Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Стадыён і плавальны басейн мы будзем будаваць… Таму што гэта не дзяржава, якая не мае такіх нацыянальных аб’ектаў”

Падрыхтоўка да будаўніцтва ў Мінску нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту абмеркавана на сустрэчы ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Гэтыя аб’екты плануецца пабудаваць за кошт бязвыплатнай тэхніка-эканамічнай дапамогі Кітая.

На разгляд былі вынесены праекты ўказаў аб будаўніцтве стадыёна і басейна. “У час майго апошняга візіту ў Кітай Сі Цзіньпін прадэманстраваў усім нам макеты гэтых аб’ектаў. Падкрэслю, будаўніцтва такіх спартыўных аб’ектаў у Мінску ў рамках супрацоўніцтва Беларусі і Кітая з’яўляецца беспрэцэдэнтным і павінна стаць прыкладам для іншых праектаў, якія плануецца рэалізаваць у будучыні”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што такія спартыўныя аб’екты даўно планавалася пабудаваць. “Вядома, гэта вялікія затраты. Зразумела, што такія грошы заўсёды знаходзяцца з цяжкасцю, паколькі ніводны прыватнік, думаю, за гэтыя аб’екты не возьмецца. А з дзяржаўнага бюджэту грошы вы ведаеце, куды ідуць. Але я ў свой час папрасіў Сі Цзіньпіна, каб ён дапамог нам у будаўніцтве гэтых аб’ектаў”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама расказаў, што беларускі бок па гэтым пытанні звяртаўся не толькі да КНР, але і да іншых краін: “Але там грошай не знайшлося або жадання. А Кітайская Народная Рэспубліка і яе кіраўнік адгукнуліся”.

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, што вельмі важна стварыць усе неабходныя ўмовы, каб пабудаваць басейн і стадыён у самы кароткі тэрмін, на належным узроўні і па міжнародных стандартах.

“Я прасіў падрыхтаваць праекты ўказаў з упорам на гэта. Каб мы, атрымаўшы бясплатныя грошы, не валакіцілі кітайцаў. Гэта яны будуць будаваць гэты аб’ект. Вядома, з нашых матэрыялаў, нашы людзі будуць там працаваць у асноўным. Але каб у кітайцаў не было скаргаў, што ў нас там нейкія незразумелыя стандарты, якія засталіся, напэўна, не тое што з савецкіх часоў — да рэвалюцыі яшчэ па некаторых з іх будавалі. Аб гэтым я папярэджваў ужо і міністра, і прэм’ер-міністра, што павінны быць уведзены еўрапейскія стандарты. Пакінуць трэба толькі там, дзе мы бачым, што нашы стандарты не горшыя. Але тут мы будзем будаваць па міжнародных стандартах”, — заявіў прэзідэнт.

“Кітайскі бок гатовы пачаць будаўніцтва ў першай палове наступнага года, — адзначыў беларускі лідар. — Гатовы і пачне, Мікалай Генадзьевіч (намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Мікалай Снапкоў. — Заўвага БелТА.). У нашых жа інтарэсах забяспе­чыць бездакорнае выкананне дамоўленасцей з кітайскім бокам. Таму я і кажу: пачне. Таму што гэта залежыць сёння толькі ад нас”.

Перад службовымі асобамі Аляксандр Лукашэнка паставіў шэраг пытанняў. Па-першае, як ідзе падрыхтоўка будаўнічых пляцовак. “Мы павінны падрыхтаваць тое месца, дзе будуць пабудаваны гэтыя аб’екты, і перадаць кітайскаму боку для будаўніцтва. Але я ведаю, што ёсць праблемы з грунтам, асабліва ў раёне будаўніцтва плавальнага басейна, і рабочыя моманты (але іх трэба вырашаць) па размяшчэнні нацыянальнага стадыёна. Таксама маецца на ўвазе пляцоўка”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама звярнуў увагу, каб у месцы будаўніцтва не секлі лішнія дрэвы. “Хаця я разумею: там шмат дрэў ужо старых, іх усё роўна трэба было мяняць. Калі мы высякаем 10—20 дрэў, то мы павінны замест гэтага высадзіць дрэвы побач або ў іншых месцах. Парадак вызначаны”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па-другое, прэзідэнт выказаў сумненні наконт прапановы вызначыць у якасці адказных за будоўлі Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па водных відах спорту і Нацыянальны алімпійскі стадыён “Дынама”. “У мяне сумненні і пытанне: чаму мы аддаём на гэтыя арганізацыі гэтыя будоўлі? Насцярожанасць, ці не хочуць міністры і вялікія начальнікі на чыесьці плечы скінуць адказнасць. Ці справіцца стадыён “Дынама” з кантрольнымі функцыямі па ўзвядзенні нацыянальнага футбольнага стадыёна і ці справіцца Рэспубліканскі цэнтр па водных відах спорту з узвя­дзеннем плавальнага басейна міжнароднага стандарту? Ці змогуць яны забяспечыць інжынерна-тэхнічнае, юрыдычнае суправа­джэнне і эксплуатацыю аб’ектаў на высокім узроўні?” — паставіў пытанні беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама ­адзначыў, што басейн і стадыён будуць пабудаваны да 2023 года. “Гэта не за гарамі. І ўжо сёння неабходна планаваць і прапрацоўваць правядзенне адпаведных міжнародных спаборніцтваў вышэйшага ўзроўню на гэтых аб’ектах. Дарэчы, гэта бу­дзе падганяць будаўнікоў і ўсіх начальнікаў своечасова завяр­шыць гэтыя будоўлі”, — сказаў ён.

“Стадыён і плавальны басейн мы будзем будаваць. Яны нам вельмі патрэбны, — падкрэсліў прэзідэнт. — Таму што гэта не дзяржава, якая не мае такіх нацыянальных аб’ектаў”.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым адзначыў, што футбол у Беларусі з’яўляецца народным відам спорту і спортам нумар адзін, якім займаецца больш за ўсё лю­дзей. “І не мець футбольнага нацыянальнага стадыёна, дзе будзе выступаць нацыянальная зборная, будуць гуляць лепшыя нашы клубы, праводзіцца матчы міжнароднага ўзроўню, гэта нядобра”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Што тычыцца плавання, то гэта нараўне з лёгкай атлетыкай медаляёмкі від спорту. “Школа ў нас нядрэнная. Трэба рыхтавацца”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Шчыра кажучы, у футбол мы гуляць не ўмеем, плаваць развучыліся. Але гэта асобная размова ў мяне будзе з профільнымі міністрамі і іншымі спартыўнымі арганізацыямі”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.