкае рашэнне, патрэбна куча доказаў і аб’ёмаў нейкіх фактаў злачынстваў. Практыка непрыгодная! Дастаткова аднаго-паўтара злачынства, каб нягодніка пакараць”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Па даных Генпракуратуры, прыняцце судамі рашэнняў аб невінаватасці нярэдка звязана не з рознай ацэнкай дастатковасці доказаў органамі крымінальнага праследавання і судамі, а з працэсуальнымі парушэннямі, дапушчанымі органамі следства пры зборы і замацаванні доказаў, а таксама ў час затрымання падазроных і забеспячэння правоў на абарону.

Аб карупцыі і жалезабетонных доказах

Асобную ўвагу Аляксандр Лука­шэнка звярнуў на наяўнасць дастатко­вай доказнай базы пры расследаванні карупцыйных злачынстваў. Праблемы ў гэтым кірунку зазначае і Вярхоўны Суд. Як паказвае практыка, часам абвінавачанні будуюцца на нечых блытаных успамінах пра даўнія падзеі, пры гэтым канкрэтны факт атрымання хабару адсутнічае. “Па значнай колькасці спраў абвінавачанне будуецца не на выяўленым факце атрымання прадмета хабару, а на непаслядоўных успамінах, прычым даволі даўніх падзей, таго, хто даваў хабар і не можа назваць канкрэтныя акалічнасці перадачы ўзнагароджанняў: даты, месца, сумы. Такія падыходы да даказвання віны патэнцыяльнага хабарніка істотна павышаюць рызыку яго абгавору, у тым ліку канкурэнтамі”, — адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад работу КДБ у гэтым кірунку: усе заве­дзеныя камітэтам гучныя крымінальныя справы аб хабарніцтве асноўваюцца на канкрэтных фактах. Гэта было патрабаванне прэзідэнта. “Хабар — гэта калі вы зафіксавалі аўдыя, відэа, што чалавеку прынеслі і далі яго. Усё — нікуды не дзенешся, не выкруцішся, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — А што такое, калі чалавек недзе ўспомніў, што ён камусьці даваў хабары? І пачынаецца (гэта асабліва міліцыі характэрна): хтосьці дзесьці сказаў — чалавеку заламалі рукі і пачалі выкручваць. Павінны быць жалезабетонныя доказы такіх рэчаў, бо мы прыйдзем да таго, што ў грамадстве з’явіцца і буйна будзе квітнець практыка: не спадабаўся чалавек — абгаварыў яго, даў супраць яго паказанні, і пайшлі”.

Пры гэтым прэзідэнт папярэдзіў, што паслабляць барацьбу супраць хабарніцтва нельга і ніякага змякчэння пакарання для карупцыянераў быць не павінна. “Трэба проста эфектыўна і правільна працаваць, цярпліва, і караць на ўсю катушку тых, хто бярэ хабар і здзяйсняе карупцыйныя злачынствы. Але ні ў якім разе мы не павінны пакараць чалавека, які не вінаваты. Лепш не расследуйце гэтыя крымінальныя справы, калі вы не бачыце жалезабетонных доказаў”, — сказаў ён.

Падводзячы вынікі нарады, Аляксандр Лукашэнка арыентаваў праваахоўныя органы на больш якасную работу ў сферы абароны законных правоў грамадзян. “Вы павінны не толькі быць чыстцам, але і ўмець своечасова праінфармаваць прэзідэнта з мэтай абароны людзей”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Справядлівыя павінны быць адносіны да людзей! Бо самі можам апынуцца на месцы тых, каго вы часам прасуеце, і незаконна. Высновы сказанага мной: праваахоўныя органы павінны працаваць не проста эфектыўна, а якасна, талкова. І ў аснову трэба пакласці не толькі закон (у ім не прапішаш усё, што адбываецца ў жыцці) — пакладзіце ў аснову справядлівасць. Не прыгнятайце людзей залішне. Але, з іншага боку, не даруйце нічога падонкам, нягоднікам і бандытам. Бо пра стабільнасць потым у нашым грамадстве размовы быць не можа”, — рэзюмаваў прэзідэнт.